Давайце я паспрабую адгадаць, пра што вы цяпер марыце? Пра марожанае! Што растае ў роце салодкім задавальненнем, падбадзёрлівым халадком разліваецца па ўсім целе.
Калі за акном спякота, марожанае ўяўляецца тым самым жаданым аазісам у гарачай пустыні. Хочацца прыпасці вуснамі да жыватворнай прахалоды і спыніць час. Але і ў дождж, калі цяпло яшчэ не выветрылася з будынкаў, яно таксама станецца чаканым ласункам.
Карысць марожанага
1. Класічнае марожанае гатуецца з сумесі натуральнага малака, вяршкоў, згушчанага ці сухога малака, сметанковага масла, цукру, вады, стабілізатараў-эмульгатараў (агар-агар, жэлацін, гуаравая камедзь і інш.) і розных смакавых ды водарных дадаткаў (какава, арэхі, разынкі, ванілін і інш.).
З улікам таго, што ў аснове малако, прысмак, па сутнасці, мае ўсе яго якасці. У порцыі марожанага – каля 100 каштоўных для арганізма рэчываў: амінакіслоты, бялкі, вугляводы, вітаміны і мінералы , а таксама важныя для метабалізму ферменты. 100 г прадукту на 15% папаўняе сутачную патрэбу чалавека ў кальцыі. Акрамя таго, марожанае – ідэальны варыянт сумясціць прыемнае з карысным, калі вы абыякава ставіцеся да малака як самастойнага напою.
Радзіма марожанага – Старажытны Кітай.
Яшчэ ў 3000 годзе да нашай эры на стол прыносілі фруктовыя сокі, змешаныя са снегам ці лёдам. У Еўропе марожанае з'явілася дзякуючы знакамітаму падарожніку XI стагоддзя Марку Пола. Вялікімі аматарамі салодкага былі Кацярына Медычы, Ганна Аўстрыйская, Напалеон Банапарт... Рэцэпты прыгатавання марожанага захоўваліся ў найвялікшым сакрэце. За выдаванне таямніцы яго прыгатавання палацавым кулінарам пагражала смяротнае пакаранне.
2. Марожанае – выдатны спосаб зняць стомленасць і пазбавіцца ад дрэннага настрою.
Сакрэт у тым, што ў ледзяным ласунку змяшчаецца амінакіслата L-трыптафан, якая ўдзельнічае ва ўтварэнні сератаніну – гармону радасці. Паступленне ў арганізм L-трыптафану станоўча ўздзейнічае на нервовую сістэму і дапамагае змагацца з бяссонніцай. Так што калі дзень выдаўся цяжкім, стомленасць і дрэнны настрой забіраюць сілы, падтрымайце сябе порцыяй марожанага – і жыццё зноў зайграе ўсімі фарбамі.
У ЗША ліпень афіцыйна абвешчаны нацыянальным месяцам марожанага.
3. Рэгулярна песціць сябе порцыяй пламбіру ці эскімо на палачцы не толькі прыемна, але і карысна для здароўя.
Калі есці марожанае правільна – не спяшаючыся, маленькімі кавалачкамі, гэта дазволіць трэніраваць мясцовы імунітэт. Танзіліты, ангіны, ларынгіты будуць вас абыходзіць. Акрамя гэтага, марожанае ў цэлым добра ўплывае на ўмацаванне імунітэту, нармалізацыю артэрыяльнага ціску, умацоўвае касцявую тканку і прадухіляе ўтварэнне камянёў у нырках. А яшчэ яно валодае лёгкім абязбольвальным эфектам. Нездарма атарыналарынголагі рэкамендуюць есці злёгку падталае марожанае пацыентам пасля выдалення міндалін: па-першае, гэта зніжае непрыемныя болевыя адчуванні ў горле; па-другое, дзякуючы сваёй кансістэнцыі салодкае не траўмуе слізістую абалонку ротаглоткі і рану.
Марожанае мае кроваспыняльныя ўласцівасці.
Напрыклад, каб прыпыніць насавы крывацёк, можна з'есці некалькі лыжак ледзянога марожанага. Нізкая тэмпература паўплывае на звужэнне сасудаў, і кроў перастане ісці.
4. Марожанае – не той прадукт, ад якога варта адмовіцца людзям, якія старанна сочаць за ўласнай вагой.
Шарбет, фруктовы лёд ці садавінна-ягаднае марожанае маюць мінімум калорый, затое задавальненне ад іх з’ядання мала з чым параўнаецца. Аддаючы перавагу класічнаму малочнаму прадукту, звяртайце ўвагу на склад: максімум натуральных інгрэдыентаў – і порцыя-другая пламбіру не пашкодзяць вашай асінай таліі.
Рэкардсменамі па з’яданні марожанага з'яўляюцца амерыканцы: ажно 15 кілаграмаў за год на чалавека!
5. Марожанае — гэта смачны і падбадзёрлівы прысмак, выдатная і карысная альтэрнатыва салодкаму, чароўны дэсерт, які выступае заключным акордам сямейнага абеду ці вячэры.
Рэцэпт марожанага
Тым, хто прызвычаіўся давяраць толькі сабе, прапануем прыгатаваць самы сапраўдны пламбір самастойна.
Інгрыдыенты:
- Вяршкі 33% – 300 г
- Цукар – 100 г
- Яечныя жаўткі – 3 шт.
- Малако – 0,5 шклянкі
Рэгуляваць салодкасць і тлустасць марожанага можна за кошт цукру, паклаўшы яго крыху больш ці менш, і малака з рознай колькасцю тлушчу.
Прыгатаванне:
Малако давесці да кіпення, астудзіць. Дадаць 3 яечныя жаўткі і цукар, змяшаць. Затым на вадзяной лазні на невялікім агні, бесперапынна памешваючы, давесці масу да стану згушчонкі і пакінуць «адпачыць».
У асобным посудзе ўзбіць вяршкі да стану ўстойлівых пікаў. Затым асцярожна дадаць іх у малочную масу, перамяшаць да аднастайнасці. Калі ўсё будзе гатовае, разліць будучы пламбір у формачкі і адправіць у лядоўню для застывання.
Марожанае – пальчыкі абліжаш!
Тым, хто не любіць лішняй валтузні на кухні, можна проста змяшаць у міксеры 0,5 шклянкі малака, 100 г натуральнага ёгурта, 50-80 г цукру, дадаць любыя свежыя ці замарожаныя ягады, разліць па формачках і — на холад. Ласунак атрымаецца – што трэба!
А што думаюць пра марожанае нашы эксперты?
⚡️ Чытай яшчэ нашы смачныя рэцэпты:
Смачныя ліманады: 10 напояў для любога надвор’я
Сапраўдны беларускі халаднік. Класічны рэцэпт
Рулет з лаваша з начыннем. Пакрокавы рэцэпт