02.02.2023
02.02.2023

Што рабіць, калі муж гульняман? Адказ спецыяліста

logo
Здароўе дарослых
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яшчэ не так даўно і падумаць немагчыма было, што сядзець гадзінамі, лістаючы старонкі ў інтэрнэце, будзе звычайнай справай. Але мяжа паміж нармальным спажываннем і залежнасцю можа змяніцца ў любы момант. Камп’ютарная залежнасць можа быць ад сацсетак, анлайн-гульняў альбо інтэрнэт-сёрфінгу.

На партал Слушна даслала ліст наша пастаянная чытачка, яна папрасіла парады. Вольга (імя зменена) не ведае, як паўплываць на мужа, які ўвесь вольны час прысвячае анлайн-гульням у сеціве. Мужчына працуе вахтавым метадам. Калі прыязджае дадому – сядзіць у камп’ютары. Яму нічога нецікава: ні дзеці, ні жонка, а да хатніх абавязкаў адносіцца неахайна.

Вольга тлумачыць пагружэнне любімага чалавека ў іншую рэальнасць недахопам грошай, праблемамі на працы, залішняй адказнасцю перад сям’ёй. Жанчына прыкладала намаганні, каб неяк змяніць сітуацыю, але цяпер яна ў адчаі і просіць падказаць, як ёй весці сябе далей.

Псіхолаг Таццяна Шуцько

Разам з псіхолагам Таццянай Шуцько мы пастараліся разабрацца ў праблеме і дапамагчы жанчыне самастойна знайсці выйсце.

Пра залежнасць

— Залежнасць — гэта спосаб мыслення. Нас навучылі ў пэўны момант думаць і мысліць, пэўным чынам у нас нешта ўклалі нашы бацькі, блізкае асяроддзе. І ўжо досыць часта гэты спосаб мыслення з’яўляецца залежным, — лічыць псіхолаг.

— У гэтай гісторыі муж і бацька па факце проста адсутнічаюць. Вось гэта ключавая праблема. Ён працуе вахтавым метадам і яго няма ў сям’і, а калі вяртаецца, у мужчыны няма паўнавартаснага кантакту ні з жонкай, ні з дзецьмі. І такіх прыкладаў, на жаль, вельмі шмат.

Пагружанасць у камп’ютар – гэта залежны стан.

Гульнявая залежнасць - што гэта?

У такой сітуацыі залежны не толькі мужчына,  жанчына таксама залежная.

Яны жывуць і самі выбіраюць такое жыццё, але яно не сапраўднае. Людзі не пражываюць свой лёс, толькі ілюзорна разумеюць, як павінна быць.

Вядома, мы не ведаем усіх падрабязнасцяў карціны. З кожным чалавекам трэба працаваць індывідуальна, кожны з нас унікальны. І кожны выпадак індывідуальны. Аднак ёсць пэўныя шаблонныя паводзіны, таму пастараемся ў іх разабрацца.

Чаму людзі становяцца залежнымі?

– Таму што прырода займаецца чалавекам да 12-14 гадоў, далей чалавек павінен займацца сабой сам. Павінен прыкладаць намаганні для развіцця. Калі чалавек не прыкладае ніякіх намаганняў для сваёй асобы, то ён замірае, не развіваецца. Усё, што паспеў увабраць у сябе, будзе ўплываць на яго разуменне свету, а ён не бачыць яго шырока. Для мяне нашыя героі абое няшчасныя.

Для таго каб палепшыць свой шлюб, павінны ў працэсе ўдзельнічаць абодва героя. Абодва павінны пайсці на ўзаемадзеянне, пачаць размаўляць паміж сабой, проста банальна стасавацца.

Многія проста не ўмеюць паказаць свае ўласныя пачуцці. Гэта не прынята. Многія выбіраюць накрычаць адно на аднаго, пакрыўдзіцца, абвінаваціць, выказаць гару прэтэнзій, ад чаго ўсім балюча і непрыемна.

Чаму людзі становяцца залежнымі?

Пасля нехта сыходзіць у алкаголь, нехта ў гульняманію і гэтак далей. Але чаму не прынята нармальна сесці і пагаварыць? 

Трэба вучыцца размаўляць.

Задайце сабе пытанні:

  • Што мне неабходна зрабіць для таго, каб вырашыць праблему, каб у маёй сям’і палепшыліся адносіны?
  • А як я сябе паводжу?
  • Як паводзіць сябе мой мужчына/жанчына?
  • А што калі мы сядзем і паразмаўляем?
  • А якія ў мяне мэты па жыцці?
  • А якія мэты ў майго выбранніка/выбранніцы?
  • А куды мы ўвогуле рухаемся разам?

І калі адказы з пункту погляду супрацоўніцтва, павагі і бачання сябе ў першую чаргу і іншага чалавека будуць адэкватнымі, тады, вядома, у сям’і будзе іншая атмасфера.

Хто вінаваты?

— Жанчына вінаватая толькі ў тым, што сама выбірае такое жыццё. Па вялікім рахунку, усё, што адбываецца ў жыцці гэтай жанчыны – гэта яе рук справа. Людзі гэта часта не любяць усведамляць і прыходзяць у кабінет да псіхолага, каб атрымаць чарадзейную таблетку, а не пачуць тое, што трэба. Гэта сітуацыя з боку жанчыны. А яшчэ ёсць бок мужчыны, які прыклаў намаганні, каб у яго было такое жыццё. Гэта жыццё, якое «спіць», неўсвядомленае, залежнае. У такім выпадку кантакт, размова стварае цуды. І менавіта не кампраміс, а супрацоўніцтва.

