08.06.2020
08.06.2020

Трывожная кнопка. Чаму кіберхондрыя шкодная для вашага здароўя

logo
Здароўе дарослых
0 36
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму адхіленне ў звычайным самаадчуванні або з'яўленне пэўных нехарактэрных сімптомаў і адчуванняў ставіла чалавека перад выбарам: не звяртаць увагі і працягваць жыць па-ранейшаму ці ж звярнуцца да ўрача па дапамогу і заспакаенне.

Сёння на авансцэну выйшаў трэці гулец: інтэрнэт. З'яўленне незлічонай колькасці сайтаў медыцынскай і калямедыцынскай тэматыкі і ўрачэбных анлайн-кансультацый прывяло да таго, што для пэўнай катэгорыі людзей дыягностыка і нават лячэнне звяліся да некалькіх пстрычак камп'ютарнай мышшу. Такія паводзіны могуць сведчыць пра сур'ёзнае расстройства – кіберхондрыю. Яно не ўваходзіць у міжнародную класіфікацыю хваробаў, але ў апошні час усё часцей гучаць заявы пра яго шкодныя наступствы для псіхічнага і фізічнага здароўя чалавека.

Хто шукае, той заўсёды знойдзе

Кіберхондрыя. Новая хвароба.

Упершыню тэрмін «кіберхондрыя» з'явіўся ў самым пачатку 2000-х з падачы журналістаў, што апісвалі гісторыі пацыентаў, якія на вочны візіт да ўрача прыносілі раздрукоўкі пра сваё «захворванне», дыягнаставанае па сімптомах у інтэрнэце.

Але сур'ёзна пра кіберхондрыю – праблему, справакаваную шырокай даступнасцю медыцынскай інфармацыі, загаварылі толькі ў 2008 годзе пасля даследавання*, якое правялі вучоныя-камп'ютарнікі кампаніі Microsoft.

Яны прааналізавалі запыты карыстальнікаў і выявілі, што прыкладна траціна людзей, якія ўводзілі для пошуку медыцынскія тэрміны, мелі тэндэнцыю да «пацяжэння» адшуканай інфармацыі. Напрыклад, першапачатковы запыт пра «галаўны боль» у канчатковым выніку прыводзіў да такіх запытаў, як «пухліна мозгу» і «лячэнне пухліны галаўнога мозгу».

Даследчыкі Microsoft таксама правялі апытанне пра медыцынскія запыты ў інтэрнэце для больш чым 500 супрацоўнікаў кампаніі. Аказалася, што прыкладна 70% тых, хто шукаў інфармацыю адносна свайго здароўя і самаадчування, у будучым вярталіся да пошукаў, але ўжо больш сур'ёзнага захворвання.

Кіберхондрыя. Ад лепшага да горшага.

Па дадзеных яшчэ аднаго апытання, праведзенага амерыканскімі вучонымі з Даследчага цэнтра П'ю (Вашынгтон, ЗША), сярэднестатыстычны амерыканец як мінімум 52 гадзіны ў год праводзіць у інтэрнэце, кансультуючыся па пытаннях здароўя. І ў лепшым выпадку толькі тройчы наведвае ўрача вочна.

Траціна рэспандэнтаў, якія ўдзельнічалі ў даследаванні, і ўвогуле заявілі, што ім інтэрнэт патрэбны толькі для таго, каб шукаць медыцынскую інфармацыю і дыягнаставаць у сябе магчымыя захворванні.

Магчыма, вынікі менавіта гэтага апытання і не выглядаюць такімі ўжо жахлівымі. Але неабходна рабіць скідку на тое, што яно праводзілася ў 2013 годзе. За мінулыя 7 гадоў колькасць медыцынскіх і псеўдамедыцынскіх інтэрнэт-крыніц павялічылася ў разы – прапарцыянальна таго, наколькі за гэты час актуалізаваліся ў грамадстве праблемы захаванасці здароўя, павелічэння працягласці жыцця і забеспячэння яго высокай якасці.

Сігнал трывогі

Кіберхондрыя. Калі варта турбавацца.

Няцяжка здагадацца, што кіберхондрыя – бліжэйшая «сваячка» іпахондрыі, псіхічнага (саматаформнага) расстройства, пры якім чалавек упэўнены ў наяўнасці ў сябе смяротнай хваробы. Гэта перакананне прымушае яго пастаянна звяртацца па дапамогу да ўрачоў, праходзіць шматлікія абследаванні, у якіх няма рэальнай неабходнасці. Ёсць толькі мэта – знайсці і абясшкодзіць.

