Адным з сур'ёзных ускладненняў цукровага дыябету з'яўляецца сіндром дыябетычнай ступні. На яго развіццё не ўплывае ўзрост пацыента, «стаж» захворвання альбо тып цукровага дыябету. Нягледзячы на тое, што падобны сіндром назіраецца толькі ў 6-8% пацыентаў з цукровым дыябетам, такая паталогія, як мінімум, прыносіць чалавеку масу нязручнасцяў, як максімум – можа стаць прычынай ампутацыі канечнасці.
Што такое сіндром дыябетычнай ступні? Якія першыя прыкметы захворвання? Чаму так важна сачыць за станам ступняў людзям з цукровым дыябетам?
На гэтыя і іншыя пытанні журналісту Слушна адказала загадчык кабінета «Дыябетычная ступня» Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1 кваліфікацыйнай катэгорыі Інэса Пукіта.
Ускладненні цукровага дыябету
Згодна з вызначэннем міжнародных экспертаў, сіндром дыябетычнай ступні – гэта стан, пры якім у пацыента маецца інфекцыя, трафічная язва, незагойная рана пасля ампутацыі і/або разбурэнне глыбокіх тканак ступні, звязаныя з неўралагічнымі парушэннямі і/або зніжэннем магістральнага крывацёку ў артэрыях ног. Усе астатнія станы, якія не ўключаюць пералічанае, называюцца рызыкамі сіндрому дыябетычнай ступні.
Як правіла, прычынай развіцця сіндрому дыябетычнай ступні з'яўляюцца два асноўныя ўскладненні цукровага дыябету – паражэнне артэрый ног і перыферычнай нервовай сістэмы.
-
Сасудзістыя парушэнні
Дыябетычная ангіяпатыя – паражэнне артэрый рознага калібру ў пацыентаў з цукровым дыябетам.
Як вядома, артэрыі – гэта сасуды, якія прыносяць да органаў кроў, насычаную кіслародам і пажыўнымі рэчывамі. Пры высокім узроўні цукру ў крыві ўтвараюць агрэсіўныя рэчывы (так званыя канчатковыя прадукты глікіравання), свабодныя радыкалы, якія «бамбуюць» сценкі сасудаў. Як вынік – кроў з іншымі ўласцівасцямі і таксічнай колькасцю цукру. Сасуды пачынаюць мяняцца як функцыянальна, так і марфалагічна: яны звужаюцца, іх сценкі губляюць эластычнасць, цвярдзеюць, на іх утвараюцца шнары і рубцы, адкладаюцца атэрасклератычныя бляшкі.
-
Збой у працы нервовай сістэмы
Дыябетычная полінейрапатыя – другое грознае ўскладненне цукровага дыябету, якое прыводзіць да паражэння нервовай сістэмы. Пры гэтым могуць пакутаваць як адчувальныя, так і рухальныя нейроны, часта развіваецца дысфункцыя вегетатыўнай нервовай сістэмы.
Нервовую сістэму можна параўнаць з сеткай электрычных правадоў. Калі раптам дзесьці абрэзаны ці дрэнна працуе адзін электрычны провад, функцыя ўсяго механізму будзе пакутаваць. Таму, калі парушана праца нервовай сістэмы, яна не ў стане правільна і добра «кіраваць» тымі працэсамі, за якія адказвае. Гэта прыводзіць да парушэння адчувальнасці, цяжкасці рухаў, змены рытму працы жыццёва важных органаў.
-
Пашкоджанне касцёва-сустаўнай сістэмы
Аўтаномная нейрапатыя вядзе да парушэння касцёва-сустаўных узаемаадносінаў: спустошваюцца і атрафуюцца мышцы, слабеюць звязкі, з'яўляюцца падвывіхі і вывіхі суставаў, ступня губляе форму, парушаецца яе біямеханіка.
Пры хадзе яна дэфармуецца, з'яўляюцца нязвыклыя кропкі апоры, на якіх фарміруюцца зоны павышанага ціску, для якіх характэрна ўтварэнне грубых натоптышаў і гематом, якія часта траўмуюцца і ператвараюцца ў трафічныя язвы, што доўга не загойваюцца, схільныя да запалення. Акрамя гэтага, аўтаномная полінейрапатыя парушае функцыю потавых і сальных залоз. Таму скура ў пацыентаў становіцца вельмі сухой, на адных месцах тонкай, як пергамент, на іншых – жорсткай, як пластык. Скурнае покрыва з такімі ўласцівасцямі траўмуецца нават пры самых невялікіх ударах або пацёртасцях, часта інфіцыруецца, запаляецца.
Пры адкрытых ранах пастаянную пагрозу ўяўляе інфекцыя. Пры доўга існуючых язвавых дэфектах любая інфекцыя, якая патрапіла ў рану, можа выклікаць сур'ёзны запаленчы працэс у ступні, як павярхоўны, так і вельмі глыбокі, што можа надоўга пазбавіць чалавека магчымасці нармальна перасоўвацца, у асобных выпадках нават прыводзіць да ампутацыі.
Адным з відаў сіндрому дыябетычнай ступні з'яўляецца дыябетычная остэаартрапатыя (сустаў Шарко), якая ўяўляе сабой неінфекцыйную дэструкцыю (разбурэнне) касцявога шкілету ступні, прычынай якой з'яўляецца менавіта нейрапатыя.
— З-за нейрапатыі пры цяжкім парушэнні адчувальнасці могуць разбурыцца дробныя ці буйныя косткі ступні. Гэта выглядае даволі характэрна: ступня раптам змяняе форму, ацякае, чырванее і не ўлазіць ні ў адзін чаравік. Навобмацак ступня гарачая. Прычым чалавек можа не адчуваць ніякіх болевых адчуванняў, адмаўляць траўму. Гэта рэдкая паталогія. Такіх людзей прыкладна 2%, але ў плане тэрапіі – гэта вельмі цяжкія пацыенты. Адзіным правільным рашэннем будзе імабілізацыя ступні пластыкавым гіпсам на перыяд заціхання вострага працэсу, які можа доўжыцца ад 6-8 да 12 месяцаў! Пры несвоечасовым пачатку лячэння такая форма сіндрому дыябетычнай ступні прыводзіць да інваліднасці і нават ампутацыі.
Калі не варта цягнуць з візітам да ўрача?
- Калі рана не загойваецца на працягу 2 тыдняў.
- З'явілася інфекцыйнае запаленне (пачырваненне на месцы пашкоджання, ацёк, нагнаенне, павышэнне тэмпературы цела).
- Адзін або два пальцы на ступні раптам пасінелі і сталі халоднымі навобмацак.
- Калі быццам бы «стабільная» трафічная язва змяніла памер, форму і глыбіню, а тое, што аддзяляецца ад раны, змяніла пах.
- Адна ступня раптоўна змяніла форму, зацякла, гарачая, пачырванела і не ўлазіць у абутак.
Сіндром дыябетычнай ступні. Частка 2. Догляд ног дома і аптэчка пацыента
Сіндром дыябетычнай ступні. Частка 3. Выбіраем правільны абутак
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by