Няма нічога смачнейшага за хатні хлеб. З хрумсткай скарыначкай, порыстым духмяным мякішам! М-м-м...
Спрэчкі пра тое, што больш карысна: есці гарачы хлеб або злёгку чэрствы, чорны ці белы, пакінем на потым. Тым больш, што і спрачацца сёння няма пра што. Мы прапануем вашай увазе рэцэпт не толькі смачнага, але і, безумоўна, карыснага хлеба.
Яго галоўная «разыначка» – гарбуз – багатая крыніца вітамінаў і мінералаў, неабходных нам для моцнага здароўя і бездакорнага знешняга выгляду. Але, уласна, без разынак таксама не абышлося. Спалучэнне сухафруктаў і грэцкага арэха дазволіць надоўга суняць голад і ў разы павысіць працаздольнасць. А духмяныя спецыі тонка адценяць смак гарбуза і ўздымуць настрой.
Ну што, гатовыя? Тады да справы!
Інгрэдыенты
- Пшанічная мука вышэйшага гатунку – 150-200 г
- Цукар – 100 г
- Харчовая сода – 1 ч. л.
- Молатая карыца – 1 ч. л.
- Соль – ¾ ч. л.
- Молаты мускатны арэх – ½ ч. л.
- Молаты гваздзік – ¼ ч. л.
- Яйкі вялікія – 2 шт.
- Гарбузовае пюрэ – 100-150 г;
- Раслінны алей – 100 г;
- Вада – ½ шклянкі
- Грэцкія арэхі – 30 г
- Разынкі – 30 г
Прыгатаванне
Уключыце духоўку на 180°, няхай разаграваецца.
Тым часам трэба змяшаць усе сухія інгрэдыенты: муку, цукар, соль, харчовую соду, мускатны арэх, карыцу і гваздзік.
Дарэчы, калі дадаць у цеста соль, смак харчовай соды не будзе адчувацца.
У асобнай місцы ўзбіце яйкі з раслінным алеем. Затым дадайце ваду і гарбузовае пюрэ. Можна выкарыстоўваць як кансерваванае пюрэ без дадання цукру, так і свежы гарбуз, папярэдне нацёрты на дробнай тарцы.
Спалучыце сухія інгрэдыенты з узбітай сумессю і старанна вымешайце цеста. Яго кансістэнцыя павінна нагадваць смятану сярэдняй тлустасці.
Перад тым, як адправіць цеста ў духоўку, дадайце ў яго здробненыя грэцкія арэхі і разынкі.
Выпякаць хлеб трэба не менш за 60 хвілін пры тэмпературы 180°. Праверыць гатоўнасць стравы можна, праткнуўшы цэнтр буханкі зубачысткай. Калі яна застанецца чыстай пасля таго, як вы яе дастанеце, значыць, хлеб спёкся. Перш чым дастаць яго з формы, пачакайце хвілін 10 – няхай духмяная выпечка адпачне.
Дарэчы, гэты рэцэпт можна выкарыстоўваць у якасці базавага. Калі дадаць крыху меней цукру, а замест разынак выкарыстоўваць насенне сланечніка альбо кунжут, гарбузовы хлеб выдатна падыдзе да супу альбо агародніннай салаты.
Больш салодкі варыянт з разынкамі, курагой ці чарнаслівам стане ідэальным дадаткам да чаяпіцця.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by