20.06.2023
20.06.2023

Мы трымаемся ў аблозе. Баранчыкавы заляцанні (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Адэліны гаспадары надумалі пашырыць асартымент вырабаў з воўны і нанялі на працу Баранчыка. Якой жа незадаволенай Адэля з’явілася да мяне ў той дзень! Яе раздражняла ўсё. На мае роспыты авечачка толькі сярдзіта бурчэла. Тады я паспрабавала непахібнага спосабу: запарыла духмянай гарбаты, дастала печыва, сочыва і запрасіла Адэлю да стала. Яшчэ колькі хвілін Адэля дэманстравала абражанасць, але пакрысе пачала лагаднець.

— Спадарыня Наталля! Як я выглядаю? – запыталася авечачка, змалаціўшы паўслоіка сочыва з печывам.

— Добра выглядаеш, Адэлька, — шчыра адказала я.

— І ўсё? – незадаволена перапытала Адэля.

— Ну, — я прыгледзелася больш пільна, — вельмі добра! Як звычайна.

— Я так і ведала, што нічога талковага ад вас не пачуеш, — абвясціла Адэля і падскочыла да люстэрка. – Маглі б сказаць, што я заўсёды выглядаю бездакорна! Сёння мне гэта вельмі патрэбна пачуць!

— Калі цвёрда верыш сама ў гэта, то чаму пытаешся? – здзівілася я.

— Бо настаў момант, калі ў маё сэрца ледзь не пратачыўся сумнеў. А вы мяне падтрымаць не хочаце, — з дакорам зірнула на мяне прыяцелька.

Адэлька

— Нешта здарылася? – Я падрыхтавалася цярпліва выслухаць яе скаргі.

— Ды ўсё новенькі наш, Баранчык. Уявіце, толькі з’явіўся на ферме, а ўжо так і выслужваецца, так і выстаўляецца перад усімі. Мала таго, што я цяпер мушу пасвіцца з ім на адным лужку, дык ён яшчэ і заляцацца да мяне надумаў. Падыходзіць сёння, такі рахманенькі, і заводзіць: «Ах, вы такая пекная паненка! Мне будзе так прыемна працаваць побач з вамі! Я хацеў бы для вас нешта прыемнае зрабіць». І падае мне букет лугавых кветак.

— Пакуль што ніякай крамолы я не бачу, — уставіла я.

— Вядома ж, — ускіпела Адэля. – Калі вы што бачыце далей свайго носа? Хіба я выглядаю так, быццам да мяне можна заляцацца з букетам лугавых кветак?

— А чаму не? – асцярожна запыталася я. – Табе яны заўсёды падабаліся. Я колькі разоў бачыла ў цябе ў вазах лугавыя кветкі.

— Няўжо вы не бачыце розніцы? Сабе нарваць такі букет я магу, і нават вам падарыць – таксама. Але мне не патрэбны кавалер, які пачынае заляцанні з лугавымі кветкамі. Гэта толькі Малімонка ці Даліктуся на ўсякія кветкі з замілаваннем паглядаюць. А такой вытанчанай і зорнай асобе як я варта было б паднесці ружы, ці лілеі, ці нават архідэі. Я так і сказала гэтаму няўклюдзе: «Хочаце зрабіць для мяне прыемнае – дастаньце зорачку з неба. А гэты венік лугавы я нават есці не стала б».

— Адэля, — абурылася я, — што ты сабе дазваляеш! Нічога крыўднага табе Баранчык не сказаў! Ты мусіла проста падзякаваць. Гэта маглі быць зусім не заляцанні, а жаданне ўсталяваць прыяцельскія стасункі.

Кветкі

— Ну не! Гэта ж смеху варта: другой такой прыгожай і далікатнай авечачкі няма на свеце, а ён са сваім венікам падступаецца!

— Прабач, я хацела б удакладніць. Можа, табе сам Баранчык не спадабаўся?

—Ды вы наогул мяне не слухаеце! Баранчык як баранчык. Я не надта і зважала на яго. Але які самаўпэўнены! Чаму ён здумаў, што найладнейшая і найхарашэйшая на лузе асоба прыме яго заляцанні? Дык жа я сабе цану ведаю! Нават размаўляць з ім не буду, няхай не разлічвае. І наогул, годзе пра яго гаварыць, ён такой увагі не варты. Лепш раскажыце што пра сябе.

— А што ж цябе цікавіць?

— Ну, якая-небудзь гісторыя са шчаслівым канцом. Мне трэба супакоіцца, — Адэля, наважыўшыся слухаць, раскінулася ў крэсле. Я задумалася. І тут ўспомніўся адзін выпадак, які здарыўся са мной яшчэ ў маленстве.

