31.01.2021
31.01.2021

Постменапаўза – старасць альбо новы этап жыцця?

logo
Здароўе дарослых
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Старэнне для жанчыны – гэта не толькі змена знешняга выгляду. Адбываюцца значныя перабудовы ў арганізме, звязаныя са змяненнем гарманальнага фону, і, на думку многіх, надыходзіць зусім іншае жыццё. Гэта і прылівы жару ў самы непадыходзячы момант, і зніжэнне актыўнасці мозгу, і памяншэнне фізічнай сілы ды прывабнасці, нервовыя зрывы, незразумелы стан і новыя хваробы.

Постменапаўза. Самаадчуванне жанчыны.

І калі са знешнімі ўзроставымі зменамі можна альбо змірыцца, альбо паспрабаваць схаваць іх з дапамогай касметычных сродкаў, дык унутраныя праблемы выклікаюць думкі пра зусім іншую якасць жыцця. Існуе меркаванне, што менапаўза – гэта заканчэнне жаноцкасці і пачатак старасці, гэта значыць – час стратаў. Гэта заўсёды палохае, і здаецца, што наперадзе больш нічога няма.

Гэта самая вялікая памылковая думка, сцвярджае галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людміла Жылевіч. На яе думку, постменапаўза – гэта толькі новы этап у жыцці жанчыны. І ад таго, як яна да гэтага ставіцца, шмат у чым залежыць яе эмацыянальны стан і самаадчуванне. Свой погляд на праблему эксперт прадставіла на Міжнароднай відэаканферэнцыі «Эндакрынныя аспекты рэпрадуктыўнага здароўя», якая прайшла ў снежні 2020 года.

Падтрымка блізкіх і лад жыцця

Прыкладна праз год пасля менапаўзы надыходзіць перыяд постменапаўзы, які працягваецца да 65-70 гадоў альбо да заканчэння жыцця. Разам з тым, для здароўя жанчыны важныя не толькі яе сімптомы, але і аддаленыя наступствы ўздзеяння працяглай гарманальнай недастатковасці, у прыватнасці гіпаэстрагеніі (зніжэнне ўзроўню эстрагенаў), на розныя органы і сістэмы яе арганізма. Часцей за ўсё гэтыя парушэнні выяўляюцца ў выглядзе захворванняў сардэчна-сасудзістай і касцяной сістэмаў, якія з'яўляюцца вынікам гарманальнай перабудовы і непазбежных працэсаў старэння.

Постменапаўза. Праява многіх захворванняў.

Паводле слоў Людмілы Жылевіч, лічыцца, што на ўзрост уступлення ў менапаўзу аказваюць уплыў як спадчынныя (узрост клімаксу маці, бабулі, цёткі), так і набытыя фактары.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Напрыклад, з узростам у постменапаўзальным перыядзе сацыяльныя фактары робяцца галоўнымі: умовы і месца пражывання, занятасць, наколькі цяжкая праца жанчыны, ці ёсць у яе адчуванне запатрабаванасці. Вельмі важная сям'я. У тых сем'ях, якія маюць толькі адно дзіця, рызыка неспрыяльнага цячэння постменапаўзальнага перыяду ў жанчыны нашмат вышэйшая.

Немалаважнае значэнне мае ў гэты перыяд і «надвор'е ў доме» – стаўленне мужа да жонкі, яго падтрымка, дадае спецыяліст. Калі жанчына адчувае паталагічны ўплыў гармонаў, у яе адбываецца перабудова ўсяго арганізма, гэта не можа не адбіцца на яе эмацыянальным самаадчуванні (раздражняльнасць, перапады настрою). І ў гэты перыяд ёй як ніколі патрэбная падтрымка сям'і. Калі яна ёсць, дык постменапаўза набывае нармальны фізіялагічны характар, падкрэсліла Людміла Жылевіч.

Постменапаўза. Падтрымка сям'і.

Акрамя сацыяльных фактараў, на тое, як будзе працякаць постменапаўза, вялікі ўплыў аказвае той лад жыцця, які вяла жанчына ў мінулым. Так, вялікі індэкс масы цела, метабалічны сіндром, нерэгулярная фізічная нагрузка, курэнне больш за 10 цыгарэтаў у дзень будуць спрыяць паталагічнаму цячэнню менапаўзы. Да таго ж, да яе праяваў можа далучыцца велізарная колькасць «заробленых» на працягу жыцця саматычных захворванняў.

Асаблівая ўвага – свайму здароўю

Практычна 45% жанчын ва ўзросце 60+ застаюцца адзінокімі. Гэта таксама фактар, які спрыяе постменапаўзальнаму паталагічнаму перыяду. Тым не менш, жыццёвыя каштоўнасці беларусак пазітыўныя. Прыкладна 85% з іх у першую чаргу думаюць пра здароўе, сям'ю і дзяцей. Аднак, добрым сваё самаадчуванне лічыць толькі невялікі працэнт беларусак.

 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
У постменапаўзальным перыядзе многія рэзка скідаюць «абароты» і вядуць узгодненую палітыку са сваім арганізмам. Напрыклад, сярод прычынаў адмовы ад фізічнай нагрузкі большасць жанчын ва ўзросце 60+ называюць недахоп вольнага часу, адсутнасць жадання і магчымасцяў для людзей гэтага ўзросту, а таксама ляноту, дрэнны стан здароўя. А праблемы са здароўем, якія з'явіліся, вырашаюць з дапамогай лекавых сродкаў. Бо так нашмат прасцей.

Постменапаўза. Ці заўсёды ўся надзея на лекі.

