Калі не стала Уладзіміра Высоцкага, мне было ўсяго толькі 9 гадоў. Што я тады яшчэ разумела?! І, тым не менш, яго песні ўжо гучалі ў нашай хаце. Бо калі маеш бацькоў-філолагаў, значыць, з самага дзяцінства знаёмішся з усім новым, папулярным у літаратуры, музыцы, жывапісе… З тым, што можна было адшукаць у часы СССР. А калі маеш старэйшага брата, які вучыцца граць на баяне, а затым і на гітары, ты ведаеш усіх спевакоў, усе папулярныя групы, песні…
Да гэтага часу перад вачыма жоўтая радыёла з магчымасцю прайграваць грампласцінкі. І тыя ж самыя невялічкія кружэлкі, у тым ліку і з песнямі Высоцкага, пад якія мы разыгрывалі з братам цэлыя тэатралізаваныя прадстаўленні.
Збіраючыся напісаць гэты матэрыял, задумалася: а ці былі тыя кружэлкі ў нас яшчэ пры жыцці Высоцкага? Альбо з’явіліся пазней? Прыгадваючы той перыяд, мне падаецца, што мела я меней за 10 гадоў.
І – сапраўды так! Паводле інфармацыі з Вікіпедыі, пры жыцці Уладзіміра Высоцкага было выпушчана 7 міньёнаў. На секунду завісаю над незнаёмым словам (а вы яго чулі і ведаеце, што азначае?!). Але тлумачэнне знаходзіцца тут жа: «Міньён – грампласцінка, на кожным баку якой змяшчалася толькі 2-4 кампазіцыі, агульнай даўжынёй гучання 15-20 хвілін».
Чытаю спіс таго, што было змешчана на іх, і адразу выдзяляю 2, якія меліся ў нас дакладна! Гэта «Песні Уладзіміра Высоцкага», выпушчаныя ў 1972-м. Мне яшчэ толькі споўніўся год…
На адной з іх былі песні «Ён не вярнуўся з бою», «Песня пра новы час», «Брацкія магілы», «Песня пра зямлю», на другой – «Мы круцім Зямлю», «Сыны сыходзяць у бой», «Буслы», «У цемры». Многія радкі ў мяне і да гэтага часу ў галаве… Менавіта з дзяцінства…
Я таксама вырасла на песнях Уладзіміра Высоцкага, хаця яго самога ўжо і не было. Вельмі шмат з іх ведала на памяць. Памятаюцца яны і зараз. І па-ранейшаму любімыя.
Як любімыя і песні Андрэя Макарэвіча і яго легендарнай «Машыны часу» (таксама дзякуючы брату). І пранізлівыя песні Ігара Талькова, чыя драматычная смерць мне нават прыснілася літаральна на другія суткі пасля таго, як гэта адбылося…
Моц слова, моц музыкі, адзінства слоў, мелодыі і выканання… І недахоп тых самых слоў, каб апісаць усе пачуцці, якія выклікаюць песні Уладзіміра Высоцкага. Калі ў мяне пытаюцца пра любімую, не магу назваць якуюсьці адну. Бо ў розныя перыяды жыцця яны – розныя. У той жа час не магу сказаць, што якіясьці я не люблю ці не прымаю…
Ужо ў 2000-х гадах адна няштатная аўтарка газеты, дзе я тады працавала журналістам, падаравала мне кнігу з вершамі Уладзіміра Высоцкага. З песнямі, вядома ж, але ж там толькі словы… І варта пачаць чытаць які, як у галаве аўтаматычна ўзнікае мелодыя і чуецца хрыплаваты голас. Адзіны і непаўторны.
Ён толькі такім і можа быць. Таму асабіста я не люблю, калі выконваюць песні «пад Высоцкага». Старацца гэтак жа хрыпець яшчэ не забяспечвае поспех у выкананні. Трэба мець тое ўспрыманне свету, той нерв і надрыў… Інакш гэта будзе толькі спроба пераймання.
