24.02.2019
24.02.2019

«Нараджэнне сына ў 45 гадоў сталася сапраўдным цудам!»

logo
Цяжарнасць i роды
0 95
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Салігарчанка шчыра распавяла сваю гісторыю позняй цяжарнасці і родаў, падзялілася меркаваннем, наколькі за 20 гадоў цывілізацыя палегчыла жыццё мамам малышоў, а таксама параіла жанчынам меней слухаць навакольных.

Алена Пратасеня жыве ў Салігорску, хутка ёй 51 год. Яна працуе медыцынскай сястрой-анестэзістам у ангіяграфічным кабінеце Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы. У Алены двое сыноў. Розніца ва ўзросце ў хлапчукоў – 20 гадоў. Старэйшаму, Раману, на пачатку лета будзе 26, а малодшаму, Ягору, нядаўна споўнілася 6.

Буслы начаравалі…

Нараджэнне сына ў 45 гадоў. У Алены двое сыноў. Розніца ва ўзросце ў хлапчукоў – 20 гадоў. Старэйшаму, Раману, на пачатку лета будзе 26, а малодшаму, Ягору, нядаўна споўнілася 6.

– Як атрымалася, што нарадзіла ў такім узросце? – пачынае свой аповед Алена. – Справа ў тым, што другі раз я выйшла замуж у 40 гадоў. Мой мужчына быў нашмат маладзейшы за мяне, і гэта быў яго першы шлюб. Я адразу папярэдзіла Мікалая, што, хутчэй за ўсё, сумесных дзяцей у нас не атрымаецца, усё ж у мяне ўжо салідны ўзрост. Таму мы і не планавалі цяжарнасць. Сама ж я вельмі люблю дзяцей і заўсёды іх любіла, у маім паслужным спісе ёсць і праца ў радзільні. Там давялося працаваць якраз з нованароджанымі. Ды і калі прызнацца шчыра, у мяне было жаданне яшчэ нарадзіць дзіцятка, бо мы былі закаханымі і шчаслівымі.

Першыя некалькі гадоў шлюбу цяжарнасць сапраўды не надыходзіла. Але потым адбылося сёе-тое незвычайнае. Спачатку на дах дома Колевых бацькоў прыляцелі ўвесну два буслы. Потым я з мужам і яго родны брат з жонкай, у якіх таксама не было дзяцей, з'ездзілі ў Жыровіцкі манастыр. Неўзабаве пасля паездкі я зразумела, што цяжарная.

Бацькам мужа мы паведамілі гэтую навіну, папрасіўшы пакуль не гаварыць сям'і брата. А бацькі засмяяліся і распавялі, што сям'я брата таксама чакае дзіця! І што і яны прасілі не засмучаць нас і пакуль не паведамляць. Дзеці нарадзіліся з розніцай у адзін дзень. Калі я нарадзіла Ягора, мне было амаль 45.

«Усю цяжарнасць я ззяла»

Нараджэнне сына ў 45 гадоў

Не страшна было нараджаць у такім узросце?

Зараз столькі бясплодных пар, многія жанчыны доўгія гады не могуць зацяжарыць, не дапамагаюць ні лячэнне, ні дарагое ЭКА, таму для мяне цяжарнасць стала радаснай падзеяй. Усе 9 месяцаў я насіла ў сабе цуд. Вось нават цяпер кажу пра гэта – і мне светла. Усю цяжарнасць я ззяла. Памятаю, захварэла на бранхіт, не магла заснуць ад кашлю, і муж купіў мне крэсла-качалку. Засынаючы там, я ўяўляла, як качаюся ў ёй з дзіцем…

Значыць, позняя цяжарнасць праходзіла адносна лёгка?

Толькі перад родамі трохі павышаўся ціск і мучылі ацёкі. Але гэта і ў маладых жанчын бывае. А вось у першую цяжарнасць у мяне быў выматвальны таксікоз. Ды і роды другія мне спадабаліся больш. Рамана я нараджала сама: доўга, цяжка. Ягора таксама прапаноўвалі нарадзіць самой, але я пераканала ўрача, што хаця прамых супрацьпаказанняў няма, ускосных шмат: буйны плод, узрост, гестоз у апошнім трыместры. Было прынята рашэнне рабіць кесарава сячэнне. Я перажыла яго таксама лёгка. У 11 раніцы нарадзіла, а ўвечары ўжо сама схадзіла ў душ. Потым перавялася ў платную палату, там наогул быў суцэльны камфорт.

