09.07.2021
09.07.2021

Святаяннік – трава ад 99 хваробаў

logo
Думкі ўслых
0 68
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі вы ні разу ў жыцці не каштавалі гарбаты са святаянніку, самы час зрабіць гэта. Бо яна не толькі смачная, але і вельмі карысная. Нават паляпшае настрой!

Пра ўсё гэта прыгадваецца штораз, калі на сядзібе пазіраю на заваблівыя «снапкі» гэтай расліны. Яна там у нас сохне! А дома ў шкляных слоічках ёсць заўсёды! Бо мы – аматары «травак»… 🙂 І сёння да вашай увагі, шаноўныя сябры, крыху іншы фармат «Думак услых». Такі сур’ёё-ё-ё-ёзны… 🙂 І, можна сказаць, адукацыйны. Распавядаю пра святаяннік прадзіраўлены (па-руску – «зверобой»).

Лекавыя расліны

Святаяннік. Лекавыя ўласцівасці гарбаты.

Святаяннік. Для людзей – карысны, для жывёлы – не

А што ж за назва такая дзіўная ў гэтай лекавай расліны? Па-руску – «зверобой», па-беларуску – «святаяннік». З беларускай назвай усё проста. Лічыцца, што найбольшая моц травы праяўляецца акурат на святога Яна – 7 ліпеня. Арыентавацца ж можна па нашым Купаллі, бо таямнічая купальская ноч папярэднічае святому Яну.

Зрэшты, бывае, што святаяннік пачынае квітнець і раней, на «праўдашняе» Купалле, якое, паводле меркаванняў даследчыкаў народных традыцый, прыпадае на 20-я чыслы чэрвеня.

Але як бы там ні было… Шукайце святаяннік зараз у экалагічна чыстых мясцінах! Там, дзе ён яшчэ не паспеў адквітнець. І – так! Зразайце не пад корань, а см 25 ад макаўкі. А пасля, як захочаце, падрэжаце яшчэ – ужо калі высахне.

Руская ж назва гэтай расліны мае некалькі тлумачэнняў.

Паводле аднаго, «зверобой» паходзіць ад замежнага «джэрабай», што значыць – «исцеляющий раны». Прыгожая версія, ці не так?

Паводле другога, сувязь з «біццём звяроў» усё ж такі ёсць. Калі святаяннік з’ядуць свойскія жывёлы (авечкі, каровы, козы, коні), яны могуць захварэць. Але не ўсе, а пераважна белай афарбоўкі альбо з вялікай колькасцю белых плямаў. Бо святаяннік павышае адчувальнасць да ўльтрафіялетавага выпраменьвання.

А па легендзе, у загадкавы святаяннік ператварылася трава, на якую ўпалі кроплі крыві прарока Іаана (Яна) Хрысціцеля. Як вядома, па загадзе цара Ірада ён быў абезгалоўлены. І хаця гэтая лекавая расліна вылучаецца сярод іншых сваім сонечным колерам, чырвоны прыродны фарбавальнік у ёй таксама прысутнічае. А ў народзе сярод іншых назваў ёсць і такая – «Іванава кроў».

Лекавыя ўласцівасці святаянніка

Святаяннік. Цвіце на святога Яна.

Дэпрэсія? Бяссонніца? Святаяннік у дапамогу!

У народнай медыцыне святаяннік прадзіраўлены здаўна лічыўся лекамі ад 99 (па іншых меркаваннях – ад 100) хваробаў. І недарэмна! Найперш ён танізуе ўвесь арганізм, павышае імунітэт. Прыём прэпаратаў на аснове альбо з дадаткам гэтай расліны дапамагае эфектыўна змагацца са стрэсам, станоўча ўздзейнічае на эмацыяльны стан, паляпшае настрой.

Апрача гэтага, святаяннік:

  • Нармалізуе дзейнасць перыферычнай і цэнтральнай нервовай сістэмы.
  • Паляпшае разумовую і фізічную дзейнасць.
  • Здымае трывогу і напружанасць.
  • Зніжае прыгнечанасць.
  • Наладжвае сон.
  • Змагаецца з пачуццём апатыі.

Увогуле, лекавыя ўласцівасці гэтай расліны (жоўце- і глістагонныя, супрацьзапаленчыя, антымікробныя, рэгенеруючыя, седатыўныя і г.д) былі вядомыя яшчэ ў часы Гіпакрата.

