25.04.2021
25.04.2021

Што рабіць пры штучным клімаксе? Распавядае анколаг

logo
Здароўе дарослых
0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Менапаўза можа ўзнікнуць у выніку хірургічнага выдалення яечнікаў, радыяцыйнага або лекавага ўздзеяння пры лячэнні раку рэпрадуктыўных ці іншых органаў. Але панікаваць не трэба.

Галоўнае, што вы пазбавіліся ад пухліны. А як справіцца з наступствамі лячэння, я паспрабую падказаць у гэтым артыкуле.

Менапаўза і анкалогія

Ірына Касенка, урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава.

Прыблізна 50-80% жанчын пакутуюць ад посткастрацыённага сіндрому (ПКС) пасля спынення функцыі палавых залозаў з прычыны лячэння раку.

Аднак крыніцай жаночых палавых гармонаў з'яўляюцца не толькі яечнікі, але і наднырачнікі, тлушчавая тканка, а таксама косці, мозг, скура і валасяныя фалікулы. Таму пры выдаленні або спыненні функцыі яечнікаў гэтыя тканкі спрабуюць папоўніць дэфіцыт, які ўзнік. Трэба верыць свайму арганізму і дапамагаць спраўляцца з праблемамі, цяжкасцямі.

На што звяртаць асаблівую ўвагу

Пры штучнай менапаўзе не павінна быць крывяністых выдзяленняў з палавых шляхоў. Таму варта аператыўна звярнуцца да ўрача, калі:

  • крывяністых выдзяленняў пасля лячэння не было, а потым раптам зноў пачаліся;
  • пасля сэксуальнага кантакту ўзніклі нерэгулярныя крывяныя выдзяленні, што «пэцкаюць», ці крывацёк.

Хутчэй за ўсё гэта вынік атрафічных змяненняў слізістай похвы з-за наступстваў спецыяльнага супрацьпухліннага лячэння і нізкага ўзроўню эстрагенаў. Калі ўрач прызначыць вам сімптаматычнае лячэнне, «пэцканне» спыніцца.

Ранняя менапаўза. Што рабіць, калі надышла пасля хірургічнага ўмяшання.

Значна больш небяспечным можа быць ўзнікненне новай пухліны ў палавых органах або вяртанне ранейшай. Чым хутчэй гэта будзе выяўленае, тым верагодней вылячэнне.

Таксама могуць узнікнуць наступныя сімптомы:

  • прылівы: раптоўнае адчуванне гарачыні, часам пачырваненне скуры;
  • начная патлівасць, якая замінае сну;
  • стомленасць (магчымая з-за парушэнняў сну);
  • перамены настрою;
  • сухасць у похве;
  • няўстойлівасць палавой цягі;
  • гіпатанія ці гіпертанія;
  • дрыжыкі;
  • сэрцабіцце.

Гэтыя расстройствы ўзнікаюць у першыя два месяцы пасля лячэння. У большасці жанчын праявы сіндрому праходзяць на працягу года, але ў чвэрці могуць працягвацца да 2-3 гадоў.

Магчыма, падобныя сімптомы выявяцца праз 2-5 гадоў.

Жанчыны не могуць зразумець, адкуль раптам з'явілася сухасць і смыленне ў похве, боль пры палавым акце, пачашчанае мочавыдзяленне, нетрыманне мачы, сухасць і ломкасць пазногцяў, выпадзенне валасоў, павышэнне вагі. Не палохайцеся – гэта справа жыццёвая, сёння існуе шмат спосабаў дапамагчы гэтаму «гору».

Рання менапаўза. Выпадзенне валасоў.

Як лячыць змены ў похве

Антыбіётыкі патрэбныя, толькі калі пры даследаванні мазка на флору выяўленыя абсалютныя патагенныя мікробы: узбуджальнікі інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам – ганакок або трыхаманада, да прыкладу. Урач вывучыць канкрэтную сітуацыю і прызначыць лячэнне. Калі ж абсалютных патагенаў няма і асяроддзе похвы кіслае, дык антыбіётыкі прымаць не трэба.

А калі асяроддзе похвы шчолачнае, дык трэба нармалізаваць яго і зрабіць кіслым. Як? Можна выкарыстоўваць свечкі, якія дапамагаюць «падкісліць» вагінальнае асяроддзе (урач параіць, якія). Таксама могуць дапамагчы прэпараты, што змяшчаюць падкісляльныя бактэрыі ў камбінацыі з эстрыёлам.

Калі ў вас усё ў парадку, скаргаў няма, дык не варта ўмешвацца ў мікробнае жыццё вашай похвы і вашага партнёра. Здаровыя мікраарганізмы (лактабактэрыі) абараняюць органы і ствараюць патрэбнае кіслае асяроддзе. Проста трэба падмывацца звычайнай летняй вадой, часам з мылам (не араматызаваным).

