05.03.2024
05.03.2024

Прыгоды Адэлі. Дзень вялікай пакуты (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Надыйшоў Дзень Вялікай Пакуты ––так называла яго Адэля. У гэты дзень гадаванцаў фермы стрыглі. За вясну і лета іх воўначка вырастала такой густой, што жывёліны ўжо больш нагадвалі вялікія пульхныя мячыкі. «Мае клубочкі» – жартаўліва называла цяпер іх пані Гэлена. Напярэдадні яна мне патэлефанавала і папрасіла прыйсці на ферму.

— Разумееце, гэта сапраўды цяжкі дзень для маіх гадаванцаў. Але ён немінучы. І хоць я заўсёды наймаю найлепшых майстроў стрыжэння, без нервовых стрэсаў не абыходзіцца. Таму мне пільна патрэбная дапамога.

Вядома, я прыйшла на ферму, захапіўшы з сабой шмат розных ласункаў. Яшчэ ў мяне быў падарунак для Адэлі – як той казаў «сакрэтная зброя».

На ферме панавала такая змрочная атмасфера, што міжволі хацелася гаварыць шэптам і хадзіць на дыбачках. На маё прывітанне «Дзень добры» пан Пастарнак зрабіў такую панылую міну, што я ледзь не пырснула смехам. А ён прыціснуў палец да вуснаў і зашыкаў на мяне:

— ШШШааа! Спадарыня Наталля! Шчыра прашу: ніякіх усмешак і жартаў, бо нас са свету звядуць! Я ўжо меў неасцярожнасць пацешыцца, колькі воўначкі мы атрымаем з Баранчыка. Бачылі б вы, што чынілася!

Дзень вялікай пакуты

— А што? – па-змоўніцку зашаптала і я.

— Малімонка адразу самлела, Баранчыку стала млосна, а Адэля капыткамі на мяне затупала, эксплуататарам абазвала, ды яшчэ Баранчыка падбівала, каб мне рагамі нападдаў. Дык гаспадыня мяне тэрмінова з загончыкаў выставіла – выправіла вас сустракаць.

— А стрыжка ўжо пачалася?

— Так. Баранчык паказаў сябе героем. Пагадзіўся першым падстрыгчыся. Вы праходзьце да Адэлі, падтрымайце яе, бо яна наступная.

— А як Малімонка?

— Гэта наагул цяжкі выпадак. Адэля крычыць і сварыцца, але яе нервовая сістэма куды мацнейшая. А Малімонка паглядае так жаласна і так пакорліва, што ў пані Гэлены проста сэрца кроўю абліваецца. Удвух валяр’янку жлукцяць. Ды ў нас яшчэ што, трываць можна, а вось Даліктуся так баіцца стрыжкі, што пані Разаля мусіць яе моцна трымаць.

Пан Пастарнак прыслухаўся да гукаў, што даносіліся з загончыкаў і стаў мяне прыспешваць:

— Ідзіце, бо нешта мне неспакойна.

Авечка

Я пакіравалася да Адэлінага загончыка. З-за Баранчыкавых дзвярэй даносіўся ласкавы голас:

— Патрывай, мой харошы, красунчык мой, адважны мой Баранчык. Бач як добра ты папрацаваў летам, адгадаваў такую прыгожую густую воўначку. Ажно бегаць табе цяжка. Трэба яе падстрыгчы, табе адразу стане лягчэй. А воўначка неўзабаве зноў вырасце, — лагодзіла  Баранчыка пані Гэлена. Так угаворваюць маленькіх дзетак, калі ім трэба дастаць стрэмку з пальчыка, ці вушкі пачысціць, ці зрабіць яшчэ штось непрыемнае, але мусовае.

— Не турбуйцеся, пані Гэлена, — Баранчыкаў голас дрыжэў, — я патрываю.

Я адчыніла дзверы да Адэлі.

Смачны хабар

— Хто гэта? – заверашчала авечачка. – Няўжо прыйшла мая пакутная часіна? Няўжо не шкада вам пакінуць авечачку без яе красы і аздобы? – Адэля кідалася з кутка ў куток і тэатральна прыгалошвала. – Няўжо сэрцы вашы такія чэрствыя, што вы не можаце абысціся без сукенак і швэдраў? Ах, які здзек з бедных жывёл…

— Адэлька, — ціхенька паклікала я. – Я табе кавун прынесла. І апельсіны. І грушы найсмачнейшыя, іспанскія. Паглядзі, якія прыгожыя!

