31.03.2019
31.03.2019

Смех без прычыны – здароўю на карысць

logo
Думкі ўслых
0 45
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ведаю-ведаю, што працяг у гэтага выслоўя зусім іншы! Сама не раз карысталася ім у дзяцінстве. Але ж з гадамі мяняецца ўспрыманне многага. Зараз у трэндзе менавіта гэтае. А паколькі заўтра ў нас з вамі 1 красавіка – Дзень смеху (іншую назву таксама ўжываць тут не буду)... Дык самы час прыгадаць пра карысць смеху для здароўя і... пасмяяцца ўволю!

Але напачатку – крыху пра 1 красавіка розных гадоў. Цікава, а як часта вас разыгрываюць у гэты дзень? Ад традыцыйнага «У цябе ўся спіна белая!» да «Ідзі хутчэй, цябе начальнік выклікае!»?! Асабіста ў мяне гэта здараецца ўсё радзей і радзей. Хаця сама люблю жарты. Толькі бяскрыўдныя, а не злосныя.

Эх, якія раней мы рабілі тэматычныя выпускі раённай газеты, калі я там яшчэ працавала! Прыдумвалі ўсякія небыліцы (завадатарам звычайна быў мой брат-журналіст). Ад будаўніцтва італьянцамі макароннай фабрыкі на Чэрвеньшчыне да вырошчвання кітайцамі рысу на заліўных лугах ля нашай вёскі Іванічы!

Маўляў, замежнікі набіраюць работнікаў. І пазначалі рэдакцыйны нумар тэлефона. І былі ж званкі, былі! Весялілася ўся рэдакцыя! Ну як у такое можна было паверыць 15-20 гадоў таму?!

Да гэтага часу прыгадваю і ўласны жарт у газеце. Сярод аб’яў далі гэтую: «Прадаецца карова, крыху б/к (былая ў карыстанні)». І што вы думаеце?! Таксама знайшліся ахвотныя набыць такую жывёліну!

Што ж датычыцца карысці ад смеху для здароўя, дык у народзе здаўна існуе меркаванне: 15 секунд «ха-ха-ха» ўслых працягваюць жыццё на 5 хвілін. Праўда, даследаванняў, якія гэта пацвярджаюць, асабіста я штосьці не сустракала. Але вучоныя цвёрда ўпэўнены, што смех карысны пры многіх захворваннях.

Бывае, для хворых і не толькі спецыяльна арганізуюць вясёлыя хвілінкі! Так, у Японіі, напрыклад, праводзяць сеансы смехатэрапіі ў туберкулёзных бальніцах. Смех дапамагае ў лячэнні астмы і бранхітаў. Ён палягчае дыханне пры запаленчых працэсах. Бо падчас смеху паветра вырываецца з лёгкіх з хуткасцю... 100 км/г!

Таксама паляпшаецца вентыляцыя лёгкіх, а ў сасудах назапашваецца вуглякіслы газ, які паніжае артэрыяльны ціск. І нават узровень цукру ў крыві пры смеху падымаецца павольней і ў дыябетыкаў, і ў здаровых людзей.

Калі вашы супрацоўнікі, асабліва занятыя творчай дзейнасцю, часта і гучна смяюцца ў кабінеце, не спяшайцеся рабіць ім заўвагу! Бо яны не толькі тым самым працягваюць сабе жыццё, але і прыносяць карысць фірме ці прадпрыемству, арганізацыі. Бо, аказваецца, смех павышае творчыя здольнасці і ўменне рашаць самыя разнастайныя задачы!

Вучоныя ўпэўненыя, што да трохмесячнага ўзросту дзеці ўвогуле не ўмеюць смяяцца. Хаця многія мамы яшчэ на першых днях жыцця немаўляці захапляюцца: «Ой, ён мне ўсміхаецца!» Затое дзіця ва ўзросце 6 гадоў смяецца практычна да 300 разоў на дзень! А дарослыя, у сярэднім, усміхаюцца і смяюцца ўсяго 15 разоў у суткі. Хаця, вядома ж, і тут усё вельмі індывідуальна...

Калі вы – афіцыянт і, нягледзячы на цяжкасці прафесіі, умееце шчыра ўсміхацца наведвальнікам на працягу ўсёй змены, дык, па сцвярджэнні даследчыкаў, і чаявых будзеце атрымліваць у паўтара разы больш за сваіх хмурных калег!

Ды і проста прыемна глядзець на прыветных усмешлівых людзей, а таксама звяртацца да іх па дапамогу. Паводле даследаванняў, самыя ўсмешлівыя мужчыны і жанчыны жывуць у Бразіліі і на Кубе, а самыя хмурныя – у краінах Скандынавіі.

Так што калі нагод для радасці вакол нас усё ж малавата, адна ўжо знайшлася: Дзень смеху заўтра! Усім – прыемных (!!!), сапраўды смешных, а не злых розыгрышаў. Усміхайцеся, спадары і спадарыні, усміхайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 45

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".