Site icon Слушна

Так балюча глядзець! Чаму варта ехаць на экскурсію ў зону адчужэння?

Зона дчужэння

У красавіку 2019 года — праз 33 гады пасля трагедыі на ЧАЭС — Беларусь адкрыла Зону адчужэння для экскурсій. Падарожжа ў Зону пачынаецца ў Хойніках. Тут працуе адміністрацыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Плошча запаведнай зоны складае больш за 216 тысяч гектараў. Яшчэ 260 тысяч гектараў забруджаных земляў — па ўкраінскі бок мяжы.

Зона адчужэння 3

Кінутыя ў мітусні вёскі, застылы хатні побыт, непераадольны моц прыроды, разбуральны час... За некалькі дзесяцігоддзяў, пакуль трыццацікіламетровая зона адчужэння развівалася без чалавека, яе тэрыторыя стала дзіўна своеасаблівай, захапляльнай для любога, хто мае магчымасць да яе дакрануцца.

Асноўным фокусам падарожжа турыстаў сюды з'яўляецца знаёмства з дзейнасцю Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, даследаванне пытанняў радыяцыйнага забруджвання, а таксама назіранне за жывёльным і раслінным светам тэрыторый, дзе дзейнасць чалавека была практычна поўнасцю спынена.

Вы здзівіцеся, як хутка прырода ўзяла сваё: больш за 30 гадоў адсутнасці чалавека колькасць зуброў тут адна з самых высокіх у Беларусі. Дзякуючы працяглай забароне на паляванне, у зоне адчужэння аднавілася колькасць ваўка і капытных.

Дарэчы, менавіта гэты марштут у зону адчужэння з’яўляецца асноўным у нашай краіне. Ён аптымальны для першага знаёмства з зонай.

Падчас яго можна убачыць пакінутыя вёскі і даведацца падрабязнасці гісторыі аварыі і эвакуацыі жыхароў.

Падчас экскурсіі ўдзельнікі абавязкова ўбачаць Музей радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які знаходзіцца ў навуковай частцы. У вёсцы Бабчын наведаюць старажытную сядзібу і школу. Праедуць на завод камбікорма — буйнейшае прадпрыемства Хойніцкага раёна да аварыі. Пасля трэба будзе прайсці КПП «Майдан», і можна ехаць у вёску Дронькі, дзе турысты наведаюць пачатковую школу.

Далей будзе вёска Пагоннае — адна з самых буйных вёсак зоны адчужэння, тут абавязкова трэба ўбачыць: школу, дом культуры, краму, сельсавет і многія іншыя аб’екты.

Дарэчы, да дошкі аб'яў ля Дома культуры прыбіты партрэт Пушкіна. Унутры захаваліся артэфакты — старыя чорна-белыя здымкі ў файліку, падзеленыя па рубрыках кшталту «Так мы працавалі», «Так адпачывалі» і г. д. Людзі прыязджаюць сюды на Радаўніцу, каб наведаць могілкі сваіх родных, а таксама пагуляць па мясцінах сваёй маладосці.

Пасле звычайна турыстаў вязуць у Краснаселле, дзе можна ўбачыць караблі, да аварыі вазіўшыя баржы з Мазыра ў Кіеў. Канчатковая лакацыя маршрута ў зону — буйная вёска Аравічы, дзе таксама многа цікавых мясцін.

Такі маршрут пракладзены па найменшых дазіметрычных паказчыках, што робіць знаходжанне на тэрыторыі запаведніка бяспечным. Запаведнік з'яўляецца тэрыторыяй з асабліва высокім ахоўным статусам, тут дзейнічае кантрольна-прапускная сістэма.

Для наведвання тэрыторыі неабходны пропуск, таму турыстам трэба як мага раней прыняць рашэнне аб паездцы — не пазней як за 10 дзён да пачатку тура.

Калі вы ніколі не былі ў Зоне адчужэння — ехаць адназначна варта. Найперш, каб перанесціся ў 1986 год, адчуць тую атмасферу. І паглядзець, як зараз прырода вяртае сабе тое, што некалі  (умоўна) забраў чалавек.

Да таго ж вам можа пашанцаваць — экскурсаводам апынецца той, хто жыў у гэтых месцах падчас трагедыі і эвакуацыі. Тады можна пачуць рэальныя гісторыі, імёны і нават знайсьці артэфакты таго часу. А гэта бывае намнога цікавей, чым проста глядзець на пакінутыя прадпрыемствы.

Усяго ў беларускай зоне адчужэння знаходзяцца 96 пакінутых вёсак. У 1986 годзе там жыло больш за 22 тысячы чалавек. Шкілеты кінутых будынкаў яшчэ доўга будуць служыць нямымі помнікамі Чарнобыльскай катастрофы ў гісторыі чалавецтва.

Экскурсія ў зону адчужэння Чарнобыля сёння — цалкам бяспечны маршрут і падыходзіць турыстам, якіх прыцягваюць небанальныя падарожжы, і каму хочацца атрымаць незабыўныя ўражанні!

https://bel.24health.by/starazhytnaya-vyoska-samatevichy-admetnasci-kultury-arxitektury-myascovasci/

Exit mobile version