17.05.2020
17.05.2020

Святкуюць пульманолагі, святкуе інтэрнэт. І нават… грэцкі арэх!

logo
Думкі ўслых
0 66
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
17 мая адзначанае такой вялікай колькасцю святаў! Афіцыйных і неафіцыйных, сур’ёзных і жартоўных… Але нас, вядома ж, у першую чаргу цікавяць тыя, што звязаны з медыцынай, захворваннямі і здароўем, здаровым ладам жыцця, правільным харчаваннем… Іх таксама стае ў гэтую нядзелю. Запрашаю здзейсніць невялічкую віртуальную экскурсію па сённяшніх святах. Не зусім забаўляльную (тэмы-то сур’ёзныя), але, спадзяюся, карысную.

Святы 17 мая 2020 года.

1. Дзень пульманолага

Урачы, якія займаюцца захворваннямі лёгкіх, дыхальных шляхоў і працуюць у цеснай звязцы з рэаніматолагамі, таракальнымі хірургамі, спецыялістамі інтэнсіўнай тэрапіі, як ніхто запатрабаваныя ў перыяд пандэміі каранавіруса. Таму не дзіўна, калі гэтае свята, нягледзячы на выхадны дзень у календары, многія з іх сустрэнуць на працы.

Калі ж не кранаць каранавірус і прыгадаць, так бы мовіць, дапандэмійны час (вы яго яшчэ памятаеце?!), дык у якасці прафілактыкі хваробаў лёгкіх і дыхальных шляхоў пульманолагі раяць звычайна наступнае: не паліць, загартоўвацца, весці актыўны і здаровы лад жыцця, па магчымасці пазбягаць алергенаў, ашчаджацца пры працы на шкоднай вытворчасці, правільна харчавацца, трэніраваць дыхальную сістэму.

І штосьці з гэтага, а то і ўсё, мы ж можам выконваць, праўда?! Асабліва зараз, калі многія знаходзяцца дома – альбо на самаізаляцыі, альбо на падаленай працы. І вольны час, які раней ішоў на паездкі, можна выкарыстаць для прафілактыкі і аздараўлення. Было б жаданне…

Святы 17 мая. Дзень пульманолага.

А ўсіх пульманолагаў інфармацыйны партал Здаровыя людзі шчыра віншуе з прафесійным святам!

2. Сусветны дзень барацьбы з артэрыяльнай гіпертаніяй

«Ціск… Ну, падумаеш, ціск», – разважаюць многія з нас, маючы на ўвазе павышаныя яго лічбы. І нават пасля вымярэння танометрам нічога не робяць, каб нармалізаваць, кантраляваць, палепшыць самаадчуванне. Знаёмая сітуацыя, праўда?!

І толькі калі прыцісне, мы хапаемся за выпісаныя калісьці лекі, часцяком не ўсведамляючы, што прымаць іх трэба рэгулярна, а не толькі тады, калі робіцца блага. Больш-менш нармалізаваўшы сітуацыю, зноў хаваем таблеткі з вачэй і жывем… да наступнага пагаршэння.

І яшчэ ж праблема ў тым, што артэрыяльную гіпертанію мы можам не адчуваць. А тым часам адбываюцца незваротныя змены ў сасудах. Хтосьці будзе спакойна працягваць працаваць і пры верхнім паказчыку ў 180 мм рт.сл., а хтосьці не зможа падняцца і пры 135 мм рт.сл. Усё суб’ектыўна. Таму лепей усё ж ведаць свой нармальны ціск і арыентавацца на гэтыя лічбы.

Святы 17 мая 2020 года.

Якія парады спецыялістаў для тых, хто церпіць ад артэрыяльнай гіпертаніі? Не паліць, не злоўжываць алкаголем, не ўжываць больш за 4-5 грамаў солі ў суткі, сачыць за вагой, павышаць фізічную актыўнасць, есці больш гародніны і садавіны…

І абавязкова вымяраць свой артэрыяльны ціск. Пры яго стойкім павышэнні – звяртацца да ўрача, рэгулярна (а не ад выпадку да выпадку) прымаць лекавыя сродкі, калі яны прызначаныя. Праходзіць усе абследаванні, шукаць прычыну павышэння ціску і па магчымасці ліквідоўваць іх.

