Site icon Слушна

Торт «Мурашыная горка» і цукеркі з арэхамі. Пакрокавы рэцэпт

«Мурашыная горка» — неверагодна смачны торт з дзяцінства для аматараў варанай згушчонкі. Дэсерт гатуецца даволі проста і хутка, калі не ўлічваць час замарозкі цеста, і яго прыгатавання ў духоўцы.

Спатрэбіцца ўсяго толькі зрабіць пясочнае цеста, астудзіць і нацерці яго на буйнай тарцы, а пасля спячы. Затым варта прыгатаваць крэм са згушчонкі і масла. І апошні этап — злучыць паламаныя кавалачкі выпечанага цеста і крэм, надаючы гэтай масе форму мурашынай горкі.

А для цукерак спатрэбіцца блэндар і здробненыя арэхі.

Інгрэдыенты для торта

Інгрэдыенты для цеста

  • Пшанічная мука — 4 шклянкі (прыкладна 800 гр.)
  • Яйкі — 2 шт.
  • Маргарын — 200 гр.
  • Малако — 100 мл. (палова шклянкі)
  • Соль — 1/4 ч.л.
  • Сода — 1 ч.л.

 Інгрэдыенты для крэму

  • Варанае згушчанае малако — 380 гр.
  • Масла сметанковае — 50 гр.
  • Арэхі — грэцкія, фундук (па смаку) — 100 гр.

Спосаб прыгатавання

 Узбіваем яйкі.

Дадаем да іх малако і соду, гашаную воцатам.

Змешваем. Растопліваем у мікрахвалеўцы маргарын, але не так, каб ён быў вадкім. Маргарын павінен стаць мяккім, як на фота. Змешваем блэндарам.

Дадаем па шклянцы мукі, змешваем лыжкай цеста.

Цеста атрымаецца мяккім, паветраным.

Далей яго замешваем рукамі, каб атрымалася аднародным.

Дзелім цеста на дзве часткі, кладзем у пакеты, а пасля ў маразільную камеру на паўтары гадзіны.

Хуткасць замарожвання залежыць ад таго, колькі вы дадаеце маргарыну ў цеста. Трэба глядзець, каб яно было застылае, тады будзе зручна дзерці на тарцы.

Дастаём замарожанае цеста з маразільнай камеры, і надзіраем на тарцы на бляху. Бляху змазваць нічым не трэба.

Цеста лепш запякаць пры тэмпературы 180 градусаў да залацістага колеру, змешваючы лапаткай кожныя 5-7 хвілін. Гатоўнасць можна вызначыць па колеры цеста. Звычайна, працэс запякання займае прыкладна 25-30 хвілін.

У гэты час можна прыгатаваць крэм для торта і цукерак.

Для прыгатавання крэму выкарыстоўваем слоік варанай згушчонкі і сметанковае масла пакаёвай тэмпературы.

Узбіваем блэндарам да аднастайнасці крэм. Выкладаем цеста ў форму з крэмам, змешваем.

Частку цеста пакідаем для цукерак.

А сам торт утрамбоўваем у любую ёмістасць, талерку, формачкі. Можна зрабіць дэсерт у выглядзе горкі, можна ў выглядзе любога іншага прадмета, няма межаў для вашай фантазіі.

Ставім торт у халадзільнік на пару гадзін, ці проста ў халоднае месца.

Гатуем цукеркі

Блэндарам трэба здрабніць сумесь з цеста і крэму, для больш аднастайнай масы дадаем здробненыя арэхі.

Далей круцім шарыкі, выкладваем на талерку і адпраўляем у маразілку на гадзіну-две.

Смачныя цукеркі гатовыя, для дадатковага смаку можна абкачаць іх у какосавай стружцы!

Смачна есці!

Карысныя цукеркі і казінакі для прыгожай фігуры. Топ-3 незвычайных рэцэпта

Exit mobile version