Пра першую няёмкасць, стаўленне медработнікаў і «панцыр» для дзіцяці

За час цяжарнасці і ў перыяд родаў ніхто з навакольных не пакрыўдзіў, выказаўшыся, што позна ўжо нараджаць у такім узросце?

Хутчэй я сама спачатку пачувалася крыху няёмка. Калі прыйшла станавіцца на ўлік у жаночую кансультацыю, як быццам апраўдвалася перад гінеколагам. Хаця з боку медработнікаў усё было вельмі карэктна. Яны спыталіся, ці хачу я цяжарнасць захаваць. Адказала, што буду нараджаць. Не ведаю, што яны думалі пра мяне, але з выгляду стаўленне дактароў на працягу цяжарнасці было талерантным.

Калі побач са мной у чарзе ў кабінет сядзелі маладыя прыгожыя мамы, я якраз няёмкасці не адчувала, зусім не думала пра свой узрост. Здавалася сабе такой жа юнай. Як ні дзіўна, мяне не падтрымала толькі радня. Маіх бацькоў ужо даўно няма, а ўсе сваякі ўгаворвалі: «Толькі не нараджай!» Добра, што я іх не паслухалася.

Калі глядзець аб'ектыўна, дык мой Ягор звычайны хлопчык, але калі я трымала яго на руках і глядзела, мне здавалася, што прыгажэйшага за яго няма на ўсім белым свеце!

З дзецьмі мне наогул пашанцавала, абодва сыны вельмі спакойныя. Думаю, дзеці, народжаныя ў каханні, радзей хварэюць і даюць маме высыпацца. Каханне і прысутнасць маці – гэта як панцыр, які ад усяго малыша абараняе.

Думаю, самі мамы не раз заўважалі: пакінеш малютку, з'едзеш на дзень-два па справах – і вяртаешся ўжо да хворага дзіцяці. Што тычыцца педыятраў, дык ніхто з іх таксама не акцэнтаваў увагу на маім узросце. Любы доктар зацікаўлены, каб бацькі прыслухоўваліся да яго меркавання, паводзілі сябе прыстойна і клапаціліся пра здароўе дзіцяці. Ёсць такія маладыя складаныя жанчыны, якія на пустым месцы могуць зладзіць скандал, таму справа не ва ўзросце, а ў характары.

Наогул, калі табе больш за 45 гадоў, быць мамай маленькага дзіцяці вельмі здорава. Ты стараешся адпавядаць гэтаму званню, і табе аўтаматычна даюць меншы ўзрост. Усё ж нездарма саракапяцігадовых жанчын параўноўваюць з ягадкамі. Гэта такі цудоўны час, калі тэарэтычна ты можаш быць і бабуляй, і мамай адначасова.

Алена Пратасеня жыве ў Салігорску, хутка ёй 51 год. Старэйшаму, Раману, на пачатку лета будзе 26, а малодшаму, Ягору, нядаўна споўнілася 6.

Пялёнкі і выварка VS памперсы і пральная машына

Догляд маленькіх дзяцей за 20 гадоў змяніўся?

О, цывілізацыя дапамагае жанчыне перажыць гэты перыяд лёгка, асабліва не напружваючыся. Я б дала прэмію таму чалавеку, які вынайшаў памперс. З Раманам, прыгадваю, даводзілася пастаянна мыць уручную і прасаваць пялюшкі. Памятаю, кіпяціла іх у выварцы, стругала туды гаспадарчае мыла, потым паласкала бялізну ў тазіках. Цяпер з гэтым спраўляецца пральная машына, ды і пялюшак гэтулькі не трэба.

А калі нарадзіўся Раман, якраз быў час дэфіцыту. Я сама шыла яму паўзункі. Зараз велізарны выбар, былі б сродкі. А хто з жанчын 20 гадоў таму не рабіў малышам кропавай вадзічкі? Цяпер усё вырашае бяскрыўдная таблетка, дабаўленая ў малачко або сумесь.

