«У народзе» ходзіць мноства страшылак пра экстракарпаральнае апладненне. ЭКА – гэта балюча, дорага і абавязкова прывядзе да нараджэння двайнят ці трайнят, кажуць адныя. Пасля працэдуры можна забыцца на стройную постаць, а патрапіць на яе можна толькі пасля 35 гадоў, кажуць іншыя. Да таго ж дзеці пасля ЭКА нараджаюцца кволыя і хваравітыя, сцвярджаюць трэція... Характэрна, што ў масы гэтыя глупствы запускаюць часцей за ўсё людзі, якія чулі пра ЭКА калісьці краем вуха ад суседкі Мані, якой «усё» распавяла знаёмая сяброўка яе сваячкі.
Не будзем верыць пустым размовам! Здаровыя людзі даведаліся ўсю праўду ад Ірыны Дусь.
Міф 1. ЭКА – гэта толькі для тых, каму за 35
Насамрэч гэта не так. У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» прапісана, што гэтая працэдура можа праводзіцца пацыенткам ад 18 да 49 гадоў.
Напрыклад, у практыцы ўрачоў РНПЦ «Маці і дзіця» быў выпадак, калі працэдуру прыйшлося рабіць 18 гадовай дзяўчыне. Пасля таго, як яна выйшла замуж, у яе былі 2 пазаматачныя цяжарнасці запар, абедзве матачныя трубы выдалілі. Дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі былі адзіным шанцам стаць мамай.
Бываюць і выпадкі звароту ў 48 і 49 гадоў. Тут свае нюансы. Часцей за ўсё гаворка ідзе аб выкананні ЭКА з выкарыстаннем донарскай яйкаклеткі.
Міф 2. ЭКА непазбежна прыводзіць да шматплоднай цяжарнасці
Сапраўды, ЭКА значна павялічвае працэнт шматплодных цяжарнасцей. Калі пры натуральным зачацці шанц нараджэння двайнятаў і трайнятаў складае толькі 1-1,5%, то пасля ЭКА ён узрастае да 20%. Гэта звязана з тым, што ў матку падсаджваюць адразу 2 ці 3 эмбрыёны (каб павялічыць шанц наступлення цяжарнасці). У асноўным шматплодныя цяжарнасці пасля ЭКА заканчваюцца нараджэннем двайнят, вельмі рэдка – трайнят.
Але ўсё ж 80% цяжарнасцей пасля ЭКА – аднаплодныя.
Міф 3. Дзеці з прабіркі больш слабыя і часта з генетычнымі паталогіямі
ЭКА не павялічвае і не памяншае частату спадчынных парокаў развіцця. Перад пачаткам пратаколу ЭКА (схема ўвядзення жанчыне лекавых сродкаў для стымулявання авуляцыі і выспявання фалікулаў пры падрыхтоўцы да ЭКА; пратакол бывае кароткім (12-14 дзён) і доўгім (3-4 тыдні)) пацыенткі, старэйшыя за 35 гадоў альбо якія маюць у сям'і выпадкі генетычных захворванняў, нараджэння дзяцей з прыроджанай спадчыннай паталогіяй абавязкова кансультуюцца ў генетыка. Робяць аналізы на выяўленне рызыкі спадчынных захворванняў, у т. л. сіндрому Даўна. Калі генетык робіць неспрыяльны прагноз на нараджэнне здаровага дзіцяці, пары могуць прапанаваць іншыя метады дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. Напрыклад, выкарыстанне донарскай спермы ці донарскіх яйкаклетак.
Аднак існуе іншая сур'ёзная праблема. Калі пасля ЭКА цяжарнасць аднаплодная, то тут пытанняў, як правіла, няма. Частата заўчасных родаў параўнальная з той, што бывае і пасля натуральных цяжарнасцей. Але пры шматплодных цяжарнасцях павялічваецца частата заўчасных родаў. Таму і здараецца з'яўленне на свет малаважкіх немаўлят, якім неабходна выгадоўванне ва ўмовах аддзялення для неданошаных.
Таму задача сучаснай рэпрадукталогіі – зніжаць шматплоднасць.
Міф 4. ЭКА – гэта балюча
А вось і не! Гэта толькі міф. Адзіная маніпуляцыя, балючая для жанчыны, – хірургічны забор яйкаклетак. Але ён робіцца пад анестэзіяй. Усе астатнія працэдуры праходзяць у звычайных амбулаторных умовах і не патрабуюць абязбольвання.
Міф 5. Нараджаць пасля ЭКА можна толькі шляхам кесарава сячэння
Зусім не. Нават наадварот, роды праз натуральныя радавыя шляхі вельмі вітаюцца. Урачы падтрымліваюць такое жаданне жанчыны ў любым магчымым выпадку. Звычайна пацыенткі пасля ЭКА трапляюць у бальніцу загадзя, і кансіліум урачоў-акушэраў-гінеколагаў вырашае, якім чынам лепш правесці роды ў канкрэтнай сітуацыі максімальна беражліва для мамы і дзіцяці.
