Прычына захворвання на гіпатэрыёз? Ці перадаецца ад маці дзіцяці? Падкажыце, калі ласка, ці абавязкова піць прэпарат Эутырокс пры дыягназе «субклінічны гіпатэрыёз»? Ці можна вылечыць шчытападобную залозу без прыёму гармонаў?
Непадробную цікавасць выклікала ў нашых чытачоў анлайн-канферэнцыя «Гарманальны баланс. Усё, што трэба ведаць пра шчытападобную залозу». Прыйшла вялізная колькасць пытанняў. Мы паспрабавалі асвятліць усе аспекты, звязаныя з работай шчытападобнай залозы. Працягваем адказваць на пытанні.
Нашы эксперты:
- прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, д.м.н., старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм» Ала Шапялькевіч;
- загадчыца кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога анкалагічнага дыспансэра, урач вышэйшай катэгорыі, к.м.н. Таццяна Лявонава.
Кансультацыя эндакрынолага
Мне 64 гады. У 2013 годзе выявілі вузел на шчытападобнай залозе. У 2018 годзе пасля біяпсіі паставілі дыягназ «кіста левай долі». Урач выпісаў «Ёдамарын 150» адзін раз на дзень. Я прымаў яго 9 месяцаў, але кіста павялічвалася ў памеры. На прыёме ў дыягнастычным цэнтры ўрач сказала, што прэпарат мне проціпаказаны. Разам з тым, урач, які лечыць, зноў прызначыў «Ёдбаланс 200 мкг» па 1 таб. 2 разы на дзень. Аналізы гармонаў увесь час у норме. Што рабіць і якому ўрачу верыць?
Таццяна Лявонава:
У вашай сітуацыі ёдамарын не паказаны, неабходны кантроль (УГД і аналіз на ТТГ) адзін раз на год.
На дадзены момант у мяне рэцыдыў падвострага тырэаідыта. Першы раз быў 8 гадоў таму. Урачы сказалі, што з-за рэцыдыву трэба будзе выдаляць шчытавідку, нават калі яна адновіцца. УГД рабіла напрыканцы снежня, усё было добра. Але напрыканцы студзеня з-за прастуднага захворвання здарыўся рэцыдыў. У лютым УГД пацвердзіла дыягназ. Пытанне – ці абавязкова мне выдаляць шчытавідку? І яшчэ. Ці можна пры медроле, які я прымаю, піць мачагонныя прэпараты? Ці трэба прымаць кальцый? Ці можна займацца спортам (раней хадзіла на аквааэробіку)? Ці ёсць шанцы не патаўсцець пры гэтым? У мяне схільнасць да паўнаты. Што з прадуктаў лепей прымаць, якія вітаміны?
Таццяна Лявонава:
Што да прыёму мачагонных прэпаратаў, дык іх можна прымаць, але ў разумных дозах. Кальцый паказаны ў залежнасці ад яго паказчыкаў у сыроватцы крыві. Пасля нармалізацыі падвострага тырэаідыта, пры рэмісіі можна аднавіць заняткі спортам. Калі падвостры тырэаідыт працягне рэцыдываваць або будзе выяўлена пухліна шчытападобнай залозы, паказана хірургічнае лячэнне. Калі ж хвароба не будзе рэцыдываваць, падставы для выдалення шчытавідкі няма. Для таго, каб не набраць лішнюю вагу, трэба прытрымлівацца прынцыпаў рацыянальнага харчавання, у гэтым выпадку ёсць усе шанцы не распаўнець.
Падкажыце, ці неабходна дзяўчынцы 12 гадоў прымаць таблеткі Эутырокс? Вынікі аналізаў могуць быць следствам працяглага прыёму антыбіётыкаў? Пераходнага ўзросту?
Таццяна Лявонава:
Прымаць прэпарат неабходна. На вынікі аналізаў працяглы прыём антыбіётыкаў не ўплывае.
Падкажыце, калі ласка, ці абавязкова піць прэпарат Эутырокс пры дыягназе «субклінічны гіпатэрыёз»? Якая верагоднасць, што яго давядзецца прымаць пастаянна? Куды лепей звяртацца па кансультацыю? І дзе лепей здаваць аналізы на гармоны?
Таццяна Лявонава:
У дадзенай сітуацыі абавязкова прымаць прэпараты леватыраксіну. Як доўга? Гэта вызначаецца па выніках аналізаў. Калі ўзровень гармону не вельмі павышаны, магчымая адмена прэпарата. Такія пацыенты назіраюцца ў эндакрынолага па месцы жыхарства.
