Схапіла Лісіца мышку і — цягу ад гэтага месца. Але імгненна з асіны, што стаяла непадалёку ад узлеску вылецела дзіўнай прыгажосці, быццам рознакаляровая вясёлка, птушачка: зялёна-блакітнае апярэнне з характэрнымі пералівамі.
Унутры тае асіны яна, гэтая прыгажуня, пасялілася. Драўніна няхай сабе і трухляватая, але цёплая і далікатная. Не параўнаць з сасновымі ды яловымі дупламі, не кажучы ўжо пра дубовыя, якім было апошняе. Надзейнае было гняздзечка, але дужа цвёрдае. А гэтае акурат даспадобы прыйшлося. Але дзякаваць старому Дзятлу пакуль што не спяшалася. Мовіла, быццам, не пара яшчэ: «Раптам гняздо тваё не спадабаецца, хто каму вінен будзе? А па-другое, яшчэ невядома чыё яно, бо было зусім неабжытым і брыдкім. Няйначай проста закінутым. Колькі яшчэ з ім важдацца і завіхацца прыдзецца», — думала прыгажуня птушачка.
Птушка, неспадзеўкі для рыжай Лісіцы, атакавала яе і намервалася адпугнуць ад свайго месца дыслакацыі, як гэта робіць з любога памеру чужаком. Але Ліса адчула небяспеку над галавою, падумаўшы, што гэта пугач, якога надоечы адпуджвала ў час вячэрняга палявання, і рэзка звярнула ў сваю нару, што была ў падножжы лясной гары. Хітрасць і прадчуванне немінучай расплаты зрабілі добрую для яе справу. Але незнаёмка так і стаяла перад яе вачамі.
– Я ўсё бачыў! – звяртаўся Дзяцел да птушкі Сіваваронкі.
– Ну ты і смелая! Рыжая тут усіх у страху трымае. З гэтай хвіліны я цябе яшчэ больш паважаю. Раней я цябе мог бы паўшчуваць, але твая рашучасць і знешнасць не дазваляе мне гэтага зрабіць. Толькі чаму цябе завуць Сіваваронкай, калі ты, нябеснай прыгажосці птушачка, падобная на заморскую. І я прыгожы, але ты ж – сапраўдная мадэль у нашым птушыным царстве!
– Ой-ой! І к чаму такія рэверансы? Няйначай заляцацца ўздумаў? Ха-ха! – адказала Сіваваронка і круць-верць, зляцела.
Яе палёт адметны ад іншых птушак: невысокі і перарывісты, напачатку быццам набіраючы вышыню і адразу яе губляючы. Гэты прыём дапамагае ёй у пошуках спажывы.
Дзятлу нічога не заставалася, як змаўчаць і падзівіцца хітрай увішнасці гэтай красуні. «Няхай сабе пацешыцца са старога, можа калі звярнуцца за дапамогай прыйдзецца…»
Відаць недарэмна кажуць: «Хто б ляснога доктара ведаў, каб не яго доўгі нос?» Па чырвоным каптурку? Дык хто толькі ў такі строй зараз ні ладзіцца! А вось нос, дык гэта безадказная зброя. Калі ўжо пачаў тэлеграфаваць, то ўсё наваколле звініць. Вось і зараз: не паспела кватарантка схавацца ў пералеску, як гэты шчыры гаварун ужо дакляроўвае блукаючай Лісіцы пра новую знаёмую.
– Без стомы працую штодня, здаецца ўсё маю: і жонку, і дзетак, і кадкі дабра. Сустрэў жа я сёння, сястрыца Ліса, прыгожую птушку. Але не той чорны, як смоль балбатун Сіваграк, нявеста яго, няйначай: зялёна-блакітнае апярэнне галавы і шыі, падкрылкаў і брушка! Вось гэта карціна! Ты такой у сваім жыцці, упэўнены, не сустракала. Сіваваронкай завецца. А як трымаецца! Сядзіць, выцікоўвае з вышыні, і тут жа раскрывае свае рознакаляровыя крылы, нібыта размаляваны самалёт, і кулем - за сваёй здабычай. Тая нават не здагадваецца, што з ёй не павітацца захацелі.
– Напужаў, ха-ха! Ды я такіх вясёлак, бывала, па колькі на дзень трушчыла. – Вунь, бач, мае дзеткі, як луты! А ён мне – Сіваваронка, Сіваваронка – прыгажуня неймавернай знешнасці! Пачакай, пачакай! Не сёння-заўтра і да тваіх дабяруся.
– Я вось гэта, пачаў заікацца Дзяцел. – Пачакай, пачакай! Суседачка, дык я ж зусім нічога кепскага не сказаў, – пачаў суцяшаць Лісу. – Усяго калі толькі распавёў пра новую суседку.
