Народны каляндар
Барбару (Варвару) ушаноўвалі 17 снежня, Саву (Саўку) – 18-га і Міколу – 19-га. Робім цуды для дзяцей і дарослых.
Даўней нашыя продкі ў назіраннях за надвор’ем злучалі тры народныя святы, што ішлі адно за адным, у такую прыкмету: «Барбара мосціць, Саўка цвякі вострыць, а Мікола прыбівае». А размова тут ідзе пра паступовае нарастанне… маразоў!
І калі з тыдзень таму яшчэ трымалася ўпэўненасць, што сёлета ўжо Мікола Зімовы будзе з такім надвор’ем, як патрэбна… Дык зараз, з сумам пазіраючы на плюс і туман, які нам абяцаюць на 19 снежня сіноптыкі, канстатуеш: і тут спраўджваецца даўнейшае назіранне: «Ніводнаму Міколе не вер ніколі». А Мікола ж яшчэ Вясновы (ці Летні) ёсць, памятаеце?! 22 мая. Таму і «ніводнаму». Быццам бы снежань не пераходны перыяд, але ж…
А яшчэ прыкмячалі: «Які дзень на Міколу Зімовага, такі і на Летняга», «Колькі Мікола Зімовы дасць снегу, гэтулькі Мікола Вясновы дасць травы». А вось гэта ў святле апошніх падзей рызыкоўнае сцвярджэнне… Наконт снегу і травы.
Але нават калі ў суботу надвор’е не дасць нам магчымасці пакатацца на лыжах, санках ды каньках, затое магчымасць зрабіць прыемныя падарункі і падаруначкі дзецям (ды і дарослым таксама) ёсць у кожнага! Было б жаданне!
У нашым цяперашнім жыцці так мала нагодаў для радасці… Спрэс трывогі і стрэсы, хваробы і страты… А вось такі, няхай сабе і невялічкі, знак увагі здольны падараваць столькі станоўчых эмоцый!
З удзячнасцю прыгадваю Міколу Зімовага год таму. Бо атрымала тады сюрпрыз, які буду прыгадваць доўга-доўга! Мая віртуальная (на той час) сяброўка ў ФБ Таццяна Шчарбакова нечакана пад вечар завітала да мяне ў офіс з падарункам! Тады і адбылося нашае знаёмства ў рэале. А беленькі снегавічок у жоўценькай шапачцы ды шаліку і зараз цешыць вока (цукеркі былі з’едзеныя амаль адразу).
Больш за тое! Танюша цяпер – адна з самых актыўных чытачак майго блогу «Думкі ўслых». Заўсёды адзначыць падабайкай, пракаментуе. І гэта насамрэч вельмі сагравае.
Шкада толькі, што па многіх прычынах сюрпрызу ў адказ у рэале ў мяне сёлета не атрымаецца. А так хацелася б…
«Не чакайце цудаў, рабіце іх самі!» – заклікаюць нас у сеціве і не толькі. І гэта вельмі правільна. Вось і Мікола Зімовы ж у нас – Цудатворца…
Але пакуль тое заўтра, вернемся ў дзень гэты. Да САвы (не СавЫ!), альбо Саўкі. Нашыя продкі прыкмячалі: калі ў гэты дзень дзьмуў вецер, такога ж ветру трэба было чакаць і пасля Пятра, прычым усю квадру. Не дужа аптымістычная і гэтая прыкмета, але…
Дзе яшчэ ў народнай мудрасці прыгадваецца Сава? А вось тут: «На Савы не пралі, тоўклі просо, ячмень на куццю, жыто мололі на коляднікі, постолы плелі, волокі вілі», «Колісь на Варвары нічога не рабілі, а на Саву маталі клубкі на матужкі», «На Савы не трэба прасць. Не трэба круціць, каб добра было скату, бо скруціцца ягнёнак у калясо».
Калі хтосьці займаецца такімі рэчамі, сялянскай ці хатняй вясковай працай… Майце на ўвазе!
«Да Міколы няма зімы ніколі», «Хвалі зіму па Міколе»… Эх, наўрад ці пахвалім і сёлета… Ну што ж зробіш… Не працуюць ужо старадаўнія прыкметы. Так усё памянялася ў прыродзе, і не без умяшальніцтва чалавека. А калісьці ж прыходзіў час мікольскіх маразоў…
Нашыя продкі лічылі, што Мікола – «другі пасля Бога заступнік». Да яго звярталіся, каб абараніў ад усіх бедаў і няшчасцяў. І сапраўды, ён нават па легендзе паказаў сябе добрым. Не тое што Касьян. Памятаеце, чаму ў Міколы два дні на год, а ў Касьяна – толькі 1 раз у 4 гады, 29 лютага?! І гэта яшчэ раз падкрэслівае, што дабрыня, добрыя справы заўсёды і ўсюды заўважаюцца і цэняцца…
З надыходзячым святам вас, шаноўныя сябры! З Днём святога Мікалая! Няхай ён выдасца светлым, добрым, сюрпрызным і запамінальным…
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by