22.01.2025
22.01.2025

Сімвал года ў беларускай міфалогіі і народнай медыцыне

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

У традыцыйнай культуры амаль усіх народаў прысутны вобраз змяі. Культ змяі зарадзіўся яшчэ ў эпоху палеаліту, сляды яго прасочваюцца да нашых дзён. Увогуле змяя — сімвал, які атаясамліваецца з урадлівасцю, жаночай сілай, вадой, з аднаго боку, і хатнім агменем, агнём (асабліва нябесным), а таксама мужчынскім апладняючым пачаткам — з іншага.

Полаз у міфалогіі

Крыху міфалогіі

Паводле беларускіх народных павер’яў, змяя магла зрабіць чалавека багатым. Дзеля гэтага варта было знайсці яйка, якое певень кладзе раз на сем год, насіць тое яйка пад пахай шэсць месяцаў, пасля чаго з яго вылупіцца змеяня. Гэтае змеяня трэба трымаць у цяпле, карміць яечняй і не раздражняць. Калі змеяня вырасце, яно ператворыцца ў вялікую змяю ці змея, пачне лётаць, знаходзіць скарбы і насіць грошы свайму гаспадару.

Народныя вераванні беларусаў кажуць, што пры кантактах з чалавекам змей можа набываць антрапаморфныя рысы. Увогуле ўсходнія і заходнія славяне звязвалі змяю і вужаку з нараджэннем дзяцей, а таксама з мужчынам, жаніхом, залётнікам, вяселлем. Беларускія соннікі тлумачаць, што злавіць ўва сне вужаку азначае цяжарнасць і нараджэнне сына. Калі вуж сніцца дзяўчыне, у яе будзе жаніх, калі жанчыне — вернецца яе муж.

Пра сужыцельства змея ці вужа с жанчынай ёсць папулярны сюжэт казкі, дзе гаворыцца пра дзяўчыну, якая пабралася шлюбам з вужом. Ён запрашае яе ў свой падводны палац. Там яна жыве з ім даволі шчасліва і нараджае ад яго дзяцей.

Але ў большасці беларускіх фальклорных сюжэтаў сексуальныя стасункі змея з жанчынай заканчваюцца тым, што жанчына цяжка хварэе і нарэшце памірае. Праўда ў якасці героя там выступае такі міфалагічны персанаж, як вогненны змей. Гэты змей улятае ў хату праз комін і ператвараецца ў прыгожага мужчыну. Ад гэтага інфернальнага заляцальніка жанчыны нараджаюць дзяцей, адметная асаблівасць якіх — хвост. Пазбавіцца такога каханка, верылі нашыя продкі, можна толькі пры дапамозе магічных сродкаў.

Вуж

Дамавы вуж

На нашых землях спрадвеку ўшаноўвалі вужоў. Прычым беларусы дзялілі вужоў на лясных і хатніх. Хатніх вужоў яны ўспрымалі, як увасабленне духаў продкаў, апекуноў дома і сям'і. Іх так і звалі, дамавы вуж ці дамавік. Дамавых вужоў вельмі любілі і заўсёды давалі ім прытулак пад печчу, частавалі малаком і хлебам. Вужы проста поўзалі па хаце, запускалі свае пыскі ў місы з ежай. Продкі верылі, калі ў хаце ў падпечку жыве вуж, то ў хаце заўжды будзе шчасце і дастатак.

Калі хатні вуж паміраў, гаспадары рабілі абярэг: здзіралі з мёртвага вужа скуру і вытоплівалі яго падскурны тлушч для асаблівай свечкі. У цяжкі час свечку з такога тлушчу запальвалі нават удзень. Святло яе абуджала ўсіх вужоў, і яны на чале з са сваім Царом спяшаліся на дапамогу. Сабраўшыся разам, вужы пераварочвалі ўсё пад зямлёй і прыносілі добраму чалавеку грошы і каштоўнасці. Войска паўзуноў таксама помсціла крыўдзіцелю гаспадароў.

Змяя ў міфалогіі

Вырай для змяі

У вужак і змей быў свой вырай, месца, куды яны сыходзілі на зімоўку. Там расло Сусветнае дрэва, дзе кожны насельнік зямлі меў уласнае месца. Душы людзей і птушак змяшчаліся на галінках. Вужы ладкаваліся ў каранях райскага дрэва. Сыход у вырай прыпадаў на Уздзвіжанне, 14 верасня (паводле старога стылю).

Падчас сыходу ў вырай вялізны Цар-вуж або Цар-змей поўз наперадзе сваіх падданых. Яго луска зіхацела золатам і срэбрам, а галаву ўпрыгожвала карона з залатых ражкоў. Самыя непраходныя месцы выбіралі вужы для свайго паходу на зімовую спячку. Мала каму з людзей выпадала сустрэць іх. Калі ж чалавеку пашчасціла ўбачыць на Узвіжанне паўзуноў на чале з іх царом, то належала пакланіцца яму, раскласці перад ім абрус і пакласці на яго хлеб-соль. Прапаўзаючы цераз абрус, цар у знак падзякі скідаў адзін ражок. Атрымаўшы ражок, чалавек імгненна здабываў незвычайную мудрасць і магчымасць чытаць чужыя думкі, тлумачыць чыннікі і наступствы падзей, уменне выблытвацца з самых складаных сітуацый.