— Чуллівую і тонкую натуру прымітыўным хабарам не купіш! – непрымірымым голасам заявіла Адэля.

Я пачала выкладваць на стол гасцінцы. Адэля яшчэ колькі хвілін гойсала ўзад-уперад, але, адчуўшы прыемны водар груш, злітавалася:

— Праўда з Іспаніі? Добра, дайце мне адну грушу. Больш нельга перад стрыжкай. Затое пасля наямося!

— А яшчэ ў мяне для цябе сюрпрыз: кніга амаль скончаная!

— Праўда? — зацікавілася Адэля. – І што, вы ўжо ведаеце, калі яна выйдзе?

— Спадзяюся, што неўзабаве.

— Выдатна! – ажывілася авечка. – Спадарыня Наталля, трэба прасачыць, каб кніга выйшла ў прыгожай цвёрдай вокладцы.

— Не ведаю, Адэля, ці магу я ўплываць на гэта. Многія пытанні залежаць ад выдаўца.

— А вы – аўтарка! Стойце на сваім! Калі кніжку шмат чытаюць, мяккая вокладка хутка заціраецца. А пра мяне будуць чытаць усе! Я такая прыгожая, гламурная, крэатыўная – сама дасканаласць! Я вартая таго, каб кніжка пра мяне была ў цвёрдай вокладцы, — Адэля ўпэўнена глядзела на мяне.

— Добра, Адэлю. Я пагутару з з выдаўцом, але нічога абяцаць не магу.

— Яшчэ што?! Спадарыня Наталля, майце на ўвазе, калі ў выдавецтве вам цвёрда не паабяцаюць нармальнай вокладкі, я сама ім патэлефаную. І буду тэлефанаваць удзень і ўночы, пакуль не дамагуся свайго! І няхай пабольш малюнкаў ставяць, бо мастачка намалявала гэтулькі прыгожых маіх партрэтаў!

Я ўявіла, колькі неспакойных начэй чакае майго выдаўца, калі я не паабяцаю Адэлі бараніць яе інтарэсы, і мне стала шкада яго.

Нажніцы

— Адэлю! Я зраблю ўсё мажлівае, — запэўніла я авечачку.

— Цудоўна! А я складу спіс тых, каго трэба абавязкова запрасіць на прэзентацыю! – заскакала ад радасці Адэля.

— Адэлька! – заглянула ў загончык пані Гэлена, – Баранчыка ўжо падстрыглі. Цяпер твая чарга.

— Не пайду! – заўпарцілася Адэля. – Я гэтую чаргу хоць  каму магу адступіць. Хочаце – самі стрыжыцеся! А мне і так добра.

— От заўсёды так, — уздыхнула гаспадыня. – Ты ж сама заўчора непакоілася, маўляў, воўначка стала такая доўгая, што яе нават расчасаць немагчыма.

— Вось і трэба было заўчора мяне стрыгчы. А сёння я ні на што не скардзілася! Малімонку стрыжыце!

— Малімонка напілася лекаў і задрамала. Ты ж ведаеш, Адэлька, якая яна нервовая.

— Хадзем, Адэлечка, — падлучылася я да ўгавораў спадарыні Гэлены. – Стрыжэнне неабходнае для твайго здароўя. Да таго ж твая воўначка патрэбная дзясяткам модных асоб. Яны чакаюць найхарашэйшых убораў і будуць так удзячныя табе! А я ўсім раскажу, што знаёмая з самай мужнай авечкай у свеце!

— І ў кнізе гэта напішаце?

— Абавязкова, — урачыста паабяцала я.

— Глядзіце ж! – Адэля на дрыжачых нагах адважна рушыла да дзвярэй. – Майце на ўвазе, я згаджаюся на гэты здзек толькі дзеля высокіх ідэй моды і гламуру, а не з таго, што гэтая ўмова прапісаная ў маім кантракце.

— Ну, вядома ж, Адэлю, — падтрымала я пакутніцу, — толькі дзеля высокіх ідэй!

