16.09.2021
16.09.2021

Срэбнае возера

logo
Адметнасць беларусаў
0 51
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

На Магілёўшчыне, на мяжы Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў, непадалёк ад вёскі Шапялевічы, месціцца ўнікальны прыродны аб’ект – возера Хатомля (Хотам’е, Хіцімля), плошчай больш за адзін гектар. Возера адносіцца да ледавіковых і звязана падземнай плынню з ланцужком другіх азёраў. Мясцовыя жыхары называюць возера Святым або Чорным і распавядаюць, што вада ў ім лекавая: калі ўмыцца ёю або выкупацца, хваробы адступаюць.

Як дабрацца?

Аўтамабілем: з Мінска па трасе М4 на Магілёў, затым паварот на Бялынічы. З Бялыніч па аўтамабільнай дарозе Н10001 да в. Шапялевічы, ад в. Шапялевічы 3 км у бок в. Гоенка. Каардынаты GPS: 54.104156,29.516873.

Вакол возера цудоўны бор, шмат грыбоў і ягад, а ў ім самім – мноства рознай рыбы. Глыбіня Хатомлі месцамі дасягае 8 м. Але падступіцца да возера цяжка з-за забалочанасці берагоў. Таму мясцовыя людзі ўпэўненыя, што вадаём не мае дна. Гадоў дваццаць таму супрацоўнікі Шапялевіцкага лясніцтва па ўсім перыметры возера ўсталявалі масткі з прыступкамі. З іх зручна купацца ці проста нахіліцца, каб набраць вады. А яна ў возеры і сапраўды незвычайная: утрымлівае шмат іонаў серабра, мае характэрны чорны колер, чыстая і мяккая.

Пасля купання скура быццам змазана крэмам. Людзі ўпэўненыя – вада лекавая, асабліва дапамагае ад скураных і залатушных хвароб. А калі набраць яе з сабой, можа прастаяць некалькі гадоў і не страціць свежасці. Па статыстыцы і расповедах мясцовых, у возеры ніхто ніколі не тануў. Вада трымае!

Кажуць, што некалі цудадзейную сілу возера заўважылі манахі ды пабудавалі тут скіт, завялі гаспадарку.

Пазней скіт знік, а на яго месцы ўзвялі драўляны храм. Тут выконваліся абрады, ладзіліся хрэсныя хады. Асабліва ўрачыста святкавалі дзень Іаана Хрысціцеля – займеннік язычніцкага Купалля. Каб ушанаваць святое месца, памаліцца і паспавядацца Усявышняму, папрасіць у яго аздараўлення ад хвароб, на гэта свята збіраліся людзі з навакольных мясцін, прыязджалі здалёк паломнікі. У савецкія часы святыню разбурылі, а бярвенні скацілі ў возера.

Потым, кажуць, знайшлі ў возеры крыж з царквы, які праляжаў некалькі дзесяцігоддзяў і не спарахнеў. Крыху даўжэй прастаяла маленькая каплічка над крынічкай каля возера, яе яшчэ памятаюць старажылы.

У навакольных вёсках дагэтуль можна пачуць легенды пра возера, якія дзіўным чынам перагукваюцца з няпростай гісторыяй нашага краю. Быццам некалі на месцы возера была вёска з храмам. Падчас чарговай варожай навалы людзі ў жаху схаваліся ў храме. Пакуль вораг паліў і рабаваў іх дамы, яны маліліся. Бог пачуў іх малітву, і царква з людзьмі схавалася пад зямлёй, а над імі з’явілася надзвычай чыстае возера. Так яны знайшлі супакой пад тоўшчай вады.

І сёння, калі прыкласці вуха да зямлі на беразе возера, можна пачуць гукі званоў. Але самае цікавае адбываецца ўначы перад Вялікаднем. Нібыта над вадой уздымаецца царская брама ад патопленай царквы. Ярка гараць свечкі, а анёлы так прыгожа спяваюць “Алілуя”, што той, хто пачуў, не можа крануцца з месца, пакуль не ўзыдзе сонца.

Высокі працэнт утрымання серабра ў азёрнай вадзе некаторыя тлумачаць тым, што калісьці ў возера скінулі скарб, дзе было шмат срэбных рэчаў, і яны паступова распускаюцца ў вадзе. А другія людзі ўпэўнены, што на дне ляжыць затопленая залатая карэта.
У наш час 7 ліпеня па праваслаўным календары адзначаюць дзень Іаана Хрысціцеля.

Калі свята прыпадае на выхадны, тут адбываецца сапраўднае паломніцтва. Сюды едуць на машынах і на конях, на матацыклах і роварах, ідуць пешшу. Вераць: менавіта ў гэты дзень азёрная вада валодае асаблівай лекавай сілай. Возеру ж ахвяруюць манеты і кветкі. Многія праводзяць Купальскую ноч з 6 на 7 ліпеня у навакольным лесе – паляць вогнішчы, начуюць у намётах.

Апоўдні 7 ліпеня да возера прыязджае некалькі святароў, часта нават са сталіцы. Адбываецца служба і вадасвяцце. Потым па старадаўнім звычаі людзі зрываюць некалькі лісткоў з дубкоў, якія растуць на беразе возера, апускаюць іх у ваду, каб дома пакласці за абразы. Яны ўпэўнены, што такія лісточкі-абярэгі на працягу цэлага года будуць ахоўваць дом ад розных няшчасцяў. Пасля вадасвяцця пачынаецца фэст.

Прыязджаюць аўталаўкі з Круглага і Бялынічаў. У лесе рассцілаюць абрусы і палуднуюць, але п’яных ніколі не бывае.

Так у гэты дзень каля возера сыходзяцца мінулае і сучаснасць. Як і многія стагоддзі таму цудадзейнае возера аб’ядноўвае вакол сябе беларусаў і шчодра адорвае іх здароўем.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 51

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"