16.07.2018
16.07.2018

Скаліёз і цяжарнасць: актуальныя праблемы

logo
Хваробы ад А да Я
0 32
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Няма іншага захворвання, якое б прыносіла столькі расчараванняў урачу і пацыенту, як скаліёз». Гэтая цытата належыць вядомаму савецкаму хірургу, аднаму з найбуйнейшых спецыялістаў у галіне лячэння захворванняў пазваночніка, прафесару, акадэміку Якаву Ціўяну. Памылкова меркаваць, што скаліёз – пытанне выключнай кампетэнцыі артапедаў і траўматолагаў.

Гэта складаная міждысцыплінарная праблема, паколькі захворванне праяўляецца не толькі выяўленым болевым сіндромам, знешнім касметычным дэфектам, але і дрэнна ўплывае на ўнутраныя органы і сістэмы чалавека.

Цяжарнасць і скаліёз. Да якога ўрача звяртацца.

У апошнія гады асабліва пільную ўвагу да скаліёзу як хваробы выказваюць акушэры-гінеколагі. І на гэта ёсць важкія прычыны. На II Міжнародным міждысцыплінарным кангрэсе «Праблемы рэпрадукцыі: інавацыйныя тэхналогіі ў рэпрадукцыі», які адбыўся ў Мінску напрыканцы красавіка 2018 года, дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БелМАПА, к.м.н. Марына Цесакова свой даклад прысвяціла праблеме скаліёзу падчас цяжарнасці, адзначыўшы надзвычайную актуальнасць тэмы. Мы сабралі для нашых чытачоў найбольш важныя моманты выступлення.

Генетыка скаліёзу

Першыя звесткі пра скаліёз як паталогію пазваночніка і спробы вырашыць гэтую праблему метадамі знешніх уздзеянняў – фіксацыяй, выцяжэннем – былі апісаныя яшчэ Гіпакратам. І ўжо тады, калі пра генетыку нават не чулі, было адзначана, што скаліёз мае выразную тэндэнцыю перадавацца ў спадчыну па жаночай лініі.

«Прыкметы хваробы заўважныя ў дачкі, але прычыны варта шукаць у маці». (Гіпакрат, V ст. да н. э.)

На сёння гэты факт мае статыстычнае пацвярджэнне: на 6 дзяўчынак, якія захварэлі на скаліёз, прыпадае ўсяго 1 хлопчык.

Напрыканцы мінулага стагоддзя, правёўшы шматлікія і маштабныя даследаванні, навукоўцы пацвердзілі несуцяшальны для жанчын факт. У дзяўчынкі, народжанай ад маці з дэфармацыяй пазваночніка, рызыка ўзнікнення скаліёзу ў 20 разоў вышэйшая, чым у дзіцяці, якое нарадзілася ад маці без падобнай паталогіі. Па дадзеных расійскіх навукоўцаў, у кожнай 3-й жанчыны са скаліёзам нараджаецца дзіця з такой жа паталогіяй, прычым яе цячэнне будзе мець больш агрэсіўны характар.

Але кропка ў генетычных даследаваннях яшчэ не пастаўленая. Чаму да скаліёзу ў значнай ступені схільныя дзяўчынкі і жанчыны? Ці ёсць канкрэтныя гены, што адказваюць за развіццё дэфармацыі пазваночніка? На гэтыя і многія іншыя пытанні навукоўцам яшчэ трэба знайсці адказы.

У нашай краіне пераважанне жанчын у гэтай паталогіі вышэйшае, чым дае сусветная статыстыка: 1:8. Такія дадзеныя РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Першыя праявы (старт) захворвання прыпадаюць на перыяд актыўнага росту: з 6 да 16 гадоў. Дэфармацыі пазваночніка назіраюцца ў 55 тысяч дзяцей і падлеткаў гэтай узроставай групы.

