Сэрца чалавека можна параўнаць з помпай, якая забяспечвае пастаянны і бесперабойны рух крыві па сасудах. Калі сэрца здаровае, кроў з левага жалудачка накіроўваецца да органаў, дастаўляючы ім кісларод і пажыўныя рэчывы. Затым яна, але ўжо з нізкім утрыманнем кіслароду, вяртаецца ў правую частку сэрца і транспартуецца ў лёгкія. Тут кроў зноў насычаецца кіслародам і паступае ў левы жалудачак.
Калі галоўная функцыя сэрца аслабленая, гэта можа сведчыць пра тое, што развілася сардэчная недастатковасць. Яна бывае вострай і хранічнай, можа закранаць толькі адзін з жалудачкаў альбо абодва. Пры прагрэсаванні працэсу захворванне можа прывесці да смерці чалавека.
Пра прычыны і сімптомы хранічнай сардэчнай недастатковасці журналісту Слушна распавёў загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар Андрэй Прыстром.
Чаму сэрцу робіцца цяжка
Па словах Андрэя Прыстрома, пра прычыны развіцця сардэчнай недастатковасці можна гаварыць практычна бясконца. Да гэтага прыводзяць як сардэчна-сасудзістыя захворванні, так і хваробы іншых органаў і сістэмаў чалавека. Напрыклад, захворванні нырак, дысфункцыя шчытападобнай залозы (гіпатэрыёз і гіпертэрыёз), цукровы дыябет, атлусценне, паталогіі бронхалёгачнай сістэмы і інш.
Сардэчная недастатковасць вельмі рэдка сустракаецца ў маладых. Часцей за ўсё яна прагрэсуе ў сталым і старэчым узростах. Шмат у чым гэта звязана з тым, што з узростам у чалавека назапашваецца пэўны «багаж» розных захворванняў, у тым ліку адбываюцца дэгенератыўныя змены міякарда. Пачынаючы з 60 гадоў, крывая захваральнасці ідзе ўверх, а ва ўзросце 70-75 гадоў прыкладна 10% людзей па розных прычынах «выходзяць» на хранічную сардэчную недастатковасць. Прычым фактараў, якія справакавалі развіццё гэтага стану, можа быць не адзін-два, а значна больш.
Прывесці да развіцця хранічнай сардэчнай недастатковасці можа і арытмія. Сэрца павінна расслабіцца, увабраць у сябе неабходны аб'ём крыві, затым выкінуць яго. Але паколькі сэрца пры арытміі скарачаецца часта, дык зрабіць гэта належным чынам яно папросту не паспявае. У выніку – меншы аб'ём крыві за хвіліну, чым павінна быць у норме.
Яшчэ адна прычына хранічнай сардэчнай недастатковасці – ішэмічная хвароба сэрца. Пры гэтым захворванні адбываецца звужэнне каранарных артэрый (яны забяспечваюць сэрца кіслародам і пажыўнымі рэчывамі). Часцей за ўсё прасвет сасудаў звужаецца ў выніку атэрасклерозу. Калі сітуацыя пагаршаецца, памяншаецца цыркуляцыя крыві, а значыць і сілкаванне сэрца. Усё гэта можа прывесці да інфаркту міякарда. Пасля інфаркту ўтвараецца рубец, і частка міякарда не скарачаецца, а астатняя частка ўжо не ў стане ў поўным аб'ёме выштурхоўваць кроў.
Адрозніваюць вострую сардэчную недастатковасць і хранічную. Вострая развіваецца хутка, характарызуецца цяжкай сімптаматыкай. Яе можа справакаваць сардэчны прыступ, у выніку якога пашкоджваецца якая-небудзь вобласць сэрца. Як правіла, яна стартуе цяжка, але доўжыцца непрацяглы перыяд часу, паляпшэнне стану надыходзіць хутка. Зрэшты, усё ж часцей сустракаецца хранічная сардэчная недастатковасць, якая можа развівацца месяцамі ці нават гадамі, і для яе характэрнае паступовае нарастанне сімптаматыкі.
Тры бакі аднаго захворвання
Калі зніжаецца здольнасць перапампоўваць кроў у левай камеры сэрца, гаворка ідзе пра леважалудачкавую сардэчную недастатковасць.
Існуе два яе віды:
Сісталічная недастатковасць. У гэтым выпадку леваму жалудачку сэрца не хапае сілы, каб укідваць дастатковы аб'ём крыві ў кроваток.
