А вось такі паварот! 🙂 Для тых, хто кветкі дорыць цудоўнай палове чалавецтва рэдка альбо толькі на святы... А тут і не Дзень закаханых яшчэ, і не 8-га Сакавіка. Рыгораў дзень! Вось проста: падарыце 7-га лютага жанчынам кветкі! Бо лічыцца, што гэта – на шчасце і на ўдачу. Прычым не толькі ім, але і тым, хто дорыць.
Сустракаем сёння Рыгора, які, паводле народных уяўленняў, на вясну паказвае. І традыцыйна назіраем за надвор’ем: а раптам што спраўдзіцца ў далейшым?!
Цікава, што нашы продкі звычайна не радаваліся, калі з раніцы 7-га лютага спявалі сініцы, бо гэта абяцала, што яшчэ шмат будзе маразоў, у тым ліку і моцных. А ў нашай сітуацыі, практычна безмарознай і бясснежнай, мы яшчэ і папросім: «Заспявай нам, сінічка, заспявай!» 🙂
Затое калі сарока пастукаецца ў акно – значыць, добрыя навіны блізка. І нават калі на Рыгора вы альбо вашыя сямейнікі выпадкова разлілі малако, гэта таксама паказвала на тое ж. Прычым радавацца можна будзе чамусьці альбо камусьці працяглы час!
А паколькі сёння можна і трэба загадваць жаданні (ўсё роўна як у знакавую дату, толькі яшчэ прасцей)… Больш за тое – даўней лічылі, што яны абавязкова спраўдзяцца… Нават калі сказаць пра іх услых… Дык усё ж быць зіме, калі сінічак запросім спяваць! 🙂 Толькі хацелася б яе яшчэ ў лютым, а не ў сакавіку… І тым больш – не ў красавіку. Жаданні, вядома ж, загадваем любыя, а не толькі пра зіму.
А Рыгор, апрача таго, што вясну прадказвае-набліжае, яшчэ і прарочыць, якой будзе зіма наступная. Калі 7-га лютага ідзе снег, значыць, зіма позна прыйдзе. Калі ж снег ідзе моцны, вялікі, восень будзе ранняя. А ўвогуле, якая першая палова дня, такой будзе і першая палова зімы. Адпаведна, якое надвор’е з абеду і да ночы, такое будзе і ў другой яе палове.
Паколькі перад Рыгорам адзначалі Аксінню-паўзімніцу, дык казалі: «Аксіння Рыгора прыспешвае, каб вясну не ўпусціў, сонейка на дахі пасадзіў».
Што трэба было рабіць, а чаго – нельга, паводле меркаванняў нашых продкаў, на Рыгора? Можна і трэба было рабіць рэальныя, а не ўяўныя добрыя справы. Вось толькі распавядаць пра іх не раілі. Як і пра поспехі сям’і – вялікая верагоднасць сурокаў. А прыгадваць добрыя справы іншых – віталася.
У гэты дзень можна было прасіць грошы ў доўг і пазычаць іх. Бо запазычанае затым вярталася лёгка і хутка. Гандляры на ўдачу насілі 7-га лютага ў кішэні кавалачак цукру. Але не просты, а з замовамі. А яшчэ – чыталі спецыяльныя замовы на грошы.
Чамусьці на Рыгора забаранялася падстрыгаць валасы і пазногці. А вось чаму – гісторыя замоўчвае. Так што, як кажуць, глядзіце самі, рабіць ці не рабіць. Таксама забаранялася сварыцца і плявацца.
У гэты ж дзень мы маем магчымасць прыгадаць слыннага народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, з якім мне ў свой час пашчасціла сустрэцца і ўзяць інтэрв’ю. І не таму, што мы святкавалі б яго дзень народзінаў – ён прыпадае на 24-га лютага. Дзядзьку Рыгору сёлета споўнілася б 85. А таму, што дзень – Рыгораў. Сёння ў яго б былі імяніны…
А тых, хто іх рэальна святкуе, мы шчыра віншуем! Са святам усіх, хто носіць імя Рыгор! Няхай здаровіцца і шчасціцца!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by