Куды больш сумленна выконваць песні сваім голасам, у сваёй манеры. Тут і іншае прачытанне, і іншае гучанне… Мне здаецца, сам Уладзімір Сямёнавіч быў бы не супраць такога…
Я вырасла не толькі на песнях Высоцкага, але і на яго ролях у кіно. «Месца сустрэчы змяніць нельга»… Гэта самая лепшая класіка з усіх класік, даруйце мне маю таўталогію. Але па-іншаму сказаць не магу. Для мяне гэта сапраўды вяршыня тагачаснага савецкага кіно.
Праўда, з вышыні пражытых гадоў зараз, на жаль, не атрымліваецца пераглядаць фільмы свайго дзяцінства і юнацтва з патрэбным настроем. Вельмі шкада. Калісьці спрабавала – «Сямнаццаць імгненняў вясны», «Угрум-рака»… Але яны чамусьці выклікаюць толькі смех. Не ведаю прычыны.
Праўда, над «Месцам сустрэчы» яшчэ не эксперыментавала. Пабойваюся, што здарыцца тое ж. А фільм так глыбока ў сэрцы… І многія яго сцэны з Высоцкім да гэтага часу перад вачыма… Магчыма, і паспрабую.
Затое з вялікім задавальненнем магу перагледжваць «Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў». Бог ты мой, які там Высоцкі! Які добры, галантны, мяккі, усмешлівы… І як жа мне шкада, што я не бачыла яго ўжывую ў тэатры…
Калі ў 1988-м мы, тагачасныя навучэнцы Магілёўскага педвучылішча, як лепшая група былі прэміраваныя паездкай па палове Залатога кола Расіі, дык дзень правялі ў Маскве. Маёй мэтай былі не крамы! Хаця і туды патрапілі… У прадуктовых – каб пабачыць… каўбасу беларускай вытворчасці. І чаргі не было. Хтосьці ўхітрыўся затарыцца вялізнымі каробкамі пральнага парашку. А мне трэба было – на Ваганькава…
Набраўшы групу аднадумцаў, я паспела патрапіць туды да адыходу нашай электрычкі на Яраслаўль. Ніякага табе інтэрнэту, ніякіх яндэкс ці гугл картаў! Але ў хітраспляценнях маскоўскага метро я чамусьці разбіралася настолькі лёгка, што аднакурснікі ледзьве за мной паспявалі.
… І вось мы ля магілы Уладзіміра Высоцкага. Раблю кадры сваім фотаапаратам. Затым яны праявяцца на чорна-белай плёнцы і будуць мною надрукаваныя ва ўласным ванным пакоі, ператвораным у фоталабараторыю (і гэтае захапленне – дзякуючы старэйшаму брату і падтрымцы нашых бацькоў).
Восем гадоў прайшло пасля смерці Уладзіміра Сямёнавіча на той час, але магіла ўсё гэтак жа патанала ў жывых кветках. Уразіла, і вельмі.
Наступная мэта – адшукаць магілу Сяргея Ясеніна, каб зрабіць фотаздымкі для маёй мамы, настаўніцы рускай мовы і літаратуры. Таксама атрымалася. І было такое ўражанне, быццам хтосьці нябачны мяне проста вадзіў за руку па Ваганькава, паказваючы месцы пахавання людзей, дарагіх сэрцу.
Мы нават прайшлі ля магілы Андрэя Міронава, якога на той час не стала ўсяго год таму. І… пабачылі там яго маці. І перад праявамі гора я нават не асмелілася шчоўкнуць фотаапаратам…
Сёння 41 год з таго журботнага дня, як Уладзіміра Высоцкага не стала… І ўсё ж ён – жыве… У сваіх песнях, ролях у кіно, у нашай памяці. Ён – Легенда, Талент, Моц, Эпоха… Мы памятаем Вас, Уладзімір Сямёнавіч...
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by