Site icon Слушна

Прыгоды Адэлі. Рэпартаж з вяршыні славы (казка) + аўдыё

Баранчык

https://slushna.by/wp-content/uploads/2023/11/Repartazh-z-vyarshyni-slavy.-Chastka-2.mp3?_=1

Мой адпачынак праходзіў цудоўна! Я купалася ў моры, гуляла па пляжы, каталася на ровары, крышку загарала… Пра сваю няскончаную кнігу і Адэлю амаль не ўспамінала. Была пэўная, што яна са сваімі сябрамі і гаспадарамі выдатна бавіць час. З праграмы выставы я ведала: арганізатары запланавалі шмат цікавых культурных мерапрыемстваў для ўдзельнікаў.

Аж неяк позна ўначы мяне збудзіў тэлефонны званок. Я магла напісаць – прарэзлівы званок. Але хіба яго можна параўнаць з тым голасам, які гучаў са слухаўкі!

Адэля не проста крычала! Яна верашчала так, што ў маёй соннай галаве быццам землятрус распачаўся.

— Спадарыня Наталля! Вы не на пляжы?

— Які пляж, Адэля? У нас тут, між іншым, глыбокая ноч.

— Ноч? Што вы выдумляеце? У нас дзень на дварэ. Хутчэй уключайце тэлевізар! Паказваюць рэпартаж з выставы. Зараз будзе момант уручэння ўзнагарод! Майце на ўвазе – я вам першай паведаміла!

— Адэля, наўрад сярод ночы будуць трансляваць навіны з выставы. У найлепшым разе гэты сюжэт пакажуць у ранішніх навінах.

Адэля 5

— Кажу вам, уключайце хутчэй! Мне больш няма калі гаварыць!

І слухаўка запішчэла кароценькімі піп-піп-піп. Я дацягнулася да тэлевізара і націснула кнопачку. Анягож! З шэрага мітуслівага экрана даносілася толькі непрыемнае сіпенне. Я пазяхнула, закруцілася ў плед і выйшла на балкон. Гэта ж трэба – сон як рукой зняло. Уладкаваўшыся ў крэсле, я прыкрыла вочы і пачала прыдумляць помслівыя планы наконт Адэлі. Заснуць удалося толькі гадзіны праз тры, калі неба ўжо пачало святлець і з-за далягляду паказаліся першыя промні сонца. У выніку ранішні выпуск навін я прапусціла. Затое, прачнуўшыся апоўдні, адразу  уключыла тэлевізар і з цікавасцю ўтаропілася ў экран. Я цярпліва выслухала палітычныя, эканамічныя і фінансавыя навіны ды прагнозы. Урэшце вядоўца дабралася і да культурніцкіх навін з-за мяжы. Рэпарцёр з Міжнароднай выставы прапаноўваў наведаць стэнды, запрашаў азнаёміцца з прадукцыяй розных краін. А тады на ўвесь экран усміхнулася Адэля. На галаве – вяночак з жывых кветак, цераз плячо – залатая стужка, да грудзей яна прыціскае вялікі пакунак у прыгожай каляровай абгортцы.

— Як вы пачуваецеся ў гэтай пачэснай ролі пераможцы конкурсу на самую прыгожую воўначку? – пытаецца рэпарцёр і падносіць мікрафон Адэлі.

Адэля ўпэўнена бярэ мікрафон у свае капыткі і пачынае:

— Выдатна! Я заўсёды ведала, што залатая стужачка будзе маёй! Мая воўначка адмысловая. Швэдры, сукенкі і валёнкі з яе папулярныя ўва ўсім свеце. І наогул, я асоба вельмі крэатыўная, здольная на творчы падыход да ўсякай незвычайнай сітуацыі…

— Цудоўна,— заўсміхаўся рэпарцёр і пацягнуўся па мікрафон. Я бачыла, што за Адэляй тоўпяцца іншыя ўдзельнікі выставы, узнагароджаныя рознымі стужачкамі. Разы два мільганулі Малімонка і Баранчык.

— Пачакайце, — упэўненым тонам спыніла рэпарцёра Адэля. – Я яшчэ не расказала пра ўсе свае адметныя якасці. А я, між іншым, маю адмысловыя арганізатарскія здольнасці, належу да арганізацыі Грынпіс і яшчэ я -- галоўная гераіня кнігі. Мая аўтарка зараз глядзіць гэты рэпартаж, таму хачу перадаць ей прывітанне, — Адэля прыветна памахала капытком. Рэпарцёр злаўчыўся і выхапіў-такі мікрафон у авечачкі.

— Вельмі добра! Нам прыемна было пазнаёміцца з такой шматграннай асобай. А цяпер паслухаем уражанні іншых пераможцаў конкурсу.

Мікрафон трапіў у рукі нейкага незнаёмага мне баранчыка. Ён каротка падзякаваў арганізатарам выставы і перадаў мікрафон наступнаму. А наступнай зноў была Адэля! Рэпарцёраў твар крыху пачырванеў.

— Я яшчэ хацела дадаць…

Невядома, што там дадала б Адэля, але пані Гэлена кінулася выпраўляць сітуацыю.

— Адэля хоча пазнаёміць вас са сваімі сябрамі, таксама пераможцамі!

— Так, — незадаволена прамямліла Адэля і пасунулася, каб даць месца Малімонцы і Даліктусі, а астатнія ўрэшце адцяснілі Адэлю ад мікрафона.

Я ўзяла мабільны тэлефон і набрала смс-ку для пані Гэлены: «Вітаю пераможцаў!»

Праз некалькі дзён мой адпачынак скончыўся і я паехала дамоў. Там мяне чакала няскончаная праца, цэлы стос рэкламных газет у паштовай скрыні і дзве паштоўкі ад Адэлі з замежнымі краявідамі. А праз два дні мае знаёмыя вярталіся з выставы. Я з букетамі кветак і вялікімі каробкамі цукерак паехала на вакзал іх сустракаць. Пакуль гаспадары фермы ладавалі багаж у машыну, мяне абступілі іх гадаванцы. Колькі было эмоцыяў, уражанняў, расказаў! Авечка і козачкі трашчалі безупынку, Баранчык спрабаваў трымацца, але і ён доўга не мог датрываць – усім хацелася падзяліцца ўражаннямі. Ад таго, што яны торгалі мяне ў розныя бакі, у мяне імгненна пайшла галава кругам. Але пані Гэлена хутка знайшла выйсце. Яна запрасіла мяне на свята для пераможцаў, якое збіралася наладзіць праз пару дзён разам з Даліктусінай гаспадыняй.

— Прыходзьце абавязкова! Мы якраз адпачнем, разбярэм рэчы і нават паспеем зрабіць фотаздымкі. А з імі ўсе нашы гісторыі будуць цікавейшыя.

Я ахвотна пагадзілася. Ужо адвітаўшыся, Адэля ўспомніла пра дыктафон, выхапіла яго з плецачка і падала мне:

— Вось, паслухайце! Там шмат чаго цікавага запісана.

Небяспечнасць рагоў і капытоў (казка) + аўдыё

Exit mobile version