Лячэнне анкалагічных захворванняў цяжкае, агрэсіўнае і доўгае па часе. Нават калі тэрапія прайшла паспяхова, вельмі складана зрабіць які-небудзь доўгатэрміновы прагноз, бо каварная хвароба можа вярнуцца. Будучыня пацыента залежыць ад шматлікіх фактараў – акрамя магчымага рэцыдыву, яго здароўе можа даць збой ад пабочных эфектаў тэрапіі, як ранніх, так і аддаленых. Таму ў сучаснай медыцыне ўсё большае значэнне надаецца рэабілітацыі пасля анкалагічных захворванняў.
Безумоўна, рэабілітацыя – не менш важны этап, чым лячэнне. Гаворка ідзе пра комплекс мерапрыемстваў, з дапамогай якіх можна папярэдзіць развіццё магчымых ускладненняў, аднавіць страчаныя функцыі і псіхічнае здароўе, павысіць якасць жыцця чалавека.
Пра тое, чаму важная рэабілітацыя анкалагічных пацыентаў і як яна можа ўплываць на якасць жыцця, разважалі ў Грамадскім прэс-цэнтры анколагі, спецыялісты ў галіне рэабілітацыі, а таксама тыя, хто сам перанёс анкалагічнае захворванне.
Дыягназ пастаўлены. Псіхалагічны аспект
Па словах Эвеліны Сінкявічуце, загадчыцы медыка-псіхалагічнага аддзялення РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава паведамленне пра тое, што ў чалавека анкалагічнае захворванне, заўсёды змяняе яго «псіхалагічны малюнак свету» і нярэдка «ўключае» ў падсвядомасці такую тоеснасць, што рак – абавязкова смерць.
Калі хварэе адзін чалавек, хварэюць усе яго сямейнікі. Немагчыма заставацца абыякавым, калі блізкаму дрэнна. Лічыцца, што чалавек, якому дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, праходзіць пяць стадый гаравання (па Кюблер-Рос): стадыя адмаўлення або шок, стадыі агрэсіі, гандлю, дэпрэсіі і прыняцця. Гэтыя ж перыяды перажываюць і ўсе блізкія хворага. Разам з тым, не заўсёды яны супадаюць. Менавіта таму ў псіхалагічнай дапамозе мае патрэбу не толькі сам хворы, але і яго родныя, упэўненая спецыяліст.
Пасля тэрапіі. Рэабілітацыя дарослых анкапацыентаў
Анколаг кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ, к.м.н. Валянціна Суравікіна адзначыла, што ў нашай краіне, на жаль, існуе пэўная праблема рэабілітацыі анкалагічных пацыентаў. Эксперт патлумачыла, чаму.
Напрыклад, на базе РНПЦ няма рэабілітацыйнага аддзялення і клопат пра такіх пацыентаў кладзецца на фізіятэрапеўтычны кабінет, у штаце якога адзін фізіятэрапеўт, дзве медсястры, тры інструктары-метадысты па ЛФК і масажыст. Такімі малымі сіламі даводзіцца спраўляцца з вялікай нагрузкай, падкрэсліла анколаг. Так, за 10 месяцаў 2019 года раннюю рэабілітацыю амбулаторна (без шпіталізацыі ў цэнтр) прайшлі 212 пацыентаў. Яшчэ 874 пацыенты прайшлі раннюю рэабілітацыю, знаходзячыся ў стацыянары. Усяго звыш 1000 чалавек прайшлі толькі першасную рэабілітацыю. Тых жа, каму неабходная паўторная, у разы больш. Прычым дапамога ім патрэбная як у стацыянарных умовах, так і амбулаторна, панаракала анколаг.
У стацыянарных умовах, распавяла спецыяліст, ужо на другі дзень пасля аперацыі пацыенту выконваюць рэабілітацыйныя мерапрыемствы: у зберагальным рэжыме праводзіцца масаж або іншыя маніпуляцыі і працэдуры, якія неабходныя для таго, каб зняць пасляаперацыйны ацёк тканак ці запаленне, каб пазбегнуць развіцця ўскладненняў.
