28.08.2017
28.08.2017

Самастойнасць зберажэ ад стрэсу. Ідзём у першы клас з радасцю

logo
Адукацыя і выхаванне
0 63
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Уявіце, што вы нечакана прачнуліся на вакзале ў чужой краіне, дзе ніколі не былі і нічога пра яе не ведаеце. На думку псіхолагаў, менавіта такі стрэс адчувае дзіця, трапляючы з утульнага хатняга асяроддзя і свету дзіцячага садка ў школу. Для бацькоў першы клас таксама часта становіцца выпрабаваннем на трываласць. Як жа перажыць першы школьны год максімальна беражліва для ўсіх членаў сям'і?

Пра тое, як правільна паводзіць сябе ў самы першы і адказны школьны год, «Слушна» запытаўся ў Аксаны Якубені, практыкуючага псіхолага, сямейнага псіхатэрапеўта, члена Беларускага Таварыства псіхалогіі.

Падрыхтоўка да школы

Хлопчык ідзе ў 1 клас

Бездапаможнасць у побыце – вораг ведаў

Калі першакласнік Сярожа прыйшоў з мамай на кансультацыю да псіхолага, яго становішча ў класе было жаласным. Да канца другой чвэрці хлопчык так і не змог адаптавацца сярод аднакласнікаў. Сядзець за партай таксама не атрымлівалася. Сярожа бегаў па класе, ігнараваў заўвагі настаўніка, кукарэкаў пад партай, біўся з дзецьмі, а потым няўцешна плакаў. Настаўніца стала сур'ёзна задумвацца аб разумовай непаўнавартасці дзіцяці.

Падчас працы з псіхолагам стала зразумела, што інтэлект у поўным парадку. Вінаватыя ў дзіўных паводзінах – эмацыйная няспеласць і гіперактыўнасць. Усё ў тым, што ў сям'і да Сярожы ставіліся, як да 4-гадовага дзіцяці. З аднагодкамі ён практычна не меў зносін, бавіў час дома з бабуляй. Аб самастойнасці і заахвочванні ініцыятывы не было і гаворкі. Падчас працы з хлопчыкам прыйшлося цалкам перагледзець падыход да выхавання. Нягледзячы на перажыванні і трывогу, бацькі сталі ўсё часцей дэлегаваць сыну даручэнні, даваць магчымасць прымаць рашэнні. Паступова павялічвалі час (з 5 хвілін і больш), прывучалі выконваць карпатлівую працу.

Сёлета Сярожа ідзе ў 3 клас. Чакае надыходу школьнага года з нецярплівасцю. У класе ў яго з'явіліся сябры, а ў вучобе хлопчык стаў моцным харашыстам.

Падрыхтоўка да школы – хвалюючы працэс. Багацце інфармацыі ў сучасным свеце часта палохае, таму ўхіл у перадшкольных занятках больш робяць у першую чаргу на развіццё інтэлекту.

Яшчэ да пачатку першага навучальнага года многія сучасныя дзеці ўжо ведаюць літары, могуць пачытаць па складах ці палічыць. Але ёсць яшчэ адзін істотны момант. Важныя не толькі веды аб школьных прадметах. У сваім новым жыцці дзіцяці прыйдзецца сутыкнуцца з вялікай колькасцю самых розных сітуацый. Упаў відэлец у сталовай, развязаліся шнуркі, настаўніца павысіла голас, на ўроку зламаўся аловак... З усім гэтым давядзецца спраўляцца самастойна. Для чаго неабходны вопыт. Калі бацькі пастаянна слалі саломку і беглі ратаваць дзіця яшчэ да таго, як яно само падумала, што рабіць, у школе такі клопат вылезе бокам. А пастаянны стрэс з нагоды любой дробнай праблемы прывядзе да таго, што новаму вучню будзе зусім не да атрымання ведаў. Тут хаця б шнуркі кудысьці закруціць, каб хлопцы не засмяялі.

Што можна зрабіць?

Самастойны хлопчык

  • Паступова прывучаць да самастойнасці. Навучыце дзіця завязваць шнуркі, апранацца, адчыняць уваходныя дзверы ключом, гуляць ля дома (пад нябачным наглядам);
  • Давайце магчымасць прымаць рашэнні самастойна. Калі раптам упала лыжка ці зламаўся аловак, запытайцеся: «Як думаешь, што цяпер трэба зрабіць?»;
  • Пастарайцеся менш умешвацца ў камунікаванне дзіцяці з аднакласнікамі. Яно павінна вучыцца дамаўляцца і вырашаць канфлікты самастойна;
  • Не пужайце школай і не стварайце яе негатыўны імідж.

