15.02.2019
15.02.2019

Прыйшлі Грамніцы – скідай рукавіцы!

logo
Беларускі код
0 140
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Гэта адна з народных прыкмет на сёння, 15 лютага, калі святкуюцца Грамніцы, альбо Стрэчанне. Але нягледзячы на абяцаны сіноптыкамі плюс на гэты дзень і дні наступныя, усё ж трэба знімаць рукавіцы ды пальчаткі з асцярогай.

Лютаўскае сонца, нягледзячы на ўсю яго прыгажосць, досыць падманлівае. А халадовую алергію, як не так даўно ўпэўнілася асабіста, «злавіць» цяпер зусім нескладана…

Паводле іншых народных назіранняў, «Грамніцы – палавіна зіміцы, маразоў палавіцы». Прыгадваючы злосны «Хаўер», які наляцеў на нас у сярэдзіне сакавіка 2013 года, цудоўна разумеем, што снег яшчэ можа быць не толькі ў першы, а нават і ў апошні вясновы (!!!) месяц. І маразы – таксама. Таму і пры значнай адлізе, дзяўчаты, не спяшаемся даставаць кароткія куртачкі ды спаднічкі. Зарана яшчэ.

Дык што ж гэта за свята – Грамніцы?

Грамніцы, альбо Стрэчанне. Цёплыя Грамніцы абяцаюць такую ж вясну

Паводле меркавання адных, назва паходзіць ад паганскага бога Грамаўніка (Грамоўніка), больш вядомага нам пад імем Пярун. Гэта бог веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыяюць усялякай расліннасці.

Паводле пераканання іншых, у гэты дзень Юр’я быццам бы выпрабоўвае свае стрэлы, кідаючы іх у нячыстую сілу. Таму 15 лютага можна пачуць і першыя грымоты. А ўвогуле,  у народзе лічылі, што ў гэты дзень Зіма з Летам сустракаецца.

Як заўважалі нашы продкі, «калі на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, дык на Юр’я (6 мая) вол наесца травіцы». У гэты дзень сапраўды на даху бываюць та-а-а-акія ледзяшы, што нават хочацца прыгадаць дзіцячую звычку і пакаштаваць іх на смак! Але, вядома ж, мы і самі не будзем гэтага рабіць, і за дзецьмі прасочым. Бо калі пры ранейшай экалогіі і загартоўцы ўсё гэта магло прайсці без следу, дык зараз… Асабліва падчас сезону захворвання на ВРІ і грып… Лепей не выпрабоўваць лёс, праўда?!

Даўней сяляне прыкмячалі:

Як на Грамніцы адліга, з ураджаю будзе хвіга».

 15 лютага, калі святкуюцца Грамніцы, альбо СтрэчаннеНашы продкі лічылі, што цёплыя Грамніцы абяцаюць такую ж вясну. А гэта цягне за сабой перасыханне зямлі і, як следства, нізкія ўраджаі. Таму і не зразумела, што лепш: каб певень усё ж напіўся з-пад страхі ці каб быў мароз…

Зрэшты, настолькі зараз усё памянялася ў прыродзе, што і даўнейшыя прыкметы не заўсёды супадаюць з рэальнасцю. На жаль. Бо сапраўды шкада губляць мудрасць нашых продкаў, ад якой і сам робішся мудрэйшым, разважлівым, спакайнейшым… Ды і здаравейшым – таксама.

У гэты дзень у цэрквах асвячаюць свечкі, якія называюцца грамнічнымі. Іх захоўваюць у хатах (а цяпер і ў кватэрах) цэлы год, бо лічыцца, што яны абараняюць жыллё ад перуна (навальніц з грымотамі). Але калі зараз мы набываем гатовыя тонкія царкоўныя свечкі, дык раней нашы продкі рабілі напярэдадні свята і больш тоўстыя, а тады неслі іх на асвячэнне. Зрэшты, сучасныя могуць выглядаць і так.

Людзі здаўна лічылі агонь свяшчэннай стыхіяй. Яго баяліся, яму пакланяліся,  ашчадна захоўвалі ў ачагу…  І полымя свечкі, як сцвярджаюць вучоныя, вельмі карыснае для здароўя. Апрача іншага, яно павышае энергетыку чалавека. Ля яго карысна знаходзіцца пры алергіі, гіпертаніі, неўрозах, дэпрэсіях, стрэсах. А калі глядзець на запаленую свечку перад сном, дык чалавек супакойваецца. Усё дрэннае, назапашанае за дзень, быццам згарае ў тым агні. І сон будзе больш моцным.

Апрача пералічаных народных прыкмет, у шэрагу мясцовасцяў Беларусі існавалі і свае, адмысловыя звычаі і абрады.

Галоўнае – гэты дзень не праходзіў незаўважаным. Пасля яго сяляне-мужчыны ладзілі ўжо сохі і бароны, рыхтуючыся да веснавых палявых работ, а сялянкі-жанчыны сядалі за кросны.

А мы сёння назіраем за надвор’ем, усё прыкмячаем і запамінаем. Альбо нават занатоўваем. А тады чакаем вясны-лета, каб праверыць, ці спраўдзіліся  народныя прыкметы!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 140

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Беларускі код"