Дапамогу ў рэабілітацыі пацыентаў са злаякаснымі новаўтварэннямі аказваюць анкалагічнаму цэнтру таксама РНПЦ медэкспертызы і рэабілітацыі (Гарадзішча) і часткова – Цэнтр рэабілітацыі ў Атоліна. Валянціна Суравікіна выказала надзею, што пансіянат, які адкрыўся нядаўна на тэрыторыі РНПЦ, пашырыць магчымасці для рэабілітацыі пацыентаў.
Дарэчы, рэабілітацыя ўключае ў сябе не толькі прафілактыку ўскладненняў, але і аднаўленне функцый, а ў некаторых выпадках – карэкцыю знешняга выгляду. Напрыклад, пацыентам з пухлінамі галавы і шыі, адзначыла эксперт, нярэдка выконваюцца аперацыі, якія калечаць. Пасля ім праводзіцца хірургічная рэабілітацыя ў выглядзе пластыкі мяккіх тканак (замена альбо выдаленне), сківічна-тваравая рэканструкцыя, пратэзаванне. Жанчынам, якім у выніку раку малочнай залозы былі выдаленыя грудзі, прапануюць выканаць мамапластыку з выкарыстаннем імплантаў.
Рэабілітацыя дзяцей пасля анкалогіі
Як распавяла намеснік дырэктара па клініцы, загадчыца анкалагічна-інфекцыйнага (гематалагічнага) аддзялення №2 РПНЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, к.м.н., дацэнт Іна Праляскоўская, ранняя рэабілітацыя дзяцей праходзіць непасрэдна ў цэнтры. Гэта асабліва важна для пацыентаў з пухлінамі мозгу, бо многім пасля аперацыі зноўку даводзіцца вучыцца есці, размаўляць, рухацца, зашпільваць гузікі.
Для дзяцей, лічыць эксперт, таксама неабходная сацыяльна-псіхалагічная рэабілітацыя. Напрыклад, са школьнікамі працягваюць займацца настаўнікі з Бараўлянскай гімназіі. Гэта дае ім магчымасць пасля завяршэння лячэння без праблем вярнуцца ў свой клас. У кожным аддзяленні працуе псіхолаг, праводзяцца спецыялізаваныя трэнінгі і курсы.
Пералічваць дапамогу, якую аказваюць дзецям у цэнтры, можна доўга. Рэабілітацыя ўключае і карэкцыю тэрапіі з улікам аддаленых наступстваў і магчымых ускладненняў пасля лячэння анкалагічнага захворвання (зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы, бясплоднасць, памяншэнне шчыльнасці касцяной тканкі і г.д.), і прадастаўленне неабходных пратэзаў.
Што могуць зрабіць пацыенты і ўрачы разам
На думку дырэктара сацыяльна-асветніцкай установы «Цэнтр падтрымкі анкапацыентаў «У імя жыцця» Ірыны Жыхар, паняцце якасці жыцця вельмі суб'ектыўнае, яго цяжка ў чымсьці вымераць.
Ірына Жыхар патлумачыла, што актыўная рэабілітацыя або тое, што залежыць непасрэдна ад самога пацыента, уключае змяненне ладу жыцця, нават у самых, здавалася б, простых рэчах. Напрыклад, штодня рабіць зарадку, памяняць свае харчовыя звычкі, піць пэўныя лекі, рэгулярна хадзіць на абследаванне да ўрача, здаваць аналізы. І гэта назаўжды. І гэта часам даволі складана змяніць і прыняць, падкрэсліла спікер.
Пацыент – не ўрач, для яго могуць быць незразумелымі многія працэсы, якія адбываюцца ў арганізме. Але ён павінен разумець, навошта яму трэба мяняць лад жыцця, перакананая Ірына Жыхар. І ў гэтым пытанні доктар павінен быць пераканаўчым.
Адзначыла Ірына Жыхар і важнасць псіхалагічнай дапамогі ў выпадку захворвання. Шматлікія даследаванні паказваюць, што калі чалавек знаходзіцца ў гарманічным псіха-эмацыянальным стане, ён лепей пераносіць лячэнне, хутчэй аднаўляецца, у яго іншая якасць жыцця і самаадчуванне, рэзюмавала спікер.
Фота з Нацыянальнага прэс-цэнтра – Вольга Стружынская.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by