 Гісторыя са шчаслівым канцом

— Ну, слухай, Адэлька, — пачала я. – Мне было гады чатыры. Бацькі, узяўшы з сабой мяне і маю старэйшую сястру, паехалі на госці да адных знаёмых. Тыя ўжо былі старыя і вельмі любілі, каб да іх завітваў хто з мясцовымі навінамі. Жылі яны на хутары, а вакол было вялікае жытнёвае поле. Крыху пасядзеўшы ў кампаніі з дарослымі, мы засумавалі ад іх размоў і шмыгнулі за дзверы, паабяцаўшы нікуды ад дому не адлучацца і назбіраць прыгожы букет васількоў. Іх было так шмат у жыце, але здавалася, што найхарашэйшая кветачка расце за некалькі крокаў ад месца, дзе ты стаіш. Вось так я і пайшла па найпрывабнейшыя кветкі. А калі набрала вялікі букет, азірнулася, каб паказаць яго сястрычцы – і пабачыла толькі сцяну каласкоў вакол.

Казкатэрапія

— Вы заблудзілі! – ахнула Адэля.

— Так. Я была такая маленькая, а жытнёвыя каласы такія высокія, што мне было відаць толькі яснае сіняе неба над галавой. Добра памятаю, як вакол лётала мноства розных матылькоў, стракаталі конікі, а ў траве поўзала безліч усялякіх кузурак. Было так дзіўна застацца адной у жытнёвым царстве. Але я чамусьці зусім не баялася. Ішла сабе сярод каласкоў, збірала васількі ды рамонкі і набрыла на закінутую студню на палянцы.

— А-ёй, жах які! – паспачувала Адэля. — І не ўваліліся? Кажуць, са студні нават удзень зоркі відаць. Можна было б спраўдзіць.

— Не, у студню я не лезла.

— А як жа вы знайшліся?

— Я не надта помню. Здаецца, сястрычка знайшла. Яна скора згледзела, што мяне няма і стала гукаць. Дый росту яна была вышэйшага, неяк заўважыла мяне сярод жыта.

— Якое шчасце, што вы знайшліся, — расчулена прамовіла Адэля, — што не заблудзілі назаўсёды, не трапілі ў студню, бо хто б пра мяне зараз кніжку пісаў?

— Мне здаецца, Адэля, ты усё адно знайшла б, як стаць знакамітай.

— Мабыць, але ўсё ж думаю, што нашу сустрэчу наканаваў сам лёс! У нас з вамі склаўся выдатны творчы тандэм. Толькі неяк марудна вы пішаце. Маглі б і напружыцца дзеля мяне. Я для вас вунь колькі ўсяго раблю: малако ад Малімонкі насіла, валёнкі падарыла, сюжэты падкідваю, ідэямі забяспечваю…

Малако 4

— Адэля, я табе вельмі ўдзячная за ўсё, што ты для мяне робіш, але зразумей: на ўсё свой час!

— Ага, — фыркнула Адэля, — пакуль вы тут пра час філасофію разводзіце, хто іншы можа напісаць кніжку. Пра Малімонку, да прыкладу. Ім дастанецца слава, а нам з вамі – дуля!

Трэ было як мага хутчэй перавесці гаворку.

— Як я разумею, кнігу пра этыкет ты ўсё ж не чытаеш, — выказала я сваю здагадку.

— Не толькі вы трымаеце свае абяцанні. Перад сном кожны раз адну-дзве старонкі адужваю. Але ж і нудота, скажу я вам! Каб не неабходнасць больш-менш выхаваць Малімонку, то ўжо даўно кінула б гэтую кніжку.

І тут я надумала схітрыць.

— Шкада, што ты сама не карыстаешся гэтымі правіламі. Можа, твой «зорны» лёс напаткаў бы цябе раней, чым выйдзе кніга.

Адэля адразу наставіла вушкі:

— Гэта як, спадарыня Наталля?

— Я якраз сёння даведалася, што рыхтуецца акцыя «Асаблівыя жывёлы». Камісія зробіць рэйд па навакольных фермах і вызначыць першых прэтэндэнтаў на ўдзел у акцыі. Потым, сакрэтна паназіраўшы за іх паводзінамі, абярэ ўдзельнікаў для другога туру. А пераможца будзе запрошаны на тэлебачанне, каб весці ток-шоу.

