Пад назвай «лішай» схавана шмат розных скурных захворванняў, асноўная адметная рыса якіх – з'яўленне плямаў, якія лушчацца. Пра адну разнавіднасць гэтай хваробы (ружовы лішай) мы пісалі ўжо ў нашым матэрыяле. На гэты раз гаворка пойдзе пра рознакаляровы (альбо вотруб'епадобны) лішай.
Сваю назву захворванне атрымала шмат у чым з-за свайго знешняга выгляду – на скуры з'яўляюцца высыпанні розных адценняў: ружовыя, белыя альбо карычневыя. Паверхня бляшак пакрытая дробнымі светлымі сухімі лускавінкамі, якія пры іх пашкоджанні (напрыклад, пры расчэсванні) пачынаюць лушчыцца.
Аб прычынах з'яўлення хваробы, сімптомах, дыягностыцы і лячэнні рознакаляровага лішая журналісту Слушна распавяла ўрач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.
Прычыны рознакаляровага лішая
Рознакаляровы лішай – інфекцыйнае грыбковае захворванне верхняга слоя скуры, якое выяўляецца карычнявата-ружовымі плямамі без запаленняў. Узбуджальнікам захворвання з'яўляецца дрожджападобны грыб Pityrosporumorbiculare альбо Malassezia furfur і М.globosa, які ў большасці людзей з'яўляецца прадстаўніком звычайнай мікрафлоры.
Распаўсюджанасць захворвання вышэйшая ў краінах з гарачым кліматам (дасягае 50%) і ніжэйшая ў краінах з халодным кліматам (да 1,1%). Ён «жыве» ў лускавінках рагавога слоя эпідэрмісу і ў валасяных фалікулах. Часцей за ўсё абвастраецца захворванне ў гарачы летні перыяд.
Найбольш схільныя да яго людзі ў маладым і крыху больш старэйшым узросце (прыкладна ад 16 да 40 гадоў), тады як у дзяцей (асабліва да 7 гадоў) і людзей сталых рознакаляровы лішай сустракаецца рэдка.
Нягледзячы на тое, што рознакаляровы лішай практычна не заразны, перадача ўзбуджальніка ад чалавека да чалавека магчымая. Напрыклад, пры цесным кантакце, а таксама пры нашэнні чужой вопраткі або выкарыстанні асабістых рэчаў (напрыклад, ручніка) хворага чалавека.
З'яўленню рознакаляровага лішая могуць спрыяць павышаная патлівасць (напрыклад, з-за спякоты ці падчас фізічнай нагрузкі), змена хімічных складаў поту і скурнага сала, себарэя, гарманальны дысбаланс (цяжарнасць, цукровы дыябет), саматычныя захворванні (сухоты, анкалагічныя захворванні), імунадэфіцытныя і імунасупрэсіўныя станы, невыкананне правілаў гігіены, зніжэнне функцыі фізіялагічнага аблушчвання скуры, спадчынная схільнасць. Інкубацыйны перыяд можа доўжыцца ад 14 дзён да 2 месяцаў.
Як вызначыць, што з'явіўся рознакаляровы лішай?
На пашкоджаных участках скуры ўтвараюцца жаўтлява-карычневыя або ружова-карычняватыя плямы. Паступова яны павялічваюцца ў памерах, могуць злівацца паміж сабой, займаючы ўсе вялікія ўчасткі скуры і фарміруючы ачагі розных памераў з дакладнымі межамі. З часам плямы набываюць цемнавата-бурую афарбоўку, але колер можа вар'іраваць ад амаль белага да жоўта-карычневага.
Самыя «ўпадабаныя» месцы захворвання – скура шыі, плячэй, грудзей, жывата, падпашная вобласць, бакавыя паверхні тулава. Выпадкі высыпанняў на сцёгнах, палавых органах і валасістай частцы галавы – рэдкія.
Спецыяліст дадала таксама, што калоніі грыба могуць фільтраваць ультрафіялет і перашкаджаць натуральнаму загару, пакідаючы пасля сябе плямы белага колеру (псеўдалейкадэрма). Гэта звязана з тым, што грыбок не дае выпрацавацца меланіну, які афарбоўвае нашу скуру пасля загару, таму ў месцах, дзе былі размешчаныя высыпанні, скура застаецца светлай.
Пастаноўка дыягназу
Дыягностыка захворвання ў большасці выпадкаў не выклікае цяжкасцяў. Як правіла, рознакаляровы лішай мае характэрную клінічную карціну. Разам з тым, калі хвароба дыягнаставаная, пажадана абследаваць на наяўнасць захворвання ўсіх сямейнікаў.
Калі дыягназ выклікае ва ўрача сумнеў, ён можа прызначыць дадатковыя даследаванні:
- ёдавая проба Бальцэра (пашкоджаную скуру апрацоўваюць ёднай настойкай, якую хутка ўсмоктвае разрыхлены грыбам рагавы слой, у выніку плямы набываюць цёмна-карычневае адценне);
- мікраскапічнае даследаванне (выяўленне элементаў грыба на месцы высыпання);
- агляд пад люмінесцэнтнай лямпай Вуда, захворванне выяўляецца жоўта-аранжавым свячэннем (неабходна для выяўлення нябачных воку высыпанняў – клінічна схаваных ачагоў пашкоджання).
Што ўключае тэрапія захворвання?
Самае галоўнае ў лячэнні рознакаляровага лішая – захаванне гігіены. Пот і назапашаны бруд – выдатнае асяроддзе для размнажэння грыбка. Каб пазбегнуць празмернай патлівасці, неабходна выбіраць вопратку па надвор'і і сезону, аддаваць перавагу натуральным тканінам. Прымаць ванну альбо душ (але не гарачы, бо высокая тэмпература вады можа справакаваць сверб) пры рознакаляровым лішаі можна, але лепей не выкарыстоўваць мыла. Старую мачалку варта выкінуць.
Лечаць рознакаляровы лішай супрацьгрыбковымі прэпаратамі. Яны могуць быць у выглядзе мазяў, ласьёнаў альбо раствораў, таблетак. У складзе гэтых лекавых сродкаў часцей за ўсё ёсць саліцылава-рэзарцынавы спірт і ёд, флуканазол альбо ітраканазол. Пасля завяршэння тэрапіі ніякіх слядоў на скуры не застаецца.
Што рабіць, каб не захварэць?
Прафілактыка рознакаляровага лішая шмат у чым выцякае з прычынаў з'яўлення хваробы.
Каб папярэдзіць захворванне, Юлія Баранава раіць:
- скарэктаваць павышаную патлівасць;
- выбіраць бялізну з натуральных тканінаў;
- захоўваць асабістую гігіену;
- не насіць чужых рэчаў і карыстацца толькі асабістым ручніком;
- сваю вопратку варта дэзінфікаваць (прасаваць з парай);
- можна праціраць скуру саліцылавым спіртам альбо падкісленай вадой (водна-салявы раствор або водна-воцатны);
- не варта загараць пасля купання, скура павінна падсохнуць;
- не грэбуйце сонцаахоўнымі сродкамі з SPF-фільтрам;
- немалаважнае значэнне мае рэжым сну і адпачынку, а таксама паўнавартаснае збалансаванае харчаванне.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by