Памятаю, яшчэ медработнікамі мне было рэкамендавана карміць старэйшага сына па гадзінах, а калі ён плакаў, браць на рукі не раілі. Павінен быў прывучацца ляжаць у ложку або сядзець у манежы адзін. Ягор ж атрымаўся залашчаным і «ручным», бо зараз я ведаю, што на руках насіць сваё дзіця давядзецца зусім нядоўга. Гэта значыць, мацярынства ў сталым узросце больш асэнсаванае, таксама ўжо сталае. Больш сабе дазваляеш, адыходзіш ад правілаў.

А як хлапчукі, ладзяць паміж сабой?

Я б не сказала, бо ў іх такая вялікая розніца ва ўзросце. Старэйшы ўжо дарослы самадастатковы чалавек, але калі патрэбна дапамога, ён не адмовіць. Дапамагаў матэрыяльна, калі Ягору аднойчы спатрэбіліся лекі. Адводзіць у музычную школу. Заўсёды забярэ брата з дзіцячага садка, калі я працую ў ноч. Дурэюць разам. Ёсць і рытуал: калі малодшы рыхтуецца спаць, ён заходзіць у пакой брата, і яны жадаюць адзін аднаму «дабранач». Спадзяюся, даверныя і добрыя адносіны з'явяцца ў хлопцаў, калі Ягор падрасце. Абодвух сыноў я люблю аднолькава.

«Слухайце сваё сэрца!»

Можа, ёсць парада для жанчын за 40, якія і хацелі б нарадзіць, але азіраюцца на ўзрост?

У такой справе не можа быць ніякіх парадаў. Кожная сям'я, нават лепей сказаць, кожная жанчына сама робіць выбар. У кожнай пэўная жыццёвая сітуацыя, стан здароўя. Магчыма, ёсць медыцынскія супрацьпаказанні для цяжарнасці ці родаў. Усіх можна зразумець і прыняць любыя рашэнні. Мой шлюб распаўся, але я не шкадую, што нарадзіла сына. І магу адно сказаць дакладна: узрост сапраўды нараджэнню дзіцяці не перашкода. Нікога не слухайце, слухайце сябе і сваё сэрца!

Погляд урачоў

 
Святлана Якубовіч
Загадчыца педыятрычнага аддзялення №3 дзіцячай паліклінікі г.Салігорска
Раней нязвыкла было бачыць у дзіцячай паліклініцы мамаў пасля 40 гадоў, а цяпер і 50-гадовыя ў нас у трэндзе. Першыя дзеці вырастаюць, з'язджаюць-сыходзяць ад бацькоў, і сямейныя пары пачынаюць нараджаць дзяцей праз шмат гадоў пасля нараджэння старэйшых. Па маіх назіраннях, такія мамы клапоцяцца пра малышоў больш педантычна, чым маладыя. Педыятры ж ставяцца да ўсіх аднолькава. Калі мама даглядае малога, слухае нашы рэкамендацыі, дык яна добрая, колькі б ёй ні было гадоў. Больш нас турбуюць мамы з сем'яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, незалежна ад таго, якога яны ўзросту.
 
Таццяна Рабатаева
Акушэр-гінеколаг жаночай кансультацыі Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы
Мой стаж 21 год, і я ўсё часцей заўважаю, што колькасць жанчын ва ўзросце пасля 40 гадоў, якія становяцца на ўлік па цяжарнасці, павялічваецца. Бываюць пры стасунках з імі ўсякія моманты. Некаторыя з іх прыходзяць шчаслівыя, а некаторыя перажываюць дэпрэсію, настроены агрэсіўна. Для нас, урачоў, важна падтрымаць у кожнай цяжарнай мацярынскі інстынкт, паставіцца да любой пацыенткі душэўна, з разуменнем, знайсці індывідуальны падыход. Добрае і ветлівае стаўленне гарантавана цяжарным пры любых іх рашэннях, але асабіста я заўсёды рада, калі жанчына вырашае захаваць цяжарнасць, у тым ліку і познюю. Значыць, у свеце з'явіцца яшчэ адзін чалавек.

Фота з архіва Алены Пратасені.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 95

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Цяжарнасць i роды"