– Ну, убачыў і ўбачыў! Вось дык ужо навіна! Расстапырыў свае крыллі, - ухмыльнулася, паскрэбшы за вухам Ліса. – Лепш да мяне прыгледзеўся б, дык і жыццё глядзіш тваё паспакайнела. Ведаю пра тую птушку не менш за тваё: яна не церпіць любога чужака ля свайго гнязда. Атакуе імгненна! А ты Дзяцел думай! Думай! А тое не сёння-заўтра і я ўскараскаюся на дрэва, каб спінку тваю шэранькаю памасіраваць, а заадно і чырвоны каптурык зняць. Ха-хааааа!
Паздзеквалася і паплялася далей іншых насельнікаў лесу пужаць.
Не паспела ў бліжэйшай лагчыне скрыцца, як рознакаляровая птушачка ёй наперад вылецела.
– І чым жа я табе нашкодзіла, рыжая суседка?
– Ды нічым! А ўласна кім будзеш і як цябе гукаці?
– Я Сіваваронка! Пералётная птушка.
– Так бы і сказала, што чужыніца! – А то старому Дзятлу галаву затлуміла: Сіваваронка, Сіваваронка! Той і вытарашчыў вочы.
– Кра-а-к, ра-а-к, – птушка падала частыя каркаючыя гукі. – Так, я Сіваваронка, а вось майго спадарожніка жыцця клічуць Сівагракам.
– Зразумела, цікаўная суседка? Што яшчэ цябе цікавіць? – прыўстала з сука яліны, расправіўшы свае зялёна-сінія з пералівамі крылы, быццам наапашкі ўскінула бурку. І ад гэтага, здавалася, пасвятлела, расквецілася наваколле.
– Чаму менавіта на асіну перасялілася? – працягвала дапытвацца Лісіца.
– Таму што гэтае дрэва далёка не абыякавае, як здаецца, а гаючае і надзейнае. Каб ты ведала, рыжая, асіна дрэвастой не гарыць, як бяроза ці смалістая сасна. Яна супрацьстаіць агню з незвычайнай упартасцю. А яшчэ ўвосень я цешуся яе прыгажосцю, калі золатам і барвою пакрываецца яе лістота і ярка адрозніваецца ад зеляніны іншых дрэў. Тады яна падобная да маёй прыгажосці і такія драпежнікі, як ты, не заўважаюць мяне ў яе расквечанай і дрыжачай кроне.
– О-о! А ты, я бачу, да таго ж і не такая ўжо дурніца! А яшчэ малады асіннік вельмі падабаецца зайцам, а яны дужа падабаюцца мне і маім дзеткам, – рассмяялася, паказаўшы свае вострыя і жоўтыя зубы Ліса.
– Паспрабуй хаця б аднаго доўгавухага пакрыўдзіць! Я на тваёй спіне такі аўтограф зраблю, што за год не заліжаш, - горда і смела мовіла Сіваваронка.
– Бач ты, якая смелая!
– Пераканалася, хто гэта самая вясёлка? Вось і цудоўна! – казала Сіваваронка.
– І памятай: чужым дабром век не пражывеш, – замітусілася, затрашчала птушка каля сваёй асіны, бы тая трашчотка, на ўвесь пералесак. Але хутка сціхла, зразумела, што перапінацца дарэмна, ды й Лісіца і вухам не вядзе на прапановы справядлівай і мірнай суседкі. Адно, што стрымлівала рыжую быццам для перамоў, дык гэта прываблівае апярэнне Сіваваронкі.
– Так, пераканалася! – з хітрынкай, але ж усё ж такі з затоенай крыўдай і злосцю, пагадзілася Ліса. Але неспадзявана для яе нізкай дыпламатыі, дадала: «Лепей драўляная згода, чымся залатая сварка».
– Вось так, яшчэ лепш! Будзем жыць у згодзе! – адказала Сіваваронка.
Але неўзабаве запішчаў у небе галодны каршун, і гукі яго прымусілі абедзвюх супакоіцца і разысціся. А ў маладым ельніку закрычалі іншыя Сіваваронкі, і звонкі свіст разнёсся над лугамі.
Праз колькі часу яны зноў сустрэліся. На гэты раз Сіваваронка ганялася за рыбінкай, якая прыплыла на самую мель невялікай рачулкі.
– Што ты, суседка, робіш? Навошта маю рыбку ловіш?
– Вось як, – кажа праворная птушка, – дык у цябе свае ўладанні маюцца?
– Ёсць, – адказала Лісіца. – Паўсюль мае ўладанні!
– Ну дык пара ўжо забываць мінулае…
– Як гэта забываць?
– Таму што скончылася твая аўтаномія, лісанька! Бач, усе хочуць харчавацца. І я не выключэнне. І, праглынуўшы невялікую плотачку Сіваваронка пачала купацца. То прысядзе і пачне плёхацца, то набярэ вады ў дзюбку і палівае на сябе. А пёркі пераліваюцца ярчэй вясёлкі. І навокал такая прыгажосць.
Лісіца і глядзець не хоча, нервуецца, і яшчэ мацней стукае хвастом па траве.
