Нядаўна ў Расіі ўпершыню быў пададзены іск да бальніцы, урачы якой не дазволілі родным наведаць пацыента ў рэанімацыі. Масгарсуд прызнаў прэтэнзію людзей абгрунтаванай і абавязаў адміністрацыю бальніцы выплаціць ім кампенсацыю.
Ці можна наведваць беларускія рэанімацыі? Якія ўмовы знаходжання там выклікаюць у людзей пытанні? Чаму за мяжой рэанімацыйныя палаты, як правіла, разлічаны на аднаго, а ў нас на некалькі чалавек?
Разабрацца ў тэме дапамаглі ўрачы Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска (ГК БХМД) і беларускія анестэзіёлагі-рэаніматолагі, якія працуюць у замежных клініках.
Рэанімацыя
Калі пачытаць форумы і водгукі людзей, якія пабылі ў нашых аддзяленнях рэанімацыі, больш за ўсё пытанняў у пацыентаў выклікаюць абмежаванне стасункаў з роднымі, забарона тэлефонаў, палаты без перагародак, калі чалавек вымушаны спраўляць свае патрэбы на вачах ва ўсіх, адсутнасць кнопак выкліку персаналу, поўная залежнасць ад медсястры: «калі добрая – будзеш пад наглядам, калі не вельмі – можаш ляжаць у калавых масах».
Правілы наведвання
Наведванні пацыентаў у рэанімацыі законам не забароненыя. Таму сёння кожная бальніца рэгулюе гэтае пытанне самастойна ў правілах унутранага распарадку. Напрыклад, па правілах ГК БХМД сваякі могуць наведаць пацыентаў у палатах рэанімацыі з 12.00 да 13.00 і з 17.00 да 20.00.
Ім выпісваюць пропуск, выдаюць санітарную вопратку. Мы якраз заспелі такі момант наведвання: хтосьці дапамагаў медсёстрам пасадзіць чалавека ў ложку, хтосьці карміў роднага, хтосьці проста стаяў і трымаў блізкага чалавека за руку, бо той яшчэ не прыйшоў у прытомнасць.
Каб не ўзнікала сітуацый, калі ў адных рэанімацыях наведванні дазволеныя, а ў іншых людзям адмаўляюць без тлумачэння прычын, патрэбны адзіны дакумент, які б рэгламентаваў агульныя правілы для ўсіх клінік, лічаць медыкі.
Перагародкі ў рэанімацыі
Насуперак абывацельскаму ўяўленню, у рэанімацыях ляжаць не толькі пацыенты ў коме, там знаходзяцца і людзі ў свядомасці. Таму этычныя моманты для іх вельмі важныя.
Нашы рэанімацыі – гэта палаты на 3-6 чалавек, у якіх разам знаходзяцца і жанчыны, і мужчыны. Спраўляць патрэбу ў судна пры суседзях – вельмі некамфортна. Гэтак жа непрыемна, калі ўсе бачаць, як цябе абціраюць або мяняюць падгузнік. Вырашыць гэтую праблему могуць перагародкі паміж ложкамі, прыбіральні для пацыентаў. У ГК БХМД такія перагародкі ёсць – гэта спецыяльныя лёгкія высоўныя штангі са шторак. Больш за тое, пасля рамонту ў палатах рэанімацыі з'явіліся прыбіральні для хадзячых пацыентаў.
У старых рэанімацыях прыбіральняў няма, гэтак жа, як і штангаў з высоўнымі шторкамі.
Тэлефоны ў рэанімацыі
Тэлефоны ў рэанімацыйных палатах медыкі не дазваляюць і тлумачаць гэта тым, што пацыенты бываюць розныя і лішні прадмет у руках можа ўяўляць небяспеку. Акрамя таго, пацыенты не заўсёды крытычна ацэньваюць свой стан і могуць напалохаць родных сваім тэлефанаваннем.
Кнопкі выкліку ў рэанімацыі
У рэанімацыях людзі аслабленыя і часам не могуць паклікаць медсястру, калі патрэбна дапамога. Звычайна для гэтага ў ложкаў хворых прадугледжаны кнопкі выкліку персаналу. Але яны ёсць не ва ўсіх нашых рэанімацыях, бо іх наяўнасць не з'яўляецца абавязковай. Маецца на ўвазе, што медсястра не мае права пакідаць свой пост і пацыент знаходзіцца пад пастаянным наглядам персаналу.
Догляд
Пацыент у рэанімацыі падключаны да апаратуры, ляжыць пад кропельніцай, часта з мачавым катэтарам, бо сам не можа хадзіць у прыбіральню. Таму ён цалкам залежыць ад медсясцёр і санітарачак. І калі іх раптам няма, або яны няўважлівыя і грубыя, гэта вельмі моцна адбіваецца на яго эмацыйным стане. На думку медыкаў, справа тут больш не ў халатнасці або адсутнасці сардэчнасці, а ў моцнай стомленасці медсясцёр і санітарак, якія дзяжураць у рэанімацыі, як правіла, цэлыя суткі – ад раніцы да раніцы, і выконваюць шмат функцый.
У свеце праблему якаснага догляду вырашаюць за кошт пашырэння штату рэанімацыі. А як у нас?
Як рэанімацыі працуюць за мяжой
На думку Уладзіміра Свіркова, каб палепшыць беларускую службу рэанімацыі, неабходна павялічваць штат сясцёр, забяспечваць яго маніторынгавым абсталяваннем, а таксама закупляць сродкі, якія палягчаюць догляд: зручныя судны, сурвэткі, мыйныя сродкі, падгузнікі. І памяншаць колькасць папяровай працы.
У цэлым нашым бальніцам трэба перастаць баяцца сваякоў пацыентаў – чым больш яны бачаць, тым менш у іх пытанняў і незадаволенасці, лічыць доктар.
Амерыканская мадэль
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by