Site icon Слушна

Слойкі з карыцай. Пакрокавы рэцэпт

Слойкі

Слойкі з карыцай — хрумсткая салодкая выпечка з непаўторным водарам. Гэты пачастунак стане лепшым варыянтам для падачы да гарачай какавы ці капучына. Апетытныя слойкі ацэняць усе каваманы і ласуны за вашым сталом. Пачастунак можна дапоўніць рэзкай ваніллю, цукровай пудрай ці горкім цёртым шакаладам.

Рэцэпт слоенага цеста вельмі просты, і атрымаецца ў кожнага. Калі няма часу, то можна набыць цеста ў краме, але хатняе цеста атрымліваецца далікатным і смачным. Слойкі з карыцай па восеньскім рэцэпце нададуць вам атмасферу ў хаце і не пакінуць абыякавымі вашых блізкіх.

Інгрэдыенты

Прыкладна на 9-12 слоек

Цеста:

  • Сухія дрожджы 5 гр.
  • Малако 150 мл.
  • Цукар 2-3 ст.л.
  • Мука пшанічная 280 г + 2-3 ст.л.
  • Яйкі 1 шт
  • Сланечнікавы алей (можна аліўкавы) 35 мл.

Начынне:

  • Цукар 60 гр.
  • Молатая карыца 10 гр.
  • Сметанковы алей або маргарын 30-60 гр. (для змазвання выпечкі)
  • Жаўток 1 шт. (для змазвання выпечкі)

Спосаб прыгатавання

Гатуем рошчыну. Для гэтага падаграваем у мікрахвалеўцы малако, каб яно было цёплае.

Змешваем дрожджы з цёплым малаком, дадаем 2-3 ст.л. цукру і 2,5 лыжкі мукі.

Пакрываем плёнкай, і ставім у цёплае месца на 15 хвілін. Можна паставіць побач з плітой.

Дастаём наша цеста, якое ўжо паднялася. І дадаем яйка, сланечнікавы алей, муку і змешваем.

Накрываем плёнкай, і ставім у цёплае месца яшчэ на 1 гадзіну, каб цеста паднялося.

Праз гадзіну дастаем цеста і раскочваем тонка. Перад тым, як раскочваць, пасыпаем стол мукой.

Разразаем цеста на роўныя квадраты. З такой колькасці інгрэдыентаў атрымаецца прыкладна 9-12 слоек.

Гатуем начынне. Змешваем карыцу з цукрам у талерцы.

Разаграваем сметанковы алей у мікрахвалеўцы, альбо загадзя яго дастаем. Змазваем кожны кавалачак цеста.

Зверху сметанковага масла пасыпаем цеста начыннем з карыцы.

Для таго, каб у нас атрымалася сэрца, робім наступнае.

Спачатку скручваем цеста ў трубачку, прыціскаем пальцамі канец. Затым злучаем канцы трубачкі і прыціскаем. Нажом разразаем да сярэдзіны, як на малюнку і разгортваем вушкі.

Кладзём на засланую пергаментам бдяху нашы слойкі.

Узбіваем відэльцам жаўток і змазваем кожную слойку.

Адпраўляем у разагрэтую да 180 градусаў духоўку на 15-20 хвілін у залежнасці ад духоўкі.

Дастаём, даем астыць і атрымліваем асалоду ад смаку. Можна яшчэ пасыпаць цукровай пудрай.

Вельмі смачна і па-восеньску!

Пясочны пірог з тварагом і грушамі. Пакрокавы рэцэпт

Exit mobile version