18.10.2022
18.10.2022

Самы лепшы грыб (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Беларуская казка


 

З-пад зямлі, дзе жыла мамка-Грыбніца, Крамяны Баравічок працерабіў сабе дарогу наверх, у хвойнік, уначы. Прыўзняў крэпкай шапачкай мох і незадаволенна хмыкнуў:

— І тут цёмна! А дзе абяцанае сонейка? Дзе белы свет? Дзе той грыбнік, каторага я павінен ашчаслівіць?

— Ну і моладзь пайшла! – забурчэў у цемнаце нехта нябачны. – Ледзь галаву ад зямлі ўзняў, а падавай яму ўсё і адразу! Раніцы дачакайся, усё мець мусіш!

Баравічку зусім не спадабалася заўвага, і ён сярдзіта тупнуў тоўстай ножкай.

— Я – Цар Грыбоў! – ганарыста абвясціў ён. – А ты хто такі, каб вучыць мяне?

— Я – Спархнелы Пень, пане! – у  голасе нябачнага пачулася ўсмешка. – Я такі стары, што мяне можна зваць дзядулем. Будзем знаёмыя!

Самы лепшы грыб

І Пень адсалютаваў Цару Грыбоў россыпам светлякоў, выпушчаных у цемру з усіх шчылінак і трэшчынак, на якія быў багаты.

Зеленаватае ззянне асвяціла наўколле, і Баравічок разгледзеў стромкія сосны, зараснікі папараці, купіны верасу.

— Гэта ўсё – маё царства? – захоплена вохкнуў ён.

— І тваё, сынок, таксама, — пагадзіўся Спархнелы Пень.

— Што значыць – таксама?! Цар – галоўны, яму ўсё належыць. І цару ніколі не кажуць «ты»! – абурыўся Баравічок.

— Гэта цябе так мамка-Грыбніца вучыла? – пацікавіўся Пень.

— Сам ведаю! Чуў, як старэйшыя браты, на зямлю прабіваючыся, казалі!

— Бачыў, бачыў іх, — пацвердзіў Спархнелы Пень.

— І дзе яны? – зацікавіўся Баравічок.

— Каго людзі ў кашах дадому панеслі, а нехта, не знойдзены, і вырас, і перарос, і чэрві яго стачылі, і спархнеў, тут стоячы – куды за мяне хутчэй! Грыбы не доўга жывуць…

Баравічку некалі было засмучацца ад пачутага, і ён задзірыста выгукнуў:

— Затое баравікам грыбнікі кланяюцца!

Баравікі - смачныя грыбы

— Праўда, ды не ўся, — запярэчыў Спархнелы Пень. – Кланяюцца і лісічкам, і сыраежкам, і падасінавікам, і груздам, і нават, не разабраўшыся, паганкам!

Пра гэта Баравічок не задумваўся і, збіты з панталыку, на некалькі імгненняў змоўк.

— Затое баравікі – самыя смачныя, прыгожыя, карысныя, рэдкія і важныя грыбы на свеце! – знайшоўся ён і, падумаўшы, дадаў: — Самыя лепшыя!

— Э, ды ты, братка, ганарлівец, — засмяяўся Спархнелы Пень. – І спрачацца з табой не выходзіць, бо баравік і праўда грыб добры. Але і цалкам пагадзіцца не згодзен, бо з іншымі тваімі сваякамі-грыбамі знаёмы. Куды больш рэдкія за баравіка, а ў прыгажосці і важнасці не саступяць!

Баравічок заклапочана пакруціў галавой па баках, і капялюшык яго крыху ссунуўся набок.

— Ну, і дзе ж яны? Мусіць, Пень, ты мне маніш! – нікога вакол не ўбачыўшы, дзёрзка зазначыў ён.

Баравік ноччу

— А дазволь, даражэнькі, пацікавіцца: мамка-Грыбніца не вучыла цябе, што са старэйшымі так не размаўляюць? І што наогул, не хораша быць грубіянам? — пацікавіўся Пень, і ў голасе яго пачулася крыўда.