3. Сусветны дзень памяці ахвяраў СНІДу

Здаецца, за столькі дзесяцігоддзяў існавання захворвання можна было б і прызвычаіцца да яго… Тым больш, што ў плане палягчэння жыцця такім хворым медыцына сапраўды зрабіла вялізны крок наперад. Але дыягназ па-ранейшаму пужае, праўда?!

Таму гэты дзень нагадвае нам, што трэба не толькі памятаць пра шматлікія ахвяры СНІДу, але і ведаць усё неабходнае пра гэтую хваробу, шляхі перадачы ВІЧ, элементарна засцерагацца.

Святы 17 мая 2020 года. Су светны дзень памяці ахвяраў СНІДу.

Дарэчы, у сувязі з новым каранавірусам некаторыя спецыялісты выказваюць здагадку, што, магчыма, ён нікуды не сыдзе, а застанецца. Якраз як ВІЧ/СНІД. І пужайся-не пужайся, але змяніць такую сітуацыю, калі яна сапраўды ўзнікне, мы будзем не ў сілах… Не аптымістычна, разумею… Але што ж ты зробіш… Прывыкайма.

4. Дзень нараджэння Інтэрнэту

Вось менавіта так, з вялікай літары! З вялікай павагай! І што б мы рабілі без Інтэрнэту ў перыяд самаізаляцыі і падаленай працы?!

А чаму святкуюць менавіта 17 мая… Бо 29 гадоў таму быў зацверджаны стандарт для старонак – наш любімы www. Калі паглыбляцца ў гісторыю, дык, аказваецца, яшчэ ў 1969 годзе (!) паспрабавалі наладзіць абмен дадзенымі паміж камп’ютарамі на адлегласці 500 км.

А першая праграма для абмену электроннымі паведамленнямі (таксама не ведала) – мая равесніца, з’явілася ў 1971 годзе. І як жа доўга мы чакалі эпохі ўсеагульнай камп’ютарызацыі і шырокага распаўсюджвання Інтэрнэту… І як моцна дзівілі нас віртуальныя магчымасці, калі ўпершыню пазнаёміліся з імі…

Святы 17 мая 2020 года. Дзень нараджэння Інтэрнэту.

Далей хтосьці трапіў у залежнасць і да гэтага часу адтуль не выбраўся. Іншыя справіліся самастойна. Інтэрнэт можна хваліць ці ганьбіць, падключаць-адключаць… Але ад гэтага сусветнае павуцінне нікуды не знікне. Будзем спадзявацца. Інакш зусім бы сумна зрабілася б без яго…

5. Дзень грэцкага арэха

І хаця свята, так бы мовіць, не наша, адзначаюць яго ў ЗША, але прыгадаць карысць грэцкага арэха, а таксама з’есці іх пару-тройку будзе зусім не лішнім. Асабліва – у перыяд пандэміі каранавіруса.

У грэцкага арэха шмат карысных уласцівасцяў. Яго раяць спажываць найперш людзям, чый арганізм аслаблены хваробамі, з аслабленым жа імунітэтам. Ён паляпшае працу мозгу, зніжае ўздзеянне стрэсу, супакойвае нервы. Ну якраз усё тое, што нам зараз патрэбнае!

Але ў той жа час нельга забывацца на яго высокую каларыйнасць і магчымыя алергічныя рэакцыі. Таму жменямі есці ачышчаныя грэцкія арэхі не варта нікому.

Святы 17 мая 2020 года. Дзень грэцкага арэха.

Я люблю дадаваць грэцкія арэхі ў цеста для бісквіта. Вельмі смачнымі яны атрымліваюцца, калі  пасмажацца! А яшчэ нядаўна на дачным участку мы з татам пасадзілі два саджанцы грэцкіх арэхаў, якія прэзентавалі нам мой брат з жонкай (яны таксама пасадзілі на сваім участку). Цяпер будзем чакаць уласнага ўраджаю. Гадоў так праз …цаць.

А ўвогуле, сёння сярод заяўленых – 12 святаў. Ці адметных дзён. У памяць і для памяці. Дзеля атрымання новай інфармацыі і абнаўлення даўняй. Для нашага з вамі агульнага развіцця. Але найперш… Віват, Інтэрнэт!

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 66

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".