Мяне завуць Эля. У мяне чорныя валасы, кірпаты нос і вялікія сінія вочы. Відаць, для таго, каб я прыкмячала ўсё, што робіцца навокал. Бо разглядаць і пераказваць убачанае – мой любімы занятак. Нават калі вы не паверыце маёй гісторыі, ведайце: я ўсё на свае вочы бачыла. Сёлета. Вось слухайце.
Бягу па сцяжынцы з гары да возера. Бачу, а на ўзбочыне сцяжынкі – смоўжык. Прысела, углядаюся… Вось дзіва! Адным рожкам травінку прыгнуў, а другім, даўжэйшым, раз-пораз яе торгае. Цікава, што ён робіць? Вось бы запытацца!
Але ж я такая вялікая, а смоўжык такі маленькі. Трэба хуценька нешта прыдумаць!
І тут я згадала адзін мудрагелісты спосаб: загадаць жаданне і хутка-хутка крутануцца на адной ножцы. Трэба праверыць!
«Хачу стаць зусім маленькай!» – зажмурыўшыся, пажадала я.
Круць!
Аёй! Атрымалася! Атрымалася… Стаю мале-е-енечкая сярод высачэзных сцяблоў травы як на ўскрайку травянога лесу. І смоўжык нібы падрос.
Нішто сабе прыгода!
Я ледзь дыхаю. У галаве ўсё яшчэ круціцца. А смоўжык на мяне – нуль увагі. Ён сваім заняты: торгае сабе травінку. Раптам я чую пяшчотны гук.
Ды ён жа іграе!
– Здароў!
Не чуе!
– Дзень добры!
Смоўжык нават вухам не вядзе. Нібы я тут адвеку стаю і слухаю.
Хвіліны дзве я маўчу, як вады ў рот набраўшы. Гэта вельмі доўга, калі адбываецца такое! Пасля зноў падаю голас:
– А што ты робіш?
– Хіба не бачыш? На скрыпачцы граю. Да канцэрта рыхтуюся, – кінуў смоўжык.
– А чаму пасярод дарогі?
– Натхненне ў мяне, – летуценна патлумачыў ён. – І скрыпачка цудоўная трапілася. Не кожная травінка падыходзіць на скрыпачку. Чуеш, які чысты гук?
Смоўжык зноў павёў рожкам па травінцы і ад асалоды прымружыў вочы.
Праўда, прыгожа. Я цярпліва слухаю, хоць мне вельмі карціць яшчэ штосьці запытацца. Музыка скончыў іграць, але вочы не адплюшчыў, ловячы апошні гук, што трымціць на травінцы.
– А чаму ты не іграеш на сапраўднай скрыпачцы? – цікаўлюся я.
Смоўжык урэшце расплюшчыў вочы, выпусціў травінку і пільна глянуў на мяне.
– Дык я пакінуў скрыпачку за сцэнай. У футаралчыку, каб ні дождж не змачыў, ні раса. Муха-касірка абяцала за інструментам прыгледзець. Учора рэпетыцыя ў канцэртнай зале зацягнулася. Так стаміўся, ледзьве смык трымаў. А канцэртны фрак конікі толькі сёння скончылі шыць. Давялося бегчы забіраць. Нават не прымерыў яшчэ.
«А мой ты cмоўжык, – падумалася мне, – каб толькі на канцэрт не спазніўся, бегаючы».
*Смаўжоў лічаць марудамі, бо рухаюцца яны з хуткасцю прыкладна 7 сантыметраў за хвіліну!
– Дык табе конікі фрак да канцэрта шыюць? А я думала, гэтым павучкі займаюцца, – дапытвалася я.
– Павучкі гэтым разам дах над канцэртнай залай ткуць. Стракозы дождж абяцалі. У мінулы раз не паслухалі іх, дык прамоклі ўсе да ніткі. Акрамя мяне, вядома. Я ў хатцы сваёй схаваўся.
– А конікі самі не выступаюць?
– Што ты! Які канцэрт без іхніх цымбалаў? У іх двайная нагрузка: і да канцэрта рыхтавацца, і гарнітуры ўсім музыкам справіць.
– А квіткі на канцэрт прадаюцца? – мне рупіла даведацца як мага больш.
– Прадаваліся, — удакладніў смоўжык. — Раскупілі ўжо.
А мне так захацелася на той канцэрт трапіць!
– Як шкада! Можа, бываюць дадатковыя квіткі?
– Бач, спахапілася! Дзе ты раней была? Афішы ўжо колькі дзён вісяць, – важна адказаў Смоўжык.
– Што ж рабіць?
– А што ўжо зробіш? Адзінае выйсце – наводдаль ад залы ўладкоўвайся і слухай. Так уся жамяра безбілетная робіць. Я граю вельмі моцна. Уся ваколіца чуе! Бо цябе нават за кулісы не пусцяць. Там камар на варце стаіць, пільнуе. Ён такі грозны! Нос як шабля!
– Дык камар не выступае?
– Ха! У камароў цэлы хор! Ёсць каго і на варту паставіць.
