Калі вы ні разу ў жыцці не каштавалі гарбаты са святаянніку, самы час зрабіць гэта. Бо яна не толькі смачная, але і вельмі карысная. Нават паляпшае настрой!
Пра ўсё гэта прыгадваецца штораз, калі на сядзібе пазіраю на заваблівыя «снапкі» гэтай расліны. Яна там у нас сохне! А дома ў шкляных слоічках ёсць заўсёды! Бо мы – аматары «травак»… 🙂 І сёння да вашай увагі, шаноўныя сябры, крыху іншы фармат «Думак услых». Такі сур’ёё-ё-ё-ёзны… 🙂 І, можна сказаць, адукацыйны. Распавядаю пра святаяннік прадзіраўлены (па-руску – «зверобой»).
Лекавыя расліны
Святаяннік. Для людзей – карысны, для жывёлы – не
А што ж за назва такая дзіўная ў гэтай лекавай расліны? Па-руску – «зверобой», па-беларуску – «святаяннік». З беларускай назвай усё проста. Лічыцца, што найбольшая моц травы праяўляецца акурат на святога Яна – 7 ліпеня. Арыентавацца ж можна па нашым Купаллі, бо таямнічая купальская ноч папярэднічае святому Яну.
Зрэшты, бывае, што святаяннік пачынае квітнець і раней, на «праўдашняе» Купалле, якое, паводле меркаванняў даследчыкаў народных традыцый, прыпадае на 20-я чыслы чэрвеня.
Але як бы там ні было… Шукайце святаяннік зараз у экалагічна чыстых мясцінах! Там, дзе ён яшчэ не паспеў адквітнець. І – так! Зразайце не пад корань, а см 25 ад макаўкі. А пасля, як захочаце, падрэжаце яшчэ – ужо калі высахне.
Руская ж назва гэтай расліны мае некалькі тлумачэнняў.
Паводле аднаго, «зверобой» паходзіць ад замежнага «джэрабай», што значыць – «исцеляющий раны». Прыгожая версія, ці не так?
Паводле другога, сувязь з «біццём звяроў» усё ж такі ёсць. Калі святаяннік з’ядуць свойскія жывёлы (авечкі, каровы, козы, коні), яны могуць захварэць. Але не ўсе, а пераважна белай афарбоўкі альбо з вялікай колькасцю белых плямаў. Бо святаяннік павышае адчувальнасць да ўльтрафіялетавага выпраменьвання.
А па легендзе, у загадкавы святаяннік ператварылася трава, на якую ўпалі кроплі крыві прарока Іаана (Яна) Хрысціцеля. Як вядома, па загадзе цара Ірада ён быў абезгалоўлены. І хаця гэтая лекавая расліна вылучаецца сярод іншых сваім сонечным колерам, чырвоны прыродны фарбавальнік у ёй таксама прысутнічае. А ў народзе сярод іншых назваў ёсць і такая – «Іванава кроў».
Лекавыя ўласцівасці святаянніка
Дэпрэсія? Бяссонніца? Святаяннік у дапамогу!
У народнай медыцыне святаяннік прадзіраўлены здаўна лічыўся лекамі ад 99 (па іншых меркаваннях – ад 100) хваробаў. І недарэмна! Найперш ён танізуе ўвесь арганізм, павышае імунітэт. Прыём прэпаратаў на аснове альбо з дадаткам гэтай расліны дапамагае эфектыўна змагацца са стрэсам, станоўча ўздзейнічае на эмацыяльны стан, паляпшае настрой.
Апрача гэтага, святаяннік:
- Нармалізуе дзейнасць перыферычнай і цэнтральнай нервовай сістэмы.
- Паляпшае разумовую і фізічную дзейнасць.
- Здымае трывогу і напружанасць.
- Зніжае прыгнечанасць.
- Наладжвае сон.
- Змагаецца з пачуццём апатыі.
Увогуле, лекавыя ўласцівасці гэтай расліны (жоўце- і глістагонныя, супрацьзапаленчыя, антымікробныя, рэгенеруючыя, седатыўныя і г.д) былі вядомыя яшчэ ў часы Гіпакрата.