Ад гэтай заўвагі Баравічок крыху сумеўся. Мамка яму, у свет выпраўляючы, наказвала трымаць сябе годна, не сарамаціць гонару роду.  І Баравічок, пачырванеўшы, прашаптаў ледзь чутна:

— Мама мяне вучыла да ўсіх з павагай ставіцца. Забыўся... Прабачце, калі ласка, дзядуля, я больш не буду!

— Ну, як не будзеш і перапрашаеш, тады гаворка другая. Хочаш пазнаёміцца са  сваякамі, што на нашай палянцы жывуць?– запытаўся, адразу адпусціўшыся, Спархнелы Пень. – Палянка наша далёка ад ускрайку лесу, рэдка які грыбнік сюды дабіраецца. Затое ж і грыбы тут растуць, якіх у іншых месцах не знайсці. Пройдзешся, глянеш? Сам пасля скажаш, які грыб лепшы.

І дзядуля Пень гукнуў:

— Гэй, светлякі, пасвяціце Баравічку!

Светлякі

Баравічок, праўду сказаць, добра-такі разгубіўся. Дзе гэта бачна, каб грыбы, тым больш царскага роду, з месца краналіся! Таму ён, як укапаны, стаяў і няўцямна глядзеў на светлякоў, якія зляталіся да яго, трымаючы перад сабой маленькія ліхтарыкі.

— Ну, што застыў? Тупай сабе памаленьку! Царам карысна час ад часу па свеце пахадзіць, жыццё зблізку паглядзець! – падбадзёрыў Баравічка дзядуля Пень.

Цікаўнасць перамагла і Баравічок, забыўшыся на пыхлівасць, выблытаў з імху ножку. Подбегам пакіраваў ён туды, куды па ўказцы Спархнелага Пня паляцелі светлякі.

Не спрактыкаваны ў хадзе, цар грыбоў разоў колькі паваліўся і нават набіў гузак на ілбе, але хуценька ўсхопліваўся. Так, адужаўшы шлях у некалькі метраў, які здаўся Баравічку даўжэзнай дарогай, ён апынуўся перад сапраўдным збудаваннем з грыбоў! З адной нагі расло нешта, падобнае на вялікі блін са шматлікімі дзюркамі-акенцамі і мноствам грыбных шапачак, якімі спрэс гэты блін быў усеяны – нібы галава з кудзеркамі.

— Што гэта? – войкнуў Баравічок, ад здзіўлення прысеў і павітаўся. — Добрай ночы!

Грыбы 18.10

Відавочна задаволены ўражаннем, якое змог зрабіць на Баравічка, а таксама ветлівасцю госця, незвычайны грыб кіўнуў адразу ўсімі шапачкамі:

— Добрая ноч, добрая, не паспрачаешся! Цёпла, сыра пасля ўчарашняга дожджыку. Так хораша расцецца. Кожнай шапачкай адчуваю радасць жыцця!

— Прабачце, а хто вы? – На ўсялякі выпадак Баравічок заклапочана пакратаў свой капялюшык, правяраючы, ці не памножыўся і ён.

— Маю гонар назвацца: Грыфала кучаравая, а для сяброў – Грыб-Баран.

— Чаму – баран? –  уразіўся Баравічок.

— Увесь у кудзерках. Кажуць, аддалена напамінаю гэту свойскую жывёлу...

— А чаму – Грыфала? – распытваў далей Баравічок.

— Графскага роду. Проста вымаўляем на загранічны манер, праз «ы» – не графы, а Грыфалы. Незвычайна атрымліваецца, а я, прызнацца, аматар экзотыкі… Ядомы, але людзям мала вядомы. Да таго ж, надзвычай рэдкі. Калі хто мяне і знаходзіць, часцей проста дзівуецца, не бярэ.

Грыб-Баран уздыхнуў, і наваколле напоўнілася тонкім водарам. Баравічок удыхнуў пах:

— А што так смачна пахне?

— Не хачу падацца хвальком – гэта ўсё я! – заўсміхаўся грыб. – Маю смак і моцны водар арэха…

— Ха-ха-ха! Пан Баран, суседзе, ты насамрэч хвалько, — данеслася аднекуль збоку. – Хто ўжо мае моцны водар, дык гэта, несумненна, я!