Цяпер мне 51 год. У 2006 г. была цалкам выдалена шчытападобная залоза, пакінулі толькі перашыек, які змацоўвае долі. У мяне два пытанні: 1) Ці належыць мне група па інваліднасці? 2) За апошнія два гады павялічылася вага (6-7 кг). Штотыдзень хаджу ў басейн і ўвесь час у руху. Гэта можа быць звязана з аперацыяй і як вырашыць гэтую праблему?
Таццяна Лявонава:
У выпадку, калі выдалена шчытападобная залоза, але пакінуты перашыек, орган лічыцца цалкам выдаленым. У гэтай сітуацыі група па інваліднасці не паказаная. Што тычыцца набору вагі, калі гармоны падтрымліваюцца ў норме, дык змена масы цела і прыём дадзеных прэпаратаў не звязаныя. Каб вырашыць гэтую праблему, неабходна прааналізаваць сваё харчаванне і фізічныя нагрузкі.
Пастаянна прымаю Эутырокс. Пры гэтым у мяне пастаянна трэскаецца скура на пальцах рук, больш за належнае выпадаюць валасы, а часам я адчуваю як бы пацягванне ў вобласці шчытавідкі. Ці трэба мне павялічваць дазіроўку? Дзякуй.
Таццяна Лявонава:
Для таго, каб ацаніць правільнасць дазіроўкі прэпарата, неабходна ведаць узровень ТТГ. Толькі на падставе вынікаў аналізаў можна вырашыць пытанне аб дазіроўцы лекавага прэпарата, а таксама вызначыць, ці звязаныя прычыны названых скаргаў з узроўнем гармонаў.
Пасля выдалення шчытападобнай залозы ў чэрвені 2018 года вельмі мерзнуць ногі, не праходзіць кашаль і часта з'яўляецца пачуццё ўдушша ў шыі. Аналізы былі ў норме.
Таццяна Лявонава:
Дадзеныя сімптомы не звязаныя з хірургічным лячэннем. Неабходная кансультацыя неўролага.
Добры дзень, па біяпсіі ўстаноўлены дыягназ фалікулярная пухліна (хутчэй за ўсё, адэнома). Як хутка неабходна выдаліць пухліну? І дзе можна гэта зрабіць у Мінску? Дзякуй.
Таццяна Лявонава:
Фалікулярная пухліна (больш верагодна, адэнома) – хутчэй за ўсё дабраякасны працэс. У такіх выпадках неабходна ацаніць стан самога пацыента, яго ўзрост, размяшчэнне гэтай пухліны, яе дынаміку. Толькі потым вырашаецца пытанне аб паказанні і неабходнасці хірургічнага лячэння. У Мінску аперацыі на шчытападобнай залозе выконваюцца ў Рэспубліканскім цэнтры пухлін шчытападобнай залозы (Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны дыспансэр). У 7% выпадкаў фалікулярная пухліна можа аказацца ракам шчытападобнай залозы, таму яна патрабуе назірання, а часам і хірургічнага лячэння. Лячэнню медыкаментамі яна не падвяргаецца.
Ці могуць праблемы са шчытавідкай быць прычынай знікнення сэксуальнага жадання ў жанчыны?
Ала Шапялькевіч:
Калі функцыя шчытападобнай залозы ў норме, дык такой сувязі няма.
Не магу паправіцца (магчыма, гэта проста канстытуцыя). Дзве фібраадэномы выдаленыя, на дадзены момант трэцяя пад наглядам. Мне 28 гадоў. Шчытападобная залоза ні разу не была павялічанай.
Ала Шапялькевіч:
Калі функцыя шчытападобнай залозы ў норме, дык гэта не звязана са змяненнем масы цела.
У жонкі пасля нараджэння дзіцяці пачаліся нервовыя зрывы. Раней такога не назіралася. Якія аналізы неабходна здаць і што параіце ў гэтай сітуацыі? Загадзя дзякую.
Таццяна Лявонава:
Не варта забывацца на магчымую пасляродавую дэпрэсію. У вашым выпадку, каб праверыць работу шчытападобнай залозы, неабходна пракантраляваць узровень ТТГ і Т4 вольнага.
Добры дзень! Ці зможа жанчына, маючы такія хваробы, як гіпатэрыёз і полікістоз яечнікаў, зацяжарыць? Ці праўда, што пры надыходзе цяжарнасці, калі жанчына прымала Л-тыраксін, дозу гэтых лекаў трэба павялічыць?
