Адразу патлумачу… Шпілька тут – зусім не тая шпілька, якімі яшчэ нашыя мамы замацоўвалі валасы! 🙂 Шпілька – гэта на рускай мове «булавка». І размова пойдзе менавіта пра яе! Яно быццам бы і зручна вымаўляць – «булаўка». Ды не! Шпілька ў слоўніках.
І якая ж яна, тая шпілька, шматаблічная! Гэта і «булавка», і «заколка», і, прабачце, падколка («колкость», «подковырка»), і сама руская «шпилька»...
Але размова, вядома ж, не пра адпаведнасць перакладу, а пра шпільку! Тым больш, што нагода добрая ёсць! Сёння нашая шпілька – імянінніца! І налічваецца ёй 196 гадоў!
Зрэшты, калі лічыць ад афіцыйнага, так бы мовіць, замацавання вынаходніцтва ў патэнце. А яшчэ ж у нашай шпількі, аказваецца, былі пра-пра-пра… Толькі не з металу, золата-срэбра, а… Здагадаліся, з чаго?!
Так! З косці ці жалеза. І, калі верыць даследчыкам, гэта было трэцяе стагоддзе да н.э. А ў Старажытным Рыме імі сашчаплівалі вопратку. Замест, я так разумею, гузікаў… Вынаходнікам жа сучаснай шпількі лічыцца амерканец Уолтэр Хант.
Калі казаць аб прамым прызначэнні, дык, па шчырасці, я не ўяўляю, як без гэтай самай шпількі ўцягнуць рызінку. 🙂 Хіба толькі ўхітрыцца з дапамогай металічнай сашчэпкі («скрепки»). Для ўпрыгажэння таксама можна выкарыстоўваць.
Я памятаю, як падчас вучобы ў Магілёўскім педвучылішчы напрыканцы 1980-ых у мяне была цэлая калекцыя – вялікіх такіх шпілек. Яны і для вязання ўзораў таксама патрэбныя – зручна!
Што ж тычыцца выкарыстання шпількі ад сурокаў ды псуты… Магчыма, па маладосці штосьці такое і рабіла. Альбо ў рэдкіх выпадках, калі раілі. Калі сапраўды было адчуванне прабітага энергетычнага поля (ці як там гэта правільна называецца?!). Затое шмат у каго бачыла. І тут, вядома ж, у кожнага ёсць выбар: верыць ці не, насіць ці не.
Чым жа вытлумачваюць магічную сілу шпількі? Яе спіралепадобным вушкам, з дапамогай якога яна «замыкае» на сабе ўвесь негатыў, які так і ходзіць па шпільцы. Але для таго, каб ён не выйшаў і не нашкодзіў чалавеку, шпілька павінна быць зашчэпленай. І – абавязкова іголкай уніз! Каб усё дрэннае ў сваю пару сыходзіла ў зямлю.
Раней, наколькі я памятаю, лічылася, што шпількі з абярэжнай мэтай варта змяшчаць у нябачнае старонняму воку месца. Напрыклад, калі надзеты пінжак, значыць, на падкладку. А некаторыя, наадварот, носяць адкрыта, бы паказваючы: ёсць абарона!
Калі ж гэта шпілька з каштоўнага металу, дык яна яшчэ і ўпрыгажэнне. Носяць адкрыта. Плюс адна ўмова, каб магічная сіла сапраўды раскрывалася і дапамагала, – шпілька павінна быць толькі з металу, не з пластмасы.
І калі вы захочаце змясціць на вопратку шпільку з канкрэтнай мэтай – як абярэг, дык варта браць новую, куплёную. Былыя ў карыстанні не падыдуць. І чамусьці чорнага колеру – таксама.
Прымхі гэта ці не… Паўтаруся: хто ў што верыць. Але благога тут нічога няма. Толькі асцярожней варта са шпількай абыходзіцца, каб не ўкалоцца… А так… Мы ж не чаруем, ні на кога псуту не наводзім. Наадварот – абараняем сябе. А вера – рэч такая… Бывае, робіць сапраўдныя цуды.
Асабліва раяць прычапіць шпільку на вопратку, калі вы збіраецеся кудысьці ў люднае месца… А вы праўда туды збіраецеся??? Падчас трэцяй хвалі каранавіруса?! 🙂 Бачыце, як усё памянялася апошнім часам…
Але калі ўсё ж збіраецеся ў люднае месца альбо павінны выступаць на людзях… Паспрабуйце скарыстацца гэтымі парадамі. Ды і ў любым выпадку шпілька можа спатрэбіцца, таму лепей яе мець пры сабе.
Хтосьці яшчэ загаворвае шпільку… Хтосьці спецыяльным чынам яе ачышчае… Вось апошняе – абавязкова, калі шпілька пацямнела. Але калі яна не з каштоўнага металу, а простая, дык лепей яе… закапаць у зямлю. Разам з усім негатывам. Тое ж трэба зрабіць, калі яна пагнулася. Але глыбей у містыку апускацца не варта. Толькі пры жаданні. 🙂
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by