Site icon Слушна

Праз канцэпцыю квадрата. Новая выстаўка керамікі і шкла прадстаўлена ў Палацы мастацтва

Выстаўка "Пласт. Квадрат".

Кераміка для Беларусі, безумоўна, важны і вельмі цікавы від мастацтва, праз які аўтары спрабуюць прааналізаваць самыя важныя і актуальныя тэмы. Зараз у Палацы мастацтва праходзіць праект «Пласт. Квадрат», у экспазіцыі якога прадстаўлены работы прадстаўнікоў Беларускага саюза мастакоў. Куратары выстаўкі — Вольга Сямашка і Ганна Амбросава.

Выстаўка керамікі і шкла, як правіла, – гэта мікс розных форм, але ў праекце «Пласт. Квадрат» куратары абмежавалі мастакоў-удзельнікаў «плоскасцю». Плоскаць можа быць вертыкальнай, гарызантальнай — яна можа стаць галоўным персанажам і цэнтрам кампазіцыі, а можа стаць месцам для гульні фактур і колераў. Тут няма ніякай папярэдняй зададзенасці для мастакоў, аўтары самі вырашаюць, які будзе пласт, якую гісторыю ён распавядзе гледачу.

— Наш праект пра тое, як развіваўся сучасны свет, як мы прыйшлі да цывілізацыі, — расказвае мастак-кераміст Валерый Калтыгін. — Спачатку былі расліны, потым жывёлы, потым чалавек. Любы мастацкі матэрыял накіраваны на тое, каб пэўным чынам перадаць эмоцыю твора, адлюстраваць характар. Кераміка вельмі дапамагае ў гэтым. Мы паказалі  свет праз канцэпцыю квадрата. І ,думаю, у нас атымалася данесці важную ідэю эвалюцыі чалавека да гледача.

У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве расліна  заўсёды дэфармуецца, трансфармуецца, набывае асацыятыўныя, нязвыклыя для чалавека вобразныя абрысы, формы, колер, набывае іншае гучанне і змест. Тут узнікае думка пра душэўную, псіхалагічную, эмацыйную, кампазіцыйную, унутраную напружаную працу мастака, якая набывае іншае гучанне выявы ў адрозненне ад проста рэалістычнай, хай і гарманічнай, прыгожай прыроднай выявы. Тут зусім іншая рэальнасць.

Пласт – як чысты холст для творцы, які займаецца керамікай і шклом. Сама форма вызначае працу выключна з паверхняй. Фактуры, тэкстуры, роспіс, рэльеф і працарапванне, любыя тэхналогіі, якія магчыма выкарыстаць для стварэння вобраза – вось сродкі для працы з плоскасцю, а  пэнзлі ды паліва – для колеру. Тэмпература ды агонь – сааўтары мастака, якія адыгрываюць важную ролю ў складаным тэхналагічным працэссе нараджэння мастацкай керамікі і мастацкага шкла.

Праект дае магчымасць гледачам убачыць, як мастакі працуюць з формай, гуляюцца з ёй, ускладняюць, абагульняюць, трансфармуюць, ламаюць ці падкрэсліваюць.

Праект «Пласт» у 2024 годзе адбываецца ў трэці раз. Трэці «Пласт» адрозніваецца ад папярэдніх. Па-першае, ён праходзіць у межах рэпубліканскага выставачнага праекта «1,10 КВАДРАТА», прысвечанага 110-годдзю «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча. І менавіта таму куратары прапанавалі мастакам форму пласта – квадрат. Па-другое, у праекце прымаюць удзел мастакі розных пакаленняў і розных школ. У экспазіцыі можна будзе убачыць рэтраспектыўныя работы, традыцыю, сучасныя эксперыменты і таксама навацыю.

Філасофская ідэя Алеся Родзіна. Як творчасць мастака ўплывае на ўспрыманне рэчаіснасці?

Exit mobile version