18.01.2021
18.01.2021

Праграмаванне харчаваннем. Ежа для цела і розуму

logo
Дзіцячае харчаванне
0 12
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Арганізм чалавека – вялікая біяхімічная лабараторыя. На працягу жыцця ў арганізме бесперапынна і пастаянна працякаюць тысячы і тысячы працэсаў. Сярод іх няма галоўных і другарадных, усё настолькі звязанае і пераплеценае паміж сабой, што збой адной «вытворчай лініі» непазбежна парушае ўвесь тэхналагічны працэс.

Сыравінай і энергетычным рэсурсам для нашай уласнай біяхімічнай лабараторыі служаць мікра- і макранутрыенты, асноўным пастаўшчыком якіх з'яўляюцца прадукты харчавання.

Дзіцячае харчаванне. Як зрабіць яго здаровым.

Зараз усё большую навуковую цікавасць выклікае так званая гіпотэза аб праграмаванні харчаваннем. Сутнасць яе зводзіцца да таго, што ў крытычныя перыяды скокаў росту дзіцяці, уключаючы ў тым ліку і перыяд унутрычэраўнага развіцця, менавіта ад якасці харчавання, адэкватнага паступлення нутрыентаў спачатку ў арганізм будучай маці, а потым і самога малыша, залежыць фарміраванне яго трафалагічнага (ці, прасцей кажучы, нутрытыўнага) статусу.

Гэта той крытэрый, які вызначае здароўе чалавека на працягу ўсяго яго жыцця, талерантнасць да фізічнай і разумовай нагрузкі і з'яўляецца адным з ключавых фактараў працягласці жыцця. Прынцыпова важна, што наступствы дапушчанага на самым раннім этапе «сістэмнага збою» можна мінімізаваць, але нельга ліквідаваць цалкам.

Гастраэнтэролаг, дыетолаг, дацэнт кафедры прапедэўтыкі дзіцячых хваробаў з курсам агульнага догляду дзяцей Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага педыятрычнага медыцынскага ўніверсітэта (РФ), к.м.н. Ганна Заўялава распавяла, чаму праграмаванне харчаваннем трэба асвоіць кожнаму з бацькоў.

Дзіцячае харчаванне. Гатуем разам.

Выпраўленне гена

Пачнем з прыкладу з рэальнага жыцця. Напэўна, вам даводзілася заўважаць, што ў бацькоў, схільных да паўнаты, і дзіця рана ці позна будзе мець праблемы з вагой. У худых – адпаведна, такое ж дзіця, «скура ды косці», чым яго ні кармі. Сапраўды, індывідуальны метабалізм шмат у чым вызначаецца генетычнымі фактарамі. Аднак, усё больш вучоных прыходзіць да высновы, што нават генетычную схільнасць можна нівеліраваць фактарамі навакольнага асяроддзя, у прыватнасці, калі гаворка пра масу цела, харчаваннем.

 
Ганна Заўялава
Гастраэнтэролаг, дыетолаг, дацэнт кафедры прапедэўтыкі дзіцячых хваробаў з курсам агульнага догляду дзяцей Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага педыятрычнага медыцынскага ўніверсітэта (РФ), к.м.н.
Калі да мяне як да дыетолага звяртаюцца будучыя бацькі, дзе і мама, і тата маюць залішнюю масу цела, і пытаюцца: як нам карміць сваё дзіця, каб яно было здаровым, не было тоўстым, не пакутавала ад метабалічнага сіндрому ў будучым, – гэта правільны настрой. Мы якраз вядзем гаворку пра эпігенетыку і харчаванне як крыніцы тых кампанентаў, якія могуць трохі змяніць накіраванасць, функцыю генаў, якія атрымлівае ў спадчыну дзіця. Гэта важна разумець, бо калі ў дзіцячым узросце дзіця недаатрымала якіхсьці пажыўных рэчываў ці штосьці пойдзе не так, змяніць гэта ў будучым немагчыма. Як не змяніць ствол той бярозы, якая чамусьці пачала расці крыва... Любыя парушэнні харчавання ў самым раннім дзяцінстве вядуць у наступным да змены метабалізму, парушэння абменных працэсаў, развіцця аліментарна-залежных захворванняў і г.д.