– Ты можаш хоць крычаць, хоць танцаваць, а я цябе не баюся! – ўпэўнена рэагавала Сіваваронка. – Эге, значыць ты толькі смелых і нахабных пабойваешся.
Насцярожылася Лісіца – думала, што тым разам была толькі прапанова мірнага суіснаванне, але на самой справе ўсё сур’ёзна.
Узлавалася рыжая на суседку. «Пачакай жа, – думае, – я табе не дарую гэтага здзеку». І пайшла прэч, глытаючы сліну.
Прышла да сваёй нары і клікнула сваіх дзяцей на сход: «Параіцца трэба». Збегліся ўсе яе гадаванцы і пачалі раіць, як лепш адпомсціць крылатай суседцы.
– А каб пакласці ля яе гнязда розных жукоў, саранчы, земляных чарвякоў ды яшчарак, – раілі лісяты. – Можа і не скеміць, што паланіць яе будзем?
– Не скеміць? Такая на раз-два здагадаецца, – адказала старая Лісіца. – Хіба што з каршуком за чубы звязаць?
– Харошая ідэя! – азваўся малады Ліс. – Толькі якім чынам? Той і нас ўсіх парве на кавалкі і нават поўсцю не падавіцца, не тое што нейкая там маляўка рознакаляровая.
– Думала-думала рыжая, і надумалася-такі. Панакапала з дзецьмі процьму нораў, што ажно за кіламетры да асіны вядуць, у дупле якой было гняздо Сіваваронкі.
І ля кожнай нары паклала рознага харчу. «Не можа быць каб стрымалася! Пакуль будзе думаць-разважаць, мы тым часам і схопім яе за вясёлкавыя крылы».
Але ж і птушка таксама праворная. Яна не толькі сачыла за ўсім гэтым дзействам лісінай сям’і, але яшчэ і, маючы адметны слых, чула пра плануючы фінал, які падрыхтавала ёй рыжая і хітрая Лісіца. «Усё-ткі мірна суіснаваць ты не хочаш? Тады не крыўдуй: я папярэджвала цябе, старая порхаўка» – падамала пра сябе Сіваваронка.
Прыляцела да сваёй асіны і пачала нару рыць. Рыла-рыла і атрымалася прасторная гнездавая камера-тунэль, ажно да самай вады дастала. Зверху змайстравала адмысловую пастку, на якую прымацавала колькі спайманых мышэй, і галінкамі ды лісцем прыпарушыла. “Вось тут ты і скончыш сваё існаванне!” – прамовіла пра сябе Сіваваронка. Сама ж на досвітку, пакуль Лісіца адпачывала пасля начнога палявання, пазбірала ўсе падрыхтаваныя для яе прысмакі і пазносіла ў сваё гняздзечка. Пачастункаў для малых птушанятак хопіць надоўга.
А тым часам Лісіца прачнулася і пайшлі-папаўзлі ўсім сваім сямействам Сіваваронку паланіць. Яна была ўпэўнена, што птушка такім часам акурат снедае. Не ля адной, дык ля іншай нары абавязкова схопіць сваім рыжым войскам.
Здаецца, ўсе норы прапаўзлі і ніводнай прыманкі ля іх не знайшлі. Здзівілася старая Лісіца, але не губляла надзеі ўласна паланіць незгаворлівую і праворную птушку на яе тэрыторыі. Нячутна, калі лістота быля яшчэ роснай, падпаўзла да тае асіны і прытаілася. Але пах свежага мяса перамог і яна, забыўшыся на мэту палявання, кінулася разграбаць лістоту ды шукаць зваблівую спажыву. Убачыўшы мноста мышэй, што чакалі свайго спажыўца, яна схапіла адну і клікнула малых. Не паспела і глынуць мышу, як пастка спрацавала і Лісіца з лісянятамі паляцелі ў нязведаную вадзяную прорву.
– Ага! – напачатку зарагатала, а пасля і заспявала Сіваваронка. Гэта была асаблівая музыка перамогі: напачатку скрэжат быццам жалеза па шкле, затым нізкія равучыя гукі, падобныя на крыкі варон падчас перапуду, рознай працягласці, у танальнай паслядоўнасці. – Папалася! Зараз жа Ваўка паклічу, ён з цябе шкуру здыме!
– Ну што-о-о ж, – кажа Лісіца, ледзь ні задыхаецца ад вады поўнай пашчы, - перахітрыла ты мяне. Цяпер я зразумела ўсе свае памылкі. Толькі Ваўка не кліч.
– Нарэшце-такі, зразумела! Павылазілі з гняздзечка малыя птушаняты Сіваваронкі і разам з маці цудоўна і звонка заспявалі, так незвычайна, што, здавалася пераўзыходзлі тыя гукі магчымасці чалавечага голасу. Так Сіваваронка яшчэ ніколі не спявала.
Я таксама там гасціў, разам з птушкамі мошак ды жукоў лавіў. А Сіваваронку карміў землянымі чарвякамі, што ад рыбалкі засталіся. Яна са мною пасябравала, і яшчэ званчэй ды з пералівамі заспявала.