Міф 6. Для таго, каб ЭКА атрымалася, заўсёды патрэбныя некалькі спробаў
Калі ў жанчыны высокія шанцы на наступленне цяжарнасці, усё цалкам можа атрымацца і з першага разу. Эфектыўнасць праграмы ЭКА складае больш за 40% цяжарнасцей. Пры гэтым каля паловы ўсіх пацыентак зацяжарылі з першай спробы ЭКА, прыкладна 30% прыходзяць на ЭКА ў другі раз і прыблізна 10% – у трэці.
Міф 7. ЭКА - гэта панацэя пры бясплоднасці
На жаль, гэта не так. Дыягностыка і лячэнне бясплоднасці ідуць ад простага да складанага. Каля паловы пар, якія звярнуліся з нагоды бясплоднасці, становяцца цяжарнымі пасля кансерватыўнага лячэння (супрацьзапаленчая тэрапія па паказаннях, гарманальная карэкцыя, хірургічнае лячэнне - гістэра- і лапараскапія, лячэнне мужа).
Астатнія прыходзяць на ЭКА. Нават гэты высокаэфектыўны метад можа гарантаваць наступленне цяжарнасці прыкладна ў 80% пар з той ці іншай спробы. Але ёсць такія формы бясплоднасці, якія ня пераадольваюцца нават з дапамогай ЭКА.
Міф 8. Пасля ЭКА-цяжарнасці жанчына рэзка набірае вагу
Не, гэта не так. Сам па сабе пратакол ЭКА нядоўгі: ад 2 тыдняў да месяца. Гарманальныя прэпараты дзейнічаюць кароткачасова і, у прынцыпе, не могуць паўплываць на тое, каб жанчына рэзка набрала вагу. Так што гісторыі, як пасля пратаколу хтосьці набраў 20 і 30 кг, сумніўныя. Калі ёсць схільнасць да паўнаты, «наракаць» перш за ўсё трэба на лад жыцця.
Міф 9. ЭКА – гэта вельмі дорага
ЭКА – сапраўды платная працэдура. У РНПЦ «Маці і дзіця» яна абыйдзецца пары ў 4-6 тысяч рублёў (40-60 млн «старымі»). У камерцыйных цэнтрах кошты вышэй. Калі марыце аб малышу, а такіх сродкаў няма, ёсць выхад. У «Беларусбанку» для гэтай мэты можна адкрыць крэдытную лінію з наступным яе пагашэннем.
Міф 10. ЭКА – гэта дрэнна для далейшага жаночага здароўя
Каб атрымаць доступ да праграмы ЭКА, жанчына праходзіць вельмі сур'ёзныя абследаванні і падрыхтоўку. Калі ў выніку выявіцца сур'ёзнае хранічнае захворванне, то працэдура ў дачыненні да яе проста не будзе праводзіцца. Калі пацыентка здаровая, то яе арганізм пасля заканчэння цыкла ЭКА хутка адновіцца.
Цікава ведаць
Для таго, каб ЭКА стала явай, навукоўцы ўсяго свету працавалі некалькі стагоддзяў. Вядома, што ўжо ў 1784 годзе італьянец Ладзара Спаланцані правёў першую ў свеце штучную iнсемiнацыю сабакі. Вынікам стала з'яўленне трох здаровых шчанюкоў. А ў 1790 годзе вядомы шатландскі ўрач Джон Хантар увёў сперму мужа ў похву жонкі шпрыцом (прататып сучаснай iнсемiнацыі). Яна паспяхова зацяжарыла і нарадзіла здаровае дзіця.
А вось каб адбылося ЭКА ў сучасным яго разуменні, спатрэбілася яшчэ шмат гадоў і больш за 600 спробаў. У 1978 годзе дзякуючы намаганням брытанскіх навукоўцаў Роберта Эдвардса і Патрыка Стэптаў нарадзілася першая эка-дзяўчынка – Луіза Браўн.
У СССР першаадкрывальнікам ЭКА стаў навуковец Барыс Лявонаў. Дзякуючы яго намаганням ў 1986 годзе нарадзілася першае «дзіця з прабіркі» на прасторах СССР – дзяўчынка Алена.
Першая «дзяўчынка з прабіркі» ў СССР Алена Данцова
За больш чым 30 гадоў з моманту першага паспяховага ЭКА па ўсім свеце нарадзілася ўжо больш за 3 мільёны дзяцей. Дарэчы, самі яны даволі паспяхова становяцца цяжарнымі і без дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій. Першая ў свеце «дзяўчынка з прабіркі» Луіза Браўн стала мамай у 2006 годзе, зацяжарыла самастойна.
Першае ЭКА-дзіця ў свеце Луіза Браўн ў 2006 годзе сама стала мамай
Натуральным шляхам стала мамай у 2007 годзе і першая руская «эка-дзяўчынка» Алена Данцова.
Дакладная і правільная інфармацыя вельмі супакойвае і дае ўяўленне пра тое, як усё адбываецца. Калі не слухаць суседак і прыяцеляў знаёмых і не паддавацца непатрэбнай паніцы, можна спакойна і ўзважана прыняць уласнае рашэнне. ЭКА – гэта не страшна. Доказ таму – больш за 3 мільёны людзей, якія жывуць на нашай планеце.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by