22.09.2023
22.09.2023

Святыя азёры Беларусі. Куды едуць з усёй краіны?

logo
Падарожжы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Беларусь называюць «краінай дзесяці тысяч азёр». Асабліва багатая на азёры Віцебшчына, але ці не ў кожным раёне Беларусі знойдзецца азярко, якое мясцовыя жыхары называюць Святым. Паданні пра іх звычайна распавядаюць, што на месцы возера праваліўся храм, вёска ці нават горад. На Вялікдзень з такіх азёр нібыта гучаць званы, а бывае, што на паверхню выплывае царская брама або паказваецца з вады крыж на званіцы.

Святое возера на Магілёўшчыне…

Круглянскі раён

На жаль, на сучасных мапах такія сакральныя азёры часта пазначаюцца найменнямі накшталт Светлае, Добрае, Камсамольскае… Краязнаўчая і этнаграфічная літаратура, архіўныя матэрыялы ўзгадваюць вялікую колькасць азёраў, найменні якіх паходзяць ад слова «святы» — Святое, Свяціца, Святца, Святазер’е ды інш. Большасць Святых азёр маюць невялікія памеры і знаходзяцца ў глухіх мясцінах. На берагах такіх азёр калісь існавалі язычніцкія капішчы, у склад якіх часта ўваходзілі іншыя прыродныя паклонныя аб’екты: камень, дрэва, крыніца, узгорак.

На Магілёўшчыне шырока вядомае Святое возера, або возера Хатомля. Яно месціцца ў лесе паблізу вёскі Шапялевічы Круглянскага раёна, яго плошча 1,2 гектара. Адно паданне сцвярджае, што тут затоплена залатая павозка, а другое кажа пра храм, які нібыта праваліўся на гэтым месцы, і часам тут можна пачуць бомы званоў.

Некалі каля возера бруіла Святая крыніца, а па-над ёй стаяла драўляная каплічка, людзі прыходзілі сюды маліцца і кідалі ў ваду манеты. Па павер’ях, вада з возера вылечвае залатуху ды іншыя хваробы скуры.

Адзін з мясцовых жыхароў, які раней працаваў у лясной гаспадарцы, узгадваў, як лёгка і хутка можна было адмыць азёрнай вадой выпэцканыя ў смале рукі. Лічылі, нібыта найбольшай лекавай сілай вада валодае ў Купальскую ноч. 7 ліпеня, у дзень Яна Хрысціцеля па праваслаўным календары, тут адбываецца водасвяцце. Збіраюцца тысячы людзей, едуць з Магілёва і Мінска. Многія прыязджаюць напярэдадні і начуюць у намётах. Дно возера вельмі ілістае, і мясцовае лясніцтва зрабіла шмат памостаў для падыходу да вады. У дзень вадасвяцця многія акунаюцца, а некаторыя на беразе з дубоў адрываюць лісточкі, змочваюць іх у вадзе і забіраюць дадому як рэліквію. Дома лісткі кладуць за абразы і цягам году выкарыстоўваюць як лекі. Вада, набраная з возера ў гэты дзень, не псуецца па некалькі гадоў і таксама лічыцца лекавым сродкам.

… і не толькі!

У Верхнядзвінскім раёне каля вёскі Стралкі ўсё наваколле прасякнута “святасцю”. Тут ёсць Святое возера. Непадалёк бруіць Святая крыніца, а побач з ёй некалі была Святая гара, якую зрылі ў 1970-я гады. З возера выцякае рака Вужыца. Паводле падання, на месцы возера раней рос лес пад назвай Святы. У адзін момант ён праваліўся пад зямлю, а вужы, якіх тут было безліч, сталі ўцякаць, ад чаго і ўтварылася рака Вужыца. Да нашага часу вада ў Святым возеры лічыцца лекавай, кажуць: хто п’е азёрную ваду, той хутка вылекуецца ад любой хваробы.

Цудадзейнай прызнаюць ваду ў Святым возеры каля вёсак Баравыя і Слабада ў Чашніцкім раёне.

А возера, што побач з вёскай Азёры Круглянскага раёна, хаця і мае дыяметр толькі 70 м, таксама лічыцца лекавым. Мясцовыя жыхары і сёння ўспамінаюць, што яшчэ ў 1960–1970-я гады ў пэўныя дні сталыя жанчыны з усіх навакольных вёсачак збіраліся да возера і маліліся.

Баравыя

Дарэчы, на многіх Святых азёрах даўней на Вадохрышча адбываліся вадасвяцці. Напрыклад, у вёсцы Турск Рагачоўскага раёна яшчэ не так даўно старажылы ўспаміналі, што ў гэты дзень на Святым возеры з лёду высякалі вялізны крыж, палівалі яго бурачковым расолам і стаўлялі вертыкальна. Святар асвячаў ваду, пасля чаго людзі набіралі яе ў посуд і неслі дахаты як лекавы сродак.

