Толькі-толькі я развіталася з авечкай Адэлькай і пакіравалася ў свой бок, як пачула за спінай крыкі. «Пэўна, зноў Адэля ганяе некага са смеццем», — падумалася мне. Але насамрэч ганялі Адэлю! Два дзядзькі ў белых халатах і цётка, якая верашчала: «Хапайце яе, яна шалёная!» — ганяліся за беднай авечачкай, а тая ўцякала што ёсць сілы. Я подбегам кінулася да іх.
— Стойце! Што вы робіце? Не чапайце авечкі! — як мага закрычала я.
Пагоня спынілася. Адэля, адчуўшы жаданую палёгку, кінулася да мяне і прытулілася да маіх ног. Здаецца, ад перапуду яна нават мову страціла. Праз яе густую воўначку я адчувала, як калоціцца сэрца небаракі.
— Вы яе гаспадыня? — пацікавіўся адзін дзядзька.
Ён трымаў у руках вялікі шпрыц.
— Не, не гаспадыня, — куточкам вока я бачыла: да нас набліжаецца некалькі чалавек, што адпачывалі непадалёк і зацікавіліся пагоняй.
Наперад вылезла цётка:
— Дык не лезьце не ў сваю справу. Гэтая авечка шалёная! Ёй трэба зрабіць укол супраць шаленства! Я ўжо ветдактароў выклікала! Яна мяне ўчора цэлы дзень ганяла, ледзь за нагу не хапнула.
— Так,— умяшаўся другі дзядзька-ветдоктар. — Глядзіце, каб яна і вас не пакусала.
— Паслухайце! Адэля — мая даўняя знаёмая, — пачала тлумачыць я. — І зусім не шалёная. Яна вельмі рахманая і зычлівая авечачка, і яшчэ — чысцёха. Гэта жанчына учора смецце пакінула на лужку, дзе Адэля пасвіцца. Вось яны і пасварыліся.
Нервовая цётка супраць «шалёнай» авечкі
— Ды што вы кажаце! — цётка ваяўніча стала рукі ў бокі.— Я інтэлігентная асоба, а вы мяне так зневажаеце! Можа, яна вас ужо пакусала і вам таксама трэба ўкол зрабіць. Вунь, я гляджу — стужачкі ў вас аднолькава недарэчныя завязаныя. І наогул, вас тут учора не было і вы нічога не бачылі. Прэч з дарогі! — крычала цётка.
Ветдактары пагрозліва зірнулі на нас з Адэляй і ступілі крок наперад. «Ну, Адэлька, — падумалася мне міжволі, — за стужачкі асаблівы дзякуй. Трэба ж — убрала мяне стужачкамі па апошняй модзе! Да каго я зараз падобная? І як выкручвацца?» Але і выгляду не падала, што збянтэжылася.
— Падумаеш, стужкі! Мода вымагае! — трымала я абарону. — Вы можаце такія ж завязаць. Усё лепш, чым са шпрыцом сумленную авечку па полі ганяць. Яна ўчора ветла прасіла вас абгорткі прыбраць.
Цётка аж пачырванела, торбу з рук выпусціла, нагамі затупала:
— Авантурыстка! Звязаліся з нейкай вар’яткай! Паклёп на мяне ўзводзіце! Я з раніцы да вечара пыл з ўсіх куточкаў кватэры вымятаю, падлогу мыю…
Ад гуртка, што тоўпіўся паблізу, адлучыліся два хлопцы.
— Чакайце! Мы тут учора былі. І на свае вочы ўсё бачылі!
— Што вы бачылі? — крутанулася на абцасах нервовая цётка.
— Мы бачылі, як Адэля патрабавала, каб вы за сабой смецце прыбралі, а вы яе абражалі, — не зміргнуўшы вокам паведамілі нашы заступнікі і, пачырванеўшы, дадалі: — Яна некалі і нас прывучыла за сабой прыбіраць. Але цяпер мы з ёй — добрыя прыяцелі.
— Гэтым таксама вакцына супраць шаленства не зашкодзіць, — пляснула рукамі цётка.
Мы загаварылі ўсе адразу. Дзядзькі са шпрыцам ужо не ведалі, каго слухаць: цётка сварыцца, я запэўніваю, хлопцы сведчаць, людзі, што стаяць вакол, прыпамінаюць падобныя выпадкі Адэльчынай барацьбы за чысціню лужка...
