Site icon Слушна

Слушныя парады грыбнікам

3 кастрычніка - Дзень грыбніка. Калі чый сезон? Як шукаць, каб знайсці? Як адрозніць ядомы грыб ад неядомага? У беларускіх лясах каля сямі тысяч відаў грыбоў. Сезон ціхага палявання ў нашай краіне пачынаецца з надыходам цяпла ў красавіку і працягваецца аж да халоднага снежня.

Мы сабралі некалькі слушных падказак, якія дапамогуць пачаткоўцу і сістэматызуюць веды бывалага грыбніка.

Калі чый сезон?

Смоўжы

Смаржкі

Першымі ў красавіку на святло з'яўляюцца смаржкі. Адрозніць іх нескладана: назва кажа сама за сябе. Акрамя таго, выдае капялюшык яйцападобнай формы. Грыб ядомы, але варта памятаць, што ў сырым выглядзе смаржкі ўтрымліваюць яд, які растварае эрытрацыты ў нашай крыві. Вырашыць дадзеную праблему дапаможа тэрмічная апрацоўка.

Наступны этап грыбнога сезону прыпадае на травень–чэрвень. У гэты час у лесе ўжо можна сустрэць знаёмыя нам сыраежкі, масляты, махавікі і нават баравікі. Аднак адшукаць іх няпроста, пакуль недастаткова цёпла. Бліжэй да канца чэрвеня, пасля таго як адцвітаюць ландышы, прыйдзе пара лісічак.

Белыя грыбы

Лісічкі

Падбярозавікі

У ліпені пачынаюць трапляцца маслякі, падбярозавікі, падасінавікі і белыя грыбы. Пад канец ліпеня можна сустрэць практычна ўсіх прадстаўнікоў царства, але не так шмат.

Рыжыкі

Сапраўдны пік прыпадае на жнівень, калі добра прагрэлася зямля і як след разраслася грыбніца. Ціхіх паляўнічых ўжо чакае багаты здабытак. Акрамя ранейшых відаў з’яўляюцца рыжыкі і ваўнянкі.

Кошык трафеяў у верасні залежыць ад тэмпературы паветра. У гэтым месяцы таксама з'яўляюцца апенькі і вешанкі, якія можна збіраць да самых халадоў.

Як шукаць, каб знайсці?

Па-першае, з'яўленне тых або іншых грыбоў паддаецца логіцы. Чым цяплей на вуліцы, тым больш грыбоў, якія растуць у нізінах; чым халадней, тым яны «падымаюцца» вышэй.

Па-другое, ёсць грыбы-адзіночкі, ёсць грыбы-радзіны. Да апошніх належаць лісічкі, баравікі, казлякі ды інш.

Па-трэцяе, лепш за ўсё, збіраючыся ў лес, кіраваць у знаёмыя мясціны. Калі такіх няма, варта прыгледзецца да наваколля. Грыбы часцей за ўсё будуць расці ў моху, на цвёрдых паверхнях зямлі, уздоўж лясных сцежак. У ягадніку іх хутчэй за ўсё не будзе. Дарэчы, найбольш грыбнымі у нашай краіне лічацца лясы Мінскай і Віцебскай вобласці.

Як адрозніць ядомы грыб ад неядомага?

Лісічкі і ілжывыя лісічкі

Некаторыя з ядомых грыбоў маюць сваіх атрутных двайнікоў. Пры гэтым расці яны могуць зусім побач, як, напрыклад, ілжывыя лісічкі. Падазрэнне можа выклікаць і занадта прыгожы, яркі колер, як у выпадку з мухаморам.

Яшчэ адной прыкметай атрутнага грыба часта з'яўляецца так званая “спаднічка”. Апошняе правіла не працуе з апенькамі, у іх выпадку спаднічка сведчыць пра тое, што грыб ядомы.

Акрамя таго, у 21-м стагоддзі не варта грэбаваць сучаснымі мабільнымі дадаткамі, здольнымі за хвіліны вызначыць, які прадстаўнік царства грыбоў перад вамі. Пры гэтым нельга забываць пра правіла “давярай, ды правярай”.

Найлепшым дапаможнікам, вядома, з'яўляецца дасведчаны грыбнік побач і веданне грыбоў «у твар». Аднак нават гэтыя акалічнасці не заўсёды працуюць. Таму пры ўзнікненні нават маленькага сумневу лепш пакінуць трафей у лесе.

І яшчэ. Выпраўляючыся на ціхае паляванне, не забывайцеся, што наведваць лес варта ў вопратцы, якая цалкам закрывае цела. Па вяртанні неабходна пільна агледзець сябе і спадарожніка. У падарожжы не пашкодзіць наяўнасць свістка і добра зараджанага тэлефона.

Таксама чытайце па тэме: 

Першыя грыбы: карысць і шкода, небяспека для арганізма

Што шукаць у лесе? 15 відаў грыбоў, якія можна есці людзям

Як прыгатаваць сметанковы суп з грыбамі? Пакрокавы рэцэпт

Exit mobile version