З цягам часу з'яўляюцца змены ў арганізме, якія характэрныя толькі для сталага веку, – так званыя герыятрычныя сіндромы (усяго іх апісана 85):

  • саркапенія (страта мышачнай масы);
  • слабасць у руках;
  • мальнутрыцыя (пагаршэнне працы стрававальнай сістэмы, недастатковасць харчавання), якая выяўляецца ў страце апетыту, незасваяльнасці пэўных прадуктаў і г.д.;
  • сіндром падзення;
  • схільнасць да дэпрэсіі;
  • зніжэнне памяці (дарэчы, кагнітыўны дэфіцыт у жанчын ва ўзросце 70 гадоў і старэйшым у параўнанні з папярэдняй пяцігодкай прагрэсуе на 30% часцей).
 
Людміла Жылевіч
Галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця)
Калі мы гаворым пра якасць жыцця сталага чалавека, размова ідзе не пра колькасць захворванняў, а пра тое, наколькі такі чалавек незалежны функцыянальна, гэта значыць, можа абыходзіцца без дапамогі навакольных. У постменапаўзальны перыяд, нягледзячы на тое, што адбываецца з арганізмам жанчыны, трэба пастарацца скарэктаваць яго да таго стану, які б не аказваў уплыву на яе паўнавартаснае і актыўнае жыццё.

Сімптомы клімаксу могуць хавацца пад маскай розных захворванняў (напрыклад, дэпрэсіўныя расстройствы, нервовасць, бяссонніца, раздражняльнасць і пагаршэнне памяці). І вялікай памылкай з'яўляецца меркаванне, што гэты перыяд трэба проста перажыць. У нас няма культуры звароту жанчын з гэтай нагоды да медыцынскіх спецыялістаў, лічыць Людміла Жылевіч.

 

Постменапаўза. Калі звяртацца да ўрача.

Ніхто не задумваецца пра тое, што праявы менапаўзальнага перыяду можна скарэктаваць і тым самым пазбегнуць паталагічнага клімаксу ды тых захворванняў, якія ім правакуюцца. А гэта – сардэчна-сасудзістыя паталогіі, захворванні касцёва-мышачнай, эндакрыннай сістэмаў і многія іншыя.

Што можна зрабіць самастойна

Прытрымлівацца здаровай дыеты. Падчас менапаўзы рацыён павінен утрымліваць разнастайныя садавіну, гародніну, зерневыя. Тлустую, вострую, салёную ежу лепей выключыць. Акрамя таго, варта паменшыць спажыванне мяса, каўбасаў, вэнджаніны.

Прымаць дадатковыя вітамінныя комплексы можна толькі пасля кансультацыі ўрача, ён дапаможа падабраць правільную дазіроўку. Адмоўцеся ад шкодных звычак. Выконвайце пітны рэжым: каля 1,5-2 літраў вады ў дзень. Вада папаўняе страту вадкасці пры празмернай патлівасці падчас прыліваў і спрыяе памяншэнню іх частаты.

Постменапаўза. Піць пабольш чыстай вады.

Абавязкова займайцеся фізічнымі практыкаваннямі (хаця б 30 хвілін у дзень). Гэта станоўча ўплывае на самаадчуванне падчас менапаўзы і з'яўляецца прафілактыкай астэапарозу. Шпацыруйце, хадзіце па лесвіцы, нават калі ёсць ліфт. Галоўнае, каб вам гэта прыносіла задавальненне!

Вопратку лепей насіць з натуральных тканінаў (бавоўна, віскоза, лён). Сінтэтыка дрэнна вентылюецца, парушае цеплааддачу, што можа стаць прычынай перагрэву і справакаваць больш частыя прыступы прыліваў. Акрамя таго, адзенне з сінтэтыкі горш паглынае вільгаць і паскарае з'яўленне непрыемнага паху поту.

Змяніце свой звычайны графік жыцця, не спрабуйце паспець усё і адразу, чаргуйце працу з адпачынкам, турбуйцеся пра сваё здароўе. Вялікае значэнне мае добры начны сон, ён зніжае ўзровень стрэсу і яго негатыўнае ўздзеянне на арганізм. Навучыцеся правільна расслабляцца, напрыклад, можна асвоіць ёгу альбо тэхнікі медытацыі.

Постменапаўза. Заняцца ёгай.

Загружайце свой мозг новымі перспектывамі і жаданнямі. Наш мозг – гультай, калі яго не трэніраваць, ён пастараецца паменшыць энергетычныя затраты і створыць устойлівыя шаблоны паводзінаў, з якіх будзе цяжка выбрацца. Больш вандруйце, чытайце, вывучайце невядомыя мясціны і знаёмцеся з новымі людзьмі, адмоўцеся ад звыклых маршрутаў альбо стэрэатыпаў. Абавязкова стасуйцеся, не замыкайцеся ў сабе, раіць Людміла Жылевіч.

Навучыцеся самакантролю стану здароўя. Адзначце асноўныя параметры індэкса масы цела, аб'ёму таліі, узровень халестэрыну, артэрыяльнага ціску, глюкозы крыві і іншыя важныя паказчыкі і параўнайце іх з нормай. У выпадку адхіленняў парайцеся з урачом. Важна ўважліва аглядаць сваю скуру, звяртаць увагу на стан малочнай залозы, крывяністыя выдзяленні і іншыя змены ў працы свайго арганізма.

Новы этап жыцця патрабуе ад вас і новых падыходаў, і больш часу для сябе!

⚡️ Чытайце таксама:

Клімакс стройнасці не перашкода

Менапаўза – рызыка сардэчна-сасудзiстых катастрофаў? Меркаванне эксперта

«Больш не патрэбны». Чатыры міфы пра сэкс у перыяд менапаўзы

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"