Як зрабіць так, каб скура выглядала бездакорна, нібы вы толькі ўчора наведалі касметолага? Напэўна, любая дзяўчына, жанчына і нават мужчына многім бы ахвяравалі дзеля валодання такім сакрэтам.
Вольга Планкова, касметык 5 разраду студыі прыгажосці «Гармонія», распавяла чытачам Слушна аб простых спосабах выглядаць свежа і дагледжана штодня. Пры гэтым не выдаткоўваючы вялікія грошы на касметычныя сродкі, а выкарыстоўваючы тое, што ёсць пад рукой. Такім чынам, 5 лайфхакаў догляду ад нашага эксперта.
Догляд за тварам і целам
1. Ачышчэнне
Каб скура ззяла, выглядала свежай і адпачыўшай, яе трэба правільна ачышчаць.
Ідэальны ачышчальны сродак, які варты ўсіх слоічкаў і флаконаў з умывалкамі, тонікамі, міцэлярнай вадой і г.д. – звычайная аўсянка. Шматкі лепей папярэдне здрабніць у кавамолцы або блэндэры, атрыманую муку злёгку развесці вадой да стану кашыцы. Яна добра мыліцца, выдатна здымае касметыку і падыходзіць для любога тыпу скуры.
Для людзей з тлустай скурай такі ж ачышчальны сродак можна прыгатаваць на аснове рысавай мукі (замест аўсянкі). Дзякуючы матыруючаму эфекту рысавая кашыца не толькі ачысціць скуру ад забруджванняў, але і прыбярэ тлусты бляск.
2. Увільгатненне
Залог маладосці і ззяння скуры – яе дастатковае ўвільгатненне. Прычым у гэтым аднолькава мае патрэбу і сухая скура, і тлустая, і камбінаваная.
Універсальны ўвільгатняльны сродак, які падыдзе для любога тыпу скуры, можна прыгатаваць дома літаральна за пару хвілін. Для гэтага спатрэбяцца смятана, дрожджы, яечны бялок і 20 хвілін цішыні і спакою.
У смятану пакаёвай тэмпературы дадаем дробку сухіх дрожджаў (або 5-10 г свежых), даем ім крыху размякнуць (актыўнага працэсу закісання чакаць не трэба), і можна наносіць: альбо адзін раз тоўстым пластом, альбо паэтапна (тонкім пластом кожныя 3-5 хвілін). Прынцыпова трымаць маску на твары не менш за 20 хвілін, каб атрымаць максімальны эфект. Зрэшты, гэтае правіла справядліва для любых масачных працэдур.
Уладальнікам тлустай скуры напэўна спадабаецца маска на аснове яечнага бялку і дрожджаў (алгарытм прыгатавання такі ж, як і маскі са смятанай). Выкарыстанне яечнага бялку надае масцы матыруючыя ўласцівасці.
3. Танізаванне
Важны кампанент працэдур догляду. Тонік абсалютна неабходны ў комплексе ачышчэння і ўвільгатнення скуры. Гэты сродак дапамагае аднавіць pH-баланс скуры, які можа быць парушаны, напрыклад, пасля ўмывання жорсткай водаправоднай вадой. Ён таксама звужае поры і надае скуры свежы выгляд.
Бюджэтным (але не менш эфектыўным) аналагам тоніка можа выступаць мінеральная вада.
4. Ліфтынг
Асаблівай папулярнасцю сярод кліентаў касметычных салонаў карыстаюцца працэдуры ліфтынгу (падцяжкі скуры). Але і ў хатніх умовах можна прыгатаваць маску, эфектыўнасць якой мала чым адрозніваецца ад прафесійных працэдур.
Запісвайце: у 30 мл вады дадаць 3 г жэлаціну, нагрэць на вадзяной лазні, пакуль жэлацін ні набухне. Затым дадаць 60 г гліцэрыны і сталовую лыжку мёду. Маску наносіць на ачышчаную скуру твару і шыі цёплай (не гарачай!). Праз 20 хвілін вы станеце маладзейшымі гадоў на 5, а калі пашанцуе – на ўсе 10.
5. Догляд за целам
Вядома ж, догляд за сабой не абмяжоўваецца толькі працэдурамі для твару. Нішто так не ўплывае на самаацэнку, як адчуванне ўласнай дагледжанасці літаральна з галавы да пят.
Дарэчы, пра пяткі. Ружовымі, мяккімі і пяшчотнымі навобмацак яны становяцца дзякуючы кастораваму алею. У аптэцы флакончык каштуе капейкі, а эфект забяспечаны на 200%. Максімальнага эфекту можна дамагчыся, калі змазаць пяткі алеем, абгарнуць харчовай плёнкай, надзець баваўняныя шкарпэткі і пакінуць на ноч.
Для ўвільгатнення і змякчэння скуры рук ідэальна падыходзіць стары добры, правераны не адным пакаленнем сродак – сумесь гліцэрыны і нашатырнага спірту ў прапорцыі 2: 1.
І напрыканцы наш адказ касметычным крэмам і алеям для цела. Лепш за аліўкавы алей можа быць толькі... аліўкавы алей. Сакрэт у тым, каб выкарыстоўваць яго ДА паходу ў душ – нанеслі, счакалі хвілін 5, змылі. І можна атрымліваць асалоду ад скуры, якую рамантыкі паэтычна назвалі шаўковай.
Усе пералічаныя рэцэпты абсалютна ўніверсальныя, падыходзяць як дзяўчынам і жанчынам, так і мужчынам. Аднак, трэба разумець, што яны эфектыўна працуюць для падтрымання свежасці і чысціні беспраблемнай скуры.
Пры відавочных дэфектах і праблемах (напрыклад, вугравы сып, акне, глыбокія мімічныя маршчыны, выражаны птоз і г.д.) без дапамогі прафесійнай касметыкі і касметолагаў не абысціся. Але пра гэта наступным разам.
https://bel.24health.by/krasota-i-nezhnost-ruk-v-domashnem-uxode/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by