У Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі жывапісу і графікі народнага мастака Беларусі Віталя Цвіркі «Паэма зямлі беларускай». Выстаўка падрыхтавана ў межах праекта «Касікі—сучаснікі» сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.
Увазе мінчан і гасцей Мінска прадстаўлены творы заснавальніка традыцыйнай беларускай мастацкай школы Віталя Цвіркі. Майстар аднолькава валодаў жанравай разнастайнасцю: пейзажам, нацюрмортам, партрэтам, а таксама рознымі тэхнікамі выканання: маслам, тэмперай, акварэллю.
—За гэтыя гады мы паказалі шмат важкіх мастакоў. Мінулы год быў вельмі важны для нас: 20 гадоў галерэі, 100 гадоў з дня нараджэння Леаніда Шчамялёва… І вось зараз мы падышлі да яго настаўніка, — патлумачыла на адкрыцці выстаўкі загадчыца Гарадской мастацкай галерэяй твораў Л. Д. Шчамялёва Ганна Ясюк. — Як казаў сам Леанід Дзмітрыевіч: «Шукайце свой шлях і свой почырк. Вучыцеся ў вялікіх майстроў, але не пераймайце іх знешняй манеры».
Пераліўчатасць, няяўнасць, пераходныя станы прыроды: перадзім'е, позняя восень, вясновае абуджэнне... Пад пэндзлем Віталя Цвіркі наша краіна выглядае вялізнай, бязмежнай.
На пленэрах мастак казаў: «Галоўны наш настаўнік — прырода». Пісаў ён і партрэты, і нацюрморты, але раскрыўся ўсё ж у жанры пейзажа. Якія яны? Лаканічныя. Некалькі шырокіх мазкоў — і перад намі абшары беларускай зямлі. Ён не завастрае ўвагу на дэталях, яго мазок — упэўнены, шырокі, размашысты.
Беларускі майстар адчуваў колеры. Палітра работ 1960–1980-х гадоў, прадстаўленых на выстаўцы, цёплая, восеньская. В. Цвірка змог улавіць на палатне пераходныя станы прыроды і перадаць іх.
Мастак прыўнёс у беларускі пейзаж сваю эстэтыку, характэрнай рысай якой было спалучэнне панарамнай кампазіцыі, эпічнасці пейзажа са свабоднай манерай пісьма і тонкім каларытам. Арыгінальны стыль майстра атрымаў шырокае прызнанне і быў ацэнены як значны ўклад у развіццё камернага лірычнага пейзажа.
— Віталь Цвірко — гісторыя. Тое, што мы робім у межах праекта «Класікі - Сучаснікі», — вельмі важная справа. Мы ўспамінаем тую ўзрушаючую эпоху, — патлумачыла на адкрыцці праекта перш намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Выстаўкі, якія праходзяць тут на працягу чатырох гадоў, даюць магчымасць дакрануцца да неверагоднай эпохі, майстроў, гісторыі нашай культуры і выяўленчага мастацтва.
Нарадзіўся мастак на Палессі, але хутка сям'я перабралася ў Мінск. Сярод яго першых настаўнікаў былі аўтары — Міхаіл Станюта, Анатоль Тычына і… Кандрат Крапіва, байкапісец валодаў выдатным мастацкім дарам. Цвірка вучыўся ў Мінску, Віцебску, Маскве, многія гады сам вучыў жывапісу, выязджаў са студэнтамі на пленэры, вызнаючы правіла: майстар павінен працаваць плячо ў плячо са сваімі юнымі калегамі.
Віталь Цвірка ўвайшоў у гісторыю не толькі як выдатны дзеяч выяўленчага мастацтва Беларусі, але і як педагог, які выхаваў цэлую плеяду таленавітых майстроў. Яго вучні — гэта Віктар Грамыка, Барыс Аракчэеў, Георгій Паплаўскі і многія іншыя знакамітыя мастакі.
Па даўніх расказах Леаніда Шчамялёва, да якога перайшла майстэрня Віталя Канстанцінавіча пасля яго смерці ў 1993 годзе, настаўнік працаваў хутка, пісаў на адным дыханні. Дачка аўтара Таццяна калісьці казала : «Ніхто не бачыў вялікай унутранай работы бацькі і таго, як ён на прыродзе гадзінамі, нягледзячы на вецер і мароз, стаяў ля мальберта. Ніколі не скардзіўся. Культываваў у сабе пазітыў».
Вырошчваў яблыкі і грушы, пісаў нацюрморты з гэтай садавінай, а потым раздорваў плён сваёй працы — і грушы, і палотны…
Калі пейзаж ажывае. Асоба Віталя Цвіркі ў дэталях лёсу і карцінах
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by