Адэля нарэшце аддыхалася і вытыркнулася з-за маіх ног:
— Можа, дзеля справядлівасці, вы і мяне паслухаеце? — ветла спыталася яна ў ветдактароў.
Цётка аж засіпела ад злосці, але хлопцы падтрымалі Адэлю:
— Кажы, Адэлька.
І Адэля расказала не тоячыся пра свой метад змагання за чысціню. Ветэрынары слухалі ўпярод з недаверам, а потым сталі ціха пасмейвацца.
— Каго вы слухаеце, — абурылася цётка. – Гэта нявыхаваная жывёліна! Вы мяне абражаеце!..
Адэля з годнасцю зірнула на скандальную цётку:
— Я, вядома ж, жывёла. З гэтым не паспрачаешся. А от наконт ступені выхаванасці — гэта гледзячы, з кім параўноўваць!
Тут ужо ўсе мы засмяяліся. Толькі цётка хапала ротам паветра і лыпала вачыма. Потым падхапіла торбу і кінулася прэч. Людзі, абмяркоўваючы здарэнне, пачалі разыходзіцца.
Стрэс чуллівай натуры
Адсмяяўшыся, адзін з дактароў сказаў:
— Ну і ну, Адэля. Дык ты, значыцца, «зялёная»!
— Што? — вылупіла вочы авечачка і схапілася за гламурнае люстэрка. — Усё жыццё была блакітная і раптам пазелянела!.. Што за шкодныя ўмовы! Трэба патрабаваць ад гаспадыні дабаўкі малака за шкоднасць!
Адэля круцілася перад люстэркам, трывожна высалапляла язык, адцягвала вейкі, але, урэшце, звярнула ўвагу на тое, што я ёй даводзіла:
— Адэля, з табой нічога не здарылася. Пра «зялёных» потым раскажу. Гэта арганізацыя такая.
— Вы мяне не падманваеце?
— Колер тваёй воўначкі ані не змяніўся. Нічога не здарылася.
Адэля з палёгкай паўтарыла:
— Так, нічога не здарылася, — і адразу як залямантуе: — Як гэта — нічога?! А стрэс? Я ж – чуллівая натура! — і брык на зямлю.— Ну во, ногі ад упуду адабрала. Я такое ў тэлевізары бачыла. Ратуйце мяне! — закрычала яна ветдактарам, якія ўжо пакавалі свой шпрыц у валізку, і закаціла вочкі.
Тыя зноў кінуліся да Адэлі.
— Выклікайце гаспадыню, — кінуў мне адзін, выхапіўшы танометр і слухаўкі,— і скажыце, каб захапіла з сабой даведку аб медычных прышчэпках, якія рабілі авечцы.
— Не магу, — разгубілася я, — нумара не ведаю.
Адэля расплюшчыла адно вока:
— 55 66 77 88, — прадыктавала яна і зноў адкінулася.
Я схапіла мабільны.
— Пані Гэлена,— закрычала я ў слухаўку, як толькі на тым канцы адгукнуліся. — Мы з вамі незнаёмыя, але ваша Адэля — мая прыяцелька. Дык вось, ёй дрэнна. Хутчэй бяжыце на лужок. І медычную даведку захапіце!
Чым лекаваць авечы стрэс?
Гаспадыня была вельмі кемлівая. Яна не стала задаваць лішніх пытанняў і панікаваць. Прыбегла праз колькі хвілінак і адразу кінулася да авечачкі:
— Адэлечка! А мая ты даражэнькая!
Тая нават вухам не зварухнула.
— Што з ёю, доктар?
Дактары, пераглянуўшыся, пачалі тлумачыць:
— Перанервавалася ваша авечка. Пакажыце медычную даведку, ці ўсе прышчэпкі ёй зробленыя?
Пані Гэлена падала паперку.
— Ды не хвалюйцеся так. Мы дамо ёй бюлетэнь на некалькі дзён. Вылежыцца, адпачне, і ўсё будзе добра, – запэўніў другі, выпісваючы рэцэпт, — ціск у яе нармальны. Хай пап’е ліпавай ці мятнай гарбаты. А яшчэ трэба ўнікаць стрэсаў.
— А з чаго б той стрэс? — здзівілася гаспадыня.
Адэля расплюшчыла вочы:
— Як гэта, з чаго? Ці не я вам казала, якія нервовыя ў мяне ўмовы працы? А колькі разоў прасіла службовы мабільны мне набыць, каб я патэлефанаваць магла, калі што надарыцца?..