Ала Шапялькевіч:
Як правіла, пры гіпатэрыёзе і цяжарнасці доза тыраксіну павялічваецца. Калі гіпатэрыёз кампенсаваны, праблем з цяжарнасцю не будзе. Пры адпаведным назіранні і лячэнні ніякіх страхаў не павінна быць.
Прычына захворвання на гіпатэрыёз? Ці перадаецца ад маці дзіцяці? У радзільні аналіз крыві дзіцяці быў добры. Але ці варта кантраляваць? І як часта дзіцяці кантраляваць аналіз гармонаў? Вылечыцца нельга? Усё жыццё піць гармоны?
Ала Шапялькевіч:
У Беларусі праводзіцца папуляцыйны скрынінг прыроджанага гіпатэрыёзу. Усім дзеткам з пятачкі бярэцца кроў на вызначэнне ўзроўню тырэатропнага гармону. Калі ўсё ў парадку, прыроджанага захворвання няма. Другі момант. Абследаванне дзяцей пры наяўнасці адпаведных скаргаў праводзіцца ў педыятра. Гіпатэрыёз, гэтак жа, як і любое іншае хранічнае захворванне, мае спадчынную схільнасць. Разам з тым, спрыяць развіццю хваробы могуць і іншыя фактары.
Добры дзень. У мяне высокі ціск. Ці можа быць прычына гэтага ў рабоце шчытавідкі?
Ала Шапялькевіч:
Калі змененая функцыя шчытападобнай залозы і няма адпаведнага лячэння, дык гэта можа стаць прычынай павышанага артэрыяльнага ціску. Калі з функцыяй шчытападобнай залозы ўсё ў парадку, дык такой сувязі няма.
Ці можна вылечыць шчытападобную залозу без прыёму гармонаў? Парайце, калі ласка, народныя сродкі лячэння, фізіяпрацэдуры ці яшчэ што-небудзь. Прыём гармонаў не ліквідуе саму праблему (хвароба), а толькі трохі падтрымлівае залозу. Не хачу прымаць сінтэтычныя гармоны.
Таццяна Лявонава:
Прэпараты леватыраксіну папаўняюць гарманальны баланс у арганізме. Гэты сінтэтычны гармон не мае пабочных эфектаў і не алергізуе арганізм. Прэпараты леватыраксіну не выклікаюць прывыкання. Так, ён не лечыць, але аднаўляе тое, што не можа выпрацаваць шчытападобная залоза. Ні народнымі прэпаратамі, ні фізіяпрацэдурамі, ні з дапамогай экстрасэнсаў шчытападобная залоза не аднаўляецца. Можна проста страціць час, выкарыстоўваючы загадзя неэфектыўныя сродкі. У выніку на фоне гіпатэрыёзу могуць пацярпець іншыя органы.
Мне 24 гады. Па мамінай лініі так ці інакш у сям'і былі праблемы са шчытападобнай залозай (гіпертэрыёз). На працягу апошніх некалькіх гадоў пачаў абследавацца. Былі незразумелыя збоі ў працы сэрца. З красавіка мінулага года вынікі аналізаў паказалі павышэнне ТТГ. Па прызначэнні эндакрынолага прымаю Эутырокс. Парайце, што можна зрабіць, каб адмовіцца ад прыёму гармонаў у далейшым, бо сімптомы проста паменшылі сваю сілу, але не зніклі. Больш за ўсё турбуе мазгавы туман, павярхоўны сон, праблема з скурай на пальцах рук. Варта хаця б адзін дзень не прыняць гармон, адразу адчуваецца, як сімптомы нарастаюць.
Таццяна Лявонава:
У першую чаргу вам неабходна падтрымліваць узровень ТТГ. Большасць названых вамі сімптомаў укладваюцца ў карціну вегетасасудзістай дыстаніі і патрабуюць іншай карэкцыі.
Добры дзень. Дзяўчынка 8 гадоў (вага 40,5 кг, рост 146 см). Дыягназ «субклінічны гіпатэрыёз», валяк 1 ступені. Кожныя паўгода робім УГД шчытападобнай залозы і здаем аналізы на гармоны. Якое трэба лячэнне? Ці можна з такім дыягназам займацца фізічнымі нагрузкамі, у прыватнасці, валейболам або баскетболам?