Русалкі-свіцязянкі

Лекавымі лічацца і многія азёры з іншымі назвамі. Святым заўжды было возера Свіцязь на Навагрудчыне. Азёрная вада асабліва дапамагае ад рэўматызму і болях у суглобах. Сюды для купання раней прывозілі нават паралізаваных.

Паданне кажа, што на гэтым месцы калісьці стаяў горад Свіцязь. Аднойчы маскоўскае войска разбіла войска вялікага князя Міндоўга і саюзнае яму войска князя Мірскага, уладара горада Свіцязь. Небяспека навісла над горадам, дзе заставаліся адны жанчыны і дзеці. Каб пазбегнуць варожага зганьбавання, яны звярнуліся да багоў. Іх голас быў пачуты, і на месцы горада разлілося возера. З душ няскораных жанчын утварыліся кветкі-цары, якія вясной красуюць як вечны напамін пра тыя падзеі. Яшчэ расказваюць, што ў возеры жывуць свіцязянкі – мясцовыя русалкі. Іх уяўляюць як белатварых дзяўчат з доўгімі валасамі.

На поўначы Беларусі лекавымі прызнаюцца два азяркі пад назвамі Белае.

Адно з іх знаходзіцца непадалёк ад вёскі Дабраплёсы Верхнядзвінскага раёна, а другое каля вёскі Юхавічы Расонскага раёна. У іх акунаюцца, каб вылекавацца, а потым у ваду кідаюць ахвяраванні – кветкі, грошы.

Чорныя азёры са светлай сілай

Чортава возера

Каля вёскі Гордава (раней Лапцева) Бялыніцкага раёна знаходзіцца Чорнае возера. Паводле легенды, у ім затанула заклятая вёска разам з царквой. Каб пабачыць тую вёску, трэба апоўначы двойчы абысці возера. Назва Чорнае возера атрымала нібыта з-за таго, што ў ім шмат торфу. Раней каля возера стаяў велізарны драўляны крыж. Шмат людзей прыходзіла сюды на Яблычны Спас – 19 жніўня. Менавіта ў гэты дзень вада як лекавая лічылася асабліва дзейснай.

Каля вёскі Любжана Ушацкага раёна ёсць возера Лешна, яго яшчэ называюць Лешава або Чортава. Па павер’ях, вада з яго лечыць хваробы скуры і хваробы вачэй. Лекавымі раней лічылі возера Сверзна на мяжы Лепельскага і Ушацкага раёнаў і возера Дзявічае каля вёскі Парэчча Лепельскага раёна.

У Дзяржынскім раёне непадалёк ад вёскі Масцішча таксама ёсць возера з гаючай вадой. Кажуць, калі ёй галаву памыеш, то валасы робяцца як шоўк. Некаторыя даследнікі сцвярджаюць, што вада ў возеры сапраўды лекавая з-за вялікага ўтрымання ў ёй жалеза. У Мінскім абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі пацвердзілі – утрыманне жалеза ў вадзе ўтрая перавышае норму. Сцвярджаюць, тут ані разу ніхто не патануў, прынамсі за апошнія гадоў дзвесце. Хаця паданне распавядае, што на гэтым месцы даўней стаяла царква, якая раптоўна пайшла пад зямлю, а на яе месцы разлілося возера. Некаторыя адважныя вяскоўцы давалі нырца, доўга шукалі, але так нічога і не знайшлі.

Яшчэ мясцовыя называюць возера бяздонным або Бязодніца і вераць, што недзе ў ім ёсць падземны праход, які вядзе да ракі. Відаць, яны так думаюць, дзякуючы тутэйшаму паданню. Нібыта адна князёўна, якая раней тут жыла, аднойчы загадала прынесці ёй жывога шчупака. Надзела на яго пярсцёнак і адпусціла рыбіну назад у ваду. А таму, хто ёй гэты пярсцёнак прынясе, яна ўзнагародзіць як мае быць. Такім чынам яна, відаць, хацела праверыць, ці  існуюць у возеры падземныя хады. Так, кажуць, шчупака тога ажно пад Уздой злавілі. Другія жыхары сцвярджаюць, што вылавілі рыбіну ў Нёмане.

Возера

Вось такія цудадзейныя азёры існуюць у нашай краіне. Легенды, паданні і вера ў іх гаючую сілу прайшлі праз тысячыгоддзі нашай гісторыі і з’яўляюцца нацыянальным скарбам Бацькаўшчыны.

https://bel.24health.by/cudy-polackaga-krayu-yakiya-azyory-navedac/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама