14.06.2019
14.06.2019

Трэнікі, няголеныя ногі і хатні халат. Як сумеснае жыццё забівае страсць

logo
Адносiны
0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яшчэ нашы бабулі казалі: усе гігіенічныя працэдуры, у тым ліку макіяж, жанчына павінна праводзіць сам-насам. Мужчына бачыць усе гэтыя пераўтварэнні не павінен ні ў якім разе. Сумеснае пражыванне рэдка дае нам магчымасць прытрымлівацца такіх правілаў. Ды і стаўленне зрабілася прасцейшым: «Калі кахае, дык прыме любой».

Доўгія і трывалыя адносіны могуць вытрымаць не толькі калупанне ў носе, галенне ног і маску на твары, але і адначасовае наведванне прыбіральні, у той час як другая палова чысціць зубы. Блізкасць гэта ці распушчанасць? Як насамрэч рэагуюць мужчыны на такія паводзіны сваёй партнёркі? Ці праўда, што быт у любым выпадку разбурыць любую страсць?

Пра гэта наша размова ў пастаяннай рубрыцы «Пра што маўчаць мужчыны».

 
Аляксандр Тыманюк
Магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» г.Брэста
Для чаго людзі разам жывуць? Каб адзін аднаго абмяжоўваць, укатваць, ставіць у нязручныя куты альбо каб дапамагаць адзін аднаму развівацца? Што такое свабода? Людзі ўваходзяць у адносіны, як у кансервы, і пачынаюць рабіць тое, што патрабуе соцыум, дзяржава, мама, цётка, бабуля. І ўсё. Чалавек згубіўся. Калі пара толькі пачынае сустракацца, яны вельмі закаханыя і гатовыя на многае адно для аднаго. А потым пачынаецца: ты куды? Хто з табой? Страх і рэўнасць, жаданне адкруціць галаву і паставіць у рамкі. Жанчыны заўсёды будуць захопнічаць. А мужчыны? З маёй практыкі, калі дамы прыходзяць да мяне на заняткі псіхатэрапіяй для сябе, ідучы ўслед за ўласнай цікавасцю, іх спадарожнікі гатовыя на ўсё, каб спыніць, ажно да скаргаў у інстанцыі. Гэта пытанне да чалавека, які жыве побач: што з табой? Калі ў яго будзе смеласць разабрацца і зразумець, што, напэўна, неяк неадэкватна я сябе паводжу, побач са мной яна чэзне, гэта яшчэ добра. Але часцей за ўсё смеласці не хапае. Што мы бачым на адпачынку? Калі людзі ідуць і гаўкаюцца, дык 100% гэта муж і жонка. Калі купляюць адзін аднаму марозіва і ўсміхаюцца – проста закаханыя. Калі мужчына і жанчына пачынаюць жыць разам, яны пачынаюць адразу з абмежаванняў: ты павінен, ты павінна.

Чаму так адбываецца?

Эгаізм, пабудаваны на ўласным інфантылізме. Калі людзі бяруць шлюб, у адносінах з'яўляецца трэці – дзяржава. Яна дыктуе свае правілы, з'яўляецца слова «павінен». У кожнага сваё ўяўленне пра тое, як паводзіць сябе жонка, што робіць муж. І калі штосьці выходзіць за рамкі, пачынаюцца праблемы. Таму перад тым, як ажаніцца, трэба заўсёды пытацца: «Што ты маеш на ўвазе пад словам «шлюб», што ўкладваеш у паняцце «муж», «жонка»? Калі б людзі маглі казаць шчыра, дык 50% шлюбаў не адбыліся б. Тых, хто потым разводзіцца. Добрае слова – статус. Звычайна так: статус здабыў – чалавека страціў. Да чаго імкнуўся?

У наш час нарцысізм у модзе. Мы хочам здавацца лепей, чым ёсць насамрэч. Перад тым, як выкласці фота, апрацоўваем яго фільтрамі. Тады прад'явіць сябе сапраўднага яшчэ страшней. Тым больш у быце, дзе ўсе ўразлівыя месцы прыкметныя.

Падчас нарцысізму і навязвання ідэалаў вельмі важная рэальнасць, праўда, простыя і прамыя рэчы. Людзі ж хаваюцца за гэтымі фільтрамі. Але ж іншым яны бачныя. А чалавек лічыць, што не. Гэта самападман, ілюзіі. Яны выгадныя, бо дазваляюць хаваць недахопы. І тады варыянтаў толькі два: я магу сустрэцца са сваімі слабасцямі і павысіць уласную значнасць, інтэлектуальны, духоўны статус. Або застаюся інфантылам, які сам ад сябе хавае рэальнасць і хоча падмануць іншых. Страшна, калі гэта робяць мужыкі.

практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс» Максім Пылёў

І ўсё ж такі ці важна старацца выглядаць максімальна прывабна, пачынаючы жыць разам у рэальнасці і апускаючыся ў быт?

Мы жывем у добрыя часы. Раней такога пытання не было. Трэба было трымаць гаспадарку, грошай мелі мала. Надышоў час важнасці эстэтычнага, захавання прыгажосці, сябе ў адносінах. Хочацца ідэал. Але хто б ён ні быў, у яго ўсё роўна ёсць трэнікі, ён ходзіць у прыбіральню, не заўсёды прыемна пахне, не заўсёды выглядае прыгожа. А па праўдзе сказаць, вялікую частку часу ён можа быць страшным. Трэнікі, няголеныя ногі, вусы, валасы на ложку, пыл, дыван брудны – тое, што было, ёсць і будзе. І калі жанчына, выходзячы замуж, спрабавала гэтага пазбегнуць, дык гэта глупства. Бо ўсе людзі рэальныя.

Ці не руйнуе бытавое пытанне страсць, каханне?

Заўсёды разбурае. Бо як толькі сышліся разам, пражылі доўга, адбылося зліццё. Калі гэта здарылася, уласнае «я» раствараецца. А для таго, каб была страсць, цікавасць, патрэбная свабода. У страсці важныя пачуцці, якіх вельмі пазбягаюць: злосць, агрэсія, страх, сум, нянавісць, смутак. А звычайна, калі людзі сыходзяцца, яны думаюць: «У нас гэтага не будзе ніколі».

Але ж не так проста выказваць такія пачуцці іншаму чалавеку. І не кожны партнёр гатовы іх пачуць.

У гэтым шлюб – не памочнік. Тут патрэбна псіхатэрапія. Яна дапаможа навучыцца гаварыць і вытрымліваць праўду.

Ці праўда, што быт у любым выпадку разбурыць любую страсць?

Ці можна, жывучы разам у нашых не вельмі прасторных кватэрах, умудрыцца захоўваць цікавасць адзін да аднаго? Пры ўмове, што людзі імкнуцца даць адзін аднаму максімальна прымальную для іх свабоду.

Звычайнае ўспрыманне словы «свабода»: налева будзе хадзіць. А ніхто не думае пра тое, што першапачаткова мы сустракаемся асобамі. І ў кожнага з нас ёсць сваё жыццё. Ніхто не збіраецца здраджваць. А потым чамусьці так атрымліваецца. Ад невыноснасці таго, што адбываецца. Ад таго, што, магчыма, пэўны час разам пажыўшы, трэба было сысці, хаця б на пару дзён. Проста прыгадаць, хто ты.

Жанчыны кажуць: «Я стала яму нецікавая». Вядома, стала. Бо перастала быць цікавай самой сабе, каб дагадзіць розным правілам, якія для сябе і прыняла. Мужчын гэта таксама тычыцца.

Страсць жыве там, дзе жыве чалавек. І ў жывёл, і ў сацыяльных ды духоўных праявах. Выдатны спосаб пасварыць 2 людзей – зачыніць на 3 месяцы ў адным пакоі.