І праўда! Вунь колькі іх таўчэцца! Якраз іхняе зудзенне я штовечар слухаю.
– Калі ж пачнецца канцэрт?
– Ды якраз на захадзе сонца.
Я пераступаю з нагі на нагу, перажываючы, што не патраплю на канцэрт. А смоўжык на хвілінку знік у сваім доміку і выбраўся з яго ўжо з клуначкам.
– Ну і дзе мне цяпер прымерыцца? – разгублена агледзеўся ён. – Дзе люстэрка браць? Расінкі даўно высахлі, у іх не паглядзішся. Азёрнае люстэрка далекавааааааааааата… – скрушліва ўздыхнуў смоўжык. – Цэлую гадзіну ў адзін бок паўзці.
Смоўжык засмуціўся. Я дастала з кішэнькі сваёй спадніцы люстэрка, якое, дарэчы, паменшылася разам са мной. Люблю пускаць сонечных зайчыкаў, таму і нашу яго заўсёды з сабою.
Смоўжык недаверліва зірнуў на маё люстэрка.
– Дык яно зусім маленечкае. Што ў ім пабачыш?
– Давай я буду трымаць люстэрка, каб ты змог сябе агледзець. І падкажу, калі фрак дрэнна сядзе, — прапанавала я.
– І праўда, – павесялеў смоўжык.
Я дапамагла яму апрануць строгі чорны фрак і завязаць сіні шнурочак на шыю. Смоўжык задаволена агледзеў сябе ў люстэрку.
– Ну як? — спытаўся. — У плячах не завузка?
– Ды не, наадварот! Выдатны фрак! Ты адразу стаў такі самавіты!
Смоўжык усміхнуўся і глянуў на сонца.
– А-ёй! Як забавіўся! Мне яшчэ паабедаць трэба і паспаць хаця б паўгадзінкі, каб на канцэрце не дзюбаць носам.
Заклапочаны смоўжык пацягнуўся рожкамі ў той бок, куды збіраўся, але прыпыніўся.
– Дзякуй за дапамогу. Ведаеш, застаўся ў мяне адзін запрашальнік. Думаў аддаць знаёмаму мурашу, ды ўжо не паспею. Толькі абавязкова трэба ў касе адзначыцца, што прыйдзеш. Ахвотных многа, квіткоў не хапае. Нядобра, калі месца ў глядзельнай зале будзе пуставаць, а які-небудзь аматар музыкі на канцэрт не патрапіць.
Смоўжык падаў мне жоўты пялёстак кветачкі, на якой нешта было накрэмзана зусім малюпусенькімі значкамі. Я паднесла пялёстак бліжэй да вачэй, пільна паўглядалася… Нічога не разабрала!
– Смоўжык! – паклікала я. – А дзе канцэртная зала?
– Бяжы да возера. Там пабачыш. Шчасліва!
І смоўжык павооольненька пакіраваўся туды, дзе мог паесці і падрамаць. А я — бягом да возера.
Ого! Гэта раней да возера было рукой падаць – дастаткова з гары скаціцца. А цяпер я малееенькая. Да возера далёёёка. Трэба спяшацца. Хутчэй! Яшчэ хутчэй!
Зусім задыхалася, пакуль дабегла.
Трошкі ўбаку ад сцяжынкі, што цяпер здавалася вялізнай і шырокай дарогай, над вялікім пляскатым каменем снавалі павучкі, ладзячы навес. «Гэта і ёсць глядзельная зала», – здагадалася я. Побач у шапіку з лістоў трыпутніку сядзела вялікая расфуфыраная муха. Крылы бліскучыя, вочы зялёныя.
Ведаю я такіх: асобы надакучлівыя і нахабныя! Толькі выбяжыш на двор з нечым смачненькім, муха дакладна той момант падпільнуе! Адабраць не адбярэ, але абліжа твой ласунак! Ды яшчэ нагамі па ім патопчыцца. Фі! Непрыемна!
Зорны карагод над возерам (казка)
«Гэта ж яна і ёсць за касірку», – згадала я смоўжыкавы словы і пачціва звярнулася да важнай мухі.
– Скажыце, я магу ў вас адзначыць запрашальнік?
– Ад каго ты яго атрымала? — зацікавілася муха.
– Ад вашага музыкі, скрыпача смоўжыка.
– А! Гэта яго скрыпачку я цэлы дзень вымушана сцерагчы? Ну-ну, давай свой запрашальнік.
Муха шмарганула лапкай па лісточку. Драпінак і значкоў на пялёстку прыбавілася.
– А які ў мяне рад і месца? – наважылася пацікавіцца я.
– Запрашальнікі ў першы рад выдаюцца, – незадаволена адказала муха. – І дарэмна! Запрошаныя не заўсёды на канцэрт спяшаюцца. Затое тыя, хто набыў квіток у касе, нізавошта не прапусцяць канцэрт.
Муха страціла да мяне цікавасць і павярнулася да павучкоў:
– Ну? Доўга вы з гэтым навесам валэндацца будзеце? Я перакусіць яшчэ хачу. А тут сядзі, вас пільнуй.