Незвычайныя грыбы

Светлякі паляцелі на голас. Баравічок, пакланіўшыся на расстанне Грыбу-Барану, паспяшаўся за імі. Але праз некалькі крокаў застыў, як укапаны. Непрыемны пах вымусіў яго скрывіцца і нават чыхнуць.

— Будзь здароў, не кашляй! – бадзёрым голасам пажадаў нябачны. – Можаш не набліжацца, здалёк пагукаем!

— А вы хто? – утаропіўся Баравічок туды, адкуль чуўся голас.

— Ха-ха-ха! Смярдзюх Звычайны, а яшчэ завуся Вясёлкай.

Баравічок  урэшце разглядеў новага знаёмага, ад якога ішоў цяжкі дух: даўгавязы, неахайны з выгляду грыб.

— Не зважай, братка, што пахну нясмачна. А шчыра – смярджу, сам чуеш, — тым часам казаў пан Смярдзюх. — Але ўсё адно мяне людзі добра ведаюць і шукаюць. Дакладней, маіх маладых братоў. Бачыш, вакол нібыта яйкі ў зямлю закапаныя? Гэта і ёсць мае маладыя браты. Лекавыя, шмат ад якіх хвароб дапамагаюць. Пастарэўшы, і яны стануць, як і я – будзе ў іх і ножка доўгая, і шапачка, сліззю ўкрытая. Але моцы лекавай, каторай наш род слаўны, тады ўжо не застанецца…

— Вы толькі паслухайце – пан Смярдзюх зноў навічкам сваёй моцай выхваляецца! — данёсся з-пад сасны насмешлівы голас. – Калі ўжо і ёсць нехта магутны ў гэтым лесе, дык гэта, бясспрэчна, мы!

Крутануўшыся на ножцы, Баравічок павярнуўся і  ўбачыў два качаны. Адзін рос на свежым пяньку, другі – на зямлі, каля самага ствала сасны якраз побач з дзядулем Спархнелым Пнём.

— Юнак з усімі знаёміцца, а да нас першых павінен быў бы падысці, — задзірыста абвясцілі качаны і адрэкамендаваліся. – Пані Грыбная Капуста. Таксама рэдкія, малавядомыя і ядомыя. А яшчэ – дрэвы валім, пні са свету зводзім!

Самы прыгожы грыб

— Як гэта?

— Проста. Ад нас на каранях і ствалах жоўта-бурая гніль заводзіцца, драўніна гніе, значыць!

— Дык вы – шкодніцы?! – усклікнуў Баравічок.

— Думай, як хочаш, — чмыхнулі абадва качаны. – Але без нас лес у сметнік ператварыўся б. А так – пакрысе мы яго чысцім, пні на друз пераводзім!

Пані Капуста падалася Баравічку задавакай, і ён недаверліва прамовіў:

— Так ўжо і пераводзіце?..

— Што праўда, то праўда, — азваўся на недавер Баравічка Спархнелы Пень, які да гэтай пары моўчкі назіраў за падарожжам Баравічка па палянцы. — Гэта ўжо я магу пацвердзіць кожнай сваёй шчэпкай. Вось такія ж качаны і на мне выраслі, калі я быў Свежым Пнём, і век мой добра-такі скарацілі, -- дадаў, уздыхнуўшы, дзядуля. – Пані Грыбная Капуста для мяне сапраўды самы моцны грыб…

У адказ на шчырасць Спархнелага Пня Грыбная Капуста ганарыста надзьмулася і задзёрла нос, а Грыб-Баран і пан Смярдзюх загаварылі разам, даводзячы наваколлю кожны пра сваю адметнасць і рэдкасць.

Апусціўшы капялюшык, Баравічок стаяў пасярод паляны і, слухаючы спрэчку, недаўменна разважаў пра тое, як сталася, што сярод мноства сваякоў менавіта ім, баравікам, выпаў гонар звацца царамі…

Раптам лес нібы ўздыхнуў, зашамацелі голлем дрэвы, заспявалі птушкі.

— Гэй, Баравічок! – гукнуў дзядуля Спархнелы Пень. – Сонца ўзыходзіць, вяртайся на сваё месца!