Дзіцячае харчаванне. Сочым з самага дзяцінства.

Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што ад адной сасіскі, альбо прапушчанага сняданку, ці порцыі фастфуду біяхімічныя працэсы не парушацца за адзін раз. Больш за тое, за кошт сваіх унутраных рэсурсаў арганізм з лёгкасцю кампенсуе разавы агрэх.

Але сістэматычныя парушэнні харчавання будуць накладвацца адно на адно, рызыкуючы ператварыцца аднойчы ў няўхільную снежную лавіну, якая разбурае ўсё на сваім шляху. Гэта ўсё роўна, як, узводзячы дом, дзесьці не далажыць цэменту, дзесьці забыцца паставіць цэглу, абысціся трыма палямі замест шасці... Магчыма, пабудаваны такім чынам дом і будзе стаяць. Пытанне – як доўга?

Тыя распрацаваныя вучонымі-дыетолагамі нормы пажыўных рэчываў, вітамінаў і мікраэлементаў з дакладнымі лічбамі для задавальнення сутачных патрэбаў арганізма – навукова абгрунтаваныя суадносіны для «будаўніцтва» трывалага і даўгавечнага дома.

Дзіцячае харчаванне. Карысны рацыён.

Прычым, для кожнага ўзросту і кожнага стану (перыяду здароўя, хваробы, цяжарнасцi, лактацыі, павышаных фізічных і псіхічных нагрузак і г.д.) яны індывідуальныя, каб пастаянна падтрымліваць адэкватную актыўнасць і эфектыўнасць біяхімічных працэсаў у арганізме. Але хто-небудзь наогул у побыце звярае свой рацыён з гэтымі нормамі?

Ежа для прыемнасці. Альбо для задавальнення патрэбаў?

Галоўнай праблемай 21-га стагоддзя называюць эпідэмію неінфекцыйных захворванняў: няўхільна расце колькасць сардэчна-сасудзістых і эндакрынных паталогій, артэрыяльнай гіпертэнзіі, захворванняў страўнікава-кішэчнага тракта, злаякасных новаўтварэнняў... Пандэмія COVID-19 яшчэ больш абвастрыла праблему, паколькі дакладна вядома, што хранічныя захворванні абцяжарваюць цячэнне віруснай інфекцыі, часцяком прыводзяць да ўскладненняў з доўгатэрміновымі наступствамі.

Між тым, траціна ўсіх неінфекцыйных хранічных паталогій – аліментарна-залежныя. Прасцей кажучы, з'яўляюцца следствам нерацыянальнага харчавання і дэфіцыту нутрыентаў. Прычым, карані паталагічных працэсаў і іх хранізацыі ідуць з самага дзяцінства.

Дзіцячае харчаванне. Мінус фастфуд.

Асноўныя аліментарна-залежныя захворванні дзяцей і іх прычыны:

  • хваробы СКТ – парушэнні рэжыму харчавання, вострая, салёная, смажаная (асабліва ў фрыцюры) ежа, спецыі, дэфіцыт мікранутрыентаў;
  • атлусценне і іншыя хваробы абмену рэчываў – залішняя каларыйнасць, празмернае спажыванне лёгказасваяльных вугляводаў, безалкагольных напояў;
  • карыес – дэфіцыт фтору, кальцыю;
  • анемія – дэфіцыт жалеза, медзі, вітамінаў А, С, В6, бялку;
  • гіпатэрыёз – дэфіцыт ёду;
  • астэапароз – дэфіцыт кальцыю;
  • зніжэнне імуннага адказу – дэфіцыт вітамінаў А, Е, С, мікраэлементаў цынку, селену.
 