Самы вялікі павук так строга зіркнуў на муху, што тая хуценька адсунулася ў цянёк і зрабіла выгляд, што яе там няма.
Мне таксама захацелася перакусіць перад канцэртам. Я торкнула запрашальнік у кішэньку і кінулася бегчы ўгару па сцяжынцы. Толькі нешта змарылася хутка і перайшла на крок.
Брыду-брыду па шырачэзнай і даўжэзнай сцяжынцы, ды яшчэ пад гару… Гэтак да заходу сонца зайсці ў хату не паспею. Ажно згадала, што трэба зноў на ножцы крутануцца (толькі цяпер у адваротны бок).
– УХ!
Трава імгненна зноў стала малюсенькай і танюсенькай, а я – вялікай. Мне зноў трэба нахінацца, каб разгледзець якую кузурку. І сцяжынка зноў звыклая, вузенькая. Усяго колькі крокаў, і я ўжо дома.
Паела блінцоў з сочывам. Малаком запіла. Нешта не наелася. Адкроіла кавалак пірага з яблыкамі. З’ела. Яшчэ нечага хочацца. Выцягнула з шуфляды шакаладку і з’ела. З лядоўні дастала марозіва і з асалодай апляла. Цяпер, здаецца, наелася. Ногі, рукі, вочы, вушы старанна вымыла. Па-новаму ўчасалася. Вызірнула на двор. Ну, што? Здаецца, час ужо! Сонца вось-вось краёчкам возера зачэпіць. Зноў да возера бягом! Ага! Гэта ж мне на ножцы крутануцца трэба!
– Круць!
Вось табе і маеш! Не падзейнічала!..
Ізноў крруць!..
І яшчэ раз кррруць…
Як была вялікай, так і засталася…
Так, спакойна! Мо, словы чароўныя дабавіць?
– Крыбле-крабле-бумс!
– Энікі-бэнікі!
– Сніпс-снапс-снурэ!
– Курлы-мурлы-плясь! – вось гэта я толькі што сама прыдумала.
…Аніякага выніку!
Аёй! Аёечкі! Што рабіць? І так і гэтак я круцілася, ажно ўсё замітусілася перад вачыма.
Мо, не варта было вячэраць?
Гукі вячэрняга наваколля так вабілі! Пэўна, музыкі інструмент настройвалі. Як жа мне ў канцэртную залу патрапіць? Смоўжык запрашальнік падарыў… Эх! Выходзіць, я падвяла яго. Будзе ў першым радзе крэсла пуставаць, а мог жа мураш на канцэрт трапіць.
«А калі ўсё ж пайсці? – схамянулася я. – Мой квіток ляжыць у кішэньцы! Дакладней, ляжаў. А дзе ён цяпер?» Шукала-шукала, выварочвала кішэньку – дарэмна! Згубіла! Я прысела на кукішкі і давай травінкі перабіраць. Не знайшла, вядома. Але ён у мяне быў? Быў! Муха-касірка яго адзначыла? Адзначыла!
Пайду! – вырашыла я.
Ды нездарма смоўжык казаў, што камар безбілетнікаў не пускае на канцэрт. Ледзьве зрабіла колькі крокаў да возера, як падляцеў ён – строгі ахоўнік.
– З-з-з-з-зм! – нудотна прапішчэў камар над маім вухам. Пэўна, пра квіток пытаўся.
– Вельмішаноўны спадар камар! Квіток у мяне быў. Запрашальнік у першы рад ад скрыпача Смоўжыка. Касірка Муха яго адзначыла.
– З-з-з-з-зм? – зноў завёў сваё камар.
– Згубіўся мой запрашальнік, – прызналася я.
На жаль, ніхто і нідзе не зважае на згубленыя квіткі. Ні на чыгунцы, ні ў кіно, ні ў музеі, а правілы наконт безбілетнікаў усюды строгія! Камар настойліва зумкнуў некуды ўбок, і я апынулася ў атачэнні цэлай хмары гэтых крыважэрных стварэнняў. Не ведаю, як каму, а мне заўсёды трапляюцца такія злосныя камары: абавязкова пакусаюць. Хоць галінкай адбівайся, хоць цэлым дрэвам бараніся!
Камары нацэлілі на мяне вострыя як іголкі насы і загулі так пагрозліва, што я мусіла развярнуцца і даць драла далей ад возера.
Адэльчын кулінарны талент (казка)
Давялося мне здаля канцэрт слухаць. Уцякаючы, я заўважыла каля сцяжынкі сваё люстэрка. Яно, як і я, зноў было звычайнага памеру.
Уладкаваўшыся на ганку сваёй хаты, я пільна ўслухоўвалася ў вячэрні канцэрт жамяры, што спявала ды іграла каля возера. Мне здавалася, што сярод усіх гукаў я вылучаю скрыпачку.
Смоўжык жа казаў, што грае так прыгожа і моцна, што ўся ваколіца слухае!