Што?! І вы маўчыце! Я тут з вамі лясы тачу, камісія можа ўжо пабывала на маёй ферме і пабачыла не мяне, а Малімонку, ці гэтага выскачку-Баранчыка. А я дакладна ведаю, што лепшай вядоўцы для ўсякага ток-шоу ім не знайсці!

Адэля выскачыла за дзверы, нават не адвітаўшыся.

Выкрыццё Баранчыка

Сказаць, што Адэля вельмі змянілася з таго дня, як я папярэдзіла яе пра рэйд камісіі, значыла б падмануць вас, мае дарагія чытачы. Але некаторыя паляпшэнні ў яе паводзінах можна было згледзець. Адэля загадзя ўдакладніла, дзе будуць рабіць агледзіны прэтэндэнтаў на ролю вядоўцаў: ці толькі на фермах, ці і на працоўных месцах.

Я запэўніла, што і на працоўных месцах таксама. Адэля са скуры вылузвалася, выглядаючы камісію і імкнучыся на кожнага сустрэчнага зрабіць незабыўнае ўражанне. Яна нават зрабіла першыя крокі, каб наладзіць добрыя стасункі з Баранчыкам, хоць зусім нядаўна ведаць яго не жадала, і які пасля выпадку з букетам перастаў звяртаць на яе ўвагу. Не падумайце, што Баранчык быў нявыхаванай жывёлінай і дазволіў сабе пераступіць праз правілы ветласці. Ён заўсёды прязна вітаўся пры сустрэчы, усміхаўся, але потым адыходзіў і пасвіўся воддаль, а калі Малімонка заставалася працаваць на лужку, далучаўся да яе.

Адэля і баранчык

— Падумайце толькі, — паскардзілася неяк Адэля, — ён мяне ўнікае.

— Не дзіва. Ты сама недвухсэнсоўна выказалася, што табе непрыемная яго кампанія. Чаму ж цяпер стараешся?

— Скуль жа я ведала, што на тэлебачанні зацікавяцца маімі асабістымі дачыненнямі з калегамі?

— Мне здаецца, ты занадта спяшаешся. Цябе яшчэ ніяк не вызначылі.

— Што? У вас ёсць нейкая сакрэтная інфармацыя, а вы не хочаце са мной падзяліцца! Выкладвайце, што там камісія мяркуе!

— Сама падумай, Адэля, — выкручвалася я, — хто б стаў са мной дзяліцца інфармацыяй, ведаючы, што ты — мая прыяцелька?

— Вы сапраўды нічога не ведаеце? Тады я падзялюся з вамі сваімі здагадкамі.

Адэля азірнулася на бакі і, нахіліўшыся да мяне, таямніча зашаптала:

— Гэта Баранчык!

— Што Баранчык? – не зразумела я.

Баранчык 3

— Я кажу: Баранчык! Падазроны нейкі! Можа, ён і ёсць тая камісія, пра якую вы казалі. Толькі не прызнаецца. Ах, дарэмна я так легкадумна адрынула яго заляцанні, — схапілася за галаву авечачка. – Быў бы свой «чалавек» у камісіі – ён бы мне паспрыяў. Бо Баранчык каля Малімонкі круціцца, пэўна, яе і абяруць для ўдзелу ў гэтай акцыі. Я, можа, неяк і перажыву, але падумайце: усе будуць уведзеныя ў зман, прымаючы Малімонку за самую дасціпную і прыгожую!

— Я думаю, яны таксама неяк гэта перажывуць.

— Што!? Вы не ўяўляеце, якое гэта эгаістычнае і сквапнае стварэнне! І яна будзе ўзорам іншым?

— Адэля! Як ты можаш так гаварыць пра Малімонку? Я хоць і не надта блізка з ёй знаёмая, але магу засведчыць, што яна прыемная і выхаваная козачка.

— Вы з ёй ніколі блізка не сутыкаліся! А я ведаю, што кажу! Ды хоць у гаспадыні маёй запытайце!

— Добра, Адэля. Я якраз збіралася заўтра адвячоркам завітаць да пані Гэлены па малако. Яна мяне запрашала.

— Цудоўна! Пабачыце, што я маю рацыю. І да Баранчыка заадно прыгледзьцеся!

Мы трымаемся ў аблозе

Я паабяцала Адэлі разабрацца і пайшла на кухню – наліць нам па шкляначцы халоднага квасу, бо гарачыня стаяла проста неймаверная! Не прабыла я там і трох хвілінак, як з пакоя пачуўся Адэлін лямант. Што зноў здарылася? Я кінулася да яе. Бачу: дзверы на балкон расчыненыя, у памяшканні поўна восаў. Адэля, схапіўшы сурвэтку з камоды, адмахваецца ад іх і бляе так, што сэрца замірае ад жудасці.

