«Мой блізкі чалавек курыць соль. Ужывае прыкладна раз у 2 тыдні. Рэшткі я адразу ж выкідваю. Паводзіць сябе адэкватна, усё разумее. Якія могуць быць наступствы і як мне дзейнічаць?» Адразу некалькі лістоў з падобным зместам прыйшлі да нас у рэдакцыю ад людзей, якія сутыкнуліся з праблемай у сваёй сям'і.
Што рабіць, калі вы даведаліся, што хтосьці ў сям'і ўжывае «солі»? Ці ёсць спецыфіка ў «солевай» наркаманіі? Ці можна не раздзімаць з мухі слана, калі чалавек сацыяльна актыўны і на першы погляд вядзе звычайнае жыццё?
Карэспандэнт «Слушна» запыталася пра гэта ў Максіма Пылёва, нашага пастаяннага эксперта, практыкуючага псіхолага, гештальт-кансультанта, групавога псіхатэрапеўта, праграмнага кіраўніка рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс».
Ці можна верыць на слова наркаману? Вопыт паказвае – не
Больш за 80% реабілітантаў у «Феніксе» з тых, хто ўжываў солі і спайсы (амаль заўсёды гэта адбываецца «ў звязцы»). Можна меркаваць, што прыкладна такая ж сітуацыя назіраецца і ў цэлым па краіне, паколькі гэтыя два рэчывы – тое, што рэальна можа здабыць наркаман у Беларусі. І хаця здаецца, што самы страшны наркотык, з якім амаль немагчыма завязаць, – гэта гераін, солі і спайсы могуць стаць сапраўдным праклёнам для таго, хто звязаўся з імі.
Як заўважыць, што блізкі ўжывае «соль»?
Насцярожыць павінна тое, што празмерна, неўласціва ў самых звычайных бытавых рэчах.
- Вельмі моцны апетыт на працягу некалькіх дзён ці, наадварот, нежаданне дакранацца да ежы;
- павышаная дрымотнасць (некалькі дзён спіць), якая чаргуецца з перыядамі моцнага ўзбуджэння і актыўнасці, амаль поўнай адсутнасці сну;
- сляды ўколаў альбо нейкія прадметы для курэння, назальнага ўжывання (скручаныя трубачкі, купюры, шкляныя слоічкі, піпеткі);
- рэзкія скокі настрою, а таксама незвычайныя эмацыянальныя рэакцыі. Да прыкладу, моцны гнеў з нагоды малаважнага эпізоду і поўная абыякавасць да сітуацый, якія прадугледжваюць эмацыянальны ўсплёск;
- празмерная трывожнасць – дакучлівыя думкі пра тое, што нехта праследуе, сочыць, прыйдзе, забярэ;
- частыя «пазаштатныя» сітуацыі – раптам стала неабходна часта затрымлівацца на працы па вечарах, пастаянна сталі здарацца нейкія форс-мажоры, якія патрабуюць ад'езду;
- начныя выхады пагуляць;
- прапажа грошай або рэчаў.
Што рабіць, калі вы жывяце ў доме з «солевым» наркаманам?
- Паспрабаваць пагаварыць і растлумачыць сітуацыю.
- Не хаваць праблему.
- Пры немагчымасці дастукацца, засцерагчы сябе ад стасункаў.
Асаблівасці лячэння «солевых» наркаманаў
Падыход да рэабілітацыі «солевых» наркаманаў асаблівы.
- Псіхалагічнае ўмяшанне нярэдка падмацоўваецца прыёмам лекавых сродкаў. Часцей за ўсё гэта антыдэпрэсанты і нейралептыкі.
- Неабходнасць больш працяглага перыяду рэабілітацыі. Калі ў алказалежных ён складае 3 месяцы, а «звычайных» нарказалежных – паўгода, дык для пазбаўлення ад вельмі моцнай псіхалагічнай прывязкі пасля ўжывання «соляў» рэабілітацыя павінна займаць не менш за год.
Нягледзячы на «бяскрыўдную» назву, соль – небяспечны сінтэтычны наркотык, наступствы ўздзеяння якога на арганізм непрадказальныя. Не варта верыць казкам наркамана пра тое, што ўсё пад кантролем. Самы верны спосаб выратаваць блізкага чалавека – не хаваць праблему і паспрабаваць пераканаць звярнуцца да спецыяліста.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by