Аксана Якубеня:

— Вельмі часта бацькі хвалююцца і непакояцца значна больш, чым самі дзеці. Паказваць сваю паніку і страх – адна з самых вялікіх памылак. У стрэсавых сітуацыях дзеці могуць абапірацца толькі на значных дарослых. Дзіця павінна бачыць, што мама і тата ўпэўненыя ў ім. Тады ў яго ўсё атрымаецца

9 нататак для бацькоў першакласніка

Дзяўчынка вучыцца ў 1 класе

  1. Паспрабуйце загадзя пабываць у школе самі, пазнаёміцца з класным кіраўніком, даведацца адказы на ўсе арганізацыйныя пытанні (час пачатку вучэбных заняткаў, магчымасць наведваць групу падоўжанага дня, наяўнасць гурткоў і інш.). Часта празмернае напружанне ўзнікае з-за недахопу інфармацыі.
  2. За некалькі тыдняў да пачатку навучання ў школе неабходна сфарміраваць у будучага першакласніка рэжым дня. З раннім пад’ёмам і нагрузкай справіцца часам складана. Паступовая адаптацыя дапаможа больш мякка перайсці на новы лад.
  3. Разам набывайце школьнае адзенне і прылады (ранец, дзённік, сшыткі, алоўкі, фарбы і г. д.). Пытайцеся меркаванне дзіцяці, яму павінны падабацца яго новыя рэчы.
  4. Раскажыце загадзя пра ролю вучня, новыя правілы, адрозненні школы ад дзіцячага садка. Пастаўцеся да новага статусу свайго дзіцяці з асаблівай увагай. Ён ужо вучань, таму яму важна дзяліцца з вамі ўсім тым, што з ім адбываецца ў працэсе навучання і на працягу ўсяго дня. Максімальна паказвайце сваю далучанасць да гэтага важнага для яго перыяду жыцця.
  5. Не загружайце з самага пачатку навучання вялікай колькасцю гурткоў. Гэта дадатковая нагрузка, што можа апынуцца непасільнай ношай для маленькага школьніка. У дзіцяці павінен заставацца час на гульні.
  6. Калі бачыце, што ваш першакласнік неахвотна рассказвае пра школу, адмаўляецца яе наведваць, у яго не з'явілася там сяброў, – гэта трывожны сігнал. Паспрабуйце мякка і тактоўна пагаварыць, высветліць, што здарылася. Калі сітуацыя не змяняецца, не саромейцеся звярнуцца па дапамогу да класнага кіраўніка і псіхолага.
  7. Не абясцэньвайце настаўніка (асабліва ў прысутнасці дзіцяці). Важна памятаць: з таго дня, як ваша дзіця пайшло ў першы клас, аўтарытэт бацькоў перайшоў на другі план. На першым месцы для яго – яго настаўнік. Прыміце гэта, як важны працэс фарміравання асобы дзіцяці, яго сталення.
  8. Пряўляйце цікавасць да школьнага жыцця, наведвайце бацькоўскія сходы, размаўляйце з класным кіраўніком пра поспехі і пра магчымыя няўдачы сына ці дачкі. Калі дзіця наведвае групу падоўжанага дня, важна таксама падтрымліваць сувязь з яе выхавальнікам.
  9. Памятайце, што дзецям неабходна адчуваць зацікаўленасць з боку бацькоў. Ім неабходная падтрымка і ўхваленне сваіх поспехаў, дапамога пры цяжкасці ў выкананні таго ці іншага задання, прызнанне і павага новых школьных абавязкаў. Верце ў будучыя поспехі сына ці дачкі, аказвайце ўсялякую падтрымку, асабліва калі нешта атрымліваецца не з першага разу.

Першы школьны год – асаблівы і адказны час для маленькага вучня і ўсёй яго сям'і. Важна памятаць, што менавіта на сваіх блізкіх дарослых дзіця можа абаперціся ў гэты няпросты перыяд. Паспрабуйце максімальна быць побач. Важнай дапамогай стане не толькі навучанне новым кніжным ведам, але і побытавым навыкам, самастойнасці.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 63

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"