Сонечны лес

— А дзе яно, маё месца? – уздыхнуу Баравічок. – Я выбіваўся з-пад зямлі, перакананы ў сваёй выключнасці, і марыў ашчаслівіць увесь свет. А тут на адной толькі палянцы грыбоў і рэдкіх, і лекавых, і незвычайных. Як вызначыць, хто з нас лепшы?

І ўсё ж Баравічок паціху пабрыў да Пня. Стаў уладкоўваць на ранейшае месца сваю тоўстую ножку, і са здзіўленнем заўважыў, што яна яшчэ пабольшала, не хацела змяшчацца ў колішняю ямку.

— А ты падрос, яшчэ пакрапчэў! – ухваліў дзядуля Пень. —  Сапраўды царскі выгляд маеш!

Баравічок, які адпачатку так ганарыўся сваім паходжаннем, цяпер толькі ўздыхнуў.

— І каму гэта патрэбна?

Толькі дзядуля Пень пачаў расказваць Баравічку, што кожны слаўны на месцы, падараваным яму маці-прыродай; што, калі ўжо з’явіліся на гэтым свеце, патрэбны і Грыб-Баран, і пан Смярдзюх, і нават, як ні горка яму прызнаць, Грыбная Капуста, — але раптам вохкнуў і ўрачыста прамовіў:

— Грыбнікі на паляне!

У тое ж імгненне над Баравічком навіс цень.  Грыбок зірнуў угору і ўбачыў, як перад ім кленчыць дзяўчынка. Вочы яе гараць радасным святлом, а праз імгненне яна гукае:

-- Татачка! Толькі глянь, якога баравіка я знайшла!

-- Ах, прыгажун! – усклікнуў тата. – Не здарма мы з табой такую далеч ішлі — гэты грыб таго варты… Ведаеш, Крысцінка, баравіка яшчэ белым грыбам завуць, бо толькі ён, сушаны, не цямнее. Таму і цар сярод грыбоў!

— А я думала, цар, бо кожнаму, хто яго знойдзе, многа радасці прыносіць! – выказала згадку дзяўчынка.

— Можа, і так! – не стаў пярэчыць Крысцінцы тата. – Я і сам баравікам найбольш радуюся. А табе нават зайздрошчу: так пашчасціла сёння!

Дзед і ўнук. Грыбнікі

І вось Баравічка, які толькі хвіліну назад маркоціўся і разважаў пра сваю непатрэбнасць, беражліва зрэзала-адлучыла ад мамкі-Грыбніцы дзяўчынка, падняла высока, палюбавалася і паклала ў кош да грыбоў, сабраных раней. Дзядуля Спархнелы Пень гукнуў на расстанне:

— Вось і ашчаслівіў ты свайго грыбніка!

А радасны Баравічок, паглядаючы на белы свет ужо праз пераплёт лазовых пруткоў кошыка, цяпер падарожнічаў па роднай палянцы разам з грыбнікамі.

Яны і праўда не ведалі ні пана Грыфалу, ні Грыбной Капусты, таму браць не сталі. Але, дзівуючыся незвычайнаму выгляду грыбоў, сфатаграфавалі іх. А вось яйкі маладой Вясёлкі выкапалі і, склаўшы ў асобную торбачку, панеслі дадому – рабіць лекі.

Крысцінка з татам ішлі і радваліся, які сёння ім удачлівы дзень выпаў. Уяўлялі, як уразяць усіх знаёмых фатаздымкамі незвычайных грыбоў, як з Вясёлкі зробіцца гаючае націранне для балючых дзедавых ног, якой смачнай будзе зімовай парой поліўка з сушаных баравікоў…

Пад гамонку шчаслівых грыбнікоў Баравічок, закалыханы мерным гойданнем кошыка, пачынаў драмаць. Засынаючы, ён думаў аб праўдзівасці слоў дзядулі Пня: кожны – цар на сваім месцы!

А самы лепшы грыб ці не той, хто за жыццё гэту простую ісціну здольны зразумець і засвоіць.

 

Таксама чытайце іншыя казкі Алены Масла:

Ганарысты Каромысел
Прыгоды на цукерачнай планеце
Лагодны воўк 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"