Я ўвесь час арыентую на слова «адказнасць». У першую чаргу, перад сваім жыццём. І калі ты скрыпач і табе трэба ісці на рэпетыцыю, дык лепей ідзі туды, чым слухаць: «Паляжы, не хадзі». Ідзі, бо потым будзе вельмі крыўдна за ўласную безадказнасць у адносінах да свайго жыцця і ўласнай свабоды.

Але ж нездарма кажуць, што дом чалавека – яго крэпасць. Дзе, як ні дома, можна дазволіць сабе расслабіцца.

Я такіх «прыгонных» бачу часта. Мала людзей ідуць дахаты расслабляцца. Многія мужыкі цягнуцца туды, як на катаргу. Яна яму ўжо за гадзіну 20 разоў патэлефанавала: «Ты дзе?». А калі ён прыйдзе, то што там будзе? Вайна. Таму дома з расслабленнем – вялікая рэдкасць. Гэта як брыльянт. Такую атмасферу трэба ствараць сумеснымі намаганнямі. Прыдумляць вольны час, прычым не абавязкова ён павінен быць сумесным. Калі гэтага не будзе, быт заб'е каханне вельмі хутка.

І ўсё ж такі ці адыгрывае важную ролю ў адносінах мужчыны да жанчыны тое, што ён перастае бачыць яе штодня ў прыгожых строях, з макіяжам, пілуючай пазногці, з маскай на твары, у халаце? Ці перастае ён успрымаць яе як жаданую?

У маім жыцці такой праблемы ніколі не ўзнікала. Калі мужчына кахае жанчыну, дык яго пачуцці не паменшацца ад таго, што ён убачыў, як яна голіць ногі. Гэта натуральныя рэчы. Адсутнасць пастаяннай прыгажосці хвалюе толькі гламурных хлопчыкаў, якія яшчэ не дараслі да таго, каб прымаць рэальнасць.

 
Максім Пылёў
Практыкуючы псіхолаг, гештальт-тэрапеўт, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»
Немагчыма пастаянна спакушаць і знаходзіцца ў напрузе. Быт – неўратычнае набліжэнне, калі мы бачым чалавека з яго пачуццямі, валасамі, вусамі і іншай бытавой тэмай. Ёсць дзве крайнасці: калі жанчына ўвесь час ходзіць нафарбаваная, сэксуальна апранутая, у тонусе, мужчына ўцягвае жывот, баіцца пакалупацца ў носе, гучна пукнуць у прыбіральні... А з іншага боку: «Ай, ён усё роўна мяне кахае. Пайду ў гэтым бабуліным халаце». Такія рэчы дакладна забіваюць сэксуальнасць. Думаю, што сумесныя паходы ў прыбіральню ды іншае быццам бы пра блізкасць, а насамрэч – пра зліццё. І тады два чалавекі пачынаюць жыць, як брат і сястра. Я за баланс.

Ёсць жаночы свет, ёсць мужчынскі. Ёсць куткі, якія павінны заставацца зачыненымі адзін для аднаго. Калі ўсе гігіенічныя працэдуры выстаўляюцца на ўсеагульны агляд, губляецца момант узбуджэння, сэкс робіцца не важным. Адзін з самых частых запытаў, з якім людзі прыходзяць у псіхатэрапію, – поўная адсутнасць сэксуальнай цікавасці адзін да аднаго. А забіваць яе могуць якраз такія рэчы.

Пры досыць здаровых адбудаваных адносінах да сабе і адзін да аднаго пачуцці можна захаваць. І тут вельмі важна, каб акрамя дзяцей, быту, адносінаў яшчэ ў кожнага было сваё жыццё, інтарэсы. Трэба месца, дзе чалавек мог бы расці і атрымліваць энергію, ад якой бы запальвалася іскра. Са з'яўленнем дзяцей захоўваць гэтыя моманты асабліва цяжка. Таму большая частка разводаў прыпадае менавіта на першыя тры гады пасля нараджэння дзіцяці.

Поўная версія размовы – на відэа.

Відэа – Святлана Стахоўская, Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 36

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.