Захворванні, пры якіх святаяннік здольны палепшыць стан і самаадчуванне:
- гастрыт
- гаймарыт
- гемарой
- грып, ВРЗ
- захворванні страўнікава-кішэчнага тракта
- захворванні сэрца
- пякотка
- жоўцекамянёвая хвароба
- апёкі, інфекцыі скуры
- себарэя
- акнэ і г.д.
Насамрэч, усе пералічыць проста немагчыма!
Шырокае распаўсюджванне атрымаў зверабой і ў касметалогіі.
Жанчынам святаяннік – так, мужчынам – з асцярогаю
Святаяннік здольны дапамагчы жанчынам пры многіх праблемах. Толькі, вядома ж, як і любыя зёлкі, лекавыя сродкі, БАДы і г.д., яго лепей прымаць (усім, а не толькі жанчынам!) пасля кансультацый з урачом. Альбо, калі няма такой магчымасці, абавязкова прыслухоўвацца да рэакцыі ўласнага арганізма.
Святаяннік аказвае спрыяльнае ўздзеянне на жаночы арганізм пры:
- сімптомах ПМС. Праўда, лекавая расліна не знімае боль фізічны, а дапамагае пры пачуцці хранічнай стомленасці, дэпрэсіі, гарманальнага дысбалансу, якія ўзнікаюць у гэты перыяд.
- менапаўзе. Паводле сведчанняў спецыялістаў, святаяннік здымае яе псіхалагічныя і вегетатыўныя сімптомы. І нават паляпшае сэксуальнае самаадчуванне.
- запаленні і раздражненні скуры. У тым ліку і пры з’яўленні акнэ, калі касметолагі раяць, апроч іншага, умывацца настоем святаянніку.
- запаленні прыдаткаў.
Існуе такі правераны рэцэпт:
1 ст.л здробненай травы святаянніка заліць 1 шклянкай кіпеню. Пратрымаць на вадзяной лазні 15 хвілін. Настаяць пад накрыўкай да поўнага астывання.
Прымаць па 50 мл (1/4 шклянкі) 3-4 разы ў суткі перад ежай.
Для мужчын святаяннік – гэта натуральны афрадызыяк.
Дапамагае пры лячэнні імпатэнцыі і прастатыту. Але! Бескантрольнае выкарыстанне можа прывесці да адваротнага эфекту. Таму прымяняць гэтую лекавую расліну трэба толькі пад кантролем спецыялістаў.
Існуюць і супрацьпаказанні:
- запаленне ў нырках
- індывідуальная непераноснасць
- прымяненне гепарыну, тэафіліну, варфарыну, сродкаў супраць эпілепсіі і мігрэні
- дэпрэсія ў запушчаным стане
- некаторыя захворванні сэрца і сасудаў.
Дзецям звычайна раяць ужываць святаяннік з 12-гадовага ўзросту.
І мужчынам, і жанчынам варта памятаць:
- Пры прыёме святаянніку ў любым выглядзе трэба абмежаваць знаходжанне на сонцы, а таксама не наведваць салярый. Бо магчымыя праблемы са скурай.
- Не прымаць разам са святаяннікам сардэчныя прэпараты, антыбіётыкі, кантрацэптывы, бо гэтая расліна нейтралізуе іх уздзеянне на арганізм.
- Святаяннік можа выклікаць павышэнне артэрыяльнага ціску.
- Не прымаць пры наяўнасці бранхіяльнай астмы.
- Жанчынам адмовіцца ад прыёму святаянніку пры цяжарнасці і грудным выкормліванні.
Важна! Калі вы хочаце прапіць зверабой не ў падрыхтаваным травяным зборы, набытым у аптэцы, а сабраны самастойна, памятайце: лепей не ўжываць яго адначасова з іншымі травамі і лекамі.
Для лячэння розных захворванняў прымяняюць і розныя спосабы прыгатвання святаянніку. Прычым гарбата – гэта самы ўніверсальны з іх. Пра тое, як правільна яе гатаваць, чым адрозніваецца адвар ад настою, калі, дзе і як нарыхтоўваць святаяннік… Вы ж хочаце даведацца?! 🙂 Тады аб усім – наступным разам.