Па дадзеных СААЗ, глебай для развіцця іпахондрыі часцей за ўсё з'яўляюцца трывожныя расстройствы. У сваю чаргу гэта самыя распаўсюджаныя псіхічныя захворванні, ад якіх на працягу жыцця пакутуе кожны 5-ы жыхар планеты.

Кіберхондрыя – усё тое ж самае, толькі ролю ўрача і дыягноста выконвае сусветнае павуцінне.

Існуе 5 кантрольных прыкметаў, якія сведчаць пра кіберхондрыю. Праверце сябе:

  1. Вы шукаеце ў інтэрнэце інфармацыю пра сімптомы не меней за 2 гадзіны штодня. У звычайныя дні менавіта столькі часу ў сярэднім праводзяць у інтэрнэце людзі з высокім узроўнем трывожнасці ў пошуках адказаў на запыты пра сваё здароўе або самаадчуванне. У тыя дні, калі яны адчуваюць сябе горш, адчуваюць недамаганне, пошукі могуць заняць больш за 3 гадзіны.
  2. У вас ёсць страх з-за наяўнасці (быццам бы) некалькіх захворванняў (як правіла, цяжкіх). Людзі з высокім узроўнем трывожнасці адзначаюць, што яны падазраюць у сябе як мінімум 5 розных захворванняў. А вы лічыце свае магчымыя хваробы?

Кіберхондрыя. Лячыць магчымыя хваробы.

  1. У пошуках патрэбнай медыцынскай інфармацыі вы робіце 3-4 інтэрнэт-сесіі ў дзень, калі вам нядужыцца ці калі адзначылі ў сябе незвычайны сімптом. Людзі з высокім узроўнем трывожнасці не толькі праводзяць больш часу, але і выкарыстоўваюць больш магчымасцяў для пошуку ў інтэрнэце інфармацыі пра свае сімптомы.
  2. Пошук інфармацыі пра сімптомы ў інтэрнэце прымушае вас адчуваць сябе больш трывожна. Як ні дзіўна, людзі з высокім узроўнем трывожнасці праглядаюць інтэрнэт уздоўж і ўпоперак з адзінай мэтай – знайсці інфармацыю, якая іх супакоіць. Але атрымліваецца роўна наадварот. Гэта толькі пагаршае іх стан. Падчас і пасля інтэрнэт-сесій узровень трывогі толькі ўзрастае.
  3. Вашае здароўе насамрэч стабільнае з медыцынскага пункту гледжання. Іншымі словамі, вочныя абследаванні і кансультацыі ва ўрачоў, якія сведчаць пра адсутнасць у вас любых захворванняў, не выклікаюць даверу. І вы спрабуеце абвергнуць медыцынскія заключэнні пошукам інфармацыі ў інтэрнэце, якая пацвердзіць вашыя горшыя меркаванні.

Калі хаця б некаторыя з пералічаных прыкметаў дастасавальныя да вас, гэта можа сведчыць пра нарастаючую кіберхондрыю.

Кіберхондрыя.

Лепшы спосаб справіцца з ёй, як бы банальна гэта ні гучала, – спыніць пошукі, перастаць падганяць свае сімптомы пад магчымыя дыягназы. Бо працуе гэта заўсёды па адным сцэнары: малюсенькая чырвоная плямка, якая раптам з'явілася на руцэ, неўзабаве можа прайсці зусім бясследна. Але да таго часу чалавек, залежны ад кіберхондрыі, ужо дыягнастуе ў сябе па адным толькі сімптоме цэлы шэраг паталогій: ад сонечнага апёку да злаякаснай меланомы. Псіхіка чалавека ўладкаваная такім чынам, што, сутыкнуўшыся са спісам магчымых тлумачэнняў сімптомаў, ён верыць у горшы сцэнар.

Таму так важна своечасова скончыць сваю сесію з вэб-доктарам, выключыць камп'ютар і, калі ёсць сумневы і трывога, – наведаць рэальнага ўрача. Хаця б для таго, каб не даць інтэрнэту атруціць вашае жыццё, пераканаўшы ў наяўнасці смяротнай хваробы.

 


* microsoft.com/en-us/research/publication/cyberchondria-studies-of-the-escalation-of-medical-concerns-in-web-search/?from=http%3A%2F%2Fresearch.microsoft.com%2Fpubs%2F76529%2Ftr-2008-178.pdf

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 36

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"