Што рабіць, калі муж гульняман?

Мы не ўмеем чуць адно аднаго — гэта асноўная праблема ўсіх сем’яў. На кансультацыях, па вялікім рахунку, псіхолаг вучыць сужэнцаў размаўляць і агучваць, што кожны з іх жадае, вучыць кантактаваць адно з адным.

Далей людзі разумеюць: трэба прымаць пэўнае рашэнне — альбо пачынаць жыццё па-новаму, альбо разыходзіцца ці працягваць жыць як жылі. Трэба яшчэ не забываць, што наша жыццё мае сваё заканчэнне. Таму кожны сам павінен вырашыць, як яму яго хочацца пражыць.

Прычыны залежнасці

— Прычына залежнасці мужа нашай гераіні — мысленне, якое прывяло яго да такой сітуацыі. Ён не хоча развівацца, не хоча прыкладаць намаганні для змянення жыцця, вучыцца працаваць. Гэта адсутнасць адказнасці за свае ўчынкі, пасіўная пазіцыя. Чалавека няма побач з блізкімі, і ён не хоча нічога для іх рабіць. Другасныя прычыны — магчымая адсутнасць грошай, адсутнасць цікавасці да сямейных спраў, выхавання дзяцей, жонкі і г. д. — усё гэта вынік. Прычына зусім у іншым.

Прычыны гульнявой залежнасці

Разбяром усе складнкі гэтага стану. Адсутнасць грошай. Для таго, каб яны былі, трэба пачаць працаваць. Калі чалавек рухаецца наперад, калі ставіць сабе задачу зарабіць, робіць нешта дзеля гэтага, ў яго будуць грошы. Ён будзе шукаць розныя магчымасці.

Што значыць не мае цікавасці да сямейных спраў і выхавання дзяцей? Ён жа разумеў, што ад кахання з’яўляюцца дзеці. А калі ўжо дзеці з’явіліся, то нармальны чалавек у здаровай пазіцыі павінен разумець, што дзецьмі трэба займацца і паставіць іх на ногі.

Прасцей за ўсё сысці ў камп’ютарную гульню.

Гэта безадказнасць.

Тут ёсць факт таго, што гэта яго дзеці і ён павінен ім. Хатнія справы. Дзеля гэтага трэба падняцца з ложка і прыкласці намаганні — памыць посуд, схадзіць у краму, выкінуць смецце, зрабіць з дзецьмі ўрокі — гэта ўсё не хочацца рабіць, бо лянота. Банальная чалавечая лянота, многія чакаюць, што за іх гэта хтосьці зробіць.

Як навучыцца жыць дзеля сябе?

— Жанчыне трэба дастукацца да сябе. Чаму ў яе такое жыццё? Калі не хапае грошай, жыве з мужчынам, якога яна практычна не бачыць. Чаму калі ён прыязджае на выхадныя, яна згаджаецца з тым, што ён гуляе ў камп’ютарныя гульні? Дастукацца да мужа ў залежнай сям’і яна не можа. І не прыйдзе да вырашэння, якога яна хоча. Бо ў яе напэўна ёсць ілюзорныя ўяўленні, чаканні, як павінна быць, а яны ўсё адно не суадносяцца з рэальнасцю.

Жыць дзеля сябе

Жанчына выбрала сабе мужа, магчыма, падобнага да бацькі ці чалавека, які быў блізкі да яе сям’і. Успаміны аб мінулым, на жаль, ніякім чынам не дапамогуць нічога памяняць у яе цяперашнім жыцці. Трэба пачаць адчуваць сябе і сваё жыццё, стан, іншую якасць жыцця без пэўных шаблонаў.

Сямейныя псіхолагі раяць ісці ў тэрапію.

Калі чалавек працуе з псіхолагам, ён пачынае мяняцца. Калі мяняецца адзін член сістэмы, то змяняецца і сістэма. Першапачаткова гэта можа ўспрымацца ў штыкі, гэта сістэме нязвычна, бо ёсць пэўны ўклад, і чалавек пачынае весці сябе па-іншаму. Асяроддзю гэта не зразумела. Партнёр пачне змяняцца. Магчыма і такое, што адзін партнёр змене свае ўнутраныя ўстаноўкі, а іншы не — тады пара распадаецца. У кожнай сітуацыі бывае па-рознаму.

Але пазіцыя з пункту гледжання: як мне змяніць яго — не працуе.

Трэба задаць сабе пытанні:

  • Што мне трэба зрабіць, каб змяніць сябе? Як мне з гэтым з усім эыць?
  • Што я на самай справе хачу?
  • Чаму я пражываю такое жыццё?
  • Чаму я апусцілася да такога?
  • Дзе мой рэсурс, які дапаможа змяніць жыццё і пачаць яго па-іншаму?

І тады чалавек пачне жыць дзеля сябе і мяняць сваё жыццё да лепшага.

https://bel.24health.by/kiberseks-ubivaet-realnye-otnosheniya/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"