Ганна Заўялава
Гастраэнтэролаг, дыетолаг, дацэнт кафедры прапедэўтыкі дзіцячых хваробаў з курсам агульнага догляду дзяцей Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага педыятрычнага медыцынскага ўніверсітэта (РФ), к.м.н.
Любы перыяд дзяцінства ўнікальны. Немагчыма потым адгарнуць старонку назад, каб гумкай падправіць дапушчаную памылку – так не бывае. Калі мы штосьці недагледзелі, у будучым гэта абавязкова адаб'ецца. Напрыклад, калі дзіця не атрымала дастатковае ўтрыманне ёду яшчэ ў той перыяд, калі мама выношвала цяжарнасць, у наступным, на жаль, у яго будзе затрымка разумовага развіцця. Часцей за ўсё яна будзе няпэўная, але Эйнштэйн з гэтага дзіцяці ўжо не вырасце. Тое ж самае тычыцца жалезадэфіцытнай анеміі, якая часам надараецца і на першым годзе жыцця. Яна абавязкова пакіне адбітак у наступным на кагнітыўным развіцці дзіцяці і не дазволіць яму ў далейшым паспяхова засвойваць дакладныя навукі: матэматыку, фізіку, хімію...

Дзіцячае харчаванне. Чым адгукнецца недахоп карыснага.

Захапленне бацькоў вегетарыянствам і ўцягванне ў яго дзіця небяспечнае тым, што менавіта яго арганізм, які расце, недаатрымае незаменныя амінакіслоты, якія ёсць толькі ў прадуктах жывёльнага паходжання. І значыць, будуць парушаныя практычна ўсе працэсы ў біяхімічнай лабараторыі арганізма: ад рэпарацыі клетак да адладкі імуннай сістэмы, пабудовы шкілетнай мускулатуры, умацавання сардэчнай мышцы... А дэфіцыт вітаміну В12, крыніцай якога таксама ў першую чаргу з'яўляецца жывёльны бялок, прыводзіць да незваротных зменаў нервовай сістэмы...

Праблема ў тым, што мы занадта спрашчаем ролю ежы. Яна для нас крыніца энергіі і задавальнення ад смаку і паху. Але для нашага арганізма яе функцыі крыху іншыя: у першую чаргу гэта «сыравіна» для рэпарацыі клетак. Для дзіцяці гэта і ўвогуле будматэрыял, неабходны, каб, прама кажучы, вырасціць сябе.

Хіба ж смешачкі! На першым годзе жыцця дзіця патройвае сваю масу цела і дадае ў сярэднім 25 сантыметраў росту! Удвая павялічваецца ў масе і галаўны мозг. Прырода паклапацілася пра тое, каб у гэты адказны перыяд забяспечыць дзіця ўсім неабходным за кошт матчынага груднога малака. Але і пры немагчымасці наладзіць грудное выкормліванне ёсць выйсце – адаптаваныя малочныя сумесі, максімальна набліжаныя па саставе да саставу малака маці.

Дзіцячае харчаванне. Клапоцімся ад нараджэння.

 
Ганна Заўялава
Гастраэнтэролаг, дыетолаг, дацэнт кафедры прапедэўтыкі дзіцячых хваробаў з курсам агульнага догляду дзяцей Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага педыятрычнага медыцынскага ўніверсітэта (РФ), к.м.н.
Неаднойчы праводзіліся даследаванні, якія пацвярджаюць, што пасля першага года ў бацькоў цалкам змяняецца падыход да харчавання малыша: дзіця да года на малацэ маці, потым свята, свечкі задзьмулі, далі першы раз пакаштаваць ежу з агульнага стала... І як адсекла: назаўтра дзіця перавялі за агульны стол. А зубоў-то ў яго колькі? Ці можа яно пражаваць гэтую дарослую ежу? Ці можа яно яе пераварыць? Бо ферментатыўны апарат страўнікава-кішэчнага тракта набліжаецца да стану дарослага толькі да 7 гадоў. А сказаць, што СКТ цалкам як у дарослага, можна і зусім толькі да 13-гадовага ўзросту. Вось і атрымліваецца, як бы гэта ні страшнавата гучала, што нажом, лыжкай і відэльцам мы ўласнаручна пракладваем сваім дзецям шлях да хваробаў...

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 12

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».