«Выяўленчае мастацтва Мардовіі». Выстаўку з такой назвай адкрылі ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Тут прадстаўлена больш за 60 работ мастакоў у розных тэхніках: жывапіс, графіка, дэкаратыўна-прыкладная творчасць. З іх дапамогай аўтары перадаюць самабытныя традыцыі і характар жыхароў гэтай рэспублікі.
Праект дэманструе асноўныя тэндэнцыі развіцця мастацтва расійскага рэгіёну, падкрэсліваючы пераемнасць пакаленняў і захаванне традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей. Экспазіцыя раскрывае багацце і разнастайнасць нацыянальных вобразаў і матываў, якія цесна звязаны з гісторыяй і культурнымі традыцыямі эрзі і мокшы — дзвюх этнічных груп мардвы, якія маюць агульныя карані з фіна-вугорскімі народамі.
Мастацтва Мардовіі ахоплівае шырокі жанрава-відавы спектр і багаты стылістычны дыяпазон — ад рэалістычнага мастацтва да авангарду. Традыцыі нацыянальнага мастацтва праймаюць міфалогія і фальклор, што дазваляе творча пераасэнсоўваць іх у розных мастацкіх формах, якія ствараюць унікальны вобраз мардоўскага мастацтва. Мастакі выказалі любоў да роднай зямлі, творча пераасэнсавалі гісторыю і культуру свайго народа.
Падчас адкрыцця экспазіцыі старшыня Саюза мастакоў Мардовіі Людміла Нарбекава і першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.
Наталля Шаранговіч адзначыла, што ў абодвух краін ёсць магчымасць абменьвацца не толькі выставачнымі праектамі, але і мастакамі, якія маглі б прыязджаць у Беларусь, а нашыя творцы адправіліся б у Мардовію. Пачаць супрацоўніцтва збіраюцца з пленэраў.
— У мастацтве Мардовіі ёсць нацыянальная самабытнасць. І вельмі важна, што ў тых творах, якія прадстаўлены на выстаўцы, яна яскрава бачная, — падкрэсліла Наталля Васільеўна на адкрыцці.
Мастакі Мардовіі, ад першых прафесійных майстроў С. Эр'зі і Ф. Сычкова да класікаў выяўленчага мастацтва Мардовіі В. Ілюхіна, А. Мухіна, Я. Наздрына, А. Радзівонава, В. Папкова, В. Бяднова, І. Сідзельнікава, Н. Макушкіна, М. Шаніна, Л. Шанінай-Трамбачоўскай працягваюць вызнаваць у мастацкай форме любоў да роднай зямлі, ідэі маральнасці і нацыянальнай духоўнасці, творча пераасэнсоўваюць гісторыю і культуру мардоўскага народа. Дзякуючы дзейнасці сучасных аўтараў выяўленчае мастацтва рэгіёна не губляе самабытнасці і ўяўляе сабой самастойную з'яву ў агульным кантэксце расійскай культуры.
Выстаўка будзе экспанавацца ў Мінску да 29 верасня.
Выстаўку жывапісу з элементамі філасофіі Усевалада Швайбы адкрылі ў Мінску
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by