Змяіная тэрапія

Нашыя продкі лічылі, што забітая змяя застаецца жывой да заходу сонца. Апроч гэтага верылі, што на дзявяты дзень пасля забойства яна можа ажыць. Таксама гэта можа здарыцца, калі кінуць забітую змяю ў ваду. Верылі, што змяя можа жыць і 80, і 100, і болей год.

Таму  спрадвеку змеям прыпісвалі лекавыя сілы. Лекі з частак цела змяі ўспрымаліся беларускімі сялянамі як сродак для павелічэння жыццёвых сіл. Прыкладам, галаву змяі ўважалі магутным абярэгам. У пачатку другога тысячагоддзя былі шырока распаўсюджаныя бронзавыя і сярэбныя бранзалеты, канцы якіх заканчваліся выявамі змяіных галоў.

Бранзалет змеявік

Бронзавы бранзалет-змеявік.

Насілі і амулеты з выявамі змей — змеевікі. У 16 стагоддзі гісторык, багаслоў і падарожнік Ян Ласіцкі, які апошнія гады свайго жыцця жыў у Заслаўі каля Мінска, пісаў, што сялянскія дзяўчаты ўпрыгожвалі шыю каралямі са змяіных галоў. Лічылі, што гэтая частка цела сакральнай жывёлы мае асаблівую ахоўную функцыю і гарантуе ўдачу.

Амулет-змеявік "Маці Божая Знаменне" (другі бок амулета). Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей 12 -14 ст.

Амулет-змеявік "Маці Божая. Знаменне" (другі бок амулета). Чачэрскі гісторыка-этнаграфічны музей 12 -14 ст.

Для абароны ад ліхаманкі на шыі насілі ладанкі са змяінай скуры, а таксама розныя іншыя ладанкі, куды змяшчалі высушаныя часткі змяі. Іх выкарыстоўвалі і ў любоўнай магіі, каб прываражыць каханага чалавека.

Змяю, залітую гарэлкай або вадой, выкарыстоўвалі як эфектыўны сродак для лячэння дзіцячых і дарослых хвароб. Пры рэўматызме скурай змяі абкручвалі хворую нагу ці руку. Пры родах шыю парадзіхі абгортвалі старой скурай змяі. У часы сярэднявечча супрацьдзеяннем ад усіх хвароб лічылася мяса гадзюкі,  яго нават прадавалі ў аптэках. Як магічны лекавы сродак выкарыстоўвалі не толькі змей, але і скуру вужа. Так, скуру, скінутую вужом, расціралі і давалі піць атручанаму чалавеку. Таксама скінутую скуру вужа спальвалі на вуголлях і дыхалі гэтым дымам. Так рабілі пры зубным болю, малярыі, працяглым начным дзіцячым плачы.

Ад катаракты са скуры змяі рабілі парашок, якім засыпалі вочы. Ад хвароб селязёнкі галаву высушанай змяі, забітай менавіта ў сакавіку, спальвалі на попел і пілі яго з вадой ці гарэлкай. Ад каросты трэба было абмывацца адварам са змяі (без галавы).

Што там — унутры?

У беларусаў увогуле шмат павер’яў, звязаных са змеямі. Казалі, што калі змяя ўкусіць чалавека, то трэба якога мага хутчэй напіцца вады. Калі чалавек хутчэй чым змяя дабяжыць да вады і абмые рану, а таксама нап’ецца – укус знікне без следу, а змяя, якая ўкусіла, сканае.

Асабліва шкодным лічылі ўкус “насланой змяі”, што значыць прысланай дзеля гэтага якім-небудзь знахарам. Па павер’ях, ёсць людзі, якія могуць па сваім жаданні склікаць змей да сябе, пасылаць іх джаліць якога-небудзь зламысніка і караць паўзуноў за самавольнае джаленне. Існуе ў нашай фальклорнай спадчыне і шмат замоў ад укусаў змей. Прычым прамаўляць іх могуць толькі знахары. На Магілёўшчыне пасля замовы падкладаюць пад укушанае месца патэльню. Знахар пасля кожнага нашэптвання над укусам дуе на укушанае месца, а потым плюе.

Замест замоў выкарыстоўваюць Змяіную траву ці траву Вераніку, якая знешне нагадвае крапіву. Па легендзе, дзяўчына Вераніка такой травой калісьці вылечыла рымскага імператара Тыберыя. Удзячны імператар даў траве імя дзяўчыны.

Цікавыя звесткі ў ХІХ стагоддзі былі зафіксаваны на Магілёўшчыне. Сяляне былі ўпэўнены, што падчас сну чалавека праз яго рот змяя можа запаўзці ў страўнік і жыць там пэўны час. Бывала, нават указвалі на пэўных хворых аднавяскоўцаў і ўпэўнівалі што ў іх вантробах нібыта сядзіць змяя. Медыкі адзначалі, што ў такіх выпадках меўся на ўвазе салітар, ці які іншы род глістоў.

Бяссонніца і як раней яе лячылі на Беларусі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"