Гіпакрат.

Захворванні, пры якіх святаяннік здольны палепшыць стан і самаадчуванне:

  • гастрыт
  • гаймарыт
  • гемарой
  • грып, ВРЗ
  • захворванні страўнікава-кішэчнага тракта
  • захворванні сэрца
  • пякотка
  • жоўцекамянёвая хвароба
  • апёкі, інфекцыі скуры
  • себарэя
  • акнэ і г.д.

Насамрэч, усе пералічыць проста немагчыма!

Шырокае распаўсюджванне атрымаў зверабой і ў касметалогіі.

Жанчынам  святаяннік – так, мужчынам – з асцярогаю

Святаянник. Мужчынам піць з асцярогай.

Святаяннік здольны дапамагчы жанчынам пры многіх праблемах. Толькі, вядома ж, як і любыя зёлкі, лекавыя сродкі, БАДы і г.д., яго лепей прымаць (усім, а не толькі жанчынам!) пасля кансультацый з урачом. Альбо, калі няма такой магчымасці, абавязкова прыслухоўвацца да рэакцыі ўласнага арганізма.

Святаяннік аказвае спрыяльнае ўздзеянне на жаночы арганізм пры:

  • сімптомах ПМС. Праўда, лекавая расліна не знімае боль фізічны, а дапамагае пры пачуцці хранічнай стомленасці, дэпрэсіі, гарманальнага дысбалансу, якія ўзнікаюць у гэты перыяд.
  • менапаўзе. Паводле сведчанняў спецыялістаў, святаяннік здымае яе псіхалагічныя і вегетатыўныя сімптомы. І нават паляпшае сэксуальнае самаадчуванне.
  • запаленні і раздражненні скуры. У тым ліку і пры з’яўленні акнэ, калі касметолагі раяць, апроч іншага, умывацца настоем святаянніку.
  • запаленні прыдаткаў.

Існуе такі правераны рэцэпт:

1 ст.л здробненай травы святаянніка заліць 1 шклянкай кіпеню. Пратрымаць на вадзяной лазні 15 хвілін. Настаяць пад накрыўкай да поўнага астывання.

Прымаць па 50 мл (1/4 шклянкі) 3-4 разы ў суткі перад ежай.

Для мужчын святаяннік – гэта натуральны афрадызыяк.

Дапамагае пры лячэнні імпатэнцыі і прастатыту. Але! Бескантрольнае выкарыстанне можа прывесці да адваротнага эфекту. Таму прымяняць гэтую лекавую расліну трэба толькі пад кантролем спецыялістаў.

Святаяннік. Каму нельга.

Існуюць і супрацьпаказанні:

  • запаленне ў нырках
  • індывідуальная непераноснасць
  • прымяненне гепарыну, тэафіліну, варфарыну, сродкаў супраць эпілепсіі і мігрэні
  • дэпрэсія ў запушчаным стане
  • некаторыя захворванні сэрца і сасудаў.

Дзецям звычайна раяць ужываць святаяннік з 12-гадовага ўзросту.

Святаяннік. Настой.

І мужчынам, і жанчынам варта памятаць:

  • Пры прыёме святаянніку ў любым выглядзе трэба абмежаваць знаходжанне на сонцы, а таксама не наведваць салярый. Бо магчымыя праблемы са скурай.
  • Не прымаць разам са святаяннікам сардэчныя прэпараты, антыбіётыкі, кантрацэптывы, бо гэтая расліна нейтралізуе іх уздзеянне на арганізм.
  • Святаяннік можа выклікаць павышэнне артэрыяльнага ціску.
  • Не прымаць пры наяўнасці бранхіяльнай астмы.
  • Жанчынам адмовіцца ад прыёму святаянніку пры цяжарнасці і грудным выкормліванні.

Важна! Калі вы хочаце прапіць зверабой не ў падрыхтаваным травяным зборы, набытым у аптэцы, а сабраны самастойна, памятайце: лепей не ўжываць яго адначасова з іншымі травамі і лекамі.

Для лячэння розных захворванняў прымяняюць і розныя спосабы прыгатвання святаянніку.  Прычым гарбата – гэта самы ўніверсальны з іх. Пра тое, як правільна яе гатаваць, чым адрозніваецца адвар ад настою, калі, дзе і як нарыхтоўваць святаяннік… Вы ж хочаце даведацца?! 🙂 Тады аб усім – наступным разам.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 68

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".