Імгненна ацаніўшы становішча, я падхапіла Адэлю і пацягнула яе ў лазенку. Але як бы хутка я ні паварочвалася, усё ж атрымала два-тры ўкусы, ды яшчэ парачка асабліва шпаркіх восаў паспела ўварвацца следам. Я хутка пусціла душ і скіравала струмень вады на гэтых агрэсараў. Іншага выйсця не было. Пакусаныя месцы балелі і апухалі. Але Адэлі было яшчэ горш – у густой воўначцы заблыталіся восы, а значыць, ёй пагражала яшчэ некалькі ўкусаў.

квас

— Лезь у ванну! Хутка! – скамандавала я і адкруціла венціль напоўніцу.

Адэля хуценька скочыла пад струмень вады і зноў загаласіла штосілы:

— Вада халодная!

— Патрывай крышку, — я адрэгулявала тэмпературу вады.

Восы перасталі джаліць Адэльку, вада змыла іх у каналізацыю. Расправіўшыся з восамі, я перавяла дух.

— Балюча! – енчыла Адэля. – Асабліва во тут! — яна тыцнула капытком у бачок.

Я ўзяла з паліцы нажніцы і павярнулася да маёй «пацярпелай».

— А-ёй! Гвалт! – занервавалася авечка. – Што вы задумалі?! Не трэба мяне стрыгчы, яшчэ не час! Дый не ўмееце вы. Пастрыжэце кузлакамі – як мне на вочы людзям паказацца?

Я разгубілася. Да месца ўкусу трэба прыкласці штосьці халоднае, тады боль хутчэй аціхне. Але Адэлю ажно трасла ад выгляду нажніцаў.

Адэля з кветкамі

Я пачала ёй тлумачыць:

— Не хвалюйся, даражэнькая. Я нічога не зраблю тваёй воўначцы, толькі прыкладу нажніцы да пакусаных месцаў. На жаль, тут больш няма нічога металічнага.

Адэля перастала галасіць і падставіла свой бачок. Адной рукой я трымала нажніцы, а другой абмацвала свае ўкусы. Мяне гэтыя злыдні паспелі хапнуць за плячо, руку і за калена. Балюча! Але пара было шукаць выйсця. Мы добра чулі, як за дзвярыма гудзе патрывожаны рой.

— Мы з табой трымаем аблогу, — пачала я падсумоўваць вынікі. –  Вакол поўна ворагаў і чакаць дапамогі няма адкуль. Дарэчы, адкуль у кватэры гэтулькі восаў? – я падазрона глянула на авечку. – Ты напусціла?

— Што? Вы яшчэ вінаваціць мяне будзеце? — тут жа падскочыла Адэля. — Вы гаспадыня кватэры, от і скажыце, што вам прыйшло да галавы пладзіць на балконе гэтых небяспечных стварэнняў?! А я толькі хацела глянуць, ці ўтульна ім жывецца ў валёнку з маёй воўначкі.

— Ты сама падсунула мне валёнкі, якія паела моль і ўгаворвала іх не выкідваць, — пачала я, але потым махнула рукой. – Няма чаго спрачацца, трэба думаць, як вызваліцца.

— А вы вазьміце вядро вады і я-яя-к пліхніце на іх! – падказала Адэля.

— Ага! Яшчэ і суседзяў знізу зальем! І пакуль я пліхну з вядра, мяне ўсю паджаляць!

— Дык не будзьце такой марудай. Хуценька пліхніце.

— Можа, ты сама паспрабаваць хочаш? – супраціўлялася я.

Адэля толькі засапла ў адказ. А я зноў прыслухалася да таго, як гудуць нашы лютары за сцяной.

— Вось што! – паднялася я. – Іду па тэлефон. Будзем выклікаць супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

— А яны прыедуць? – занепакоілася Адэля.

— Абавязкова! – запэўніла я прыяцельку-паланянку. Узяла з гачка тоўсты махровы халат, накінула на галаву ручнік і ціхенька высунулася з лазенкі.

Расправа над «хвастом» і выратаванне паланянак

Восы ўжо гудзелі на кухні. «Пэўна, квас упадабалі», — падумалася мне. Я на дыбачках пасунулася ў пакой па тэлефон. Мне пашанцавала: незаўважанай дабралася да пакоя, схапіла мабільны і кінулася назад у лазенку. Тарганула дзверы – яны былі замкнёныя з сярэдзіны.

— Пароль?! – данеслася з-за дзвярэй.

— Адэля, адчыняй! Хуценька! – крыкнула я.

