Пацыенты з рызыкай развіцця сіндрому дыябетычнай ступні нярэдка пакутуюць паніжанай адчувальнасцю ніжніх канечнасцяў. З-за гэтага яны часта не могуць своечасова зрэагаваць на атрыманую траўму. А такая сітуацыя можа прывесці да самых цяжкіх наступстваў. Менавіта таму пацыентам з сіндромам дыябетычнай ступні неабходны дбайны штодзённы догляд ног. Калі ж траўма ўсё-такі здарылася, важна ведаць, як і чым апрацаваць рану.
Аб правілах догляду ног у хатніх умовах, а таксама аб тым, што павінна быць у аптэчцы ў пацыентаў з цукровым дыябетам і сіндромам дыябетычнай ступні, журналісту Слушна распавяла загадчыца кабінета «Дыябетычная ступня» Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансэра Мінска, урач-хірург 1 кваліфікацыйнай катэгорыі Інэса Пукіта.
Штодзённыя працэдуры
Правіла № 1. Кожны дзень трэба старанна аглядаць свае ногі. Калі ў сілу якіх-небудзь прычын не атрымліваецца зрабіць гэта самастойна, папрасіце сваіх блізкіх.
Увагу трэба звярнуць не толькі на ступні, але і міжпальцавыя прамежкі.
Насцярожыць вас павінны любыя змены: урослыя пазногці або іх пацямненне, патаўшчэнне ногцевай пласціны (можа сведчыць аб наяўнасці грыбковай інфекцыі), парэзы скуры, мазалі і натоптышы.
Правіла № 2. Пасля агляду ногі неабходна вымыць цёплай (не гарачай!) вадой са звычайным мылам.
Правіла № 3. Пасля мыцця ногі варта добра выцерці мяккім ручніком, не забываючы пры гэтым пра міжпальцавыя прамежкі.
Правіла № 4. Неабходна змазаць ногі крэмам. Рэкамендуецца выкарыстоўваць менавіта крэм для ног, а не дзіцячы або пратэрмінаваны крэм для твару, чым грашаць многія пацыенты. Выбіраючы крэм, трэба арыентавацца на скуру: чым яна сушэйшая, тым большы працэнт мачавіны павінен утрымліваць касметычны сродак. Як правіла, у складзе такіх крэмаў змяшчаецца 5, 10, 15 і 18% мачавіны (карбаміду).
— Як ні банальна гучыць, самая галоўная ўмова выкарыстання такога крэму – мазаць! Многія з пацыентаў набываюць добрую якасную касметыку, але, на жаль, ёй не карыстаюцца. А патрэбна рэгулярнасць. Крэм можна выкарыстоўваць як увечары, так і два разы на дзень – раніцай і ўвечары.
Правіла № 5. Штодня змяняць шкарпэткі. Яны могуць быць як баваўняныя, так і змяшанай тэкстуры. Галоўнае, каб шкарпэткі былі цэлымі, не цыраванымі. Наяўнасць такіх «рубцоў» на тканіне з нітак – дадатковая рызыка траўміравання ступні.
Што рабіць нельга
- Ніколі не хадзіце басанож. Нават у кватэры. Заўсёды абувайцеся. Перш чым гэта зрабіць, праверце тапачкі ўнутры на наяўнасць старонніх прадметаў, паглядзіце, ці не загорнутыя вусцілкі, ці не парвалася падшэўка. Хатні абутак павінен быць дастаткова мяккім, без выступаючых швоў, са зручнай пяткай, якая фіксуе ступню, і па памеры.
- Ні ў якім разе не варта парыць ногі. Калі трэба сагрэцца, лепш надзець цёплыя шкарпэткі, захутацца ў коўдру або плед, зрабіць гімнастыку, а таксама выпіць гарачага чаю.
- Што тычыцца фізіяпрацэдур, дык і ў гэтых адносінах у пацыентаў з рызыкай сіндрому дыябетычнай ступні дзейнічае шэраг абмежаванняў.
У прыватнасці, забаронены ўсе гарачыя працэдуры, а таксама маніпуляцыі з выкарыстаннем вострых прадметаў і тых, якія значна павышаюць верагоднасць траўмаў (напрыклад, масажных дыванкоў).
Пад забаронай таксама парафінавыя, азакерытавыя і гарачыя гразевыя ванны для ног.
— Фізіяпрацэдуры з выкарыстаннем магніта, лазера, ультрагуку, а таксама разнастайныя агульныя абгортванні, ванны з масажам цалкам падыходзяць пацыентам з цукровым дыябетам і рызыкай сіндрому дыябетычнай ступні. Аднак варта памятаць, што пры наяўнасці на ступнях і пальцах якіх-небудзь ран і пашкоджанняў любыя водныя працэдуры варта абмежаваць. Пацярпелая ступня можа быць прамыта толькі слабым растворам антысептыку – марганцоўкі, фурацыліну, хлоргексідынам.
Што рабіць, калі вы параніліся?
Немалаважнае значэнне мае ўменне аказаць сабе дапамогу, калі параніліся, стукнуліся ці няўдала зрэзалі пазногаць.
Збіраем аптэчку:
- раствор хлоргексідыну або любы іншы раствор антысептыку на воднай аснове (септамірын або водны раствор ёду – бетадын, ёдыскін)
- бінт;
- папяровы або цэлюлозны лейкапластыр (ён не павінен выклікаць алергію або адрывацца разам са скурай, разам з тым, добра трымацца);
- марлевыя сурвэткі.
Як апрацаваць рану?
Рану варта прамыць хлоргексідынам. Калі дома няма ніякага воднага антысептыку– пашкоджанне можна апрацаваць вадой з мылам, а затым спаласнуць гатаванай вадой.
Затым варта закрыць рану сурвэткай, змочанай у растворы хлоргексідыну.
Падыдзе таксама слабы раствор марганцоўкі або фурацыліну.
Не завязвайце вузлоў! Павязка замацоўваецца кавалачкам пластыру, павінна быць тонкай і гладкай.
Павязку варта змяняць штодня. Пры гэтым, калі рана не загойваецца на працягу тыдня ці яе стан змяніўся да горшага, не варта марудзіць, трэба звярнуцца па дапамогу да ўрача.
Сіндром дыябетычнай ступні. Частка 3. Выбіраем правільны абутак
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by