Недахоп эстрагену. Як прафіляваць ІХС і астэапароз

Праз 5-10 гадоў пасля менапаўзы могуць з'явіцца познія па часе расстройствы: ішэмічная хвароба сэрца (ІХС) і астэапароз.

Нармальны ўзровень эстрагену перашкаджае тромбаўтварэнню і спрыяе павышэнню халестэрыну ЛПВП (добры халестэрын), які дапамагае ліквідаваць халестэрын ЛПНП (садзейнічае адкладванню тлушчу і трамбацытаў уздоўж сценак артэрый).

Ранняя менапаўза. Узровень добрага і дрэннага халестэрыну.

З узростам рызыка развіцця ІХС, пры якой вены і артэрыі, якія нясуць кроў да сэрца, звужаюцца або блакуюцца атэрасклератычнымі бляшкамі і тромбамі, павышаецца. Эстраген, які змяшчаецца ў арганізме, прадухіляе разбурэнне касцей і разам з кальцыем ды іншымі гармонамі і мінераламі ўмацоўвае іх.

Да 30 гадоў у арганізме выпрацоўваецца больш касцяной тканкі, чым разбураецца. Але калі ўзровень эстрагену пачынае паніжацца, працэс абнаўлення касцей запавольваецца.

Пры надыходзе менапаўзы косці разбураюцца ў большай ступені. На працягу 5-7 гадоў менапаўзы некаторыя жанчыны губляюць да 20% сваёй касцяной масы! Разбурэнне касцей у канчатковым выніку стабілізуецца, аднак пасля гэта робіцца праблемай. Калі косці робяцца занадта слабымі і ломкімі, каб забяспечваць нармальную актыўнасць, надыходзіць астэапароз.

Што рабіць пры штучным клімаксе?

Не лячыць раней часу. Менапаўза – натуральная частка ўзроставых змяненняў арганізма. Калі яна адбылася ў выніку лячэння злаякаснага новаўтварэння, яе не трэба лячыць, пакуль не пачнуць турбаваць сімптомы.

Здаровы лад жыцця можа паменшыць сімптомы і знізіць рызыку сардэчных захворванняў, прадухіліць праблемы ўзроставых змяненняў. Сумна? Але наладжваць здаровы лад жыцця: прагулкі, лыжы, праца ў садзе, танцы, басейн, маляванне і г.д. трэба ўсё роўна, калі вы вырашылі развітацца з хваробай. Рабіць гэта трэба весела, з марай пра прыгажосць скуры, твару і фігуры на фоне выдатнага самаадчування. Але рэзка лад жыцця змяняць не варта.

Што рабіць, калі ў вас ёсць шкодная звычка раз на тыдзень валяцца з кніжкай/планшэтам у ложку цэлы дзень, ды яшчэ і шмат есці?

Я думаю так: калі гэтая справа вам у задавальненне і дае адпачынак ад напружанага тыдня, гэта нават нядрэнна. Толькі раю частку ежы памяняць на садавіну, арэхі, семачкі, свежавыціснутыя сокі. І сокі няхай прыгатуе ваш любімы мужчына ці дзеткі. І няхай гэта будзе адзін дзень тыдня.

Ранняя менапаўза. Неабходная актыўнасць.

Старайцеся правільна харчавацца. Выбірайце дыетычную ежу з нізкім утрыманнем насычаных тлушчаў. Ужывайце шмат рыбы, такой, як сардзіны, сланечнік, гарбуз, насенне кунжуту, арэхі і малочныя прадукты, калі арганізм іх успрымае. Паколькі для засваення кальцыю патрабуецца вітамін D, неабходна бываць на сонейку, але без фанатызму.

Калі заўважылі непажаданы дадатак у вазе, абмяжуйце каларыйнасць ежы – пазбягайце лішкаў солі і цукру, меней гарбаты, кавы і алкаголю, больш садавіны, гародніны з утрыманнем раслінных валокнаў.

Рэгулярна займайцеся фізічнымі практыкаваннямі. Толькі не захапляйцеся сілавымі нагрузкамі, хуткім бегам.

Калі паліце, кіньце гэтую звычку. Гэта дапаможа паменшыць «прылівы» і знізіць рызыку для здароўя.

Ці патрэбная замяшчальная гарманальная тэрапія

Каб мінімізаваць негатыўны ўплыў зніжэння ўзроўню гармонаў на арганізм, ва ўсім цывілізаваным свеце выкарыстоўваюць замяшчальную гарманальную тэрапію (ЗГТ). ЗГТ – адзіная тэрапія клімактэрычных расстройстваў з даказанай эфектыўнасцю, хаця мае і свае недахопы.