— Мы ўжо бачым,— умяшаўся адзін з ветдактароў,— што пацыентка пачуваецца лепш. Вось, вазьміце рэцэпт на вітаміны, бюлетэнь і бывайце здаровыя.
Яны пайшлі.
А Адэля з дакорам глядзела на гаспадыню.
Тут ужо я ўмяшалася:
— Выбачайце, зараз я вам усё патлумачу. Ты як, Адэлька?
— Здаецца, мне лепш,— узнялася на ногі авечачка.— Толькі галава круціцца і есці вельмі хочацца. Пайду травіцы паскубу. А вы тут раскажыце, што мне сёння перажыць давялося.
Пакуль я хуценька пераказвала пані Гэлене здарэнне, Адэля са смакам скубла траўку. Але трымала вушкі чуйна і не прамінала ўплішчыць слоўца, нагадваючы пра небяспеку, якая ёй пагражала, і перажыты страх. Гаспадыня толькі вохкала ды пляскала ў далоні. Пасля заявіла, што Адэлі трэба добра адпачыць пасля перажытага і запэўніла, што сёння абавязкова набудзе ёй вітаміны. Адэля запрасіла мяне наведаць яе ў загончыку, бо ў бліжэйшыя дні на работу не пойдзе — у яе бюлетэнь. Мы развіталіся. Адэля, прыхапіўшы трафейныя часопіс, люстэрка і парасон, разам з гаспадыняй скіравалася на сваю ферму, а я – дамоў.
Ну, скажу я вам, і дзянёк выдаўся! Здаецца, добры адпачынак не зашкодзіць не толькі Адэлі. Да таго ж, пакуль мы валтузіліся на лузе, неба спрэс зацягнула цёмнымі хмарамі і пайшоў дождж. Дамоў я вярнулася змоклая да ніткі. І не дзіва — у мяне ж няма цудоўнай густой воўначкі, якая абараняла б мяне і ад сонца, і ад дажджу.
Дома я хуценька пераапранулася ў сухое, выпіла гарачай ліпавай гарбаты і набрала нумар пані Гэлены.
— Добры вечар! Даруйце, што зноў турбую. Хачу даведацца, як там Адэля.
— Дзякую,— адгукнулася гаспадыня,— з ёй усё добра, выпіла вітамінаў, заела цукеркамі, ухуталася ў плед і спіць ужо.
— Выдатна! Тады і вам добрай ночы!
— Дабранач, — адвіталася пані Гэлена.
Змушаны шопінг
Назаўтра зноў ліў дождж, і я з сумам падумала, што мушу наведаць краму. Трэба ж набыць новы парасон і люстэрка. Я цэлы дзень апісвала нашы з Адэляй прыгоды, а пад вечар, калі дождж больш-менш аціх, выбралася на шпацыр.
Перш зазірнула ў краму. Доўга выбірала парасон, круціла яго ў руках, меркавала, ці будзе ён пасаваць да маёй вопраткі, потым купіла люстэрка — зноў са стразамі. «Хм, — падумала я кпліва, — відаць, гламурнасць трывае і ў маім жыцці». Зайшоўшы ў аддзел касметыкі і парфумы, я не на жарт разгубілася: «Якое ж малачко ад загару падыдзе маёй знаёмай?» Прадаўніцы адна перад адной прапаноўвалі сваю помач, а я ўпарта ад яе адмаўлялася. Чаму? А пайдзіце ў краму і паспрабуйце патлумачыць, што выбіраеце малачко ад загару для авечкі. Вас дакладна ўспрымуць за дзівачку. Пасля доўгіх перабораў сярод прадукцыі знакамітых фірмаў я спынілася на малачку для дзяцей, з не вельмі вялікай ахоўнай ступенню.
Потым на рыначку я набыла для Адэлі садавіны: чырванабокіх яблыкаў, сакавітых груш, некалькі памаранчыкаў. А яшчэ прыхапіла пакуначак свайго ўлюбёнага печыва. Ніхто ж не ходзіць адведваць хворых з пустымі рукамі. Хоць Адэля, папраўдзе, не хворая, а толькі пацярпелая ад стрэсу, прыемныя эмоцыі ёй будуць вельмі карысныя.
Таксама чытайе іншыя гісторыі пра Адэльку ад Наталлі Бучынскай:
Навагоднія выкрунтасы ў класічным стылі (казка)+аўдыё
Адэльчын кулінарны талент (казка) + аўдыё
Адэльчыны пошукі свайго прызначэння (казка)+аўдыё