Дыясталічная недастатковасць. Левая камера не ў стане цалкам расслабіцца, і яе напаўненне крывёю не адбываецца належным чынам.
Праважалудачкавая сардэчная недастатковасць. У дадзеным выпадку парушэнні фіксуюцца ў рабоце правага жалудачка сэрца, які «адказвае» за вяртанне крыві ў лёгкія.
У выпадку паражэння і правага, і левага жалудачкаў сэрца размова ідзе пра бівентрыкулярную сардэчную недастатковасць.
Сімптомы сардэчнай недастатковасці
Асноўныя сімптомы, якія могуць сведчыць пра развіццё сардэчнай недастатковасці, – задышка і хуткая стамляльнасць. Складанасць заключаецца ў тым, што гэтыя ж сімптомы могуць быць прыкметамі іншых захворванняў. У любым выпадку, адзначае Андрэй Прыстром, калі яны з'явіліся, варта прыслухацца да свайго арганізму і паспрабаваць прааналізаваць прычыны, з-за якіх яны маглі ўзнікнуць.
Напрыклад, чалавек доўга не займаўся фізічнымі практыкаваннямі. Аднавіўшы актыўныя рухі, ён таксама можа адчуць задышку і хутка стаміцца. Але пры аднаўленні фізічнай формы гэта праходзіць.
Дарэчы, на раннім этапе развіцця сардэчнай недастатковасці прасочваецца выразная ўзаемасувязь захворвання і фізічнай актыўнасці. У самым пачатку ў стане спакою задышкі няма, яна будзе з'яўляцца толькі пры вялікіх нагрузках. Гэта абумоўлена тым, што пры актыўным руху неабходны большы аб'ём крыві, забяспечыць які сэрца ўжо не ў стане. Калі захворванне прагрэсуе, паступова зніжаецца нагрузка, але задышка ўсё роўна нарастае. У рэшце рэшт, чалавек адчувае цяжкасці пры дыханні нават у стане спакою.
Задышка можа таксама сведчыць пра тое, што хвароба прагрэсуе, фарміруюцца застойныя з'явы ў лёгкіх (на рэнтгене лёгкіх будуць бачныя спецыфічныя змены).
Яшчэ адным яркім сімптомам хранічнай сардэчнай недастатковасці з'яўляюцца ацёкі ніжніх канечнасцяў. Як правіла, яны фарміруюцца паступова і найбольш ярка выражаныя да заканчэння дня. Пасля начнога адпачынку ацёкі могуць знікаць альбо памяншацца.
У некаторых выпадках пра хваробу сведчыць выгляд ярэмных венаў, якія размешчаныя на шыі. У такіх людзей яны набрынялыя і добра бачныя. Гэта сведчыць пра павышэнне вянознага ціску з-за парушэнняў у рабоце сэрца.
Пра тое, што хвароба прагрэсуе, можа казаць поза чалавека ў становішчы седзячы: ногі расстаўленыя, тулава трохі нахіленае наперад, а рукі ўпіраюцца ў калені. У такой позе чалавеку крыху лягчэй дыхаць.
З'яўляецца боль у правым падрабрынні з-за павялічанай у памерах печані, што таксама можа быць праявай сардэчнай недастатковасці.
Своеасаблівым сігналам захворвання можа быць павелічэнне частаты сардэчных скарачэнняў. Нармальным лічыцца пульс ад 60 да 90 удараў у хвіліну. Калі ЧСС вышэй, гэта ўжо можа быць тахікардыя. А збой рытму сэрца, асабліва, калі ён не дыягнаставаны своечасова і чалавек не атрымліваў адэкватнага лячэння, у выніку можа справакаваць развіццё хранічнай сардэчнай недастатковасці.
Пры цяжкіх запушчаных формах хранічнай сардэчнай недастатковасці магчымыя змяненне колеру скурнага покрыва (ссіненне), з'яўленне велізарных ацёкаў на нагах, а таксама ўтварэнне трафічных парушэнняў на ніжніх канечнасцях, ажно да фарміравання трафічных язваў.
Пра метады дыягностыкі і фактары рызыкі, якія могуць справакаваць развіццё хранічнай сардэчнай недастатковасці, чытайце ў нашым наступным матэрыяле.
Матэрыял прызначаны для распаўсюджвання ў рамках павышэння дасведчанасці пра захворванні. Выкарыстаныя выявы не з'яўляюцца выявамі рэальных пацыентаў. Артыкул створаны пры падтрымцы Novartis Pharma Services AG (Швейцарыя) Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.
BY/CARD/09.2020/pdf/ 74845
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by