Напрыклад, у даследаванні, вынікі якога з'явіліся на старонках The Journal of the National Cancer Institute, было паказана, што жанчыны, якія прымаюць эстраген і прагестын, часцей захворваюць на рак малочнай залозы ў адрозненне ад тых, хто прымае толькі эстраген. Але ў апошнім выпадку павышаецца рызыка развіцця раку эндаметрыю.

Сярод іншых «пабочак» – рызыка ўзнікнення тромбаў у венах. Не ўсё зразумела з уплывам ЗГТ на развіццё сардэчна-сасудзiстых захворванняў. У той жа час рызыка развіцця астэапарозу зніжаецца.

Праблема рызыкі развіцця раку малочнай залозы не да канца вырашаная. Адзначанае некаторае павышэнне адноснай рызыкі пасля 10 гадоў бесперапыннай ЗГТ. Акрамя таго, вядома, што прызначэнне эстрагенаў суправаджаецца развіццём гіперплазіі эндаметрыю ў 15-30% жанчын.

Ранняя менапаўза. Паказанні да ЗГТ.

Паказанні і супрацьпаказанні да ЗГТ

Сёння вучоныя распрацавалі дакладныя паказанні прызначэння ЗГТ.

Паказанні да ранняга прызначэння:

  • менапаўза да 45 гадоў;
  • працяглыя перыяды другаснай аменарэі і алігаменарэі ў рэпрадуктыўным узросце (без атлусцення);
  • штучная менапаўза і раннія сімптомы клімактэрычнага сіндрому ў фазе менапаўзальнага пераходу.

Кароткачасовыя паказанні:

нейра-, вегетатыўныя і скурныя праявы менапаўзальнага сіндрому (звычайна паляпшэнне наступае на працягу 3-6 месяцаў).

Доўгачасова (ад 3 гадоў і даўжэй) ЗГТ прызначаюць:

  • для прафілактыкі астэапарозу, дэпрэсіі, хваробы Альцгеймера;
  • лячэння урагенітальных і сэксуальных расстройстваў;
  • для паляпшэння якасці жыцця.

Абсалютныя супрацьпаказанні для ЗГТ:

  1. рак малочнай залозы, яечнікаў, эндаметрыю;
  2. каагулапатыя;
  3. парушэнне функцыі печані;
  4. тромбафлебіт, тромбаэмбаліі;
  5. матачны крывацёк невызначанага генэзу;
  6. нырачная недастатковасць.

Ранняя менапаўза. Супрацьпаказанні да ЗГТ.

Неабходныя даследаванні перад прызначэннем гармонатэрапіі:

  1. Вывучэнне анамнэзу з улікам вышэйпералічаных супрацьпаказанняў.
  2. УГД органаў малога таза.
  3. Даследаванне малочных залозаў (мамаграфія, УГД).
  4. Цыталагічнае даследаванне мазкоў з энда- і экзацэрвіксу.
  5. Вымярэнне АД, фактараў каагуляцыі, біяхімія крыві.

Большасці жанчын пасля перанесенай хваробы яечнікаў, цела маткі (эндаметрыю) або малочнай залозы ЗГТ не паказаная. У астатніх выпадках рашэнне прымаць ці не прымаць гарманальныя лекі варта абмеркаваць з урачом, які валодае пытаннем і гатовы вывучыць асабіста вашу сітуацыю.

Ранняя менапаўза. Альтэрнатыва ЗГТ.

Урач прааналізуе скаргі, ацэніць індывідуальныя тэмпы ўзроставых змяненняў у арганізме, абследуе і прызначыць комплекс мерапрыемстваў. Гэта могуць быць:

  1. рацыянальнае харчаванне і фізічныя нагрузкі;
  2. рэгулярнае палавое жыццё;
  3. комплекс полівітамінаў, мінералаў і антыаксідантаў;
  4. фітатэрапія (прэпарат на аснове цыміцыфугі кісцепадобнай); прэпараты эстрыёлу;
  5. ангіяпратэктары і карэктары мікрацыркуляцыі (дэзагрэганты, антыкаагулянты);
  6. гепатапратэктары;
  7. антыдэпрэсанты;
  8. прэпараты кальцыю;
  9. пры пацверджаным астэапарозе – кальцытаніны або бісфасфанаты.

Менапаўза – натуральная частка ўзроставых змяненняў арганізма. Калі яна адбылася ў выніку лячэння злаякаснага новаўтварэння, не трэба звяртацца да лячэння, пакуль не пачнуць турбаваць сімптомы, якія характарызуюць клімактэрычны перыяд. Пытанне, ці прымяняць ЗГТ, трэба вырашаць з урачом.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 57

Урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава