Агапій-паўхлебнік – свята, у большасці сваёй, усё ж састарэлае. Бо размова ідзе пра тое, што ў гэты дзень сяляне накіроўваюцца ў амбары, каб праверыць, ці шмат хлеба засталося да вясны. Але сёе-тое з прыкметаў на Агапія можа спрацаваць і зараз… Асабліва, калі прыстасаваць іх пад сябе.
Вось толькі што дзень гэта – працоўны. Таму тыя, хто на вытворчасці, на прадпрыемстве, у офісе і г.д., не змогуць напоўніцу паўдзельнічаць у гаспадарчых турботах. А на Агапія гаспадары звычайна пасля агляду запасаў зерня прыбіраліся ў амбарах, а заадно і рамантавалі іх, калі мелася ў тым патрэба. Прычым тычылася гэта ўсіх гаспадарчых пабудоў.
Правяралі таксама зерне, якое рыхтавалі да пасеву. Пры неабходнасці – дакуплялі. А мы можам зрабіць агляд насення гародніны, якое збіраемся выкарыстоўваць сёлета. Тым больш, хутка надыдзе час для высявання на падваконні на расаду насення памідораў, перцу ды іншага…
Ну, а гаспадыні павінны навесці парадак у хатах (чытай – дамах, кватэрах, катэджах і г.д.). З мыццём сценаў, столі, аконных рамаў, падлогі. Між іншым, нават убачанае ў гэты дзень павуцінне тлумачылі, як прыкмету будучага дабрабыту. Але! Толькі калі яно было сплеценае павучком ля абразоў. А вось прыбіраць яго ці не – гісторыя замоўчвае…
Зрэшты, мне павучкоў заўсёды шкада. І хаця павуцінне я, вядома ж, прыбіраю, але саміх «жывёлінаў» не чапаю. Заву іх «Васькамі» (ні ў крыўду нікому! :)).
Пятага лютага гаспадыні абавязкова выпякалі пірагі з курыцай. На Агапія яны сімвалізавалі ўрадлівасць і сямейнае шчасце. Кожны з сямейнікаў абавязкова павінен з’есці хаця б кавалачак. Па даўнейшай традыцыі сёння трэба таксама пачаставаць жабракоў, бедных, вандроўнікаў-падарожнікаў.
Што яшчэ з цікавага (але невытлумачальнага: прынята і прынята) на гэты дзень дайшло да нас, дык гэта тое, што пабачыць зайца – да добрых навінаў! Ну, вожыка ля норкі мы ўжо падцікавалі… 🙂 Цяпер ганяемся за зайчыкам! Плюс назіраем за вавёркамі і сініцамі!
Калі вавёркі скачуць па зямлі альбо па галінах – цяпло хутка прыйдзе. Калі хаваюцца ў дуплах ды яшчэ і лаз зачыняюць – снегу доўга не будзе. Вось па апошняй прыкмеце ў мяне такое ўражанне, што яны са сваіх дуплаў не высоўваюцца яшчэ з пачатку снежня! 🙂
Дарэчы, сёння можна праверыць, ці сапраўды нас чакаюць наперадзе маразы, як прадказваюць сіноптыкі. Па народных прыкметах, калі сініцы гучна шчабечуць зранку на Агапія – маразы прыйдуць-такі!
А вось хто пятага лютага будзе гучна сварыцца, той без голасу застанецца, былі ўпэўненыя нашыя продкі. Ну, прыкметы прыкметамі, але калі ў наш няпросты час яшчэ і сварыцца… Дык можна не толькі без голасу застацца, але і без працы, без другой паловы, без сям’і… Лепей высвятляць адносіны ціха-мірна…
Пакуль гэты люты не пытаецца, як хто абуты, але, магчыма, значныя маразы мы ўсё ж пабачым і сёлета. А народныя прыкметы нашых продкаў на Агапія вось пра што даўней паведамлялі: «Многа снега – многа хлеба», «Марозны і сонечны дзень – да гарачага жніўня».
У гэты ж дзень дзяўчаты чыталі «на вецер» замовы на каханне.
Чарговы дзень, народнае свята, цікавае сваімі прыкметамі і традыцыямі, – і чарговая магчымасць для нас, сучаснікаў, паспрабаваць штосьці пераняць ад продкаў. Альбо… прыдумаць сваё. Галоўнае – мець жаданне. Ці не так?!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by