Хлопец і дзяўчына, якія былі запрошаныя стрыгчы гадаванцаў фермы, сустрэлі Адэлю шчаслівымі выгукамі:

— Праходзь, Адэльку! Мы радыя вітаць цябе! Віншуем з перамогай на выставе. Мы – твае фанаты!

— Анягож… — бурчэла Адэля, уладкоўваючыся ў крэсле, — лёгка вам быць фанатамі... Гэта што? – тыцнула яна капытком у вялікае люстэрка.

Нажніцы

— Гэта люстэрка, — пачаў тлумачыць хлопец. – Яно дзеля таго пастаўлена…

— Малады чалавек! – ледзяным голасам перапыніла яго авечка. – Няўжо вы думаеце, што мне будзе цікава назіраць за здзекам, у якім я мушу браць удзел?

— Але твой калега нічога не меў супраць.

— Вядома ж! Баранчык такі таўстаскуры. А я асоба далікатная! Прыбярыце, каб я яго не бачыла!

Люстэрка хуценька адсунулі і схавалі за шафу.

— Ну, пачнем? – стрыгалі ўзялі ў рукі нажніцы.

— Напачатку пакажыце мне свае дыпломы! — патрабавальным тонам заявіла авечачка.

Дзяўчына падала капрызлівай кліентцы дыпломы. Адэля доўга іх разглядала, а тады запыталася:

— Спадзяюся, дакументы не падробленыя?

— Адэля! Ты выдатна знаеш нас, мы ж не першы раз цябе стрыжэм! А дыпломы нашы правяраеш рэгулярна. Да таго ж мы штогод падвышаем сваю кваліфікацыю і нават даем майстр-клас стрыгалям-пачаткоўцам.

— До балабоніць, — Адэля млява махнула капытком. —  Спадарыня Наталля, пастаўце музыку – штось класічнае — і сядайце вунь туды – Адэля тыцнула капытком на крэсла, — будзеце мяне  маральнае падтрымліваць. А вы пачынайце ўжо. Толькі глядзіце, не параньце мяне!

І Вялікая Пакута пачалася. Скажу шчыра: не дзіўна, што, стрыжка выклікала такі пярэпалах сярод гадаванцаў. Я ўпершыню ў сваім жыцці назірала за гэтым. Відовішча не для нервовых! Стрыгалі працавалі зладжана і хутка. Пад іх нажніцамі Адэля на маіх вачах з пульхнага прыгожага мячыка пераўтваралася ў худзенькую, нават мізэрную істоту. А прадмет яе гонару – мяккая воўначка – падала на загадзя падрыхтаваную посцілку вялікімі роўнымі пластамі. Адэля сядзела, заплюшчыўшы вочы. І толькі раз-пораз злосна зіркала на стрыгалёў, калі яны ненаўмысна рабілі ёй балюча. Каб не сядзець склаўшы рукі, я ўзялася чытаць Адэлі вытрымкі з рукапісу, які захапіла з сабой (Адэля не раз паўтарала, што ад гэтага яе настрой неадменна паляпшаецца). Але гэта быў не той выпадак.

— Спадарыня Наталля! – праз сціснутыя зубы працэдзіла авечка. – Майце сумленне. Каб вы працавалі хутчэй, кніжка ўжо выйшла б! І я на ўсіх партрэтах была б непараўнальнай красуняй. А цяпер думай, ці паспее вырасці воўначка хоць бы да прэзентацыі.

Я замаўчала, не ведаючы, што яшчэ можна зрабіць для Адэлі. Але дзяўчына-стрыгаль мяне выручыла.

— Вы лепш пасуньцеся бліжэй да Адэлі і пагладзьце, як маленькае дзіця. Паверце, гэта вельмі дапамагае.

Я зрабіла так, як мне параілі і толькі дакранулася да абстрыжанага Адэлінага бачка, як тая завішчала:

— Не так, спадарыня Наталля! Мне козытна!

Давялося вучыцца гладзіць авечачку так, каб ёй не было козытна. Урэшце Адэля больш-менш супакоілася. А калі стрыжка скончылася, яна моўчкі ўстала і пайшла да парога. А за дзвярыма ўжо чакала сваёй чаргі збялелая Малімонка і пані Гэлена. Што там далей рабілася, я дакладна не бачыла, але пані Гэлена потым казала, што Малімонка папрасіла, каб люстэрка зноў выцягнулі з-за шафы і, гледзячы на сваё паблажэлае ад шчыравання нажніц адлюстраванне, ціха пускала слязу з вачэй.

А Адэля паплялася да свайго загончыка, раздражнёна падкідваючы ўсё, што траплялася на яе шляху. Яна прыпынілася перад дзвярыма ў гаспадароў пакой і гукнула:

— Годзе хавацца па кутках! Не з’ем я вас. Ідзіце хутчэй узважце маю воўначку! Ды глядзіце, каб ні кузлачка не збяёдавалі! І не забудзьцеся, што пані Гэлена абяцала мяне запрасіць на абмеркаванне вырабаў і мадэляў з маёй воўначкі!

Авечка

Я са шкадаваннем глядзела на Адэльку. Яна плюхнулася ў крэсла і змрочна заявіла:

— Ну, спадарыня Наталля, афіцыйна заяўляю: пачаўся перыяд Вялікай Дэпрэсіі.

— Ну што ты, Адэлька, — пачала я, — давай лепш з’ямо па апельсінчыку. Я чытала, што ў перыяд дэпрэсіі трэба есці садавіну жоўтага, памаранцавага і чырвонага колеру – яны паляпшаюць самаадчуванне. Дый гаспадары пра вас дбаюць – набылі найлепшыя вітаміны для росту воўначкі. А яшчэ, каб табе не было зімна, я падару вось што, — я падхапіла сваю вялікую квяцістую хустку (дарэчы, з чыстай воўны), якой фарсіла ў гэтым сезоне, ратуючыся ад восеньскіх халадоў і захутала ў яе Адэлю. Кожная абнова імгненна ажыўляла авечачку. Яна адразу кінулася да люстэрка, агледзела сябе з усіх бакоў і ўжо больш бадзёра заявіла:

— Ну, што ж, у гэтым уборы хоць не сорамна калегам паказацца.

— Вядома, — падтрымала я яе. – Да таго ж хустку можна завязваць рознымі спосабамі. Гэтак у цябе штодня будзе новы ўбор.

— Спадарыня Наталля, — пачуўся гаспадынін голас, — падыдзіце, калі ласка.

Я запытальна глянула на Адэльку. Тая махнула капытком:

— Ідзіце сабе. Там, напэўна, Малімонцы зусім дрэнна. А я пакуль што займуся сваім новым уборам.

Малімонцы сапраўды было дрэнна. Стрыжэнне ўжо скончылася, а бедная козачка раз-пораз страчвала прытомнасць і ўся дрыжэла. Якімі толькі зёлкамі мы  яе ні адпойвалі! Стрыгалі пайшлі, гаспадар зважыў і прыбраў воўначку і далучыўся да клопатаў пра Малімонку. Я расказала гаспадарам пра хустку, якую падарыла Адэльцы, і гаспадар заявіў:

— Выдатная ідэя! Я мігам памчуся ў краму і набуду хустку для Малімонкі. І што-небудзь нагледжу для Баранчыка. Яны будуць фарсіць адзін перад адным, можа, забудуцца на сваю дэпрэсію.

Ферма

Пан Пастарнак хуценька з’ездзіў у краму і прывёз адтуль найаздобнейшую хустку, якую толькі знайшоў.

— А для Баранчыка, — гаспадар фермы толькі рукамі развёў, — нічога няма.

— Што ж рабіць? – задумалася пані Гэлена. – Хіба што звязаць для яго понча? Ці камізэльку?

На тым і развіталіся.

Вялікая Дэпрэсія цягнулася невыносна доўга – можа, з тыдзень. За гэты час Адэля ніводнага разу не патэлефанавала, каб па-сяброўску пагаманіць ці абмеркаваць малюнкі да кнігі, якія рабіла пані Забэля. Калі-нікалі (разоў дванаццаць) яна ўсё ж набірала мой нумар, але толькі для таго, каб папікнуць, што праца над кніжкай пасоўваецца вельмі марудна. А тады ўспомніла сваю ўлюбёную забаўку: дражніла гаспадара, напяваючы старадаўнюю прыпеўку (пан Пастарнак чамусьці заўсёды на яе крыўдзіўся):

Танцавала рыба з ракам,

А пятрушка з пастарнакам…

Свята на ферме «Каляроўка». Прыгода авечкі Адэлі (казка) + аўдыё

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама