Карыес – найстаражытнейшае захворванне, з якім людзі спрабавалі змагацца яшчэ ў эпоху неаліту.
Першыя выявы хворых зубоў былі знойдзеныя на сценах пячоры Краманьён, узрост гэтых малюнкаў перавышае 22 тысячы гадоў.
Зараз, па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, карыесам пашкоджаныя зубы ў амаль 100% насельніцтва. Статыстыка ўражвае, ці не так?!
Што такое карыес?
Карыес – паталагічны працэс, пры якім адбываецца разбурэнне тканак зуба з утварэннем поласці.
Як узнікае карыес?
Згодна з сучаснай тэорыяй узнікнення карыесу, для з'яўлення карыёзнай поласці неабходна спалучэнне некалькіх фактараў:
- Зубны налёт. Ужо праз 2 гадзіны пасля чысткі зубоў адбываецца ўтварэнне тонкага слоя зубнога налёту, які складаецца з кампанентаў сліны, мікраарганізмаў і рэшткаў ежы. Мікраарганізмы наўпрост руйнуюць тканкі зуба.
- Вугляводы ежы. Мікраарганізмы ператвараюць вугляводы ў кіслату, якая разбурае тканкі зуба з утварэннем карыёзнай поласці.
- Час. Карыес узнікае не адразу пасля каланізацыі мікраарганізмамі паверхні зуба, для гэтага трэба пэўны час. У сярэднім ужо праз 48 гадзін зубны налёт робіцца патагенным і можа прывесці да з'яўлення пачатковых стадый карыесу.
- Успрымальнасць зубоў да карыесу. Шмат у чым залежыць ад таго, у якіх ўмовах адбывалася фарміраванне тканак зуба да прарэзвання і пасля прарэзвання.
Як пазбегнуць?
Каб не дапусціць карыесу, трэба ўздзейнічаць на фактары, якія спрыяюць яго ўзнікненню:
1. Чысціць зубы. Налёт лёгка здымаецца пры чыстцы. Няма зубнога налёту, няма мікраарганізмаў, няма кіслаты – зубы застаюцца здаровымі. Калі ёсць магчымасць, чысціць зубы лепей пасля кожнага прыёму ежы, але не менш за 2 разы на дзень.
2. Выкарыстоўваць зубныя пасты, у склад якіх уваходзіць фтор. Фтор умацоўвае эмаль зуба, павялічваючы яе ўстойлівасць да кіслаты.
3. Упарадкаваць прыёмы ежы (да 5 разоў на дзень). Так мы паменшым частату паступлення пажыўных рэчываў для мікраарганізмаў.
4. Абавязкова наведваць стаматолага кожныя паўгода для прафілактычнага агляду.
Сімптомы карыесу
Навошта наогул лячыць карыес?
Справа ў тым, што карыес – гэта захворванне, якое прагрэсіруе і не абмяжуецца невялікай поласцю. Працэс будзе распаўсюджвацца на здаровыя тканкі зуба, што ў канчатковым выніку прывядзе да таго, што ад яго застанецца толькі корань, які давядзецца выдаляць.
Карыёзная хвароба можа ўскладніцца развіццём пульпіту, перыядантыту, перыястыту і ў выніку астэаміэлітам, што можа прывесці нават да смяротнага зыходу. У залежнасці ад стадыі карыёзнага працэсу прымяняюцца розныя метады лячэння. На ранніх стадыях карыесу на пашкоджаную паверхню наносяцца адмысловыя фторзмяшчальныя прэпараты, якія спрыяюць аднаўленню структуры зуба.
Калі ж працэс пайшоў далей, дык не абысціся без аператыўнага ўмяшання: выдалення разбураных тканак зуба (свідраванне) і папаўнення дэфекту пламбіровачным матэрыялам.
Танней набыць шчотку, пасту, зубную нітку і прытрымлівацца рэкамендацый стаматолага, чым аплачваць дарагое лячэнне. Паверце, ні адна, нават самая сучасная пломба не здольная параўнацца са здаровым зубам.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by