Таццяна Лявонава:
У дадзенай сітуацыі паказаны прыём прэпаратаў леватыраксіну. Фізічнымі нагрузкамі цалкам можна займацца. Варта таксама абмежаваць вугляводы і тлушчы ў рацыёне.
Пасля выдалення шчытападобнай залозы – татальная струмэктомія. Праз 8 гадоў у вобласці праекцыі шчытападобнай залозы ўтварылася пухліна да 4 см, пры правядзенні сцынтыграфіі тканка шчытападобнай залозы не вызначаецца, а пры правядзенні біяпсіі быў пастаўлены дыягназ хранічны лімфацытарны тырэяідыт. Якія ў дадзены момант неабходна правесці дыягнастычныя даследаванні, каб вызначыць, ці маецца астатак шчытападобнай залозы або не, і ці заўсёды інфарматыўная сцынтыграфія? Дзякуй.
Таццяна Лявонава:
Вашы вынікі біяпсіі і УГД пацвярджаюць, што, хутчэй за ўсё, гэта частка шчытападобнай залозы. Але падставы для турботаў няма. І дадатковых даследаванняў, калі там няма вузлавых утварэнняў, рабіць не трэба. Варта назіраць за ўзроўнем гармонаў і за тым, каб там не ўтварылася пухліна.
Нашай дачцэ 14 гадоў. Год таму ў яе ў левай долі шчытападобнай залозы быў дыягнаставаны вузел. За год ён вырас. Была зроблена пункцыя, вынік добры. За апошнія тры месяцы вузел яшчэ вырас. Эндакрынолаг, у якога дачка назіраецца, кажа пра неабходнасць аператыўнага ўмяшання. У той час як некаторыя іншыя эндакрынолагі кажуць пра магчымасць пачакаць і паназіраць за развіццём вузла. Бо 14 гадоў – гэта час гарманальнай перабудовы і палавога выспявання. Таму мы вельмі занепакоеныя.
Таццяна Лявонава:
У дадзенай сітуацыі дзіцяці неабходная кансультацыя ў Рэспубліканскім цэнтры пухлін шчытападобнай залозы, бо ёсць адмоўная дынаміка (рост вузлавога ўтварэння).
Добры дзень! У майго дзіцяці 17 гадоў (дзяўчынка) у жніўні 2018 г. дыягнаставалі фалікулярную пухліну шчытападобнай залозы. Якія дадатковыя абследаванні можна правесці пры дадзеным дыягназе (можа быць, МРТ)? Ці сапраўды пры ФП можа быць паказана толькі хірургічнае ўмяшанне, пры якім выдаляецца палова шчытападобнай залозы? Ці маецца магчымасць у Рэспубліцы Беларусь пры хірургічным умяшанні выдаліць толькі сам вузел (ФП), без выдалення часткі органа? Хацелася б валодаць дакладнай інфармацыяй аб дзеяннях пацыента з дыягназам «фалікулярная пухліна». Бо можна 10 гадоў жыць з ёй, а праз 15 гадоў могуць дыягнаставаць анкалогію 3,4 стадыі.
Таццяна Лявонава:
Дадатковыя абследаванні, напрыклад, МРТ, не паказальныя ў плане дыягностыкі пухлін шчытападобнай залозы. Найбольш поўную інфармацыю нясе УГД і біяпсія. Фалікулярная пухліна таксама бывае рознай. У некаторых выпадках дастаткова зрабіць рэзекцыю, а часам і выдаліць палову шчытападобнай залозы, усё залежыць ад месца размяшчэння пухліны. Сам вузел не выдаляецца, бо высокая верагоднасць рэцыдыву. На жаль, дакладна спрагназаваць, як будзе паводзіць сябе фалікулярная пухліна, разаўецца ці не рак шчытападобнай залозы, ніхто не зможа. У любым выпадку вам варта знаходзіцца пад наглядам.
Маёй дачцэ 15 гадоў. У яе праблемы са шчытавідкай. Урачы паставілі дыягназ «вузлавы валляк». Прычым спачатку былі кісты левай долі шчытападобнай залозы. Потым утварыліся вузлы, якія растуць. Урачы прызначылі гарманальныя таблеткі, але ж гармоны ў норме? Што нам рабіць?
Таццяна Лявонава:
Зараз досыць назірання ўрача. Але цалкам верагодна, што дачцэ давядзецца прымаць прэпараты леватыраксіну. Гэтага не варта палохацца.
Фота – Аксана Жураўлёва.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by