Прыкладна ў 10 тысяч скаліёз мае актыўныя праявы, адпаведна, яны атрымліваюць лячэнне: кансерватыўнае альбо хірургічнае. Форма скаліёзу, якая прагрэсуе, адзначаная ў 5 тысяч чалавек. І ў асноўным гэта дзяўчынкі і дзяўчаты (больш за 4 тысячы), гэта значыць, патэнцыяльныя будучыя жонкі і маці. Менавіта з гэтай прычыны праблема скаліёзу мае асаблівую актуальнасць для спецыялістаў з вобласці акушэрства і гінекалогіі.

Уплыў скаліёзу на цяжарнасць

Скаліёз займае 2-е месца ў структуры захворванняў пазваночніка ў цяжарных жанчын, саступаючы першынство толькі астэахандрозу.

Між тым, для жанчын са скаліёзам цяжарнасць – сапраўднае выпрабаванне на трываласць. Бо нават здаровы пазваночнік у другой палове цяжарнасці адчувае нагрузку гіперлардозам (залішняе павелічэнне выгібаў пазваночніка, перш за ўсё ў паяснічным аддзеле, пад уздзеяннем розных фактараў), які даволі часта суправаджаецца болевымі адчуваннямі. У жанчын з паталогіяй пазваночніка ў гэты перыяд болевы сіндром асабліва выяўлены.

Акрамя таго, цяжарнасць нярэдка прыводзіць да зрыву кампенсацый, дасягнутых за час лячэння захворвання. А ўлічваючы асаблівасць скаліёзу негатыўна ўплываць на работу ўнутраных органаў грудной клеткі, брушной поласці і таза, прыводзіць да парушэнняў з боку нервовай сістэмы, працяг цяжарнасці даволі часта суправаджаецца ўскладненнямі. Так, у жанчын, якія пакутуюць ад дэфармацыі пазваночніка, часцей здараецца самаадвольнае перапыненне цяжарнасці, заўчасныя роды, анамаліі развіцця органаў у нованароджаных.

На жаль, на працягу цяжарнасці вялікая верагоднасць прагрэсавання хваробы. Расійскія навукоўцы правялі даследаванне з удзелам 355 жанчын са скаліёзам і высветлілі, што ў 10% жанчын, цяжарных першым дзіцем, вугал дэфармацыі пазваночніка за 9 месяцаў павялічваецца на 10 градусаў. А сярод жанчын, цяжарных паўторна, захворванне прагрэсуе ў кожнай 4-й.

Актуальнай праблемай з'яўляецца і тое, што скаліёз выклікае другасныя змены ў тазе жанчыны, што можа выклікаць праблемы, звязаныя з родавым працэсам.

Цяжарнасць, скаліёз і праблемы з родамі.

Акрамя таго, скаліятычная дэфармацыя 2-й і 3-й ступені цяжкасці – фактар высокай рызыкі парушэнняў матачна-плацэнтарнага крывацёку ў 3-м трыместры цяжарнасці.

Няма нічога немагчымага

Але скаліёз – не прысуд і не з'яўляецца супрацьпаказаннем для цяжарнасці. Нават у цяжкіх выпадках пры дапамозе аперацыі можна ліквідаваць не толькі праблемы знешнасці, але і ўладкаваць сваё асабістае жыццё.

Пацвярджаюць гэта лічбы, за якімі – сотні шчаслівых жанчын і ружовашчокіх малышоў.

За апошнія 20 гадоў у Беларусі былі прааперыраваныя 283 жанчыны са скаліёзам 4-й ступені цяжкасці (вугал дэфармацыі пазваночніка склаў 50-80 градусаў). З іх 228 выйшлі замуж. 156 жанчын сталі мамамі праз 3 гады пасля праведзенай аперацыі, пры гэтым у 82 роды былі натуральныя. 12 жанчын пасля аперацыі на пазваночніку нарадзілі дваіх дзяцей. Пасля хірургічнага лячэння скаліёзу адна жанчына стала шматдзетнай мамай, нарадзіўшы траіх малых.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 32

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».