Site icon Слушна

Саркапенія. Не дай сабе засохнуць

Саркапенія – параўнальна новае вызначэнне ў медыцыне, якое літаральна азначае «дэфіцыт плоці» і характарызуе страту мышачнай масы. У большай ступені праблема тычыцца людзей, старэйшых за 50 гадоў. Так, па некаторых дадзеных, у 1 з 10 чалавек, якія перасягнулі гэты ўзроставы рубеж, назіраюцца сімптомы дэгенерацыі мышцаў. Шмат у чым гэтым і тлумачыцца рызыка падзенняў і пераломаў у пажылых людзей.

Саркапенія.

Ці з'яўляецца саркапенія захворваннем, ці гэта непазбежнае следства старэння арганізма? Якія сімптомы паказваюць на дэгенератыўныя працэсы? Ці можна прадухіліць страту мышачнай тканкі? Пакуль адназначных адказаў на гэтыя пытанні няма. Але ёсць рэкамендацыі, выконваючы якія, можна значна знізіць верагоднасць саркапеніі і звязаных з ёй наступстваў.

Фактары развіцця саркапеніі

Як вядома, ужо пасля 25-30 гадоў любыя рэгенератыўныя і аднаўленчыя працэсы ў арганізме чалавека пачынаюць паступова запавольвацца. Па сутнасці, самы пік маладосці з'яўляецца стартам натуральнага старэння. З гэтага моманту мышачная маса памяншаецца ў сярэднім на 0,5-1% штогод. Акрамя таго, зніжаюцца якасць і сіла скарачэння мышцаў. Гэта адбываецца таму, што працэсы разбурэння мышачных клетак (катабалізм) пачынаюць пераважаць над працэсамі іх утварэння (анабалізм).

Нягледзячы на тое, што страта мышачнай масы найбольш часта з'яўляецца следствам натуральнага старэння арганізма, лічыцца, што дысбаланс паміж мышачным анабалізмам і катабалізмам могуць выклікаць і іншыя фактары.

1. Гіпадынамія

Абмежаванне або адсутнасць рухальнай актыўнасці – другая пасля натуральных узроставых змяненняў прычына, якая прыводзіць да саркапеніі.

Найбольш каласальная і хуткая страта мышачнай тканкі назіраецца ў людзей, што не рухаюцца пасля траўмы ці з прычыны цяжкай хваробы. Так, чалавек з сэпсісам можа губляць за суткі да аднаго кілаграма мышачнай масы.

Зрэшты, абставіны бываюць і менш драматычнымі. Адмова ад звыклай штодзённай фізічнай актыўнасці ўжо праз 2-3 тыдні адлюстроўваецца не толькі на стане мышцаў, але і на іх ўдзельнай вазе. Прасцей кажучы, варта на тыдзень-другі асесці дома ля тэлевізара ці камп'ютара, як тыя мышцы, што былі «нажытыя» рэгулярнымі шпацырамі, трэніроўкамі ў спартзале або басейне, пачнуць раставаць. Недахоп фізічнай актыўнасці і пагаршэнне якасцяў і аб'ёму мышцаў – сапраўднае заганнае кола. Дэфіцыт руху часцяком суправаджаецца станам слабасці, стомы і «разбітасці», чым абцяжарвае вяртанне да звыклага рытму жыцця.

2. Незбалансаванае харчаванне

Бедны, аднастайны рацыён немінуча вядзе да страты вагі і мышачнай тканкі. Асабліва калі не задавальняюцца штодзённыя патрэбы ў бялку як крыніцы энергіі і асноўнага будаўнічага матэрыялу для клетак і тканак арганізма.

На жаль, рацыён харчавання людзей сталага ўзросту часцяком грашыць недастатковасцю спажывання ежы з высокім утрыманнем бялку і энергіі. І гэтаму ёсць аб'ектыўныя прычыны: праблемы з зубамі, дзяснамі, глытаннем, пагаршэнне перыстальтыкі, зніжэнне выпрацоўкі страўнікавага соку, ферментаў, хранічныя захворванні, якія вядуць да парушэння ператраўлівання ежы і засваення пажыўных рэчываў.

Разам з тым, для забеспячэння захавання мышачнай масы і прадухілення саркапеніі ў любым узросце неабходна спажываць у сярэднім 0,75 грама бялку на кілаграм вагі.

3. Хранічныя захворванні

Пасля траўмы або падчас хваробы запаленчы працэс служыць сігналам арганізму разбурыць і затым аднавіць пашкоджаныя групы клетак. Аднак хранічная форма інфекцый можа прывесці да дысбалансу працэсаў разбурэння і аднаўлення, што таксама цягне за сабой страту мышачнай масы.

Так, да хваробаў, якія суправаджаюцца высокай рызыкай саркапеніі, адносяцца:

У сваю чаргу зніжэнне ўдзельнай вагі мышачнай тканкі, пагаршэнне стану мышачнага гарсэта пазваночніка і буйных костак шкілета часцяком павялічвае частату пераломаў і пагаршае праявы астэапарозу.

Сімптомы саркапеніі

Асноўнай прыкметай саркапеніі з-за недастатковасці даследавання праблемы і метадаў яе дыягностыкі з'яўляецца зніжэнне мышачнай сілы.

Ускоснымі прыкметамі, якія паказваюць на пагаршэнне стану і якасцяў мышачнай тканкі, могуць служыць:

  • пачуццё пастаяннай фізічнай слабасці;
  • адсутнасць цікавасці да фізічнай актыўнасці;
  • страта вагі без аб'ектыўных прычынаў;
  • хуткая стамляльнасць;
  • цяжкасці з узняццем прадметаў;
  • зніжэнне трываласці і г.д.

Зрэшты, падобныя сімптомы складаюць клінічную карціну многіх захворванняў. І гэта ўжо дастатковы аргумент, каб звярнуцца па медыцынскую дапамогу і прайсці абследаванне, якое, у тым ліку, дапаможа ацаніць аб'ём і стан мышачнай тканкі.

Прафілактыка саркапеніі

Зніжэнне аб'ёму і якасных параметраў мышцаў, абумоўленае узростам, непазбежнае. Медыцынскіх прэпаратаў, якія б «лячылі» саркапенію, няма. Таму можна і трэба прыкласці пэўныя намаганні, каб мінімізаваць страты.

Улічваючы прычыны развіцця дэгенерацыі мышачнай тканкі, справядліва адзначыць два асноўныя метады прафілактыкі: забеспячэнне паўнацэннага збалансаванага рацыёну і адэкватныя фізічныя нагрузкі.

У прыватнасці, сачыце за тым, каб харчаванне забяспечвала задавальненне базавых патрэбаў арганізма ў энергіі, вітамінах і мінералах.

Асаблівую ўвагу надавайце:

  • Бялку. Яго дэфіцыт напрамую ўплывае на якасны і колькасны стан мышачнай тканкі. Амінакіслата лейцын асабліва важная для рэгуляцыі росту мышцаў. Багатымі крыніцамі лейцыну з'яўляюцца сыроватачны бялок, мяса, рыба і яйкі.
  • Вітаміну D. З'яўляючыся каталізатарам усіх станоўчых касцявых працэсаў у арганізме, ён таксама дабратворна ўплывае на павелічэнне мышачнай сілы.
  • Амега-3 тлустым кіслотам. Валодаючы выяўленымі супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі, яны збольшага нівелююць шкоднае ўздзеянне паталагічных працэсаў на баланс разбурэння і ўтварэння клетак мышачнай тканкі, падаўляюць выдзяленне гармонаў стрэсу.

Яшчэ больш надзейны спосаб супрацьстаяць саркапеніі – нагружаць свае мышцы і прымушаць іх працаваць.

Вось што думае з гэтай нагоды наш эксперт, загадчыца аддзялення 1-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска, рэўматолаг Мінскага гарадскога цэнтра астэапарозу і хваробаў касцёва-мышачнай тканкі Кацярына Васіленка:

– Трымаць сябе, сваё цела, мышцы ў тонусе карысна ў любым выпадку. Дужыя, здаровыя мышцы – гэта перш за ўсё надзейная абарона і апора пазваночніка, «стрыжня» нашага арганізма. І каб выбудаваць і ўмацаваць гэтую абарону, патрэбная штодзённая праца над сабой: як мінімум ранішняя зарадка і штодзённыя прагулкі. Некалькі гадоў таму на міжнародным кангрэсе адзін з вучоных на пытанне, якія распрацоўкі вядуцца ў галіне лячэння саркапеніі, адказаў: «Практыкаванні. Практыкаванні. Практыкаванні». Трэба меркаваць, што нават калі раптам вынайдуць лекавыя прэпараты для лячэння саркапеніі, іх эфектыўнасць будзе забяспечвацца толькі ў сукупнасці з фізічнай актыўнасцю.

Даследаванні паказалі, што спалучэнне сілавых і аэробных (бег, язда на ровары) нагрузак найбольш аптымальнае для прафілактыкі страты мышачнай тканкі. Тым не менш, нават такія простыя штодзённыя актыўнасці, як хада і пешыя прагулкі, даюць свае станоўчыя вынікі. Галоўнае, як кажуць, не сядзець на месцы.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version