— А вы добра глядзелі: «хваста»  няма?

— Якога яшчэ «хваста»?

— Восаў!

— Калі ты памарудзіш хоць хвіліну, ён абавязкова будзе, — я нездарма нервавалася. Восы пачулі, што іх паланянкі шукаюць шлях на волю і выслалі сваіх выведнікаў. Яны імкліва набліжаліся.

Авечка Адэля

Дзверы ў лазенку прыадчыніліся. Я хуценька праціснулася ў шчыліну, бразнуўшы дзвярыма якраз перад нацэленымі на мяне варожымі джаламі. Адэля сустрэла мяне насцярожана:

— Ну што там? Вы хоць бы здагадаліся гэтых злыдняў у пакой завабіць?

— Ну, Адэля, — перавяла я дух, — знайшла час у шпіёнаў гуляць!

Тут Адэля, нічога не кажучы, як сцебане мяне па плечуку ручніком.

— Што ты сабе дазваляеш? – абурылася я.

— Я ж казала: глядзіце пільна! А вы прывялі-такі «хваста»! І толькі дзякуючы маёй спрытнасці нас зноў не пакусалі. Вось. — Адэля нахінулася і, падняўшы з падлогі сваю ахвяру, падала мне з трыумфальным выглядам.

Я прыгледзелася:

— Гэта звычайная муха. Пэўна, таксама праз адчынены балкон уляцела.

Адэлю гэта не збянтэжыла:

— Ну і што ж, што муха! Можа, яна на службе ў восаў. І наогул, у час аблогі нельга страчваць пільнасці! Ну, тэлефануйце хутчэй «выратавальнікам»! Колькі можна сядзець, замкнуўшыся ў маленькім памяшканні! У мяне клаўстрафобія зараз пачнецца.

Я хутка набрала патрэбны нумар.

— Міністэрства па надзвычайных сітуацыях слухае! – азваўся са слухаўкі голас дыспетчара.

— Ратуйце! – закрычала Адэля, спрабуючы вырваць у мяне тэлефон.

Я пагрозліва зіркнула на яе і пачала тлумачыць:

— На нас напалі восы, цэлы рой. Кухня ў акупацыі. А пакой, здаецца, вольны. Толькі мне не было калі разглядаць. Мы хаваемся ў лазенцы, — дакладала я баявую абстаноўку.

— Дыктуйце адрас! – імгненна адрэагавала дыспетчар. – Чакайце! Праз пяць хвілін нашы супрацоўнікі будуць у вас.

Я ўздыхнула з палёгкай. Пяць хвілін можна патрываць. Але не прайшло яшчэ і трох хвілін, як Адэля зноў неспакойна закруцілася:

— Ну і дзе яны, нашы выратавальнікі? Нешта яны не спяшаюцца.

— Неўзабаве прыедуць, вось пабачыш.

— Можа, і прыедуць, — незадаволена бурчэла Адэля, — толькі ў кватэру не патрапяць – дзверы замкнёныя. Ідзіце адчыняйце.

— Але ж і нецярпячка ты, — не вытрывала я. – Адчыню, як у дзверы пазвоняць.

— Мы не пачуем, тут седзячы, — даводзіла сваё авечка.

— Пачуем! – адрэзала я, пільна прыслухоўваючыся да гукаў за дзвярыма. Збавіцеляў пакуль не было чуваць, затое восы пагрозліва гулі, лётаючы па ўсёй кватэры. Я зноў захуталася ў халат і ручнік – падрыхтавалася да вылазкі. Як выявілася – вельмі ў час! Пачуўся званок у дзверы, я папярэдзіла Адэлю.

Адэля

— Сцеражыся! – і выслізнула ў шчыліну.

Праз некалькі хвілін аблога скончылася. Выратавальнікі выбавілі нас з няволі, а заадно ратавалі ад небяспечнага суседства, апырскаўшы валёнкі нечым вельмі непрыемным для восаў. А потым некалькі хвілін чыталі мне лекцыю пра тое, што нельга быць такой неабачлівай і пладзіць на балконе восаў. Адэля стаяла побач з самым рахманым выглядам і падтаквала.

Бычылі б вы, што я пасля зрабіла з тым валёнкам! Не, я не пакроіла яго на шматкі. Але наглуха пазатыркала ўсе дзіркі, каб ужо ніхто не мог там разводзіцца. А птушачку, жыхарку другога валёнка, пашкадавала. Хай жыве ў сваёй хатцы.

https://bel.24health.by/strashny-vorag-pagrazhae-adeli/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адукацыя і выхаванне"